ФАНАГО́РЫЯ (грэч. Phanagoreia),
антычны горад на Таманскім п-ве (цяпер гарадзішча каля пас. Сянной Краснадарскага краю Расіі). Засн. ў 2-й пал. 6 ст. да н.э. З 5 ст. да н.э. ў складзе Баспорскай дзяржавы. Росквіт Ф. прыпадае на 5—2 ст. да н.э. Горад чаканіў уласную сярэбраную манету. Насельніцтва Ф. (грэкі, меоты, сінды, сарматы) займалася гандлем, рыбалоўствам, рамяством. З 2 ст. да н.э. ўваходзіла ў Пантыйскае царства. У 1 ст. да н.э. наз. Агрыпія. Горад існаваў да 11—12 ст. н.э. Раскопкамі (вядуцца з 19 ст.) выяўлены гарадзішча, частка якога затоплена морам, рэшткі абарончых сцен, жылых кварталаў, храмаў, гімнасій, тэрмаў, рамесніцкіх майстэрань.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)