КАЗЛО́ЎСКІ (Уладзіслаў) (29.6.1896, в. Залессе Беластоцкага ваяв., Польшча — 13.11.1943),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, літаратар. З 1921 служыў у польскім войску, адначасова ўдзельнічаў у бел.нац. руху. Адзін з лідэраў яго правага крыла. Пасля звальнення ў запас у 1930 пераехаў у Вільню, дзе быў сакратаром Бел.нац.к-та, Цэнтр. ўрада Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Адзін з арганізатараў і сакратар Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактар-выдавец яе органа — час.«Новы шлях». У пач.Вял.Айч. вайны пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, быў рэдактарам «Беларускай газэты», уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай народнай самапомачы. У сваіх публіцыст. артыкулах распрацоўваў ідэалогію бел. нацыянал-сацыялізму, выступаў з антысеміцкімі матэрыяламі. Застрэлены сав. падпольшчыкамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЙБЫШАЎ (Валяр’ян Уладзіміравіч) (6.6.1888, г. Омск, Расія — 25.1.1935),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1904 у рэв. руху бальшавікоў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 выключаны з Ваен мед. акадэміі ў Пецярбургу (1906). Неаднаразова быў арыштаваны і ў ссылцы. Адзін з кіраўнікоў Кастр. рэвалюцыі 1917 у г. Самара, удзельнік грамадз. вайны (пераважна як паліт. камісар). З 1921 чл. Прэзідыума, з 1926 старшыня Вышэйшага савета народнай гаспадаркі; кіраваў ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. Чл.ЦК (з 1922) і Палітбюро (з 1927) ЦКВКП(б), Прэзідыума ЦКК (1923—26). У 1930—34 старшыня Дзярж. планавай камісіі. Паводле афіц. версіі, атручаны; у яго смерці абвінавачваліся падсудныя на т.зв. працэсе 21-го (працэс праватрацкісцкага блока). У 1935—91 яго імем наз.г. Самара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (16.5.1921, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 30.6.1993),
бел. краязнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў БДУ. У 1939 настаўнік у г. Гудаута (Абхазія), беспадстаўна рэпрэсіраваны. У 1950 вярнуўся на радзіму, працаваў у вясковай б-цы, дырэктарам Дома культуры ў Крычаве. Ў 1961—82 дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея (з 1982 навук. супрацоўнік). Аўтар кніг «З сям’і сакалінай» (1973), «Атакуючае юнацтва» (1980), «Ішоў край наш шляхам стагоддзяў» (1987), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Барацьба і творчасць» (1967), «Песню вялі на расстрэл» (1968), артыкулаў пра выдатных дзеячаў, герояў бел. народа ў зб. «У рэдакцыю не вярнуўся...» (1964), «Мы не забылі вас, хлопцы» (1968), «Пабрацімы Матросава» (1984). Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ ПРА́ВА», партыя «Народнага права»,
рэвалюцыйна-дэмакратычная арг-цыя ў Расіі ў 1890-я г. Утворана пры ўдзеле б. членаў «Народнай волі» і інш. народніцкіх арг-цый. Мела на мэце аб’яднанне рэв. і інш.апазіц. сіл для звяржэння самадзяржаўя і ўсталяванне ў краіне дэмакр. ладу. Групы «Н.п.» дзейнічалі ў Пецярбургу, Маскве, Арле, Саратаве, Ніжнім Ноўгарадзе, Баку, Тбілісі і інш.Арг-цыя мела друкарню ў Смаленску, вяла прапаганду сярод інтэлігенцыі і рабочых. Лідэры: М.А.Натансон, М.Ф.Аненскі, А.І.Багдановіч (ураджэнец Беларусі) і інш. У 1894 большасць членаў «Н.п.» арыштавана. Уцалелыя нарадапраўцы (Багдановіч і інш.) у 1896—98 выдалі нумар газ. «Борьба», шэраг брашур, 2 зб-кі «Наше время». У пач. 20 ст. многія б. члены «Н.п.» сталі эсэрамі, некаторыя сацыял-дэмакратамі, кадэтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна
(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),
рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».
Літ.:
Назаревский Н.А. З.М.Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫЛЁВА-КО́РБА (Ганна Паўлаўна) (дзявочае Мейнгард; 21.11.1849, г. Цвер, Расія — 1939),
расійская рэвалюцыянерка-народніца. Ў 1874—77 у Мінску ўдзельнічала ў стварэнні Т-ва дапамогі вучням, зборы сродкаў на карысць нац.-вызв. руху балканскіх славян, у эвакуацыі параненых і хворых у рус.-тур. вайну 1877—78. У рэв. руху з 1879, са студз. 1880 чл. Выканкома «Народнай волі». Працавала ў рэдакцыі газ. «Народная воля». Удзельніца падрыхтоўкі замахаў на Аляксандра II. У 1882 арыштавана. Засуджана па працэсе 17-і на 20 гадоў катаргі. У 1905 амнісціравана, жыла ў Маскве; у 1909 арыштавана, выслана ў Мінусінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Усесаюзнага т-ва паліткатаржан.
Тв.:
«Народная воля»: Воспоминания о 1870—1880-х гг.М., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),
бел. фалькларыстка. Канд.філал.н. (1981). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.А.Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.Я.Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.С.Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.В.Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Багародзічнік ’расліна Polygonum bistorta L., драсён змяіны’ (Кіс.). Параўн. рус.богоро́дичник, богоро́дка ’тс’, ст.-чэш.Svaté Maří košile, славац.Panny Marie zelina ’Polygonum’ (Махэк, Jména rostl., 87). Па народнай легендзе, чырвоны колер кветкі расліны — гэта кроў багародзіцы (Махэк, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Малама́йчык, молома́йчык ’маленькая булачка хлеба з вотруб’я для прыгатавання квасу’ (Вешт.). Відавочна, палес.моломайчык спачатку было ⁺маломайчык пад уплывам народнай этымалогіі слова мала́й (гл.) з гаплалагічным памяншальным суфіксам ‑айчык (як акрайчык). Пасля пад уздзеяннем палес. «гіперправільнасці» пачатковае ма‑ змянілася ў мо‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пая́ц ’блазен, клоўн’ (ТСБМ). З рус. мовы (пая́ц), куды трапіла з франц.paillasse ’тс’ < італ.pagliaccio ’тс’ > ’мех саломы’ < лац.palea ’салома’. Назва пайшла ад касцюма блазна ў неапалітанскай народнай камедыі (Мацэнаўэр, LF, 12, 184; Праабражэнскі, 2, 32; Фасмер, 3, 224).