ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́Н, Магальяінш (партуг. Magalhães, ісп. Magallanes) Фернан (каля 1480, г. Саброза, Партугалія — 27.4.1521), партугальскі мараплавец, экспедыцыя якога ажыццявіла першае кругасветнае плаванне. У 1519—21 узначаліў іспанскую экспедыцыю (5 суднаў, 265 чал.) у пошуках зах. шляху да Малукскіх а-воў. Абследаваны паўд. берагі Паўд. Амерыкі, адкрыты праліў паміж Вогненнаю Зямлёю і мацерыком (гл.Магеланаў праліў), 3 астравы з групы Марыянскіх (у т. л.в-аў Гуам), перасечаны Ціхі ак. (1520, назву далі спадарожнікі М.). Экспедыцыя М. назірала зорныя сістэмы (гл.Магеланавы Воблакі) і сузор’е Паўд. Крыж; даказала шарападобнасць Зямлі, наяўнасць Сусветнага ак., атрымала ўяўленне пра памеры Зямлі. М. забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам в-ва Мактан (Філіпінскія а-вы). У Іспанію вярнуўся адзін карабель пад кіраўніцтвам Х.С.Элькана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Wyżyna Małopolska),
пояс нагор’яў на Пд Польшчы. Цягнецца ў субшыротным напрамку ад рэк Одра і Просна на З да водападзелу паміж рэкамі Вепш і Буг на У. Пл. каля 36 тыс.км². Выш. пераважна да 200—300 м, у цэнтр. і ўсх. частках больш за 400 м, найб. 612 м (г. Лысіца ў Свентакшыскіх гарах). Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляецца на ўзвышшы Заходне-, Сярэдне- і Усходне-Малапольскае. Складзена з карбанатных парод (вапнякі, мел, апока, гіпс), сланцаў і пясчанікаў. Пашыраны карст (пячора Рай). Карысныя выкапні: каменны вугаль, руды цынку і волава, мінер. воды. Урадлівыя глебы, развітыя на лёсах, выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Участкі букавых і мяшаных лясоў. Нац. паркі: Айцоўскі, Растачанскі, Свентакшыскі. Турызм, цэнтры адпачынку і лячэння (мінер. воды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛУ́КСКІЯ АСТРАВЬІ (Moluccas, Maluku),
група астравоў ва ўсх.ч. Малайскага архіпелага, паміж а-вамі Сулавесі і Новая Гвінея. Тэр. Інданезіі. Пл. 83,7 тыс.км². Нас. 1,8 млн.ж. (1989). Асн. астравы — Хальмахера, Серам, Буру. Раён М.а. адзін з найб. актыўных раёнаў, дзе фарміруецца альпійская геасінклінальная вобласць Паўд.-Усх. Азіі. Астравы гарыстыя, пераважаюць выш. ад 1000 да 2000 м (найб. — 3019 м, г. Біная). Каля 10 дзеючых вулканаў. Клімат экватарыяльны, на Пд — субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры ад 25 °C да 27 °C. Ападкаў ад 1500—2000 мм у нізінах, да 4000—5000 мм у гарах. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Больш за 80% тэрыторыі ўкрыта вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі. Вырошчваюць рыс, кукурузу, вострыя прыправы. Асн. порт — Амбон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс.чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац.рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РАЭ, Мероэ (грэч. Meroē),
старажытны горад у Судане, на Пд ад 5-га парога Ніла (паміж вёскамі Кігейк, Дэркаб і Бегаравія), сталіца Мераіцкага царства ў 9—8 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э. Зручнае геагр. размяшчэнне (караванныя шляхі ад Ніла і Чырвонага м. да Міжземнамор’я), радовішча жал. руды садзейнічалі ўзвышэнню горада. У М. ўзнік першы ў Афрыцы алфавіт. Каля 330—340 н.э. заваявана Аксумскім царствам. З пач. 20 ст. вядуцца археал. раскопкі. Захаваліся руіны замкаў, рым. лазняў, абсерваторыі, храмаў Амона, Ісіды і інш. Асноўная тэр. М. занята жылымі кварталамі і вытв. майстэрнямі. На У ад М. некропалі: адзін царскі і 2 агульныя.
Літ.:
Кацнельсон И.С. Напата и Мероэ — древние царства Судана. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГАЛА́КТЫКА,
сукупнасць галактык, скопішчаў галактык і інш. пазагалактычных аб’ектаў; найб. з вядомых сістэм нябесных цел. Асн. структурнай адзінкай М. з’яўляюцца групы і скопішчы галактык, якія маюць да некалькіх тысяч галактык, але могуць быць і асобныя галактыкі. Мае ячэістую структуру — галактыкі і скопішчы галактык знаходзяцца на мяжы вял. прасторавых ячэек, памеры якіх каля 100 Мпк, таўшчыня сценак 3—4 Мпк. Вял. скопішчы галактык знаходзяцца ў вузлах такой структуры. У прасторы паміж галактыкамі існуе міжгалактычны газ. Найважнейшая ўласцівасць М. — яе расшырэнне. Усе скопішчы галактык аддаляюцца адно ад аднаго са скорасцю, прапарцыянальнай іх адлегласці ад назіральніка (гл.Расшырэнне Сусвету). Паняцце М. мае гіпатэтычны характар і часцей ужываецца для вызначэння часткі Сусвету, якую назіраюць. Гл. таксама Касмалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ТАВАРЫ́СТВА МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА (франц. Société Internationale de musicologie; CIM),
міжнародная арг-цыя музыказнаўцаў. Створана ў 1927 у Базелі (Швейцарыя), з 1949 у сістэме Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЕСКА. Мае на мэце стымуляванне даследчай працы ў розных галінах муз. навукі, падтрымку буйных міжнар. музыказнаўчых мерапрыемстваў, устанаўленне кантактаў паміж вучонымі розных краін свету. Праводзіць кангрэсы (з 1930, з 1967 праз кожныя 5 гадоў), выдае час. «Acta musicologica», з Міжнар. асацыяцыяй Муз. б-к выпускае бібліягр. выданні («Міжнародны каталог музычных крыніц», «Міжнародны каталог музычнай літаратуры» і «Міжнародны каталог музычнай іканаграфіі»), Дырэкторыя т-ва выбіраецца на кангрэсах ад краін, якія маюць не менш як 30 членаў т-ва. Рас. музыказнаўцы і вучоныя інш. краін СНД і Балтыі ўдзельнічаюць у рабоце т-ва з 1961.