БАЛКО́Н (італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),
канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАГА́Н (ад перс. балахане верхні пакой, балкон),
1) (уст.) часовая лёгкая пабудова для розных патрэб.
2) У 18 — пач. 20 ст.тэатр. відовішча пераважна камічнага характару на кірмашах, нар. гуляннях. Вядомы ў Расіі з сярэдзіны 18 ст., на Беларусі ў 19 ст. У балагане выступалі ралёшнікі, сілачы, балаганныя дзяды, акрабаты, нар. хары, лялечнікі, штукары; ставіліся фарсы, арлекінады, нар. драмы. Гл. таксама Кірмашовы тэатр.
3) У перан. значэнні — штосьці штукарскае, грубавата-пошлае, несур’ёзнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА КРЭДЫ́ТНАГА ТАВАРЫ́СТВА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў стылі мадэрн. Мураваны Г-падобны ў плане 2-павярховы будынак са зрэзаным вуглом, дзе размешчаны гал. ўваход. Фасады рытмічна расчлянёны неглыбокімі рызалітамі, завершанымі атыкамі з сандрыкамі, люнетамі, арачнымі аконнымі праёмамі, пілястрамі і лапаткамі. У дэкар. аздабленні вылучаюцца паўкруглы балкон над гал. уваходам, аформлены балюстрадай, з кансолямі ў выглядзе паўфігур атлантаў, разныя дзверы ўваходаў, гермы на пілястрах, эмблемы ў выглядзе жазла, іанічныя фрызы, нішы і інш., выкарыстаны элементы стылю ампір. Пачатковая планіроўка зменена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕРЭ́Я (франц. galerie ад італьян. galleria),
1) доўгае крытае памяшканне, у якім вонкавую падоўжную сцяну замяняе каланада, часам з аркадай ці балюстрадай; доўгі балкон. У еўрап. архітэктуры галерэя шырока выкарыстоўвалася ў палацавых і грамадскіх будынках стыляў рэнесансу, барока, класіцызму (замак на Вавелі ў Кракаве). На Беларусі вядомы з 16 ст. ў ратушах, палацах, замках (г.п. Мір Карэліцкага р-на), гандл. радах і інш. 2) Доўгае памяшканне з суцэльным радам вял. вокнаў на адным з падоўжных бакоў будынка (Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі). На Беларусі былі ў 16—17 ст. у манастырах, кляштарах (Гродзенскія лямусы), школьных будынках; сустракаюцца ў сучаснай архітэктуры (т.зв. дамы галерэйнага тыпу).
3) Верхні ярус глядзельнай залы тэатра (галёрка, раёк).
4) Назва шэрагу маст. музеяў (нац. галерэя, карцінная галерэя).
5) У пераносным сэнсе — шэраг, чарада (галерэя вобразаў, тыпаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц ГУБЕРНА́ТАРА,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску да 1772. Асн. 3-павярховы будынак пастаўлены на высокім беразе Зах. Дзвіны памешчыкамі Кудзіновічамі, у 1806 выкуплены для перабудовы пад палац ген.-губернатара. У 1811 да асн. корпуса прыбудаваны 2-павярховы П-падобны ў плане службовы корпус (арх. Ф.Санкоўскі) з параднай залай і царквой на 2-м паверсе. Гал. фасад вылучаны рызалітам, завершаным атыкам, і ўпрыгожаны порцікам з 4 паўкалонамі дарычнага ордэра, якія падтрымліваюць балкон. Такі ж порцік аздабляе бакавы фасад і замыкае фасад 2-павярховага корпуса. Фасады апрацаваны рустам, завершаны карнізам і атыкамі. Быў рэзідэнцыяй ген.-губернатараў і губернатараў, штаб-кватэры Напалеона. У Вял. Айч. вайну спалены. Адноўлены пасля вайны. Першапач. планіроўка зменена.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Створаны ў 1770-я г. Належаў Агінскім, з 1786 Храптовічам. У ансамбль уваходзяць палац, парк з вадаёмамі, гасп. пабудовы.
Палац — мураваны П-падобны ў плане; складаецца з 2-павярховага цэнтр. корпуса і 1-павярховых бакавых. Гал. фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, вырашаны плоскасна з невял. рызалітам у цэнтры, завершаным трохвугольным франтонам. Дэкор сціплы: ажурны балкон у стылі ампір (чыгуннае ліццё), простыя карнізы, неглыбокія нішы. Парк — першапачаткова рэгулярнага тыпу. Пейзажныя куткі арганізаваны вакол 2 ставоў, адзін з якіх круглы ў плане з выспай пасярэдзіне, другі — з невял. паўвыспай. на якой стаяла альтанка. У канцы 18 — пач. 19 ст. за палацам пабудавана аранжарэя, пасаджаны сад, разбіты кветнікі. У 1820 пастаўлены помнік рас. імператару Аляксандру І. У парку мясц. пароды дрэў (дуб, ліпа, клён) і шэраг экзотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГРЫ́Т ((Magritte) Рэне) (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),
бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сюррэалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР.
Пабудаваны ў 1890 у Мінску паводле праекта арх. К.Казлоўскага, інж. К.Увядзенскага і В.Мандражы; інтэр’еры — арх. В.Мааса, тэхнал. аснашчэнне сцэны — С.Цыранкевіча. У архітэктуры будынка — стылізацыя ў стылі барока. Гал. фасад меў цэнтр.-восевую кампазіцыю, быў аформлены рустам, пілястрамі, карнізамі, люкарнамі, сандрыкамі над аконнымі праёмамі, завяршаўся высокім фігурным атыкам з радам нішаў, што стваралі рытм аркатурнага фрыза.
Дэкор бакавых фасадаў больш сціплы. Цэнтр.ч. вылучана 2-павярховым рызалітам, які завяршаўся лучковым франтонам; да рызаліту прылягалі 1-павярховыя крылы — касавыя вестыбюлі. Глядзельная зала падковападобная ў плане, 3-ярусная, месцы размяшчаліся амфітэатрам, мела партэр, ложы, бельэтаж і балкон. Плафон глядзельнай залы ўпрыгожаны размалёўкамі (арх. Маас) з партрэтамі А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Глінкі. Размалёўкі інтэр’ераў выконвалі маст. Ю.Рэйнберг, Р.Веніг, В.Біцілеў, С.Лебядзінскі, К.Ульрых. На партале сцэны — ляпны герб Мінскай губ. У 1949 рэканструкцыя інтэр’ераў выканана паводле праекта арх. Г.Заборскага. У 1956—58 будынак т-ра рэканструяваны (арх. А.Духан). На гал. фасадзе надбудаваны бакавыя крылы да 2-га паверха, перапланаваны шэраг дапаможных памяшканняў. З 1920 у будынку М.г.т. працуе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ РА́ТУША.
Існавала ў 17—20 ст. у Магілёве. У канцы 17 ст. ратуша — мураваны 2-павярховы будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне гал. фасада. У 1679—81 пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прамавугольны ў плане (28 × 10,5) будынак ратушы. У 1682—86 майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзена вежа на выш. каля 26 м (абвалілася). У 1692 майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзена новая вежа выш. да 38 м, якая стала верт. дамінантай горада. Вежа 5-ярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з метал. кратамі, вял. гадзіннік. Аконныя праёмы з невял. круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Гал. і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарыз. пояс падзяляў сцяну будынка на 2 ярусы: 1-ы руставаны, аконныя праёмы 2-га мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Да будынка прылягаў гасціны двор. У час Вял.Айч. вайны моцна пашкоджана, у 1957 знесена. Паводле архіўных і археал. матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы.