фагі, вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.
Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ (Дзмітрый Іосіфавіч) (9.11.1864, c. Ніз Ленінградскай вобл., Расія — 20.4.1920),
расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі, адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). З 1890 у Бат. лабараторыі Пецярбургскай АН, з 1895 у Пецярбургскім, з 1901 праф. у Варшаўскім, з 1915 — у Данскім ун-тах. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, уплыве кіслароду на спіртавое браджэнне ў дражджэй, стане хларафілу ў раслінах, значэнні караціну і ксантафілу, устойлівасці хларафілу да святла; па глебавай мікрабіялогіі. Эксперыментальна даказаў існаванне нябачнага ў мікраскоп узбуджальніка тытунёвай мазаікі, які праходзіў праз бактэрыяльныя фільтры. Гэтая праца стала пачаткам вучэння пра вірусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎС, Роўс (Rous) Фрэнсіс Пейтан (5.10.1879, г. Балтымар, ЗША — 16.2.1970), амерыканскі патолаг і вірусолаг. Чл.Нац.АН ЗША і інш.АН і навук. т-ваў. Скончыў мед. школу Унта Дж.Хопкінса (1905). З 1909 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, з 1945 ганаровы чл. гэтага ін-та. Навук. працы па анкалогіі. Адкрыў пухлінародныя вірусы (вірус саркомы Р.); у 1911 паказаў, што саркома курэй можа быць перапрышчэплена ад хворай птушкі да здаровай бясклетачнымі фільтратамі пухліннай тканкі; што анкагеннасць пухлінародных вірусаў нарастае пры іх уздзеянні сумесна з канцэрагеннымі рэчывамі ці стымулятарамі клетачнага росту. Вылучыў паняцце «прагрэсіі пухлін». Нобелеўская прэмія 1966 (разам з Ч.Б.Хагінсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вірагені́я
(ад вірусы + -генія)
форма суіснавання віруса з клеткай, пры якой геном віруса ўключаецца ў храмасому клеткі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВО́СПАў жывёл,
кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.
У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА ТКА́НКІ, эксплантацыя,
метад захавання жыццядзейнасці органаў ці іх частак, участкаў тканак і асобных клетак па-за арганізмам. Заснавана на стварэнні асептычных умоў, якія забяспечваюць харчаванне, газаабмен і выдаленне прадуктаў абмену аб’ектаў, што культывуюцца пры т-ры, блізкай да аптымальнай для арганізма, кампаненты якога ўзяты для вырошчвання. Пры дапамозе К.т. вывучаюць гістагенез, міжтканкавыя і міжклетачныя ўзаемадзеянні, дыферэнцыроўку, рост і дзяленне клетак, асаблівасці абмену рэчываў у жывых клетках, патрэбнасць іх у харчаванні, адчувальнасць да розных рэчываў, у т. л. да лякарстваў. На клетках культур робяць аперацыі (выдаляюць ч. клеткі, уводзяць у яе мікробы і вірусы), рыхтуюць вакцыны (напр., супраць воспы, адру, поліяміэліту); культуры органаў выкарыстоўваюцца для вывучэння спосабаў захавання жыццядзейнасці ізаляваных органаў і тканак, якія прызначаны для трансплантацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
антыві́русы
(ад анты- + вірусы)
лекавыя сродкі, якія маюць уласцівасць затрымліваць размнажэнне тых відаў мікробаў, ад якіх яны атрыманы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
адэнаві́русы
(ад гр. aden = залоза + вірусы)
група вірусаў, якія выклікаюць шэраг захворванняў — востры катар дыхальных шляхоў, кан’юнктывіт, энтэракаліт.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аге́нт1, ‑а, М ‑нце, м.
1. Прадстаўнік арганізацыі, установы, які выконвае службовыя, дзелавыя даручэнні. Агент па забеспячэнню. Страхавы агент.
2. Асоба, якая з’яўляецца стаўленікам каго‑н., служыць чыім‑н. інтарэсам. Агенты імперыялізму.
3. Сакрэтны супрацоўнік разведкі якой‑н. дзяржавы; шпіён. Атраду таварыша Андрэя даручана ўстанавіць, ці не з’яўляецца гэты «бацька Рудольф» агентам гестапа.Мікуліч.
[Ад лац. agens, agentis — дзейны.]
аге́нт2, ‑а, М ‑нце, м.
Кніжн. Прычына, якая выклікае тыя або іншыя з’явы ў прыродзе. Мікробы, вірусы — інфекцыйныя агенты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паліві́русы
(ад палі- + вірусы)
група кішэчных вірусаў, якія выклікаюць паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы і паралічы ў жывёл і чалавека.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)