СІЛАБІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. syllabe склад),

сістэма вершаскладання, заснаваная на аднолькавай колькасці складоў у паэтычных радках. Характэрна для моў з пастаянным націскам (франц., польскай, чэшскай і інш.). Рытмаўтваральную ролю ў С.в. адыгрывае таксама цэзура і метрычная канстанта. Найб. дасканаласці С.в. дасягнула ў франц. і італьян. паэзіі 11—12 ст. У 15 ст. засвоена польскай л-рай. Бел. С.в. пачало фарміравацца ў пач. 16 ст. Адзін з першых бел. сілабічных вершаў — з прадмовы Ф.​Скарыны да кн. «Іоў» (1517):

Богу в троици единому ко чти и ко славе,
Матери его пречистой Марии к похвале,
Всем небесным силам и святым его к веселию,
Людем посполитым к доброму научению.

У вершы яшчэ не вытрыманы ўсе адзнакі сілабікі, але ён вызначаецца строгай рэгламентаванасцю радка, выдзяленнем яго сэнсава-інтанацыйных частак паўзамі, спалучэннем радкоў парнай рыфмай. Бел. паэты 16—17 ст. А.​Рымша, Я.​К.​Пашкевіч, Афанасій Філіповіч і інш. ўдасканалілі форму сілабічнага верша, наблізілі яе да класічных узораў. Майстар сілабічнага верша ў бел. паэзіі 1-й пал. 17 ст. — Сімяон Полацкі, творам якога ўласцівы ўсе вызначальныя адзнакі сілабікі:

Паче нетерпимую / смерть себе избрати,
Неже оскверненную / плоть свою предати.
(«Паклёп»).

У 1664 Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву, дзе паклаў пачатак рус. С.в., якое праіснавала да 1-й трэці 18 ст. (выйшла з ужытку ў выніку рэформы В.​Традзьякоўскага—М.​Ламаносава).

У бел. паэзіі С.в. сустракалася да 19 ст. Сярод яго прадстаўнікоў Я.​Баршчэўскі («Дзеванька»), Я.​Чачот («Да мілых мужычкоў»), В.​Дунін-Марцінкевіч («Халімон на каранацыі»), Ф.​Багушэвіч («У судзе») і інш. Бел. сілабічная паэзія 19 ст. вызначалася разнастайнасцю памераў: 15-складовік («Вечарынка» Ф.​Тапчэўскага), 14-складовік («Верш Навума Прыгаворкі»), 13-складовік («Ідылія») і 12-складовік («Халімон на каранацыі»; усе Дуніна-Марцінкевіча), 11-складовік («Пакуль новы год настане» Я.​Лучыны). Назіралася тэндэнцыя да 7- і 8-складовікаў («Купала» Дуніна-Марцінкевіча). Уплыў рус. сілаба-танічнага верша, а таксама сілаба-танічных форм нар. верша на бел. літ. сілабіку прывёў да яе паступовага адмірання. З канца 19 — пач. 20 ст. бел. С.в. саступіла месца сілаба-танічнаму вершаскладанню і танічнаму вершаскладанню.

Літ.:

Гл. да арт.: Сілаба-танічнае вершаскладанне.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАНІМІ́Я (ад грэч. synonymia аднайменнасць),

поўнае ці частковае супадзенне значэнняў моўных адзінак. Сінанімічнымі могуць быць словы, фразеалагізмы, марфемы, словаўтваральныя мадэлі, сінтаксічныя канструкцыі. Лексічныя сінонімы — словы і выразы, што аб’ядноўваюцца ў групы (сінанімічныя рады) на аснове блізкасці значэння. Сярод іх вылучаюць сінонімы семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя, абсалютныя. У сучаснай бел. літ. мове найб. семантыка-стылістычных сінонімаў, абсалютныя сінонімы адзінкавыя. Семантычныя сінонімы (звычайна нейтральныя словы і выразы) ажыццяўляюць камунікатыўную функцыю мовы, што выяўляецца ў дыферэнцыяцыі адценняў значэння, дэталізацыі, выдзяленні і актуалізацыі паняцця («Сланечнікі ў гародчыку апусцілі прывялае лісце, схавалася ў засень, у цень усё жывое...». І.​Навуменка). Стылістычныя сінонімы ажыццяўляюць эстэт. функцыю мовы, што выражаецца ў эмацыянальна-экспрэсіўнай характарыстыцы слова, выразу («І якраз у той момант, калі я зразумеў, што тут, пэўна, давядзецца і начаваць, калі ўжо такім далёкім і недасягальным здаўся мне цягнік, якім сёння ноччу я думаў ехаць, пачуўся далёкі прыглушаны бас машыны». Я.​Сіпакоў). Семантыка-стылістычныя сінонімы адрозніваюцца адначасова сэнсам і стылістычнай афарбоўкай («Не раз я за мурам астрожным па родных гонях сумаваў Адны любяць пад песню схіліць галаву, зажурыцца, як неба ўвосень. Ну, засні, і не варта тужыць. Вось ты тут сохнеш за астрожным мурам». М.​Танк). Абсалютныя сінонімы — тэрміналагічныя словы-дублеты, якія адрозніваюцца толькі паходжаннем (бел. «назыўны», «правапіс» і запазычаныя «намінатыўны», «арфаграфія»), Кантэкстуальныя (сітуацыйныя, аўтарскія, аказіянальныя) сінонімы — словы і выразы, якія суадносяцца з пэўным агульным аб’ектам рэчаіснасці (рэаліяй) толькі ў адпаведным кантэксце, выражаюць адно паняцце метафарычна-вобразна і ўтвараюць семантыка-стылістычную групу, блізкую да сінанімічнага рада («А сын жа мой яшчэ малы. Зусім яшчэ маладзенькі мой Данілка. Ён жа яшчэ не поўня, а паўмесячык. Маладзічок». А.​Бялевіч) Марфалагічныя сінонімы — сінанімічныя формы слоў («жыццядайнай сілы — жыццядайнае сілы», «самы дарагі — найдаражэйшы»), Сінтаксічныя сінонімы — канструкцыі, аднародныя са структурна-сэнсавага і функцыянальнага пункту погляду, але адметныя семантычнымі адценнямі (у межах агульнага іх значэння) і стылістычнай афарбоўкай («пайсці да рэчкі — пайсці пад рэчку, пайсці ў бок рэчкі, пайсці ў напрамку рэчкі»). Развітасць сінанімікі (сукупнасці сінонімаў ў мове) — паказчык дакладнасці, вобразнасці, багацця мовы.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Яўневіч М.С. Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1977;

Беларуская мова. Мн., 1991;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1992.

А.​К.​Юрэвіч.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНК (ад італьян. banco крама мянялы),

фінансавая ўстанова, спецыялізаваная на акумуляцыі грашовых сродкаў і зберажэнняў (укладаў), крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і інш. банкаўскіх аперацыях у адпаведнасці з заканадаўствам. Мае статутны і рэзервовы фонды. Паводле формаў уласнасці банкі бываюць: акцыянерныя, партнёрскія, індывідуальныя, кааператыўныя (узаемныя), муніцыпальныя (камунальныя), дзяржаўныя (нац.), змешаныя (з удзелам дзяржавы), сумесныя (з удзелам замежнага капіталу), замежныя, міждзяржаўныя; паводле функцый і характару аперацый — камерцыйныя банкі, ашчадныя банкі, інвестыцыйныя, іпатэчныя, знешнегандлёвыя банкі і інш., якія на чале з цэнтр. банкам утвараюць банкаўскую сістэму краіны; цэнтр. банк у большасці краін належыць дзяржаве і валодае манапольным правам эмісіі грошай. Пры ажыццяўленні знешнеэканам. аперацый адрозніваюць банкі-рэзідэнты (зарэгістраваныя на нац. тэрыторыі) і банкі-нерэзідэнты (замежныя). Банкі, якія выпускаюць уласныя каштоўныя паперы, наз. банкамі-эмітэнтамі.

Вытокі банкаўскай справы адносяцца да практыкі захоўвання каштоўных металаў у карпарацыях жрацоў і мяняльнай справы ў рабаўладальніцкім грамадстве. Як самаст. ўстановы банкі ўзніклі ў сярэднявеччы, крэдытавалі пераважна каралёў і буйных феадалаў. У 16 ст. ў буйных гандл. цэнтрах (Амстэрдам, Гамбург) з’явіліся банкі новага тыпу — т.зв. жырабанкі, якія ажыццяўлялі безнаяўныя разлікі паміж сваімі кліентамі. Сучасныя прынцыпы банкаўскай справы найперш сфарміраваліся ў Англіі. У Расіі пачалі стварацца з 1750-х г.

Першы на Беларусі Мінскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 буйныя памешчыкі і купцы, меў філіялы ў Гомелі, Літве, на Украіне. У 1881—84 у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне адкрыты аддзяленні Дзярж. банка Расіі (іх баланс на 1.1.1914 — 32,5 млн. руб.). У канцы 19 — пач. 20 ст. адкрыты філіялы рас. акцыянерных камерц. Банкаў. Да 1-й сусв. вайны на Беларусі дзейнічалі аддзяленні банкаў Рас. імперыі: Злучанага (баланс на 1.1.1914 — 5,6 млн. руб.), Руска-Азіяцкага (13,1 млн.), Віленскага прыватнага (11,5 млн.), Азоўска-Данскога (7,3 млн.), Маскоўскага (1,4 млн.), Руска-Французскага (2,8 млн.). Праз гэтыя аддзяленні банкаў на Беларусь ішоў прыток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў з інш. рэгіёнаў Расіі (агульны аб’ём крэдытных укладанняў на 1.1.1914 склаў 38,6 млн. руб.). Дзейнічалі таксама т-вы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гар. грамадскія банкі. Але яны не задавальнялі патрэбы бел. прам-сці і гандлю ў крэдыце, што спрыяла ўзнікненню банкірскіх дамоў і кантор, развіццю ліхвярскага крэдыту, пранікненню замежнага капіталу. Былі адкрыты аддзяленні іпатэчных банкаў: акцыянерных зямельных Віленскага, Маскоўскага, С.-Пецярбургска-Тульскага, дзярж. Сялянскага пазямельнага (аперацыі з 1883) і Дваранскага зямельнага (з 1885). Сав. банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1922 з адкрыццём Бел. канторы Дзяржбанка РСФСР (потым СССР). Пазней адкрыты Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк і інш. Пасля 1959 засталіся Бел. канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР.

З прыняццем законаў «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (снежань, 1990) пачалося фарміраванне нац. банкаўскай сістэмы. Яна складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і камерцыйных банкаў, якіх на 1.1.1996 было 42, з іх найбольшыя (паводле памеру фактычнага статутнага фонду; млн. руб. і тыс. ЭКЮ): акцыянерны ашчадны Беларусьбанк (184970,1 і 12555,1), акцыянерны камерцыйны «Прыёрбанк» (117742,9 і 7992), акцыянерны камерцыйны «Пошук» (69347,4 і 4707,1), Белпрамбудбанк (49942,5 і 3389,9), Знешэканомбанк (47823,2 і 2960,7), акцыянернае т-ва «Інвестбанк» (40776 і 2467,7), Белбізнесбанк (40334,2 і 2737,7), Белаграпрамбанк (36000 і 2443,6), «Садружнасць» (35291,3 і 2395,4), Белсувязьбанк (31681,6 і 2150,4), «Мінск-транзіт банк» (31483,3 і 2137), акцыянерны рэгіянальны камерцыйны банк «Комплекс» (31192 і 2117,2), Масбізнесбанк (30791,7 і 2090), Бел. біржавы банк (30589 і 2076,3), спецыялізаваны камерцыйны Тэхнабанк (30518,2 і 2071,5), Б.н.банк (29794 і 2022,3), Брэсткамбанк (29614,8 і 2010,1).

На сучасным этапе дзейнічаюць банкаўскія сістэмы: нацыянальная (адной краіны, як правіла, на чале з цэнтр. банкам, з адной грашовай адзінкай, ажыццяўляе сувязь з інш. нац. сістэмамі), рэгіянальная (забяспечвае інтарэсы некалькіх краін і ва ўзаемных разліках звязана асобнымі эканам. адносінамі) і міжнар. (для разлікаў у міжнар. маштабе). Сярод нац. банкаўскіх сістэм асабліва вядомыя швейцарская, банкі якой дзякуючы працягламу нейтралітэту гэтай краіны строга захоўваюць тайну банкаўскіх укладаў, маюць вял. залатыя рэзервы і таму прыцягальныя для кліентаў усяго свету. Да рэгіянальных банкаўскіх сістэм адносяцца еўрап., ціхаакіянская і інш.; некаторыя з іх (Еўрап. Валютная Сістэма) па ўзроўні інтэграцыі набліжаюцца да нац. банкаўскіх сістэм. Аснову міжнар. банкаўскай сістэмы складаюць Міжнародны валютны фонд, Міжнарод. банк рэканструкцыі і развіцця, Банк міжнародных разлікаў. Найбольшыя банкі краін свету: «Сумітома банк», «Фудзі банк» (Японія), «Сіці карпарэйшэн», «Чэйз Манхатан банк», «Банкамерыка карпарэйшэн» (ЗША), «Барклейс банк», «Нэшанал Вестмінстэр банк», «Мідленд банк» (Вялікабрытанія), «Амстэрдам-Ротэрдам банк» (Нідэрланды), «Інстытута банкарыо сан паўла ды Тарына» (Італія), «Роял банк оф Канада» (Канада), «Рэдзі агрыколь», «Банк насьёналь дэ Пары», «Сасьетэ жэнераль» (Францыя), «Дойчэ банк», «Дрэзднер банк», «Комерцбанк» (Германія), «Юньён банк швітцэрланд», «Сюіс банк карпарэйшэн» (Швейцарыя). У дзесятку найбуйнейшых банкаў свету ўваходзіць найбольш японскіх, сярод якіх самы буйны «Сумітома банк». Сучасная банкаўская справа мае высокі ўзровень тэхн. аснашчанасці: у сусв. маштабе выкарыстоўваюцца электронная сістэма разлікаў тыпу SVIFT, безнаяўныя разлікі з дапамогай пластыкавых картак і інш.

Літ.:

Альманах банков Республики Беларусь. Мн., 1993;

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994.

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КАЎ, Кракуў (Kraków),

горад на Пд Польшчы, у верхнім цячэнні р. Вісла. Адм. ц. Малапольскага ваяводства. 745,1 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Баліцы. Важны эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: самы вял. ў краіне металургічны камбінат (Гута імя Т.​Сэндзіміра), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. і радыёэлектронных вырабаў, кабелю), харч. і харчасмакавая (цукр., тытунёвая), хім. (коксахімія, фармацэўтычная, гумавая, вытв-сць соды), эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, цэм., швейная, паліграф., мэблевая, гарбарна-абутковая, парфумерная. 15 ВНУ, у т. л. старэйшы ў Польшчы Ягелонскі універсітэт (з 1364), акадэміі горна-металургічная, мед. прыгожых мастацтваў, с.-г., фіз. выхавання, эканам., муз. і інш. Аддзяленне Польскай АН. Ягелонская б-ка. Астр. абсерваторыя Ягелонскага ун-та (з 1792). Тэатры, у т. л. Музычны, Стары, імя Ю.​Славацкага. Кансерваторыя. Месца правядзення нац. і міжнар. фестываляў, маст. выставак і інш. Турыстычны цэнтр.

Паводле падання, засн. міфалагічным Кракам на месцы пасялення племя віслян. У 996 згадваецца араб. падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам. У 10 ст. К. — адзін з гал. эканам., паліт., ваен. і культ. цэнтраў Малапольшчы на гандл. шляху Русь—Чэхія—Зах. Еўропа. З канца 10 ст. ў складзе польск. дзяржавы. З 1000 рэзідэнцыя біскупства. Каля 1040 стаў гал. рэзідэнцыяй уладароў Польшчы і сталіцай дзяржавы; важны рэліг. цэнтр са шматлікімі касцёламі, кляштарамі і кафедральнай школай з багатай б-кай. У 11 ст. ў мясц. капітуле створана самая стараж. польская хроніка. У 1241 зруйнаваны татарамі. Гар. правы з 1257. З 1320 месца каранацыі польск. каралёў. У выніку эканам і культ. росквіту ў 14—16 ст. ператварыўся ў буйнейшы цэнтр інтэлектуальнага жыцця Польшчы. У 1364 засн. Кракаўская акадэмія. Важны цэнтр гандлю, маст. рамёстваў, кнігадрукавання (у 16 ст. існавала 9 друкарняў), архітэктуры, скульптуры, жывапісу. Значэнне К. пачало змяншацца пасля пераносу ў 1596 каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву і ператварэння яе ў сталіцу дзяржавы (1611). У 1655 захоплены, абрабаваны і зруйнаваны шведамі; у 18 ст. заняпаў у выніку набегаў, пажараў, эпідэмій, выплаты кантрыбуцый. Месца абвяшчэння паўстання 1794. У 1795—1809, 1846—1918 пад уладай аўстр. Габсбургаў. У 1781—85 у К. дзейнічаў першы ў Польшчы прафес. тэатр. У 1809—15 у складзе Варшаўскага герцагства, у 1815—46 сталіца Кракаўскай рэспублікі. Тут адбылося Кракаўскае паўстанне 1846. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр культ. і навук. жыцця (засн. АН, кансерваторыя, Акадэмія прыгожых мастацтваў). У 2-ю сусв. вайну цэнтр ням.-фаш. генерал-губернатарства; адзін з буйнейшых у Польшчы цэнтраў Руху Супраціўлення. 19.1.1945 вызвалены Сав. Арміяй. У 1963—78 арцыбіскупам кракаўскім быў К.​Вайтыла (цяпер рым. папа Іаан Павел II). У канцы 1970—80-х г. цэнтр шматлікіх дэманстрацый і забастовак, незалежнага культ. жыцця (па-за цэнзурай ставіліся спектаклі, арганізоўваліся выстаўкі, ствараліся прыватныя выдавецтвы, выходзілі часопісы).

Гіст. ядро К. — узгорак Вавель з комплексам пабудоў 10—17 ст. і раён Старога горада з квадратнай у плане плошчай Рынку і рэгулярнай сеткай вуліц. Захаваліся фрагменты гар. умацаванняў (канец 13—14 ст.) з надбрамнымі вежамі і барбаканам (1498—99). Сярод помнікаў: раманскі касцёл св. Анджэя (каля 1090); гатычныя касцёлы Дзевы Марыі (Марыяцкі касцёл, 1355—97; у інтэр’еры вітражы канца 14 ст., драўляны алтар, 1477—89, мастак В.​Ствош, размалёўкі Я.​Матэйкі, 1889—91, і інш.) і св. Крыжа (14 — пач. 16 ст., фрэскі пач. 15 ст.); гандл. рады «Сукеніцы» (1342—92, часткова перабудаваны ў стылі рэнесансу, 1555—59, арх. Дж.​М.​Падавана); б. будынак Ягелонскага ун-та («Калегіум Майус», 15 ст.); барочныя касцёлы св. Пятра і Паўла (1596—1619, арх. Дж.​Трэвана), бернардзінцаў на Страдоме (1670—80, арх. К.​Мерашэўскі), св. Ганны (1689—1703, арх. Тыльман Гамерскі) і інш. У 19—1-й пал. 20 ст. вакол кальца бульвараў (т.зв. Планты) узведзены новыя кварталы з радыяльна-кальцавой сістэмай вуліц і параднымі грамадскімі пабудовамі ў духу псеўдарэнесансу (Польская АН, 1857—64, арх. Ф.​Пакутынскі), эклектыкі (Т-р імя Ю.​Славацкага, 1889—93, арх. Я.​Завейскі), мадэрну (Стары т-р, 1904—06, арх. Т.​Стрыенскі, Ф.​Манчынскі), функцыяналізму (Ягелонская б-ка, да 1939, арх. В.​Кшыжаноўскі). У 2-й пал. 20 ст. ўзведзены будынкі Дома студэнтак (1964, арх. В.​Брызек і інш.), Вышэйшай с.-г. школы (1963), Ін-та фізікі і матэматыкі (1965, абодва арх. С.​Юшчык), гасцініца «Краковія» (1965, арх. Ю.​Цэнцкевіч) і інш. У К. помнікі А.​Міцкевічу (1898, скульпт. Т.​Рыгер), Т.​Касцюшку (1921, скульпт. Л.​Марконі), Ю.​Дзітлю (1937—39, скульпт. К.​Дунікоўскі). Сярод музеяў: Дзярж. маст. зборы ў Вавелі, Нацыянальны, Гістарычны, Маладой Польшчы, Чартарыйскіх; маст. галерэі. Гіст. цэнтр К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Гандлёвыя рады.

Літ.:

Савицкая В.И. Краков. М., 1975.

Т.​Каліцкі, Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Кракаў. Фрагмент гарадскіх умацаванняў.
Кракаў. Фрагмент каралеўскага замка на Вавелі.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РА І ЧАС у фізіцы,

фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць формы існавання і спосабы каардынацыі з’яў, працэсаў, аб’ектаў і іх станаў. Базісны прасторава-часавы аб’ект — падзея, якая вызначаецца адносна сістэмы адліку заданнем 3 прасторавых каардынат і 1 часавай каардынаты. Сувязь паміж прасторавымі і часавымі характарыстыкамі розных падзей вызначае геам. ўласцівасці прасторава-часавай разнастайнасці.

Фіз. паняцці П. і ч. ўзніклі на аснове натурфіласофскіх уяўленняў аб іх сутнасці (гл. Прастора і час у філасофіі) і прасторава-часавых уяўленняў, заснаваных на мех. практыцы аперыравання з жорсткімі і пругкімі целамі. У класічнай механіцы існуе дваістасць апісання П. і ч., дзе разам з абсалютнымі ёсць і адносныя П. і ч. Паводле Ньютана, абсалютныя П. і ч. — ідэальныя формы, якія маюць матэм. выраз, адносныя П. і ч., даступныя вымярэнню працягласці матэрыяльных аб’ектаў (у прасторы) і назіраных з’яў (у часе). Такая дваістасць у фізіцы захоўваецца да нашага часу. П. і ч. рэальных аб’ектаў у фізіцы не заўсёды супадае з П. і ч: тэарэт. (ідэальных) аб’ектаў, якія апісваюць адпаведную прадметную вобласць. У аксіёмы, што вызначаюць геаметрыю класічных П. і ч., уключаецца кінематычны пастулат — прынцып адноснасці, які сцвярджае раўнапраўнасць інерцыяльных сістэм адліку, вызначае метрычныя ўласцівасці фіз. П. і ч., а таксама абмяжоўвае выбар дапушчальных дынамічных тэорый. Прынцып адноснасці Эйнштэйна адрозніваецца ад прынцыпу адноснасці Ньютана тым, што значэнне адноснай скорасці інерцыяльнай сістэмы адліку абмежавана зверху. Матэматычна гэты прынцып фармулюецца як патрабаванне інварыянтнасці дынамічных ураўненняў фізікі адносна груп пераўтварэнняў прасторава-часавых каардынат (групы Галілея і групы Пуанкарэ адпаведна). У абодвух выпадках П. і ч. аб’ядноўваюцца ў адзіны геам. аб’ект — чатырохмерную прастору. Пры гэтым прастора-час спецыяльнай адноснасці тэорыі — Мінкоўскага прастора-час з’яўляецца чатырохмернай псеўдаэўклідавай прасторай у адрозненне ад прасторы-часу Галілея — Ньютана, якая наогул не з’яўляецца эўклідавай. У абодвух выпадках меркаванні аб аднароднасці часу і аднароднасці і ізатропнасці прасторы звязаны з захавання законамі энергіі, імпульсу і моманту імпульсу адпаведна. Дапушчальнасць бясконцасці скорасці распаўсюджвання ўзаемадзеяння ў прасторы-часе Галілея-Ньютана ўзгадняецца з уключэннем у лік ідэальных аб’ектаў ньютанаўскай механікі абсалютна цвёрдых цел і магчымасці абсалютнай (незалежнай ад выбару інерцыяльнай сістэмы адліку) сінхранізацыі нерухомых і рухомых ідэальных гадзіннікаў. Усе пункты трохмернай прасторы могуць назірацца адначасова, у якасці эталона даўжыні выбрана цвёрдае цела (парыжскі метр), вымярэнне часу заснавана на меркаванні аднолькавай працягласці аднолькавых фіз. працэсаў. Вобласць выкарыстання прасторы-часу Галілея — Ньютана абмежавана нерэлятывісцкай класічнай, квантавай і статыстычнай механікамі, а таксама электра- і магнітастатыкай. У спец. тэорыі адноснасці існуе верхняя мяжа скорасці — скорасць святла ў вакууме, аднолькавая для ўсіх сістэм адліку, і таму немагчыма абсалютная сінхранізацыя нават ідэальных гадзіннікаў, паняцце адначасовасці падзей мае сэнс адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, сярод ідэальных аб’ектаў няма абсалютна цвёрдых цел. За эталон даўжыні прынята адлегласць, якую праходзіць святло за адзінку часу, эталонам часу служыць велічыня, адваротная частаце святла, выпрамененага эталоннай крыніцай. Прастора-час Мінкоўскага распадаецца для кожнага назіральніка на абсалютнае мінулае, абсалютнае будучае і абсалютнае аддаленае (унутранасць і знешнасць светлавога конуса), яна выкарыстоўваецца як базавая ў рэлятывісцкай класічнай і квантавай механіках, квантавай тэорыі моцных і электраслабых узаемадзеянняў. ідэальныя аб’екты гэтых тэорый не заўсёды маюць аналагі сярод рэчаісных аб’ектаў. У агульнай тэорыі адноснасці (АТА) прынцып адноснасці пашыраецца да патрабавання каварыянтнасці ўраўненняў адносна адвольных пераўтварэнняў усіх чатырох каардынат, у якасці ідэальнага аб’екта служыць метрыка прасторы-часу, пад якой разумеюць гравітацыйнае поле, крыніцай якога з’яўляецца тэнзар энергіі — імпульсу матэрыі. У гэтым сэнсе АТА устанаўлівае залежнасць метрыкі прасторы-часу ад уласцівасцей гравітавальнай матэрыі. Прастора-час у АТА неаднародная і неізатропная, яе тапалогія можа быць сінгулярнай (гл. Сінгулярнасць). Паводле сучасных уяўленняў з гравітацыйнай сінгулярнасці ў выніку Вялікага Выбуху нарадзіўся Сусвет. Мадэль пашыральнага Сусвету належыць да ідэальных аб’ектаў фізікі, які змяняецца ў часе. Асн. ўласцівасць такіх аб’ектаў — неабарачальнасць іх дынамікі ў часе. Існуюць таксама эксперым. ўказанні на магчымую неабарачальнасць у часе некаторых працэсаў у фізіцы элементарных часціц. Даказана, што Прырода несіметрычная адносна адлюстраванняў прасторавых каардынат і аддае перавагу то левай, то правай спіральнасці. Пры тэарэт. апісанні працэсаў у мікрасвеце ці на пачатковай стадыі Вялікага Выбуху даводзіцца аперыраваць з часавымі і прасторавымі інтэрваламі, для вымярэння якіх не існуе прылад (няяўна прымаецца гіпотэза бясконцай падзельнасці П. і ч.). Разглядаюцца мадэлі з дыскрэтнай прасторай-часам, з лікам прасторава-часавых вымярэнняў, большым за 4. Існуюць струнныя мадэлі, дзе ідэальным аб’ектам служыць аднамерная струна замест пункта, які не мае вымярэнняў. Мяркуюць, што менавіта струнныя мадэлі дазволяць зрабіць агульнае апісанне гравітацыйных, моцных і электраслабых узаемадзеянняў і тым самым істотна пашырыць нашы ўяўленні аб прасторы і часе.

Літ.:

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;

Пуанкаре А. О науке: Пер. с фр. 2 изд. М., 1990;

Минковский Г. Пространство и время // Принцип относительности. М., 1973;

Берке У. Пространство—время, геометрия, космология: Пер. с англ М., 1985;

Хокинг С., Пенроуз Р. Природа пространства и времени: Пер. с англ. Ижевск, 2000;

Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.

Я.​А.​Талкачоў, Л.​М.​Тамільчык.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калаці́ць, калачу, калоціш, калоціць; незак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне чаго‑н.; хістаць, трэсці. Вецер з поўначы дзьме зухавата І калоціць дубы навакол. Астрэйка. Мікола ішоў па вуліцах шпаркімі крокамі, ён не прыслухоўваўся да тых выбухаў, якія ўжо калацілі горад. Якімовіч. / у безас. ужыв. Лінейку моцна трэсла і калаціла па разбітым бруку, і Іліко трымаўся за жалезную парэнчу з усяе моцы. Самуйлёнак. // Трасучы дрэва, выклікаць ападанне пладоў. Калаціць яблыкі.

2. Выклікаць дрыжыкі, азноб (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Салдаты бялелі ад страху, у спякотны летні дзень многіх пачала калаціць ліхаманка. Шамякін. Барыс адступае, і ўраз холад і гарачыня пачынае калаціць яго цела. Мікуліч. / у безас. ужыв. [Надзю] калаціла і ад холаду, і ад жудасці, і ад нецярплівасці. Бураўкін. // перан. Пазбаўляць ранейшага спакою, выклікаць змены. Рэвалюцыйныя буры калоцяць вёску, усё — і маёмасць, і жыццё — ставіць селянін на карту, абы здабыць волю. Кучар.

3. Разм. Рабіць вобыск, допыты, выклікаючы страх, трывогу. Расказала [бабка] і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас.

4. Разм. Узмахваючы, трасучы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. Калаціць палавікі. // Атрасаць салому на кулі. На хляве пачала аплываць страха — трэба калаціць кулі, папраўляць. Скрыган.

5. Разм. Гатаваць якую‑н. страву, размешваючы калатоўкай. Калаціць зацірку.

6. і без дап. Разм. Часта і моцна стукаць, удараць. [Дзверы] ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Лынькоў. // Наносіць удары, біць. Надзя з прытворнай злосцю накінулася на .. [Юру], пачала калаціць кулачкамі па спіне. Бураўкін.

•••

Калаціць кішэні — тое, што і трэсці кішэні (гл. трэсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Неспакойны, свавольны, нястрыманы, дзёрзкі. Буйны нораў. Буйная галава. □ Ах, сцяжыначка-сцяжына буйнай юнасці маёй. Машара. І будзем помніць мы яго ізноў Паэта — буйнага, жывога. Таўбін.

2. Моцны, нястрымны. Буйны вецер. Буйная паводка. Буйны гнеў. Буйная весялосць.

буйны́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Які складаецца з аднародных, больш чым сярэдняга памеру, адзінак; проціл. дробны. Буйное жыта. Буйны пясок. // Вялікіх памераў. Буйны колас. Буйныя кроплі расы. Буйныя літары. □ Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў. Пасыпаліся арэхі буйныя, поўныя, усе, як на падбор. Маўр. // Які адносіцца да віду, пароды вялікіх жывёл. Буйны драпежнік. Буйная рагатая жывёла. // Падкрэслена вялікі. Чалавек буйнога складу. Кадр буйным планам.

2. Багаты, раскошны; сакавіты. Буйныя косы. Буйная завязь. Буйная зеляніна.

3. Вялікі па плошчы, па колькасці насельніцтва. Буйны горад. Буйны прамысловы цэнтр. // Значны па сваіх памерах, магутны. Буйная электрастанцыя. Буйное прамысловае прадпрыемства. Буйны цэнтр навукі. // Вялікі па канцэнтрацыі сродкаў. Буйное землекарыстанне. Буйное сацыялістычнае земляробства. Буйная вытворчасць.

4. Вялікі па колькасці ўдзельнікаў. Буйная арганізацыя. Буйное танкавае злучэнне. Буйныя сілы ворага. // Значны ў колькасных адносінах. Буйныя сродкі. Буйныя капіталаўкладанні. // Вялікага маштабу, вялікай сілы, з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Буйныя ваенныя дзеянні. Буйная ваенная аперацыя. Буйное наступленне.

5. Выдатны, найбольш прыкметны сярод іншых. Буйны вучоны. Буйны спецыяліст. Буйная з’ява. Буйны мастацкі твор.

6. Хуткі, магутны. Буйны рост прамысловасці. Буйны выбух.

7. Значны па выніках, важны па значэнню. Буйная перамога. Буйное дасягненне. Буйны дэфект.

8. Важны, значны, радыкальны. Буйныя мерапрыемствы. Буйны крок па ўздыме прадукцыйнасці працы.

9. Багаты, шчодры. Буйная раса. Буйныя слёзы. Буйны дождж. Буйное сонца. // Багаты па выніках. Буйны ўраджай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Прыходзіць да каго‑н., наведваць каго‑н., падтрымліваць сяброўскія адносіны з кім‑н. Любецкі кожны дзень бываў у генералавым доме. Карпюк. Праўда, у апошні час Пеця перастаў бываць у Валіка. Жычка. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны.

2. Знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н. З самага вечара Несцяровіч мала калі бываў дома. Чорны. Пятру не раз даводзілася бываць у горадзе, і вуліцы ён ведаў, і раёны знаў. Пальчэўскі. На тайных сходах часта.. [Янка] бываў. Бядуля.

3. Здарацца, трапляцца. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка. // Мець месца, здарацца. На такіх аблавах [на ваўкоў] бывалі і чалавечыя ахвяры. Бядуля. Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. са злучн. «што» і без яго. Бывае так: і ў добрым севе Трапляе дзікая трава. Колас.

4. Звязка ў састаўным выказніку. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь. Лынькоў.

5. Форма развітання (звычайна ў 2 ас. адз. і мн. з азначальным словам і без яго). — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Колас.

•••

Бывай (бывайце) здаровы — тое, што і будзь здароў (гл. быць).

Бываць на людзях — быць сярод людзей, з людзьмі.

Не бываць таму — не адбыцца, не здарыцца, не быць чаму‑н.

Чаго не бывае — усё можа быць, рознае бывае.

Як ні ў чым не бывала — як быццам нічога яе здарылася, як ні ў чым не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Знішчыцца агнём. У шалёнай злосці афіцэр загадаў падпаліць гумно. Яно згарэла, як свечка, сярод белага дня. Сабаленка. — Пажар здарыўся, згарэла ўсё. Чорны. // Зрасходавацца для ацяплення, асвятлення. Дроў згарэла многа, а печ не нагрэлася. За вечар у лямпе ўся газа згарэла.

2. Разм. Страціць маёмасць у выніку пажару; аказацца ў становішчы пагарэльца. Ад маланкі згарэў не адзін гаспадар.

3. Сапсавацца, стаць непрыгодным у выніку моцнага перагрэву; падгарэць. Сала згарэла на скаварадзе. Хлеб згарэў у печы.

4. Разм. Засохнуць ад сонечнай спёкі (пра расліны). Пасевы згарэлі. □ — Такі туман. Днём зноў будзе пячы. Бульба ў гародзе згарыць. Зямля як попел. Пташнікаў.

5. Моцна загарэць, атрымаць сонечныя апёкі. Плечы згарэлі.

6. Згніць, сапрэць зляжаўшыся (пра сена, зерне і пад.). Сена згарэла ў стозе. Згарэла зерне ў кучы. □ — Бульба, яна грэецца. Ды асабліва, калі макраватую ссыпаюць. Вось і перагрэлася, згарэла ўся. Асіпенка.

7. перан. Страціць фізічныя і духоўныя сілы, расходуючы іх без меры. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Шамякін. Душой і песняю я за жыццё згару! Трус. // Памерці (ад нягод, перанапружання або скарацечнай хваробы). Бацька, як лучына, У турме згарэў. Бядуля. За Радзіму ты ў бітвах змагаўся, За яе ты ў рабоце згарэў. Прыходзька.

8. перан. Зведаць якое‑н. пачуццё; загінуць ад якога‑н. моцнага пачуцця. — Кахала яна вельмі... Не паглядзела, што з сям’ёй, што хворы... Вось і згарэла ля яго. Мехаў.

•••

Згарэць ад сораму — моцна засаромецца.

Каб ты (ён, яна і пад.) згарэў; хай ён (яна і пад.) згарыць — ужываецца як праклён, выражэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. — Цьфу, каб ты згарэў, гэтакі чалавек. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радавы́ ​1, ‑ая, ‑ое.

1. Звычайны, просты, які нічым не вылучаецца сярод іншых. Радавы выпадак. Радавы чытач. □ Камандзір «Міцька» — гэта быў радавы савецкі чалавек, камсамолец з кубанскай станіцы. Брыль. [Асташонак:] — Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. Ваданосаў. // Такі, які не займаецца кіруючай работай. Гаварылі стары майстар, інжынер, радавыя рабочыя. Кавалёў. / у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Партыя. Я — адзін з яе радавых. Танк.

2. Які не належыць да каманднага саставу; не з’яўляецца камандным (пра ваеннаслужачых). Радавы салдат. □ Між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан! Колас. // у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Салдат. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Шамякін. Для ўсіх — і радавых і генералаў — Нялёгкім быў той першы год вайны. Прыходзька.

радавы́ ​2, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і радковы. Радавая пасадка бульбы. Радавая веялка.

радавы́ ​3, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да роду (у 2 знач.). Спраўляць радавы абрад.

2. Які пераходзіць у адным родзе з пакалення ў пакаленне; спадчынны; родавы. Радавая маёмасць. Радавая прафесія. Радавая спадчына. □ Пальцы [Луцкевіча] ўпрыгожвалі два масіўныя пярсцёнкі: адзін з пячаткай, на якой быў радавы шляхецкі герб «Навіна», на другім — масонскі знак. Машара. Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. Караткевіч.

радавы́ ​4, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з грубай ільняной пражы; зрэбны. Радавая тканіна. // Звязаны з апрацоўкай такой пражы і вырабам тканіны з яе. На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое бёрда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)