партэ́р, ‑а, м.

1. Ніжні паверх звычайна тэатральнай залы з месцамі для гледачоў. Пражане любяць свой тэатр. Усе месцы, і ў партэры, і на ярусах, былі запоўнены. Мележ. // перан.; зб. Разм. Людзі, што займаюць гэтыя месцы. У тую хвіліну, калі зарагатаў партэр і калі Гогіберыдзе зразумеў у чым справа, — кроў прыліла да галавы, яго ахапіў гнеў. Самуйлёнак.

2. Адкрытая частка парку або саду, размешчаная звычайна на роўнай мясцовасці, аформленая газонамі, кветнікамі, вадаёмамі. Ад замка вялі ўніз травяныя партэры. Караткевіч.

3. У некаторых краінах — назва паверха над падвальнымі памяшканнямі; першы паверх. Што там! — яны не адчувалі нават цяжару таго, што валаклі неўзабаве з партэра на паверх: пры гэтай дзяўчыне раяль здаўся ім... от, нібы ложак які. Брыль.

4. Спец. Становішча ў спартыўнай барацьбе, калі барэц ляжыць на дыване або, стоячы па каленях, абапіраецца на дыван рукамі.

[Фр. parterre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саю́з, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп, таварыстваў, класаў. Саюз рабочых і сялян. □ Мы прывыклі гаварыць, што драматургія павінна быць у саюзе з літаратурай. Чорны. Настаўніца глядзела паверх галоў дзяцей і думала: якую яна дапусціла памылку і як цяпер устанавіць саюз між навічком і класам. Сіняўскі. / Пра шлюб. Сямейны саюз.

2. ‑у. Пагадненне, аб’яднанне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў. Ваенны саюз. Гандлёвы саюз.

3. ‑у. Аб’яднанне ў адно цэлае некалькіх зямель, плямён і пад. з агульнай уладай. Саюз гарадоў. Саюз плямён.

4. ‑а. Назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый, таварыстваў, партый. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прафесіянальны саюз. Саюз архітэктараў БССР. □ Прыехала.. [Паранька] ў вобласць і заяўляецца ў спажывецкі саюз. Да самага высокага начальніка. Ракітны. — Трэба ў раённы саюз паляўнічых пазваніць, — сказаў.. [старшыня]. Якімовіч.

•••

Герой Савецкага Саюза гл. герой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.

2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.

3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.

•••

Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.

[Ад ням. Teller.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яць, ‑я, м.

Назва літары «ѣ» у царкоўнаславянскім і дарэвалюцыйным рускім алфавіце, што абазначала гук, які пазней у беларускай мове супаў з «е». Шыльды з цьмянымі залачонымі надпісамі, часамі яшчэ з цвёрдымі знакамі і яцямі, старанна абвяшчалі, што за аднымі дзвярыма знаходзіцца майстэрня гадзіннікаў, за другімі — бакалея. Скрыган. Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту». Навуменка.

•••

На яць хто-што — вельмі добры, выдатны па сваіх якасцях. [Васіда:] — Вось, прашу! Дакуменцікі на яць! Лепш, чым сапраўдныя... С. Александровіч.

На яць (рабіць, зрабіць што‑н.) — вельмі добра, беззаганна, як патрабуецца. — Ну як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца.. [дзядзька Мірон] да свайго брыгадзіра. — На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі? Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Барэ́ц 1 (спарт.). Мабыць, запазычанне з рус. боре́ц (гэта слова, відаць, праславянскае — nom. agentis з суф. *‑ьcь ад *borti (sę) ’змагацца’, гл. баро́цца; вельмі няпэўна Шанскі, 1, Б, 167: утварэнне ад *borъ ’барацьбіт’).

Барэ́ц 2 ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс.). Укр. борец ’Heracleum Sphondylium L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 178). Ад слав. *borьcь (< *borti (sę), гл. баро́цца). Матывацыя не зусім ясная. Магчыма, таму, што сцябло расліны пакрыта цвёрдымі валаскамі. Але не выключаецца, што назва дадзена ад моцнасці расліны (вышыня яе 90–200 см). Нарэшце, можна думаць і пра іншую матывацыю: расліна мае вострае лісце (адсюль і яе назвы ад асновы *bъrščь, Фасмер, 1, 198, гл. боршч, баршч; супраць такой этымалогіі Мяркулава, Очерки, 61–62). Цікава, што навуковая назва расліны — Heracleum узнікла ад імя антычнага героя Геракла (як думаюць, таму, што расліна вельмі моцная, высокая і мае лячэбныя ўласцівасці; Сімановіч, 229; Нейштадт, Определитель, 422).

Барэ́ц 3 ’расліна мардоўнік, Aconitum L.’ (Інстр. II). Рус. боре́ц, укр. боре́ць, боре́ц. Бясспрэчна, ад *borti (sę) (гл. баро́цца). Расліна Aconitum вельмі ядавітая і з яе рабілі атруту для ваўкоў. Нейштадт, Определитель, 254–255; Сімановіч, 8; Махэк, Jména rostl., 46. Параўн. яшчэ іншыя назвы для Aconitum: рус. волкобой, чэш. vlčí mor, psí mor, славен. pasja smrt, лац. aconitum lycoctonum, cynoctonum і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буга́й 1. Рус. буга́й, укр. буга́й (> польск. buhaj). Запазычанне з цюрк. моў (тур. buɣa ’бык’, чагат. boɣa і г. д.). Праабражэнскі, 1, 50; Фасмер, 1, 228; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Брукнер, 47; Локач, 28; гл. таксама Шанскі, 1, Б, 209. Ст.-бел. бугай ’кастрыраваны бык’. Булыка (Запазыч., 50) лічыць запазычаннем з польскай мовы. Вельмі няпэўна.

Буга́й 2 ’птушка бугай, Botaurus stellaris’, рус. буга́й, укр. буга́й ’тс’. Да буга́й 1 (гл.): птушка выдае гукі, падобныя да рову бугая. Будзішэўска (Słown., 314) лічыць, што гэта ўсх.-слав. назва птушкі старажытная. Аб магчымых цюрк. уплывах на ўтварэнне гэтых назваў гл. Пальцаў, Тюрк. лекс. элем., 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вядзме́дзь, таксама нядзведзь ’мядзведзь’ (Інстр. II). Рус. дыял. ведме́дь, укр. ведмі́дь (дыял. медві́дь). Гэтыя словы ўзніклі перастаноўкай складоў з прасл. *medvědь (*medhu̯‑ēd‑is), літаральна ’мёдаед’: ст.-рус., ст.-слав. медвѣдь, бел. мядзве́дзь, рус. медве́дь, польск. дыял. miedźwiedź, чэш. medvěd, балг. медве́д, серб.-харв. мѐдвјед і г. д. Першапачатковая і.-е. назва захоўваецца ў грэч. ἄρκτος, лац. ursus, ст.-інд. ŕ̥kšas ’мядзведзь’. Славяне замянілі першапачатковае і.-е. слова апісальным выразай з меркаванняў табу (падобнае сустракаецца, напр., у ням. мове, дзе Bär ’мядзведзь’ азначае літаральна ’карычневы’). Гл. Фасмер, 2, 589; Бернекер, 2, 30 і далей; Клюге, 50–51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гульта́й ’гультай’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 1). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. гультяй, гультай ’тс’, укр. гультай, гільтай. Сабалеўскі (Slavia, 5, 448) выводзіў гэтыя словы з *гольтай. Фасмер (1, 473) звязваў гультай з гулять. Польск. hultaj, holtaj, паводле Слаўскага (1, 435–436), запазычана з укр., якое быццам паходзіць з даўняга *golьtajь *golьtjajь (так ужо ў Сабалеўскага), да *golъ ’голы’. Адносна суфіксацыі і магчымых балтыйскіх уплываў параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 24. Паводле Трубачова (Эт. Сл., 7, 171), зыходным з’яўляецца назва дзеяча тыпу *gulʼajь (ад *gulʼati) з суфіксам ‑jь. Формы тыпу гульта́й другасныя (з эпентэтычным ‑t‑). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калу́пашак ’плецены кош на воз’ (Сцяшк.), колупушок ’кош для перавозкі бульбы’ (Мат. Гом.), ’плецены кораб на сані або воз’ (ТС). Рэгіянальная інавацыя, зах.-бел. форма, магчыма, і незалежная. Утворана метатэзай з палукашак, які, відаць, да *палукош, дзе кош‑ назва вялікага кораба на воз. Менш верагодна думаць пра сувязь палукашак з вядомым у рус. мове лукошко і лукно. Таксама нельга лічыць зыходнай разглядаемую лексему, якая магла быць аддзеяслоўным утварэннем ад калупаць ’плесці’, параўн. смал. колупаць ’плесці лапці’. Апошняе — лакальная інавацыя, параўн. бел. калупаць ’вязаць’ (карункі), утворанае на базе калупаць ’марудна вазіцца’. Адносна ўкр. бойк. параўн. колупінок і колупіток < полукіпок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́чка ’вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі’ (ТСБМ, БРС, Касп., Нас. і інш.). У бел. мове гэта слова зафіксавана ў помніках як запазычанне з польск. kaczka на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 144). Як адзначае Слаўскі (2, 14), у польск. мове, як ва ўсіх зах.-слав. мовах (акрамя н.-луж.), не засведчана наогул старая назва качкі *ǫtу. Зах.-слав. *kačьka выводзіцца некаторымі даследчыкамі ад імя *Katerina (Бернекер, 1, 465; Брукнер, 212; Фасмер, 2, 214; Кюнэ, Poln., 61 і інш.). Паводле Слаўскага, там жа, 15, хутчэй трэба думаць аб гукапераймальным паходжанні слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)