На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 49,2 тыс.чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Маладзечна. Уключае: г.п.Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.
Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн.ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас.р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., 1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц.т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік«Вязынка» з філіялам літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РАС (Borås),
горад на ПдЗ Швецыі. 103,4 тыс.ж. (1993). Трансп. вузел. Буйнейшы ў краіне цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Маш.-буд. і эл.-тэхн. з-ды. Музей рамёстваў. Царква 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст. тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬ,
вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Чаква. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г. Столін, 263 км ад Брэста, 26 км ад чыг. ст. Гарынь. 4138 ж., 1350 двароў (2001). Ільнозавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Успенская царква (1996). Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубельская Міхайлаўская царква. Каля вёскі селішча і могільнік зарубінецкай культуры.
Вядома з 1458 пад назвай Любра (Любер), якая да канца 18 ст. эвалюцыяніравала ў Рубля, Рубель. У 16—18 ст. вёска ў Пінскім пав. Брэсцкага ваяв.ВКЛ, належала Зышчынічам, Пашкевічам, Разановічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Хорскай воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1886—450 ж., 146 двароў, царква. З 1921 у Польшчы. у Хорскай гміне Столінскага пав. У 1932—4166 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Давыд-Гарадоцкага р-на Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 122 яе жыхары. З 1961 у Столінскім р-не. У 1959—4668 ж., у 1970—5565 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦАК»,
беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр у ЗША. Размешчаны ў ваколіцы Стронгсвіл каля г. Кліўленд (штат Агайо). Засн. ў 1968 па ініцыятыве і пры падтрымцы бел. грамадскіх дзеячаў у эміграцыі С.Карніловіча і К.Калошы. З’яўляецца месцам сходаў і вечарын грамадскасці, сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, сямейных святкаванняў, маст. выставак, спарт. спаборніцтваў. Збірае і адпраўляе ў Беларусь гуманіт. дапамогу (у т. л. лекі) пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэнне і аздараўленне бел. дзяцей з забруджанай зоны. На тэр. цэнтра дзейнічае правасл.царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяванне і ў 1991—97 выдаваўся час.«Полацак». Кіруючы орган — управа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. ў Магілёве. Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, манастырскі корпус, агароджу з брамай і званіцай. З Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкамі ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль. Драўляная Спаская царква вядома з 1478, у 1594 пабудавана новая, драўляная (згарэла ў 1709). З канца 15 ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. Каля 1600 правасл. брацтва (вядома ў 1597) засн. пры манастыры школу. З 1618 да сярэдзіны 17 ст. манастыр пераходзіў да уніятаў, у 2-й пал. 17 ст. вернуты праваслаўным. У 1740—42 магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Буд-ва яе амаль завершана да 1748 пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (згарэла ў 1748, засталіся муры і сцены). З 1756 буд-вам царквы кіраваў архіепіскап Г.Каніскі, у 1762 дабудаваў яе арх. І.К.Глаўбіц (да 1802 была кафедральным саборам). Царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым 8-гранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабана далучаліся 4 2-ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі 5-купальную кампазіцыю. Гал. фасад завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі быў высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкар. ляпнымі дэталямі, паміж аконнымі праёмамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры былі творы мясц. майстроў: жывапісца М.Пігарэвіча і чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). Царква разбурана ў Вял.Айч. вайну, пазней знесена, частка пабудоў захавалася. У 1785 завершана буд-ва мураванай агароджы з брамай і манастырскага корпуса. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэр. манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутр. дворык. Корпус складаўся з 2-павярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя, захавалася) і 1-павярховага крыла (манаскія келлі, убудаваная царква, гасп. памяшканні, частка захавалася). Гал. фасад 2-павярховага корпуса аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем, падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Фасады 1-павярховага крыла расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. У 1918 манастыр закрыты.
Т.І.Чарняўская.
Да арт.Магілёўскі Спаскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНАГАРАДО́К,
вёска ў Беларусі, у Казлоўшчынскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 50 км на У ад Паставаў, 200 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Навадруцк. 224 ж., 93 двары (1995). Пакроўская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 46,2 тыс.чал. (2000), гарадскога 41,1%. Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Нясвіж. Уключае г.п.Гарадзея, 117 сельскіх нас. пунктаў, 13 сельсаветаў: Астроўскі, Гарадзейскі, Грыцкавіцкі, Казлоўскі, Карцэвіцкі, Ланскі, Ліпскі, Лявонавіцкі, Навасёлкаўскі, Нясвіжскі, Сейлавіцкі, Сноўскі, Юшавіцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана на Стаўбцоўскай раўніне, паўд. — у межах Капыльскай грады. Паверхня хвалістая, на Пд дробнаўзгорыстая, 63% яе на выш. 180—200 м, 30% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 230 м (на Пд ад г. Нясвіж). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 195 сут. Найб. рэкі Уша са Сноўкай, Тур’я, Лань з Цапрой. На р. Уша маляўнічыя сажалкі. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (61,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,2%). Пад лесам 12% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя, альховыя. Пад балотамі 596 та (0,6%) тэрыторыі. У раёне гідралагічны заказнік мясц. значэння Малеўскі; помнікі прыроды рэсп. значэння: хвоя крымская, звычайная і горная (насаджэнне) ў Вінклераўскім лясніцтве, дуб пірамідальны ў в. Заазер’е, дуб у в. Казлы, лесапарк «Альба», 8 дубоў-волатаў, дуб і хвоя звычайная («Брат і сястра») у нясвіжскім лясніцтве, парк «Нясвіж»; помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Новая вёска» і «Сноў».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 58,6 тыс.га (65%), з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 3 фермерскія гаспадаркі, сортавыпрабавальная станцыя, дзяржплемпрадпрыемства, Бел. занальная доследная станцыя па цукр. бураках, рыбгас «Альба». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя і тэхн. культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, макарона, цэльнамалочныя і хлебапрадукты; Гарадзейскі цукровы камбінат), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно, кастрапліта, валакно катанізаванае), паліўнай (торфабрыкет), швейнай, хіміка-фармацэўтычнай (лекавыя сродкі) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць электрыфікаваная чыгунка Мінск—Брэст, аўтамагістраль Брэст—Мінск. Цэнтр раёна аўтадарогамі звязаны з Баранавічамі, Капылём, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, Асіповічамі і інш. У раёне 19 сярэдніх (у т. л. гімназія, 2 сярэднія школы — дзіцячыя сады і 1 школа — вытворчы камбінат), 7 базавых (у т. л. базавая школа—дзіцячы сад), 3 пачатковыя, 2 маст., 2 муз. і спарт. школы, цэнтр пазашкольнай працы, вячэрняя школа, 22 дашкольныя ўстановы, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр культуры і адпачынку, 34 дамы культуры і клубы, 41 б-ка, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты, санаторый «Нясвіж». Гісторыка-краязн. музей, музей-кватэра бел. мастака М.К.Сеўрука. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1844) у в. Астроўкі, сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква са званіцай (канец 18 ст.) у в. Вялікая Ліпа, Свята-Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) у в. Вялікая Лысіца, сядзібна-паркавы комплекс «Завушша» (2-я пал. 18 ст. — пач. 20 ст.) у в. Завушша, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Кунаса, Свята-Пакроўская царква з брамай-званіцай (1842) у в. Лань, Мікалаеўская царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Мацылёўшчына, Козьмадзям’янаўская царква (1836) і сядзібны дом (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) у в. Новы Сноў, касцёл са званіцай (19 ст.) у в. Салтанаўшчына, касцёл (канец 18 ст.) і палацава-паркавы ансамбль (1827) у в. Сноў. Выдаецца газ. «Чырвоны сцяг».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн.Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.