паўната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. Стан поўнага (у 1 знач.).

2. Дастатковая ступень, наяўнасць або колькасць чаго‑н. У спакойнай вадзе адлюстроўваецца і блакітнае неба з белымі нерухомымі воблачкамі, і стагі сена на паплавах, і зялёны нізкі бераг з асакой, чаротам і лазою. Толькі бусла не хапае для паўнаты пейзажу. В. Вольскі. [Шапавалаў] разглядаў фатаграфію доўга і ўважліва — так часамі пільна ўглядаецца стары аматар-калекцыянер у рэч вельмі тонкай работы, якой яму не хапала для паўнаты калекцыі. Сіўцоў.

3. Вышэйшая ступень чаго‑н. Ніколі раней Веньямін так не адчуваў прыгажосці жыцця, яго паўнаты і багацця, як у гэтае лета. Навуменка. Па .. [Цімохавым] твары прабягае часамі і заклапочанасць і зніжае паўнату яго трыумфу. Колас.

4. Таўшчыня, сытасць (цела або частак цела). [Чорны] быў з выгляду поўны, гэтая паўната здавалася нездароваю. Мележ. Мінулыя чатыры гады зрабілі .. [сястру] сталай, нейкай велічнай, ледзь кранулі той прыемнай паўнатой, якая зусім не была лішняй у яе сталым узросце. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́від, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вобраз памёршай асобы, які ўяўляецца людзям забабонным або з хваравітай псіхікай; здань. Прывід Пятра Пятровіча не даваў Валі спакою. Шахавец. Не, гэта не прывід і не сон — гэта той Сцяпан, якога Талаўня даўно лічыў нябожчыкам. Гроднеў. // Вобраз каго‑, чаго‑н., які здаецца ва ўяўленні або ў сне. Прывід далёкага мінулага стаіць перада мной. Асіпенка. Пад раніцу Веньямін заснуў. Але і засынаючы баяўся, каб зноў не ўзнік страшны прывід белага горада пад чорным небам... Навуменка.

2. Тое, што ўявілася, здалося. Перад вачыма [Таццяны] з’явіўся жудасны прывід: гітлеравец трымае высока над галавой яе маленькага Віцю. Шамякін. Прывід гэта ці сапраўднасць? Канешне, сапраўднасць! Еў жа пасля таго чырвонаармеец Чыжык той хлеб і тыя каўбасы. Лупсякоў.

3. Няясныя, ледзь акрэсленыя рысы чаго‑н.; контуры. І потым, седзячы ў аўто.., Юткевіч глядзеў на аддаленыя прывіды вялікага грознага зарыва, і целам ішла дробная пякучая дрыготка. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)