МЕЗАНІ́Н (ад італьян. mezzanino),

надбудова над цэнтр. ч. жылога, звычайна невял., дома. Уключаецца ў агульную кампазіцыю будынка, узбагачае яго сілуэт і стварае верт. акцэнт. На Беларусі вядомы ў грамадз., сядзібнай і палацавай архітэктуры 18—20 ст. У Расіі пашыраны ў 19 ст. ў драўляных, зрэдку у мураваных малапавярховых будынках. У познабарочных пабудовах М. вырашаўся пластычным аб’ёмам, завершаным фігурным франтонам і насычаным арх. дэкорам, звычайна меў выхад на балкон ці тэрасу. У класіцыстычных збудаваннях М. быў кампазіцыйным цэнтрам гал. фасада ў выглядзе порціка або ратонды. Часам дваровая ч. М. выкарыстоўвалася для верхняга асвятлення параднай залы. Спрошчаную трактоўку меў М. у невял. драўляных сядзібных дамах. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым жыллёвым буд-ве.

А.​М.​Кулагін.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

галерэ́я, -і, мн. -і, -рэ́й, ж.

1. Вузкі крыты калідор, які злучае часткі будынка, а таксама балкон уздоўж усяго будынка.

Будынкі злучаны прыгожай галерэяй.

2. Верхні ярус у тэатры, цырку і пад.

Г. запоўнена гледачамі.

3. Доўгі падземны ход у ваенных збудаваннях, пры горных работах.

4. Спецыяльна ўпарадкаванае памяшканне для выставы мастацкіх твораў.

Карцінная г.

5. перан., чаго. Пералік, шэраг, сістэма чаго-н.

Г. станоўчых вобразаў у рамане.

|| прым. галерэ́йны, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ло́джыя

(іт. loggia)

1) адкрытая галерэя, якая прымыкае да будынка; памяшканне з каланадай замест вонкавай сцяны;

2) балкон жылога дома ў выглядзе нішы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хо́ры, ‑аў; адз. няма.

Адкрытая галерэя або балкон у верхняй частцы параднай залы або царкоўнага будынка (першапачаткова для размяшчэння хору, музыкантаў). Зала губернскіх дваранскіх збораў нагадвала мора ў непагоду. Уся гэтая паўкруглая зала, усе месцы за калонамі, .. амфітэатр хораў — усё гэта было напхана людзьмі. Караткевіч. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.

[Грэч. choros — хор.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таз ​1, ‑а, м.

Шырокая і неглыбокая круглая металічная або пластмасавая пасудзіна. Маці вынесла ў тазе на балкон сала, масла і прыкрыла газетай. Даніленка.

таз ​2, ‑а, м.

Частка шкілета чалавека і жывёлін — касцявы пояс, які апіраецца на ніжнія (у жывёлін — на заднія) канечнасці і з’яўляецца апорай для пазваночніка.

таз ​3,

гл. тазы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фане́ра, ‑ы, ж.

1. Абліцовачны драўняны матэрыял у выглядзе тонкіх пласцін, які выкарыстоўваецца для абклейвання сталярных вырабаў, каб надаць ім прыгожы выгляд.

2. Матэрыял са склееных тонкіх пласцін дрэва з перакрыжаваным размяшчэннем валокнаў драўніны. Саша набраў хлебных крошак, ссыпаў іх на ліст фанеры і папрасіў маці: — Хачу на балкон, пакарміць верабейчыкаў. Даніленка.

[Ад ням. Furnier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«ГЛО́БУС»

(Globe),

тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.​Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.

Будынак тэатра «Глобус».

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЮЖЭ́ ((Puget) П’ер) (хрышчаны 16.10.1620, г. Марсель, Францыя — 2.12.1694),

французскі скульптар, жывапісец і архітэктар; прадстаўнік барока. Вучыўся скульптуры ў Ж.​Рамана. У 1640—43 жыў у Італіі, дзе займаўся пераважна жывапісам пад кіраўніцтвам П’етра да Картоны. Працаваў у Тулоне, Марселі, Парыжы, Генуі. Скульпт. творы вызначаліся яснасцю кампазіцыі, экспрэсіўнасцю вобразаў, пераканаўчасцю перадачы фізічнага напружання і пакут: 2 паўфігуры атлантаў, якія падтрымліваюць балкон ратушы ў Тулоне (1656—57), «Гальскі Геркулес» (1660—61), «Св. Себасцьян» у царкве Санта-Марыя ды Карыньяна ў Генуі (каля 1661—67), «Мілон Кратонскі» (1672—82), «Аляксандр Македонскі і Дыяген» (1681—92), «Персей і Андрамеда» (1683—84), «Чума ў Мілане» (1692—94) і інш. Жывапісу ўласцівы энергічны каларыт: «Хрыстос Выратавальнік свету» (1665) і інш. Аўтар арх. праекта перабудовы Марселя (1660-я г., не ажыццёўлены).

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ло́джыя

(іт. loggia)

1) адкрытая галерэя, якая прымыкае да будынка;

2) балкон жылога дома ў выглядзе нішы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц ГУБЕРНА́ТАРА,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску да 1772. Асн. 3-павярховы будынак пастаўлены на высокім беразе Зах. Дзвіны памешчыкамі Кудзіновічамі, у 1806 выкуплены для перабудовы пад палац ген.-губернатара. У 1811 да асн. корпуса прыбудаваны 2-павярховы П-падобны ў плане службовы корпус (арх. Ф.​Санкоўскі) з параднай залай і царквой на 2-м паверсе. Гал. фасад вылучаны рызалітам, завершаным атыкам, і ўпрыгожаны порцікам з 4 паўкалонамі дарычнага ордэра, якія падтрымліваюць балкон. Такі ж порцік аздабляе бакавы фасад і замыкае фасад 2-павярховага корпуса. Фасады апрацаваны рустам, завершаны карнізам і атыкамі. Быў рэзідэнцыяй ген.-губернатараў і губернатараў, штаб-кватэры Напалеона. У Вял. Айч. вайну спалены. Адноўлены пасля вайны. Першапач. планіроўка зменена.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

В.​Ф.​Марозаў.

Віцебскі палац губернатара.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)