«АХО́ВА ПРА́ЦЫ»,
навуковы, грамадска-вытворчы ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. і рус. мовах. Адлюстроўвае стан і ўзровень аховы працы на Беларусі і за яе межамі. Аналізуе вопыт пошукаў эфектыўных шляхоў прафілактыкі траўматызму і аварый на вытворчасці. Дае практычныя арганізац., тэхн., эканам. і юрыд. парады. Мае пастаянныя рубрыкі «Юрыдычныя старонкі», «Экалогія», «А як за мяжой?», «Увага — небяспека», «Чарнобыль — агульны боль» і інш.
т. 2, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧО́С,
верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.
т. 2, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙДА́К,
пласкадоннае драўлянае грузавое судна з 2-схільным дахам і мачтай. Бытаваў на Беларусі ў 16—19 ст. Даўж. 25—53 м, шыр. 4—10 м, грузападымальнасць 80—250 т. Па канструкцыі самае вузкае, адносна сваёй даўжыні, і непаваротлівае судна. На байдаках хадзілі ўверх і ўніз па цячэнні ракі пад ветразем у басейнах Дняпра і Прыпяці. З сярэдзіны 19 ст. выцеснены больш зручнай берлінай.
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВУ́ХА 1-я,
вёска ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. Чыг. ст. на лініі Даўгаўпілс—Полацк. За 14 км на ПнЗ ад Полацка, 129 км ад Віцебска, каля шашы Полацк—Рыга. 1073 ж., 438 двароў (1995). Гімназія і пач. школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў, сав. ваеннапалонных, ахвяраў фашызму.
т. 2, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДА́ЎКА (Павел Рыгоравіч) (23.1.1908, в. Асташова Чашніцкага р-на Віцебскай вобласці — 19.6.1968),
поўны кавалер ордэна Славы. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік Маскоўскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў ва Усх. Прусіі. Наводчык мінамёта Барадаўка вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка каля Рагачова, у 1945 у баях на тэр. Польшчы і штурме Кёнігсберга.
т. 2, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ ((Andrè) Жак) (25.2.1919, Парыж — 3.4.1988),
французскі лётчык, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Засл. лётчык Францыі. Вучыўся ва ун-це, скончыў лётную школу. З 1943 у СССР у складзе знішчальнага авіяпалка «Нармандыя—Нёман» 1-й паветр. арміі. Удзельнік Віцебска-Аршанскай, Усх.-Прускай, Кёнігсбергскай аперацый. Зрабіў 113 баявых вылетаў, збіў 17 самалётаў праціўніка. Да 1969 у франц. арміі, палкоўнік.
т. 1, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕВЫЯ ІМХІ́, андрэіды (Andreaeidae),
падклас лістасцябловых імхоў. Уключае 2 сям.: андрэевыя (120 відаў) і андрэебрыевыя (1 від). На Беларусі адзін род — андрэя з сям. андрэевых.
Старажытная група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга дэвону-карбону. Шэрагам прыкмет нагадваюць брыевыя імхі, адрозніваюцца тым, што каробачка раскрываецца прадаўгаватымі шчылінамі, як у пячоначнікаў. Прыстасаваны да скальна-камяністых субстратаў, вытрымліваюць нізкія т-ры і працяглае высыханне.
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 1, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯСАМО́З, глосаталёз,
інвазійная хвароба моладзі рыб, якую выклікаюць умоўна-патагенныя інфузорыі з роду Apiosoma. Узбуджальнік — часцей A. piscicola, пашыраная ў штучных сажалках, у т. л. і на Беларусі. Інфузорыі выклікаюць на скуры і шчэлепах моладзі рыб некрозы і моцнае слізевыдзяленне. Шчэлепы бледныя. У зімавальных сажалках хворая моладзь худнее і гіне. Хвароба ўскладняецца паразітаваннем інш. інфузорый. Лечаць брыльянтавай зеленню. Прафілактыка: стварэнне нармальных гідрахім. умоў і падтрыманне чысціні вадаёмаў.
т. 1, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛЫ́ВІНА,
ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.
т. 1, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр Валяўкоўскага с/с і саўгаса «Арловічы». За 36 км ад Дуброўна, 143 км ад Віцебска, 44 км ад чыг. ст. Асінаўка. 352 ж., 128 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Парк пейзажнага тыпу 19—20 ст. — помнік садова-паркавага мастацтва.
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)