КАЛЯНДА́РНЫЯ ПЕ́СНІ,

найбольш даўні пласт песеннага фальклору, у якім адбілася рытуальна-мастацкае асэнсаванне агр. свят і земляробчай працы ў непарыўнай рытмічнай сувязі з чаргаваннем пораў года. Вядомыя амаль усім земляробчым народам. У славян і балтаў разам з песнямі сямейна-абрадавага цыкла складаюць аснову ўсёй нар. песеннай культуры. На Беларусі К.п. ўтвараюць 4 вял. цыклы: зімовыя песні (калядныя песні і шчадроўскія), веснавыя песні (масленічныя песні, гуканне вясны, валачобныя песні, юраўскія песні, траецкія песні, русальныя), летні (купальскія песні, жніўныя песні, дажынкавыя), восеньскія песні (ярынныя, ільнавыя, уласна восеньскія). Песенныя цыклы каляндарнага круга ўключаюць таксама веснавыя і летнія карагоды, зімовыя гульнявыя песні («як водзяць казу», «як жэняць Цярэшку» і інш.) і ўмоўна прымеркаваныя лірычныя і лірыка-эпічныя (баладнага зместу) песні; «піліпаўскія», «лесавыя», «лугавыя», «як полюць», «як пасуць жывёлу» і інш. Вызначальная рыса К.п. — іх поліфункцыянальнасць, якая выяўляецца ў дамінуючым значэнні адных і дапаўняльным другіх функцый.

Дамінуючыя функцыі — нарматыўна-рэгламентуючая, знакава-апазнавальная і сугестыўна-інспіратыўная, дапаўняльныя — эстэтычная і псіхалагічна-рэкрэатыўная. Дамінуючыя функцыі абумоўліваюць якасную адметнасць К.п : строгую прымеркаванасць да пэўнага часу і абставін; фарміраванне тыпавых політэкставых напеваў — гранічна сціслых устойлівых меладычных формул, якія маюць сімвалічнае значэнне, выступаючы ў межах пэўнага арэала як муз. знак Каляды, вясны, Купалы, жніва, восені. У гэтым сэнсе іх можна вызначыць «як песня і — больш чым песня».

Паэтычны змест К.п. характарызуецца прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з персаніфікаванымі вобразамі навакольнай прыроды і даўніх язычніцкіх святкаванняў. Нярэдка на першы план выступаюць матывы міфалагічныя (у песнях зімовага і летняга сонцаваротаў), а таксама баладныя (у купальскіх), пазней гіст. (у калядных), антыпрыгонніцкія (у жніўных). Вобразны лад вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, купальскія), урачыстай прыўзнятасцю (абходныя валачобныя і калядныя), псіхал. паглыбленасцю (восеньскія) або драматызмам маналагічнага выказвання (жніўныя). Напевы К.п. пры вонкава скупых меладычных сродках (вузкім ці сярэднім гукавым дыяпазоне — тэрцыі, кварты, квінты) валодаюць вял. выразнай сілай, дзякуючы раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), інтанацыйна-адценневых, арнаментальных, тэмбравых і сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі ў межах меладычнай формулы. Немалаважную ролю адыгрывае і манера выканання: галасны спеў са звонкімі воклічамі і глісандуючымі завяршэннямі фраз (веснавыя песні), антыфонныя пераклічкі (веснавыя, купальскія), доўгія фермата — «зацягванні голасу» (жніўныя), рытуальны шум (калядныя). Пры ўсіх гіст. зменах, што адбываюцца ў традыц. нар. песнятворчасці, К.п., у адрозненне ад неабрадавых «простых» песень, асэнсоўваюцца сельскімі носьбітамі фальклору як песні «асобыя», «надабныя». Яны спантанна нібы нараджаюцца ў свядомасці іх носьбітаў менавіта ў пэўны і толькі ў пэўны час. Высокі іх статус, урачыстасць іх з’яўлення падкрэсліваюцца і ў паэт. тэкстах, напр., у канцоўках-зваротах валачобнікаў да гаспадара: «А мы госцікі недакучныя // А мы ў гадочак — адзін разочак».

Публ.: Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962; Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983; Паэзія беларускага земляробчага календара / Уклад. А.Ліс. Мн., 1992; Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная пссня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт системно-типол. исслед. Мн., 1985.

З.Я.Мажэйка.

т. 7, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́РНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

творчасць, якая суправаджала агр. святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года; від фальклору. Ёсць у многіх народаў Еўропы. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў як нац. адметная з’ява склалася не пазней 14—16 ст. Яна багата развілася, добра захавалася і з’яўляецца феноменам бел. традыцыйнай культуры. Вылучаюцца 4 цыклы: зімовы, веснавы, летні і асенні. Кожная пара года мела адпаведныя рытуалы, звычаі, песеннае суправаджэнне. Агульнымі ў іх былі агр. аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы. Усе абрадава-песенныя комплексы прасякнуты клопатам пра будучыню сял. двара і сям’і: у пару засеяць ніву, вырасціць і сабраць ураджай, уратаваць яго ад стыхіі, статак — ад паморку і звяроў. Мела таксама эстэт. значэнне і гулліва-пацяшальную функцыянальнасць. Уключае больш за 25 песенных разнавіднасцей.

Зімовыя песні і абрады прызначаны былі загадзя паспрыяць ураджаю, зберагчы азімы пасеў, рунь на палях. Насычанасцю абрадамі і песнямі вылучаліся святкаванні беднай і шчодрай куцці, каляд. Шмат увагі ў час калядна-навагодніх урачыстасцей аддавалася агр. і любоўнай варажбе, розным гасп. павер’ям і прыкметам. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах — багатую квецень у садах, снег і мяцеліца — частае раенне пчол. Гал. месца ў зімовым цыкле належала калядаванню і шчадраванню. Паэт. ядро яго складалі калядныя песні (у г.л. шчадроўскія, гл. Шчадрэц), якім уласцівы метафарычнасць, сімвалізм, пластыка вобразаў. Зімовы цыкл уключаў піліпаўскія песні, ігрышчы, драм. дзействы з пераапрананнем, абрадавы абход з «казой», звяздой, аграрна-шлюбную гульню «Жаніцьба Цярэшкі» і інш. На масленіцу выконваліся масленічныя песні, іх прызначэнне — наблізіць прыход вясны. Яны суправаджалі гульні моладзі, абход двароў, дзе была сёлетняя нявеста, выражалі матыў заклінання будучага ўраджаю. Веснавыя песні і абрады былі закліканы асвячаць час адраджэння прыроды, пачатку палявых работ, яравых усходаў, выгану жывёлы на пашу. Веснавы цыкл абрадаў уключаў гуканне вясны, вяснянкі, валачобны абрад і валачобныя песні, ваджэнне карагодаў, абрадавы выган жывёлы на юр’еву расу і юраўскія песні, ушанаванне памяці продкаў на Радаўніцу, Сёмуху або Тройцу; з культам расліннасці звязаны русальны тыдзень з русаллямі, абрад куста, траецкія песні, русальныя песні, куставыя песні і інш. Летнія песні і абрады паводле архаічнай свядомасці адлюстроўвалі клопаты пра захаванне збажыны ў пару яе даспявання, павінны былі садзейнічаць паспяховаму збору ўраджаю. Абрады, звычаі, паданні, павер’і Купалля, маляўнічыя паводле зместу і формы, нясуць адбітак стараж. уяўленняў. Купальскія песні і пятроўскія песні пранікнёна паэтызуюць хараство прыроды ў пару яе найб. росквіту. Яны стварылі поўныя пяшчоты і першароднай чысціні дзявочыя вобразы, а таксама вобразы міфалагічныя. Уласна летнімі лічацца жніўныя песні, якія непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сял. сям’і — жніва, цяжкай працы, перажыванняў жняі, сац. адносіны, якія асабліва выявіліся ў песнях часоў прыгону. Важны элемент летняга цыкла — дажынкі. Асенні перыяд, звязаны з уборкай яравых, выбаркай і апрацоўкай лёну, сяўбой азімых — заканчэннем палявых работ, характарызаваўся дамінаваннем у восеньскіх песнях, якія спявалі толькі жанчыны, перадвясельных матываў, развіццём у іх моцнага лірычнага пачатку. Сярод восеньскіх свят вылучаліся пакровы, багач і асабліва змітраўскія дзяды (асяніны). Позняя восень, калі наступала перадышка ў гасп. рабоце, была спрыяльным часам для традыц. збораў (вечарынкі, попрадкі і інш.), дзе спявалі, загадвалі загадкі, расказвалі казкі. У межах усіх цыклаў бытавалі талочныя песні, якія спявалі пры застоллі пасля талакі. Разам з валачобнымі і восеньскімі песнямі яны — нац. адметная частка бел. фальклору. У жанравых адносінах К.-а.п. вельмі разнастайная: апрача каларытных абрадаў і звычаяў яна ўключае заклінальныя, велічальныя, баладныя, жартоўныя, лірычныя песні, рацэі, прыказкі, прымаўкі, паданні. У каляндарных прыказках і прымаўках адлюстраваліся шматвяковыя назіранні над прыродай, практычныя веды, парады, філас. абагульненні («Сей авёс у гразь — будзеш як князь», «Якое семя, такое і племя!», «Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку»), К.-а.п. як паэзія зямлі па сваёй сутнасці пераняла ад прыроды, працоўна-вытв. земляробчага побыту сваю выяўл палітру. Міфал. вобразы, народжаныя фантазіяй, суіснуюць у ёй з тымі, што ўзяты з рэчаіснасці, створаны па законах рэаліст. мастацтва. Вобразы сонца, вясны, купалкі, жыта, спарыша, зямлі суседнічаюць з вобразамі селяніна-гаспадара, хлопца, дзяўчыны, жняі-пастацянкі і інш. У велічальных песнях шырока карыстаюцца гіпербалай, беручы параўнанні з касм. і гасп. сфер. Яна мае характэрныя пастаянныя эпітэты («вясна-красна», «раса мядовая», «сяўба залатая». «сярпы сталёвыя або залатыя», «віно зеляно»). Уплыў хрысціянства закрануў нар. паэзію вонкава. Яна толькі часткова ўспрыняла паасобныя элементы хрысц. міфалогіі. Юрай, Мікола, Ілья, Пятро з песень гадавога круга — тыя ж сяляне, ратаі і сейбіты. І клопат іх пра жыта караністае ды ядраное, пра юр’еву расу, пагодлівы сенакос, раі семяністыя ды мядзістыя — чыста сялянскі. Асн. песенны фонд К.-а.п. яшчэ досыць трывала захоўваецца ў памяці вясковых жыхароў старэйшага пакалення Высокая эстэт. вартасць лепшых узораў К.-а.п. мае значэнне жыватворнай крыніцы для прафес культуры — л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва і інш.

Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962; Песні сямі вёсак; Традыц. нар. лірыка Міншчыны. Мн., 1973; Жніўныя песні. Мн., 1974; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974; Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975; Веснавыя песні. Мн, 1979; Валачобныя песні. Мн., 1980; Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні. Мн., 1985; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомельская вобл. Мн., 1989; Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн.. 1990; Паэзія беларускага земляробчага календара Мн., 1992; Жаніцьба Цярэшкі. Мн.,1993; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на Западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Гілевіч Н. Наша родная песня Мн., 1968;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс.А Купальскія песні. Мн., 1974;

Ягож. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарпаабрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, XIX — начало XX в.: Зимние праздники. М., 1973;

Календариые обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. конец XIX — начало XX а: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Кледарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Соколова В.К. Весеннелетние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986, Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Беларускія народныя абрады / Склад. Л.П.Касцюкавец. Мн., 1994.

А.С.Ліс, І.У.Саламевіч.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,

песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял. эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац. муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз. муз. калектываў. Вытокі нар. муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж. усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел. муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.

Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).

Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл. Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).

Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл. Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл. Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн. муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел. канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус. дэмакр. бытавога раманса.

Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд. этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел. традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.Коласа («Нёман»), К.Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар. рэв. песеннай класікі. У Вял. Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел. нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.Лапаціна, З.Лапаціна-Пацеенка, Р.Галавасцікаў, П.Шаўко, П.Касач, І.Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.

Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял. Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.

Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб. стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар. інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл. Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.

Літ.:

Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;

Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;

Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;

Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;

Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;

Назіна І.Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;

Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.

З.Я.Мажэйка, Л.С.Мухарынская, І.Дз.Назіна.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)