БЕСПАПО́ЎШЧЫНА,

адзін з кірункаў, на якія падзялілася стараверства ў сярэдзіне 1690-х г. Паслядоўнікі беспапоўшчыны адмаўлялі царкоўную іерархію і святароў. Богаслужэнне вялі спец. абраныя настаўнікі. З царк. абрадаў захавалі толькі хрышчэнне і споведзь (некаторыя з плыняў беспапоўшчыны адмаўлялі і іх). Для ранняга этапу беспапоўшчыны характэрны адмоўныя адносіны да свету «антыхрыста» і яго «слуг» — прадстаўнікоў улады, адмаўленне шлюбу. Некаторыя плыні прапаведавалі крайнія формы выратавання — самаспаленне. Беспапоўшчына не ўяўляла сабой адзінага цэлага і распалася на мноства плыняў (паморцы, федасееўцы, філіпаўцы, бегуны і інш.). Асобныя абшчыны беспапоўшчыны захаваліся на Беларусі і цяпер.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУД у лясной тыпалогіі,

характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНІ́Н, 2-аміна-6-оксіпурын,

пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕТАФІ́Т (ад гаметы + ...фіт),

палавое пакаленне ў раслін, якія развіваюцца з чаргаваннем пакаленняў, або прадстаўнік палавога пакалення. Гаметафіт чаргуецца ў цыкле развіцця з бясполым пакаленнем (спарафітамі) і ўтвараецца са споры. Для клетачных ядраў гаметафіта характэрны палавінны (гаплоідны) набор храмасом у параўнанні з клетачнымі ядрамі спарафіта. У многіх раслін гаметафіт вядзе самаст. існаванне і мае выгляд спарафіта (напр., гаметафіт многіх водарасцей) або рэзка адрозніваецца ад яго (напр., зарасткі дзярэз, хвашчоў, папарацей). У кветкавых раслін гаметафіт моцна рэдукаваны да пылінкі (мужчынскі гаметафіт) і зародкавага мяшка (жаночы гаметафіт).

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІЕРЫ́Т (ад прозвішча Франц, геолага Ж.​Гарнье),

мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖГІР БАЛО́НА, ёрш Балона (Gymnocephalus baloni),

рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Выяўлены ў 1970 у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Дунай і некат. яго прытоках. На Беларусі ёсць у р. Прыпяць ніжэй г. Пінск (1984).

Даўж. да 13 см, маса да 41 г. Цела кароткае, высокае. Афарбоўка жаўтавата-карычневая. На нізе галавы, шчэлепных накрыўках і брушку дробныя карычневыя плямкі. На баках цела 4—6 цёмных папярочных палос. На спінным, хваставым і анальных плаўніках цёмныя плямы. Галава кароткая, тупая, крута пераходзіць у цела. У большых асобін ёсць характэрны горб.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ АФІЦЭ́РАЎ у Мінску.

Пабудаваны ў 1934—39 (перабудова сабора б. архірэйскага падвор’я; арх. І.​Лангбард). Для яго архітэктуры характэрны лаканізм і прастата кампазіцыйнай пабудовы. Гал. фасад арыентаваны на цэнтр. сквер. Трохчвэртныя калоны на вышыню 4 паверхаў падтрымліваюць велічны атык. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны сродкі манум.-дэкар. мастацтва (барэльефы на партале сцэны, асвятляльных галерэях, у фае, плавальным басейне; скульпт. А.​Бембель, А.​Глебаў і інш.). У 1974 рэканструяваны інтэр’еры тэатральнай часткі (аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам арх. Г.​Сысоева).

А.​А.​Воінаў.

Дом афіцэраў у Мінску.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАВЕ́ЛЬ (Сяргей Барысавіч) (н. 1.6.1954, Мінск),

бел. акцёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, з 1985 у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі. Творчай манеры Ж. характэрны экспрэсіўнасць, тэмперамент, абаяльнасць і ўнутр. такт. Сярод лепшых роляў: Бэмбі («Бэмбі» Ф.​Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Гайліс («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Санька («У спадчыну — жыццё» А.​Петрашкевіча), паніч Казік Валахоўскі, Бен-Равуні («Калыска чатырох чараўніц», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У.​Караткевіча). Здымаецца ў тэлеспектаклях.

В.​А.​Грыбайла.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТРЫ (ад англ. country music вясковая музыка),

у шырокім сэнсе — пласт традыцыйнай сялянскай песенна-танц. культуры Вялікабрытаніі і белага насельніцтва ЗША (пераважна Поўдня і Сярэдняга Захаду), у вузкім — галіна амер. папулярнай музыкі 20 ст., заснаваная на традыцыях гэтай культуры. Уключае нар. і аўтарскія песні, балады, рэліг. гімны, інстр. п’есы, танцы. Тыповыя інструменты К. — скрыпка, банджа, мандаліна, гітары розных відаў, кантрабас, губны гармонік, акардэон. Для ансамбляў К. (2—10 чал.) характэрны спецыфічнае «насавое» спяванне ў высокай тэсітуры, паслядоўнае чаргаванне салістаў у вак. і інстр. эпізодах.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕЛЯ́Н (Яфім Захаравіч) (12.4.1912, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 6.3.1975),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў студыю пры Ленінградскім Вял. драм. т-ры (1935), працаваў у гэтым тэатры. Для ігры характэрны стрыманы лірызм, уменне трымаць паўзу, прыцягваць увагу гледача да роздумаў героя. Сярод роляў: Джэксан («Скаваныя адным ланцугом» Н.​Дугласа і Г.​Сміта, 1961), Вяршынін («Тры сястры» А.​Чэхава, 1965). З 1932 здымаўся ў кіно: Сава Марозаў («Мікалай Баўман», 1968), Свідрыгайлаў («Злачынства і кара», 1970). Чытаў тэкст ад аўтара ў фільмах, у т. л. тэлефільме «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)