банк

(фр. banque, ад іт. banco = лаўка)

1) фінансавая ўстанова, дзе ажыццяўляюцца грашовыя аперацыі, аперацыі з золатам, замежнай валютай і іншыя функцыі;

2) сістэматызаваны збор чаго-н. у якім-н цэнтры для даследчых або практычных мэт (напр. б. дадзеных, генны б.);

3) сума грошай, пастаўленая на кон, у картачных гульнях.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КВА́НТАВАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

рэлятывісцкая квантавая тэорыя элементарных часціц і іх узаемадзеянняў; адзін з асн. раздзелаў тэарэт. фізікі, у якім вывучаюцца агульныя законы будовы матэрыі на мікраўзроўні. У К.т.п. кожнаму тыпу элементарных часціц як першасных крыніц і пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў ставіцца ў адпаведнасць сваё другасна-квантаванае поле (гл. Другаснае квантаванне), якое апісваецца аператарнай хвалевай функцыяй Ψ (гл. Аператары, Хвалевая функцыя). Кампаненты Ψ пры замене каардынат прасторы—часу згодна з патрабаваннямі спец. адноснасці тэорыі пераўтвараюцца паводле прадстаўленняў групы Лорэнца (гл. Лорэнца пераўтварэнні). Функцыі свабодных палёў Ψ0 раскладаюцца на плоскія хвалі дэ Бройля, якія апісваюць станы з вызначанай энергіяй і імпульсам: Ψ0 = n ( Cn e ikx + e ikx ) , дзе K = p/h, p — 4-мерны вектар энергіі-імпульсу часціцы, h — Планка пастаянная, x — вектар каардынат-часу, Cn і Cn+ — аператары паглынання і выпрамянення часціц у нейкім n-м стане. Аператары задавальняюць перастановачным суадносінам камутацыі (антыкамутацыі) і адпавядаюць часціцам цэлага (паўцэлага) спіна — базонам (ферміёнам), якія падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна (Фермі—Дзірака) статыстыцы. У К.т.п. кожнай часціцы адпавядае антычасціца, а квантаванае поле з’яўляецца сістэмай часціц і антычасціц. Тут няма закону захавання ліку часціц: пры ўзаемадзеянні яны могуць узаемна пераўтварацца адны ў другія (адны часціцы паглынаюцца, другія нараджаюцца). Стан квантаванага поля, у якім колькасць рэальных часціц роўная нулю, наз. вакуумам (гл. Вакуум у квантавай тэорыі поля).

Першай К.т.п. стала квантавая электрадынаміка. Яе ідэі і метады былі распаўсюджаны на ўсе элементарныя часціцы і выкарыстаны пры пабудове квантавапалявых тэорый слабага (Э.​Фермі, 1934) і моцнага (І.​Я.​Там, Дз.​Дз.​Іваненка, Х.​Юкава, 1932—35) узаемадзеянняў, якія, аднак, не вытрымалі выпрабавання часам. Таму значнае развіццё атрымалі аксіяматычны і іншыя падыходы ў К.т.п. Аднак толькі на падставе універсальнага дынамічнага прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці пабудаваны сучасныя калібровачныя квантавапалявыя тэорыі электраслабага ўзаемадзеяння (С.​Вайнберг, Ш.​Глэшаў, А.​Салам, 1967—71) і моцнага ўзаемадзеяння — квантавая хромадынаміка (М.​Гел-Ман, Вайнберг, Салам і інш., 1973), якія забяспечылі дастаткова добрую згоду тэорыі эксперыментам. Першаснымі крыніцамі гэтых узаемадзеянняў сталі лептоны і кваркі, а іх пераносчыкамі — кванты адпаведных калібровачных палёў: фатон, 3 слабыя вектарныя базоны і 8 глюонаў. Далейшае развіццё К.т.п. звязваецца з канцэпцыяй адзінай тэорыі поля, суперсіметрыі, рашотак, струн, мембран і інш. Метады К.т.п. шырока выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела, оптыцы і спектраскапіі, квантавай электроніцы і інш.

На Беларусі пытанні К.т.п. распрацоўваюцца з 1944 у БДУ, пазней у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (да пач. 1990-х г. пад кіраўніцтвам Ф.​І.​Фёдарава). Пабудавана агульная каварыянтная тэорыя рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, распрацаваны метад праекцыйных аператараў, з дапамогай уведзенай вектарнай параметрызацыі групы Лорэнца вырашаны многія пытанні рэлятывісцкай кінематыкі (Фёдараў, А.​А.​Богуш, Ю.​А.​Курачкін і інш.).

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Федоров Ф.И. Проективные операторы в теории элементарных частиц // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1958. Т. 35, вып. 2;

Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;

Швебер С. Введение в релятивистскую квантовую теорию поля: Пер. с англ. М., 1963;

Ченг Т.-П., Л и Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц: Пер. с англ. М., 1987.

А.​А.​Богуш, Ф.​І.​Фёдараў.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кіпе́ць, -плю́, -пі́ш, -піць; -пім, -піце́, -пя́ць; -пі́; незак.

1. Даходзіць да стану кіпення; закіпаць.

Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Булькаць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці).

Малако кіпіць.

Чайнік кіпіць.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., ад чаго і без дап. Віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане).

Возера кіпела ад рыбы.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Развівацца, праяўляцца з сілай, бурна.

Работа кіпіць.

Нянавісць кіпела ў сэрцы.

5. перан., чым і без дап. Быць узрушаным, ахопленым якім-н. пачуццём.

Так і кіпіць чалавек злосцю.

Кіпела (безас.) у той час у душы.

|| зак. закіпе́ць, -плю́, -пі́ш, -пі́ць; -пі́м, -піце́, -пя́ць; -пі́ (да 1, 2 і 4 знач.) і ускіпе́ць, -плю́, -пі́ш, -пі́ць; -пі́м, -піце́, -пя́ць; -пі́, (да 4 знач.).

|| наз. кіпе́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ма́йстар

(польск. majster < ням. Meister, ад лац. magister = кіраўнік, настаўнік)

1) спецыяліст у якім-н. рамястве, у якой-н. галіне вытворчасці;

2) кіраўнік асобнага ўчастка вытворчасці (напр. зменны м.);

3) чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе (напр. м. мастацкага слова);

4) званне, якое прысвойваецца спартсменам, якія дасягнулі пэўных вынікаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

машы́на

(ням. Maschine, ад лац. machina)

1) складаны механізм, які выконвае карысную работу шляхам ператварэння аднаго віду энергіі ў другі (напр. паравая м., вылічальная м.);

2) транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух якім-н. механізмам (напр. легкавая м., грузавая м.);

3) перан. арганізацыя, якая дзейнічае падобна механізму бесперабойна (напр. ваенная м.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

станда́рт

(англ. standard = норма, узор, мерка)

1) узор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што-н. сваім памерам, формай, якасцю і г.д.;

2) прыняты за аснову від вырабаў, які адпавядае ўсім патрабаванням, што прад’яўляюцца да яго;

3) перан. нешта шаблоннае, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага (напр. думаць па стандарту).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

шмуцты́тул

(ням. Schmutztitel, ад Schmutz = бруд + Titel = загаловак)

1) палігр. папяровы аркуш у пачатку кнігі (перад тытулам 3) або перад яе часткамі ці раздзеламі, на якім звычайна змяшчаюць кароткі загаловак кнігі, эпіграф, прысвячэнне і інш.;

2) дадатковы тытул у старадруках, які змяшчаўся перад тытульным лістом і засцерагаў яго ад забруджвання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электро́д

(ад электра- + гр. hodos = дарога)

1) праваднік, якім канчаецца які-н. участак электрычнага ланцуга;

2) састаўная частка гальванічнага элемента, матэрыял якога непасрэдна ўдзельнічае ў электрахімічнай рэакцыі;

3) праваднік у выглядзе сеткі або пласціны, змешчаны ўнутры электрычнай лямпы з мэтай стварэння электрычнага поля і ўздзеяння на ток, напр. анод, катод.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Прывя́зка ’вяровачка, шнурок, раменьчык для прывязвання чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), пры́вязка (Ян.), пры́візка, прі́візь ’тс’ (Бяльк.), пры́вязка ’прывязь у цэпе’ (гродз., навагр., ганц., клім., Шатал., Сл. ПЗБ), пры́везка, мн. л. прыве́зкі ’раменьчыкі ў цэпе’ (Выг. дыс., ТС), пры́візінь, прі́візінь ’раменьчык, якім прывязваюць біч да цапільна’ (Бяльк.), пры́вязка ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’ (нараўл., ДАБМ), пры́вязка ’галіна для прывязвання латаў да крокваў у саламянай страсе’ (Шат.; ашм., Стан.), ’тонкая жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (арш., Шатал.; Мат. Маг., Сл. ПЗБ), пры́вязка, прі́візка ’тонкая жардзіна, якою прывязваецца рад саломы да латы на страсе ў час крыцця’ (Бяльк.), пры́вяз, пры́вязь, мн. л. пры́вязкі, прі́візкі, пры́везкі, пры́візкі, пры́віскі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ЛА, 4), з іншым суфіксальным афармленнем: пры́вязіна ’паплеціна’ (Сл. ПЗБ), прівязіно, мн. л. прівязіны ’жэрдкі, што ўтрымліваюць салому на страсе, да якой салома прымацоўваецца’ (П. С.). Ткацкую семантыку, развіццё якой звязана тут з асаблівасцямі ткання, калі ўток прыбіваў менш шчыльна і палатно атрымоўвалася горшае, як бы “прывязанае” да добрага, захоўваюць прывя́зка, пры́вязь ’палатно з горшага валакна; горшае валакно’ (Касп.); сюды ж пры́вызнына ’мяккія адходы валакна пры часанні льну’ (кам., Жыв. НС). Узыходзіць да прасл. *privęzъ, *privęza, *privęzъka (падрабязней у БЕР, 5, 700; ЕСУМ, 1, 442–443, з літ-рай). Ст.-слав., ст.-рус. привязати ’прывязаць, утрымаць’, привязъка ’прывязь, тальмах’ (Сразн.), ц.-слав. привѧзъ, привѧза ’вяровачка для прывязвання, шнур’, привяска ’звязванне’, серб.-харв. привеза, прывезак, балг. дыял. привез ’прывязка’, старое привезка ’хустка’, славац. privez, priveza, польск. przewiązka, рус. дыял. привя́зка ’прывязь для жывёлы; завязка’, ’тонкая жэрдка, якая ўтрымлівае страху’, ’частка цэпа’, укр. при́вʼязка, при́вʼязок, при́вʼязь ’шнурок, вяровачка ці што-небудзь падобнае, скарыстанае для прывязвання’. Гл. вяза́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

барацьба́, ‑ы, ж.

1. Адзінаборства дваіх, кожны з якіх імкнецца здужаць праціўніка. Барацьба асілкаў. // Від спорту, сілавое змаганне паводле пэўных правіл, пры якім удзельнікі імкнуцца пакласці адзін другога на лапаткі. Класічная барацьба. // Каманднае або асабістае спартыўнае спаборніцтва. Адразу ж.. у барацьбу ўступаюць веласіпедысткі на гоначных машынах. «Звязда». Шахматная барацьба грунтуецца на суровай, вельмі паслядоўнай логіцы. «Маладосць».

2. Змаганне супрацьлеглых класавых, грамадскіх, ідэйных сіл, у якім кожны з бакоў імкнецца атрымаць перамогу. Класавая барацьба. Нацыянальна-вызваленчая барацьба. □ Праблемы ідэалагічнай барацьбы ўсё больш выходзяць на першы план, а праўда аб сацыялізме — магутная зброя ў гэтай барацьбе. Брэжнеў. Налібоцкая пушча.. ператварылася ў адно з вогнішчаў усенароднай партызанскай барацьбы. Брыль. Не на жыццё, а на смерць вялася ў гэтай вайне барацьба паміж сацыялізмам, які з’яўляецца будучыняй усяго чалавецтва, і фашызмам. «Звязда».

3. за што. Актыўная дзейнасць, накіраваная на дасягненне пэўнай мэты. Барацьба за мір. Барацьба за пабудову камунізма. Барацьба за павышэнне прадукцыйнасці працы. Барацьба за датэрміновае выкананне плана. Барацьба за ўраджай. Барацьба за існаванне. // з чым. Дзейнасць на пераадоленне чаго‑н. Барацьба са стыхіяй. Барацьба з безгаспадарчасцю. Барацьба з пустазеллем. Барацьба з перажыткамі мінулага.

4. перан. Сутычка процілеглых, супярэчлівых пачуццяў, імкненняў і ўнутраныя намаганні аддаць перавагу чаму‑н. аднаму з іх. У мяне, у глыбіні пачуццяў, ішла нейкая добра нявызначаная мною барацьба. Нікановіч.

•••

Вольная барацьба — від спартыўнай барацьбы, якая адрозніваецца сваімі правіламі ад класічнай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)