бутэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Шкляная пасудзіна для вадкасцей, звычайна цыліндрычнай формы з вузкім горлам. Пустая бутэлька. Бутэлька піва. □ Кума на просьбу паддаецца, За чарку тройчы ўжо бярэцца І толькі-толькі прыгубляе І чарку зноў не дапівае І руку цягне да бутэлькі. Колас. Паілі козліка малаком з бутэлькі, цераз соску. Брыль. // У значэнні: бутэлька віна, гарэлкі. Выпіць бутэльку. Прынесці бутэльку.
2. Руская мера вадкасцей, роўная 0,6 л, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.
•••
Заглядаць у бутэльку гл. заглядаць.
Лезці ў бутэльку гл. лезці.
Паставіць бутэльку гл. паставіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́рчыць і ко́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.
1. звычайна безас. Балюча зводзіць мышцы цела. Яго ўсяго курчыць. □ Будзе хвароба іх цела корчыць. Куляшоў. // перан. Разм. Выклікаць вельмі непрыемныя пачуцці. Калі .. [Сцяпан] чуў у хаце слова «млын» — яго адразу пачынала курчыць. Ракітны.
2. Згінаць, падгінаць. Ногі мае босыя, і я ад роснай золкасці, ідучы, курчу на нагах пальцы. Баранавых.
3. (корчыць); каго. Разм. Прыкідвацца кім‑н., строіць з сябе каго‑н. Уладусь корчыў з сябе шляхціца. Чарнышэвіч. [Арэхаў] быў мацнейшы, больш загартаваны і ўвесь час стараўся корчыць з сябе інтэлігента. Няхай.
•••
Лодара корчыць — гуляць, бяздзейнічаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
майстэ́рня, ‑і, ж.
1. Прадпрыемства па рамонту або вырабу чаго‑н., а таксама памяшканне такога прадпрыемства. Зранку пасля праверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Нездарма пані Пшысецкая прапанавала .. [Насі] пайсці швачкай у яе майстэрню. Васілевіч.
2. звычайна мн. (майстэ́рні, ‑яў). Прамысловае прадпрыемства, якое займаецца галоўным чынам рамонтнымі работамі. Рамонтныя чыгуначныя майстэрні. □ Выступаць перад людзьмі .. [Сяргей] навучыўся ў арміі, робячы палітінфармацыю ў артылерыйскіх майстэрнях, дзе ён быў між майстроў маладзейшы за ўсіх. Грамовіч.
3. Аддзел цэха ці завода. Інструментальная майстэрня.
4. Памяшканне для работы мастака, скульптара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́сяц, ‑а, м.
1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.
2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.
•••
Поўны месяц — поўня.
Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каўту́н, ‑а, м.
1. толькі адз. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца. Галава .. [пані Даміцэлі] з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю. Колас. // Хвароба скуры ў коней (звычайна пад грывай).
2. Зблытаны, збіты пук валасоў, поўсці і пад. [Міхаська] успомніў, як калісьці дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.
3. толькі мн. (каўтуны́, ‑оў). Разм. пагард. Валасы. — Давялося пайсці на грэх: тузануў я .. [гаспадыню] за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што асталіся ў руцэ, і падаўся ў вішняк. Кулакоўскі.
[Ад казах. калтук — пучок валасоў.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.
1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.
2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насо́к, ‑ска, м.
1. Пярэдняя частка абутку, панчох і пад. Востры насок бота. // Пярэдняя частка ступні. [Андрэй] то кідаўся ўпрысядкі, то ўздымаўся на наскі і хвацка ішоў за дзяўчынай. Дуброўскі. Зарэцкі падняўся з крэсла, паківаўся на насках і выйшаў з пакоя. Хомчанка.
2. Пярэдняя частка якога‑н. прадмета (звычайна вузкая). Насок напільніка. □ Пракос ад пракосу аддзяляўся густою бародкаю травы, якое не падцінаў насок касы... Гартны.
3. Памянш. да нос; маленькі нос.
4. пераважна мн. (на́скі, ‑оў). Тое, што і шкарпэткі. Шура разувае чаравік, здымае .. насок. Навуменка. Ён пакаваў чамадан, а яна спяшалася давязаць яму наскі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́раў, ‑раву, м.
1. Характар, сукупнасць псіхічных якасцей. Круты нораў. Вясёлы нораў. □ Нораву.. [Кірыла] быў неспакойнага. Лупсякоў. [Маўра] не стала пярэчыць [мужу]. Не магла. Гэта было не ў яе нораве. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае. Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах. Колас. Калгасныя коні .. былі розныя — і па выгляду, і па звычках, і па нораву. Ракітны.
2. звычайна мн. (но́равы, ‑аў). Звычай, уклад жыцця, звычка. Учора ў клубе Барыс праслухаў лекцыю аб норавах капіталістычнага грамадства. Жычка.
•••
З норавам — упарты, наравісты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Адчуваць павагу, адносіцца з павагай да каго‑, чаго‑н. Паважаць старэйшых. □ І вучні, і мы, настаўнікі, любілі і паважалі Аляксея Іванавіча за яго любоў да сваёй працы. Скрыпка. Маці.. кіравалася інтарэсамі меншага сына, якога яна дужа любіла і паважала. Колас.
2. Любіць, цаніць што‑н. Маці з бацькам звычайна казалі, што яны не надта паважаюць .. [бліны з мачанкай], і сваю долю таксама аддавалі дзецям. Якімовіч. Таня сказала, што яна паважае эстрадную музыку. Грамовіч. Свае ўласцівасці ўсе людзі маюць. Адны — рыбалку паважаюць. З бляшнёй ля пелькі могуць векаваць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́рхня, ‑і, ж.
1. Вонкавы бок (звычайна верхні) чаго‑н. Паверхня металу. Паверхня кары галаўнога мозга. □ Вячэрняе сонца свяціла ў пакой, і на паліраванай паверхні стала засталася чорная бліскучая палоска. Шыцік. // Верхні пласт, слой чаго‑н. Паверхня вады. Паверхня снегу. □ [Дождж] ласкава барабаніў па парусіне, шамацеў па паверхні ракі. Шамякін. // Сукупнасць гор, нізін; рэльеф. Раўнінная паверхня. Паверхня Беларусі. □ Паверхня Марса фатаграфавалася ў праменях рознага колеру. «Беларусь».
2. У геаметрыі — мяжа, якая аддзяляе геаметрычнае цела ад знешняй прасторы або ад іншага цела. Паверхня шара. Цыліндрычная паверхня.
•••
Выйсці (усплыць) на паверхню гл. выйсці.
Слізгаць па паверхні гл. слізгаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)