ВЕРХ у архітэктуры, пірамідальнае, купальнае або яруснае завяршэнне будынкаў, звычайна раскрытае ў інтэр’ер. Шырока вядомы ў культавай архітэктуры многіх краін Еўропы, у 15—19 ст. быў адметнай рысай храмаў Беларусі, Расіі, Украіны. У мураванай архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. у выглядзе барабанаў на ветразях і ступеньчатых арках (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку). У архітэктуры Адраджэння (16 — 1-я пал. 17 ст.) купальны верх звонку аздаблялі аркатурай і інш. (кальвінскі збор у Смаргоні). У архітэктуры барока і класіцызму верх набыў стройныя прапорцыі, упрыгожваўся скульптурай і жывапісам (фарны касцёл у Нясвіжы, Петрапаўлаўскі касцёл у Гомелі і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. верх шырока выкарыстоўвалі ў культавых будынках стыляў псеўдарускага і «мадэрн» (Сімяонаўская царква ў Брэсце, мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на). У драўляным дойлідстве Беларусі вядомы з 16 ст. (Успенская царква Ляшчынскага манастыра пад Пінскам). Звычайна меў вянковую канструкцыю. Архаічныя вярхі пірамідальныя (Георгіеўская царква ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на). У 18 ст. пад уплывам барока пашырыліся ярусныя вярхі (асн. тыпы: чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і васьмярык на чацверыку), у якіх выкарыстоўваліся канструкцыі заломаў і ветразяў (цэрквы Ільінская ў Віцебску, Міхайлаўская ў в. Рубель Столінскага, Мікалаеўская ў в. Старая Беліца Гомельскага р-наў і інш.). Часта завяршаўся верх купалкамі, вежачкамі, крыжамі, шпілямі і інш.
Ю.А.Якімовіч.
т. 4, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)