ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,
пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.
т. 12, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],
тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаў ц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.
М.К.Недзьведзь.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКЛІ́МАТ (ад мікра... + клімат),
клімат прыземнага слоя паветра на параўнальна невял. тэрыторыі (лясная паляна, бераг ракі, плошча горада і інш.). Уласцівасці М. (у большай ступені, чым мясцовага клімату) залежаць ад рэльефу, расліннасці, стану глебы, наяўнасці вадаёмаў, характару забудовы (у гарадах) і інш.; найб. яго асаблівасці выяўляюцца пры ясным ціхім надвор’і і згладжваюцца пры пахмурным і ветраным. М. наз. таксама штучна створаныя кліматычныя ўмовы ў закрытых памяшканнях (жылых і вытворчых) для аховы ад неспрыяльных знешніх уздзеянняў.
т. 10, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСЦЬ,
агрэгатны стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым і газападобным. Фіз. ўласцівасці і структура (блізкі парадак) залежаць ад хім. прыроды часцінак вадкасці і характару ўзаемадзеяння паміж імі. Спалучае ўласцівасці цвёрдага (малая сціскальнасць, свабодная паверхня, трываласць на разрыў пры ўсебаковым расцягненні і інш.) і газападобнага (зменлівасць формы) рэчываў. Існуе пры т-рах у інтэрвале ад т-ры крышталізацыі да т-ры кіпення і цісках большых, чым у трайным пункце.
Цеплавы рух малекул вадкасці складаецца з ваганняў каля стану раўнавагі і рэдкіх пераскокаў з аднаго раўнаважнага стану ў іншы, чым абумоўлена асн. ўласцівасць вадкасці — цякучасць. Адрозненні паміж вадкасцю і газам знікаюць у крытычным стане; пры больш высокіх т-рах вадкасць не існуе ні пры якім ціску. Некат. рэчывы маюць некалькі вадкіх фаз (напр., квантавыя вадкасці, вадкія крышталі). Нераўнаважныя цеплавыя і мех. працэсы ў вадкасці. (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, электраправоднасць і інш.) вывучаюцца метадамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў; мех. рух вадкасці як суцэльнага асяроддзя вывучае гідрадынаміка, няньютанавы (структурна-вязкасныя) вадкасці — рэалогія.
Літ.:
Крокстон К. Физика жидкого состояния: Пер. с англ. М., 1978;
Динамические свойства твердых тел и жидкостей: Пер. с англ. М., 1980.
В.І.Навуменка.
т. 3, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯСЛО́Ў,
знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).
У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 6, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНЫЯ,
функцыя аб’ёму (V), ціску (p), тэмпературы (T), энтрапіі (S), колькасці часціц у сістэме (N) і інш. макраскапічных параметраў, што характарызуюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да П.т. адносяць унутраную энергію (U), энтальпію (H), энергію Гельмгольца (F; свабодная энергія, ізахорна-ізатэрмічны патэнцыял), энергію Гібса (G; ізабарна-ізатэрмічны патэнцыял) і інш.
Кожнаму П.т. адпавядае набор параметраў стану. Выбар П.т. для апісання сістэмы абумоўлены наборам незалежных параметраў, што вызначаюць стан сістэмы. Дыферэнцаваннем П.т. як функцыі незалежных параметраў можна вызначыць усе астатнія параметры, што характарызуюць сістэму. У найпрасцейшых выпадках П.т. з’яўляюцца функцыямі 2 незалежных параметраў: U = U(S, V), H = H(S, p) F = F(T, V), G = G(T, p). У больш агульным выглядзе П.т. залежыць ад колькасці часціц (у сістэмах з пераменнай колькасцю часціц уводзіцца хімічны патэнцыял), а таксама ад набору абагульненых каардынат (напр., калі сістэма знаходзіцца ў эл. ці магн. полі). П.т. звязаны паміж сабой суадносінамі: F = U − TS, H = U + pV, G = F + pV. П.т. карыстаюцца пераважна для апісання раўнавагі тэрмадынамічнай. Веданне якога-н. П.т. як функцыі поўнага набору параметраў дазваляе вызначыць усе тэрмадынамічныя характарыстыкі сістэмы і атрымаць ураўненне стану. Гл. таксама Тэрмадынаміка.
Л.А.Рот.
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ві́дзенне ’зрок’; ’твар’; ’вочы’; ’від’; ’прывід, здань’ (Нас., Касп.). Рус. видение ’зрок, здольнасць бачыць’; ’пачуццё’; ’вочы’, ст.-рус. видѣние ’бачанне’; ’зрок’; ’вока’; ’відовішча’; ’від, выгляд’; ’прывід’, польск. widzenie ’здольнасць бачыць’; ’спатканне з кім-небудзь’; ’тое, што бачым, бачанае’; ’прывід, здань’, в.-луж. widźenje ’бачанне’ і г. д. Прасл. viděn‑ьje. Вытворнае ад дзеепрыметніка залежнага стану viděn‑ъ і суф. ‑je.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рухо́мы ’здольны рухацца; які можна перамяшчаць’ (ТСБМ, Нас.), рухо́мый ’тс’ (Бяльк.), рухо́му ’жвавы, дзелавы’ (ТС), сюды ж рухо́масць ’уласцівасць і стан рухомага’, ’рухомая маёмасць’ (ТСБМ). Польск. ruchomy ’які можа рухацца; перамяшчальны’. Прасл. *ruxomъ — дзеепрыметнік залежнага стану цяперашняга часу ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць (зямлю)’, ’перамяшчаць’ (гл. рушыць), утвораны як вядомы ад ведаць (Борысь, 526; Фурлан, Бязлай, 3, 205).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
п’янкі́, ‑ая, ‑ое.
Які прыводзіць да стану ап’янення; хмельны, ап’яняльны. Водар маленькіх аранжава-сініх суквеццяў.. быў змешаны з п’янкім пахам палыну, але пах гэты ўзнікаў на кароткае імгненне і зноў прападаў, адкінуты парывам ветру. Савіцкі. У бары — п’янкая духмянасць, прахалода, сонца на закіданым ігліцай доле — рэдкімі светлымі лапікамі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разматлашы́ць, ‑лашу, ‑лошыш, ‑лошыць; зак., што.
Разм.
1. Падраць на шматкі; разнесці па частках, на часткі. Разматлашыць хустку. □ [Валерый:] — Значыць, праўду кажуць: «Смеласць гарады бярэ». Адны смелыя захапілі Сураж, няхай сабе хоць на пэўны час, а другія цэлы артылерыйскі склад разматлашылі. Якімовіч.
2. Давесці да бязладнага стану; зрабіць раскудлачаным, растрапаным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)