Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пятля́1 рухомае кальцо з вяроўкі, сіло; пяцелька (у адзенні)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан.; Сцяшк.; мсцісл., Жыв. сл.; даўг., Сл. ПЗБ), петля́ ’тс’ (ТС), сюды ж пятле́йка, петле́йка ’пяцелька, пятліца, гафтачка; почапка’ (баран., Сл. ПЗБ; ПСл; лун., Шатал.), пяце́лька ’тс’ (ТСБМ, Ласт.), пятлю́шка ’гафтачка’ (Жд.), ст.-бел. петелка ’тс’ (Скарына). Укр. петля́, рус. пе́тля́, польск. pętla, ст.-польск. petlica, чэш. petlice, славен. pentlja, pétlja ’пятля’, серб.-харв. пе̏тља ’гаплік’, балг. петля, пе́телка ’пяцелька з ніткі; гузік’, макед. петелка ’гузік’, ст.-слав. петлꙗ ’пятля’. Прасл. *petьlja не мае агульнапрынятай этымалогіі. Лічыцца запазычаннем з невядомай германскай крыніцы, параўн. ням. fessel, ст.-в.-ням. fezzil, ст.-ісл. fetill, ст.-анг. feter ’сіло, путы’ і інш. (Фасмер, 3, 252; Бязлай, 3, 32; Банькоўскі, 2, 534; БЕР, 5, 202). Сной₂ (505) рэканструюе прасл. *pętъlʼa, якое ўзводзіцца да *pętъ ’нацягнуты, напяты’; яшчэ раней Махэк₂ (447) звязваў з *pęti (гл. пяць), *pǫto (гл. пута).

Пятля́2 ’дзетародны орган самкі жывёлы’ (Нас.), пяце́лька (pieciélka) ’vulva’ (Нас.; Сержп.). Відаць, эўфемізм (гл. пятля1), параўн. пу́тка ’пятля, пяцелька (у мове шаўцоў)’: здзелай трохі шэрэйшае путка (добр., Мат. Гом.) і балг. пу́тка ’vulva’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяхце́р ’кашэль, торба; пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’ (ТСБМ; Нас., Растарг., Мядзв., Мат. Гом.), пе́хцер ’гультай’ (Мат. Гом.), піхце́р ’вяровачны мяшок; няўклюда’ (Нік. Очерки; Касп.), пяхтэ́р, пі́цер, піхто́р, пэхту́р, пяхту́р арг. ’мяшок’ (Рам. 9), сюды ж пяхце́рыць ’набіваць, напіхваць’, пяхце́рыцца ’наядацца’, пяхце́рны ’сетачны’, пехцяро́м ’апрануўшыся неахайна’ (Нас.). Укр. пихті́р, пухті́р, пухті́ер ’мяшок для корму каня ў дарозе’, рус. пе́хте́рь ’кашэль для сена; тоўстае, пражэрлівае дзіця’; сюды ж, відаць, і пе́стер, песте́рь, пе́щерь, пе́ще, пище́р, пе́щур ’заплечная вярэнька, рагожа’, ’няўклюда’. Дакладнай этымалогіі не мае. Варыянтнасць формы, хутчэй за ўсё, сведчыць аб запазычанні. Да той жа высновы схіляе і шырокае ўжыванне ў традыцыйных усходнеславянскіх арго. Анікін (446) рус. пе́стер, пехте́рь і пад. на падставе неўласцівай славянскім мовам варыянтнасці ‑хт‑/‑ст‑ разглядае следам за Вострыкавым (Этим. иссл., 1981, 23–24) як субстратам фіна-ўгорскія элементы, звязаныя з марыйск. пӧштыр, пешыр ’тс’, параўн., аднак распаўсюджанасць ва Украіне, што, магчыма, пярэчыць такой крыніцы. Збліжэнне з піхаць (Нас., 413) можа мець другасны характар; агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 250, 254, 428; ЕСУМ, 4, 381. Гл. таксама пяхце́ль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пёс ’сабака’ (Бес., Нас.), астрав. пес ’тс’ (Сл. ПЗБ), пёссі ’сабачы’ (чач., Нар. Гом.; Чарадз. казкі), укр. пес, рус. пёс, польск. pies, н.-луж. pjas, в.-луж. pos, чэш., славац. pes, славен. pȅs ’сабака’, серб.-харв. па̏с, макед. пес, балг. пес, пе́сът, старое pъs, ст.-слав. пьсъ. Прасл. pьsъ, якое фанетычна стаіць найбліжэй да ст.-інд. piçáŋgas ’рыжаваты, карычневы’, параўн. Рыжык ’імя сабакі’ і прасл. *pьstrъ ’стракаты’ (першапачаткова ’плямісты’ — параўн. авест. paēsa ’пракажоны’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’ і інш.) (Фасмер, 3, 248). Найімаверней выходзіць з і.-е. *pĭk‑ ’злы’, хаця ў балт. мовах — *pik‑/*pei̯k‑/*poi̯k (літ. pìktas ’тс’, peĩkti ’ганіць’, ’абгаворваць, зняслаўліваць’, paĩkas ’прыдуркаваты’) (Сной–Бязлай, 3, 27). Іншыя версіі: збліжэнне з лац. pecus ’скаціна’, ст.-грэч. πεκος ’шкура’, ст.-інд. paçús, авест. pasu‑ ’тс’, гоц. faíhu ’грошы’ з набліжэннем семантыкі да ’касматы, калматы’ (Ільінскі, РФВ, 69, 13; 73, 286; AfslPh, 34, 11) ці да ’вартаўнік скаціны’ (Остгаф, Parerga 1, 214, 256–265 і наст.; Брукнер, 411, Барталоме, 881), што, як і збліжэнне з лац. specio ’гляджу’ (Мее, Études, 238) і інш., з’яўляюцца менш імавернымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́жма (пісьма, пыжам, пожма, пу́ж. ма, ціжма, чыжам, сціжма, сіаапізьма, піжмак, пожня) * расліна Tanaceum balsamita L.’ (віц., маг., Кіс.; слуц., лельч., КЭС; Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.; міёр., Жыв. сл.; ТСБМ; Бяльк.; ЛА, 1); піжма, пізмо ’старасцень якава, Senecio jacobaea L.’ (Кіс.). Укр. тіжлю, рус. тіжма ’Tanaceum vulgare’, рус. яшчэ ’крываўнік дабрародны, Achillea nobilis L.’, польск. piżmo, в.-луж. piżmo ’мускус’, piżmowe ziele, piżmowiec ’адокса мускусная’, мар. piżmo ’астра. Asler chinensis’, piżma ’васілёк, Centaurea cyanus’, чэш., славац. piżmo ’мускус’, харв. piżma ’піжма’, усе запазычаны з с.-в.-ням. bisem, ст.-в.-ням. bisam(o) ’мускус’ (Міклашыч, 248; Фасмер, 3, 259) < с.-лац. bisamum < ст.-яўр. basam ’бальзам’ < асір. bes(a) ’прыемны пах’, з якога праз ст.-грэч. βάλσαμον ’тс’ прыйшло суч. бальзам (Бязлай, 3, 45; Махэк₂, 453). Ст.-бел. пижмо ’мускус’ (XVI ст.) было запазычана са ст.-польск. piżmo, якое са ст.-чэш. pižmo ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 151), перанос назвы на Tanaceum vulgare звязана з тым, што лісты гэтай расліны замянялі карыцу і мускатны арэх (Мяркулава, Очерки, 105).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пірог1, піру͡ох, пырі́г ’булка з начынкай’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Бес., Чуд., Яруш., Федар. 6, ТС; мазыр., Шн. 3; полац., Нар. сл.), ’паска’ (Маш.), ’тоўсты блін, праснак’ (полац., Нар. сл.; пруж., Сл. Брэс.; віц., ЛА, 4), ’пшанічны белы хлеб, бохан хлеба, булка, куліч’ (Шат.; Варл.; полац., Нар. сл.; гродз., глыб., докш., вільн., шальч., драг., Сл. ПЗБ; віц., ЛА, 4), пірагом ’згарнуць зерне ў кучу’ (рагач., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, пірагі́ ’вялікія запоіны — другі этап вяселля, у час якога дамаўляюцца пра пасаг, тэрмін вяселля, колькасць сватоў’ (віл., З нар. сл.), піро́гі ’частаванне праз тыдзень пасля вяселля’ (беласт., Сл. ПЗБ, Скарбы). Укр. пиріг, рус. пирог, польск. pirog, pierog, чэш., славац. piroh. Найбольш імаверным можна дапусціць паходжанне слова з прасл. *pirъ ’бяседа, банкет’ і суф. ‑ogъ (як у тварог, *batogъ, *brьlogъ) (Вондрак, Vergl. Gr., 1, 629; гл. яшчэ Фасмер, 3, 265). Сюды ж пірожнік ’маршалак у вясельнай дружыне’ (Варл.).

Пірог2 ’скручаная ці сплеценая пасма апрацаванага ільновалакна’ (вільн., гродз., Сл. ПЗБ). Названа паводле падабенства формы. Да пірог1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́да ’парада, павучанне’, ’сход’ (ТСБМ), ’парада, сродак’ (Нас.), ’парада, дапамога, работа’ (Ян., Бяльк.), ’парада’ (астрав., шальч., віл., маст., мядз., шчуч., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’спосаб, змова’ (Юрч.), ’нарада родных і сваякоў’ (ТС), ’сродак, выхад’, ’рада’ (Гарэц.), даць ра́ды ’справіцца з чым-, кім-небудзь’ (Калюга), ст.-бел. рада ’парада’, радити, радить, укр. ра́да, рус. дыял. ра́да, польск. rada ’рада, парада’. Лічыцца, што ўсходнеславянскія мовы запазычылі гэтую лексему праз польскую з с.-в.-ням. rât ’рада’, параўн. ням. Rath, rathem ’радзіць’, інд. rādh‑noti ’набываць; атрымліваць карысць’, авест. rāda‑ ’дабівацца чаго-небудзь, мець клопат’ (Фасмер, 3, 429; Брукнер, 452). Бязлай (3, 143) выказвае сумненне ў запазычаным характары слова, рэканструюе прасл. *radъ, што да і.-е. *rōdh‑, параўн. ст.-інд. rādha‑ ’блаславенне, поспех, шчодрасць’. Сюды ж адносяцца серб. ра́дити, харв. ràditi ’рабіць’, гл. рад2. Дапускаючы такую магчымасць, нельга выключыць змяшэнне са старым запазычаннем праз польскую з нямецкай (Нававейскі, Zapożyczenia, 10) ра́да ’савет, рада (як орган)’ (Гарэц.), параўн. ст.-бел. рада ’орган пры магістраце, які выконваў функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і грамадзянскіх справах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпіяЛампе́я, рус. ли́лиябел. ліле́я, падобна, як Індыяіндзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расіярасе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́цьварожэ́я, варажэ́йка, падары́цьпадарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́сны1 ’ураджайны’ (браг., З нар. сл.; жытк., ЖНС), ’урадлівы, пышны, разгалісты’ (ПСл), ’кусцісты; пышны’ (Мат. Гом.), ’буйны, ураджайны; пышны, густы’ (Ян.). Магчыма, сюды ж ро́сны ’урадлівы, ураджайны’: росные яблокі (ТС). Параўн. укр. рясни́й ’густы, пышны, ураджайны (пра плады)’, рус. дыял. ря́сный ’буйны, урадлівы, вялікі памерам’: рясная вишня, рясные звёзды, ресно́й ’густа пакрыты ягадай’, балг. дыял. рьо̂сан ’багаты, урадлівы’. Трэба думаць, форма ро́сны збліжала з роса́ ’раса’ (гл. раса́1), параўн. ро́сно ’росна’ (ТС), а ра́сны прадстаўляе форму з зацвярдзелым р‑ ад прасл. *ręs‑. Паводле Альшанскага (ЭИРЯ, 9, 139), у выніку зліцця суфікса ‑ьn(ъ) з *ręsa ’вісюлька’, параўн. ст.-слав. рѧсьнъ, што дало resьn‑yj ’густы’. Гл. Фасмер, 3, 474. Відавочна, звязана з раса́2 (гл.), што выводзіць значэнне ’ўрадлівы’ ад першаснага ’буйна квітнеючы’, ’маючы вялікую колькасць кветак, парасткаў’, ’густа абсыпаны квеццем’, з чым звязваліся спадзяванні на добры ўраджай. Гл. таксама расаваць.

Ра́сны2, ’пышны (пра спадніцу)’ (Мат. Гом.), ра́сный ’рознакаляровы’: пашый мне спадніцу, каб булі расныя брыжы (брагін., Шатал.), ря́сны ’густы, багаты, з мноствам складак’ (Растарг.), параўн. укр. ря́сний ’пра адзенне: з мноствам зборак; шырокі’. Да ра́сны1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рашы́ць, рэшы́ць ’прыйсці да заключэння; вырашыць, надумаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’развязаць, вырашыць (задачу)’ (Янк. 3.), ’патраціць, ліквідаваць, зрасходаваць, знішчыць’ (Янк. 3., Мат. Маг., ТС), рэшы́цца ’пазбавіцца, страціць’ (Растарг.). Параўн. рус. реши́ть ’вырашыць’, укр. ріши́ти ’вырашаць, пазбаўляць, губляць’, каш. řešëc ’вязаць’, чэш. řešit, славац. riešiť, харв. riješiti, серб. ре́шити ’тс’, славен. rešiti ’развязаць, выратаваць’, балг. реша́ ’вызначыць, вырашыць’, ст.-слав. рѣшити ’вызваліць, вырашыць’. Прасл. *rěšiti з š, перанесеным з ітэратыва *resjati, параўн. балг. реся́ ’рашаць’, в.-луж. rozrisać, rozrěsać ’вырашаць’, гл. Махэк₂, 531; БЕР, 6, 233, 239. У славянскіх мовах прасочваецца сумяшчэнне семантыкі ’выратаваць’ і ’пазбавіць’, параўн. славен. nas reši оd zlega, што, магчыма, звязана са ст.-інд. reşáуаtі ’ён робіць шкоду, карае’, rişyati, reşati ’пацярпелы, пашкоджаны’. У гэтым выпадку семантыка слав. *rěšiti развівалася ад ’пакараць, пазбавіць чагосьці’ да ’пазбавіць, страціць’. Другое значэнне ’прыходзіць да выніку, развязваць праблему’ прасочваецца ў балтыйскіх мовах: літ. raišýti ’прывязаць’, лат. ràisît ’вырашаць; развязваць’, гл. Сной, 618; Бязлай 3, 174; гл. таксама Фасмер, 3, 479; SEK, 4, 230–231 (Борысь значэнне ’развязваць’ выводзіць з ’вязаць’ у выніку дэпрэфіксацыі першаснага прэфіксальнага *orz‑rěšiti ’развязаць’ > *rěšiti ’развязваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)