не́сці¹, нясу́, нясе́ш, нясе́; нясём, несяце́, нясу́ць; нёс, не́сла і нясла́, не́сла і нясло́; нясі́; не́сены; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды-н.

Н. чамадан.

2. каго-што і без дап. Імкліва рухаць, перамяшчаць сілай свайго руху.

Вецер нясе па небе хмары.

3. каго-што (толькі ў 3 ас.). Прымушаць каго-н. ісці куды-н.; цягнуць (разм.).

Куды цябе нясе?

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.).

Ад акна несла (безас.) холадам.

5. пераважна безас. Моцна пахнуць (у 1 знач.).

Нясе гарам.

6. перан., што. Выконваць якія-н. даручэнні, абавязкі па службе і пад.

Н. адказнасць.

Н. ахову.

Н. вахту.

7. перан., што. Пакутаваць ад чаго-н.; мець страты.

Н. пакаранне.

Н. страты.

8. перан., што. Гаварыць што-н. недарэчнае, бязглуздае (разм.).

9. перан., што. Мець, змяшчаць у сабе; быць носьбітам чаго-н.

Н. радасць людзям.

10. што. Быць аснашчаным чым-н.

Карабель нясе шэсць гармат.

|| зак. пане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла і -нясла́, -не́сла і -нясло́; -не́сены.

П. кару.

П. страты.

|| наз. нясе́нне, -я, н. (да 6 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спусці́ць, спушчу́, спу́сціш, спу́сціць; спу́шчаны; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз.

С. вяроўку.

С. бульбу ў склеп.

2. што. Паставіць на ваду (пра судна).

С. новы карабель.

3. каго-што. Пусціць, вызваліўшы ад прывязі.

С. сабаку з ланцуга.

4. што. Пераслаць, накіраваць што-н. у ніжэйшую арганізацыю.

С. распараджэнне.

С. план.

5. што. Выпусціць пару, вадкасць і пад. адкуль-н.

С. пару з катла.

С. ваду з радыятара.

6. што. Вызваліць (якую-н. ёмістасць) ад вадкасці, газу і пад.

С. балон.

С. камеру мяча.

7. што і без дап. Палягчэць у вазе (разм.).

С. кілаграмаў пяць.

8. што. Вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў).

С. курок.

9. што. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва; разм.).

С. дзве бярозы.

10. перан., каго-што. Поўнасцю збыць, прадаць.

С. гаспадарку.

С. грошы (зрасходаваць).

11. што і без дап. Збавіць цану.

С. колькі рублёў.

12. перан., што і без дап. Пакінуць без пакарання які-н. учынак.

Гэтай правіннасці нельга с.

◊

Спусціць з вока каго (разм.) — перастаць назіраць, сачыць за кім-н.

Спусціць юху (разм.) — разбіць нос да крыві.

|| незак. спуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. спуска́нне, -я, н. (да 1—8 знач.) і спуск, -у, м. (да 1—3, 9, 10 і 12 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

płynąć

płyn|ąć

незак.

1. плыць;

rzeka ~ie — рака плыве;

statek ~ie — карабель плыве;

~ąć z prądem — плыць па цячэнні;

~ąć pod prąd — плыць супраць цячэння;

2. цячы;

łzy ~ą z oczu — слёзы цякуць з вачэй;

lata ~ą — гады ідуць

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Віці́на 1 ’дубец, галінка’ (БРС, Др.-Падб.); ’кій, плыт’ (Гарэц.); ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.), віці́ны ’перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце’ (Шатал.). Рус. ви́тина ’дубец; кошык, пляцёнка’, серб.-харв. ви̏тина ’дубец, звычайна лазовы, для звязвання снапоў або перавязь з дубцоў’. Да віць (Праабражэнскі, 1, 86); (параўн. таксама ў словаўтваральных адносінах літ. vỳtinė ’дубец, галінка’ ад vỹtis ’тс’). Гл. віца.

Віці́на 2 ’вялікая барка або лодка, асаблівы від барак’ (Федар., 6, 106, 7, 254; Шн., 1; Дзмітр., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вити́на, вити́н, вити́ма ’хадавое пласкадоннае судна толькі на Нёмане і яго прытоках і на Прыляці’, польск. wicina ’тс’. Этымалогія застаецца няяснай. Брукнер (613) лічыць слова літоўска-беларускім. Скарджус (ZfslPh, 26, 1957, 150 і наст.) адносіць яго да запазычанняў з літ. (слав. витина, віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і ў якасці аргумента на карысць запазычання ўказвае на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але з семантычнага і словаўтваральнага пунктаў погляду як літоўскае, так і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаверагодныя; параўн. польск. okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 230 і наст.). Фасмер (1, 321) дапускае славянскае паходжанне і роднаснасць з ветвь, ви́твина.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карма́ 1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́ма ’рулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrma ’рулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*k​u̯ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).

Карма́ 2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.

Карма́ 3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма 2 і карма 3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струг 1 ‘інструмент для стругання’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Пятк. 1, Сл. Брэс.; дзятл., лід., шальч., в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ), ‘бандарны нож’ (Байк. і Некр.), ‘скобля’ (Сл. Брэс.), струга́ч ‘тс’ (Стан.), ст.-бел. стругъ ‘цяслярскі інструмент’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. струг, ст.-рус. стругъ, ст.-польск. strug, чэш. struh, серб.-харв. стру̑г, славен. strȗg, балг., макед. струг ‘такарны станок’, макед. дыял. struk ‘гэбель . Прасл. *strugъ ‘від вострай прылады для згладжвання і канчатковага фармавання вырабаў з дрэва’, суадноснае з *strъgati, гл. стругаць. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 154–155), адносіны назоўніка і дзеяслова ўзыходзяць да больш старажытнага *streug‑:*strug‑, а пасля зняцця славяна-германскай інавацыі sr > str да і.-е. *sreug‑/*srug‑; звязана чаргаваннем галосных з стругаць (гл.) (Фасмер, 3, 782).

Струг 2 ‘драўлянае рачное судна’ (ТСБМ), ‘баржа’ (Ласт., Байк. і Некр.), ст.-бел. стругъ ‘вялікая лодка, карабель’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. струг ‘тс’, дыял. струга́ ‘від чоўна’, рус. струг, стру́га ‘від рачнога судна, лёгкая лодка з вострымі канцамі’, польск. strug, struga ‘пласкадоннае судна’. Этымалагічна тое ж, што і струг 1; гл. Сабалеўскі, ЖМНП, 1886, верас., 155. Праабражэнскі (2, 402), Міклашыч (Lex. palaeosl., 891) прапаноўваюць вытворнасць ад і.-е. *sreu‑ ‘цячы’ (гл. струга, струя), супраць чаго Фасмер (3, 782–783); гл. яшчэ ЕСУМ (5, 450), у якім рэканструюецца прасл. *strugъ, *struga.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

scout

[skaʊt]

1.

n.

1) выве́днік, разьве́дчык -а m., выве́дніца, разьве́дчыца f.

2) выве́дніцкі самалёт або́ карабе́ль

3) выьве́дваньне n., выве́дка, разьве́дка f.

4) скаўт -а m.

2.

v.t.

1)

а) выве́дваць, разьве́дваць

б) шука́ць

Go and scout for firewood — Ідзі́ і пашука́й дро́ваў для во́гнішча

2) назіра́ць; сачы́ць

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

stem​1 [stem] n.

1. ствол; каме́ль; сцябло́

2. стры́жань;

the stem of a feather стры́жань пяра́

3. bot. пладано́жка, чарано́к; гро́нка;

the stem of a plum чарано́к слі́вы;

a stem of bananas гро́нка бана́наў

4. fml род, пле́мя;

descend from an old stem пахо́дзіць са старажы́тнага ро́ду

5. но́жка, падста́ўка;

the stem of a glass но́жка кілі́шка

6. ling. асно́ва (слова)

♦

from stem to stern ад но́са да кармы́ (пра карабель)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),

нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.​Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.​Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.​Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.

Літ.:

Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;

Львов С.П. А.​Дюрер. М., 1977;

Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.

А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.
А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.

т. 6, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1941—42,

250-дзённая (з 30.10.1941 да 4.7.1942) абарона горада і галоўнай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту ў Вял. Айч. вайну. У кастр. 1941 войскі 11-й ням. арміі (камандуючы ген.-фельдмаршал Э. фон Манштэйн) і рум. корпуса прарваліся ў Крым. Сав. войскі адышлі да Керчанскага п-ва, а частка сіл — да Севастопаля. 4.11.1941 з часцей Севастопальскага гарнізона, караблёў і авіяцыі Чарнаморскага флоту, а таксама часцей Асобнай Прыморскай арміі (ген.-маёр І.Я.Пятроў) створаны Севастопальскі абарончы раён (САР) на чале з камандуючым флотам віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскім. Ням.-фаш. камандаванне ажыццявіла 3 буйныя наступленні на горад. Першыя два (11—21 ліст. і 17—31 снеж. 1941) штурмы севастопальцы адбілі і прымусілі ворага перайсці да абароны. Поспеху абаронцаў садзейнічалі падмацаванне, перакінутае з Каўказа, і Керчанска-Феадасійская дэсантная аперацыя 1941—42 сав. войск, што прымусіла праціўніка аслабіць націск на Севастопаль. Перад апошнім штурмам (пачаўся 7.6.1942) у складзе САР налічвалася 106 тыс. чал., 600 гармат і мінамётаў, 38 танкаў, 100 самалётаў, лінейны карабель, крэйсеры, эсмінцы і інш. Ням. камандаванне сканцэнтравала пад Севастопалем амаль усю 11-ю армію (каля 204 тыс. чл., 450 танкаў, больш за 2000 гармат і мінамётаў, 1060 самалётаў). Цаной вял. страт 18 чэрв. ням. і рум. войскі прарваліся да Паўн. бухты, Інкермана, Сапун-гары, а 30 чэрв. ўварваліся ў горад. Невялікія групы абаронцаў разрознена адышлі да бухтаў і на мыс Херсанес. 4.7.1942 паводле загаду Стаўкі адбылася эвакуацыя часткі абаронцаў, некат. спрабавалі прарвацца ў горы да партызан. У баях за Севастопаль праціўнік страціў каля 300 тыс. чал. забітымі і параненымі. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Героі Сав. Саюза лётчыкі М.В.Аўдзееў, Дз.​М.​Мінчугоў, У.А.Наржымскі, У.А.Скугар, маракі ВМФ Г.М.Халасцякоў, І.К.Хурс, А.​Р.​Азаронак, П.​Ц.​Бандарэнка, С.​С.​Варкоў, О.​С.​Жукоўскі, прадстаўнікі сухап. войск Я.В.Леашэня, А.​Ж.​Юхімчук, марскія пехацінцы Г.​Н.​Вішнеўскі, М.А.Савіцкі. У гонар гераічнай абароны 22.12.1942 устаноўлены медаль «За абарону Севастопаля» (узнагароджана больш за 45 тыс. чал.). У 1945 Севастопалю нададзена ганаровае найменне «Горад-герой».

Літ.:

Героическая оборона Севастополя, 1941—1942. М., 1969;

Крылов Н.И. Огненный бастион. М., 1973;

Огненные дни Севастополя. 2 изд. Симферополь, 1982;

Борисов Б.А. Подвиг Севастополя. 3 изд. Симферополь, 1977;

Долготович Б.Д. Твои сыновья, Беларусь. Мн., 2000.

Г.​Дз.​Бабусенка, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Севастопальская абарона 1941—42. Абарона Севастопаля. Мастак А.​Дайнека. 1942.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)