будынак са спецыялізаванымі памяшканнямі для часовага пражывання асоб, якія прыязджаюць у населены пункт.
Гасцініцы адрозніваюцца: па прызначэнні — агульнага тыпу, ведамасныя, атэлі, бізнес-атэлі, турысцкія для аўтатурыстаў, матэлі, кемпінгі, курортныя, спарт., для транзітных пасажыраў (пры вакзалах); па ўмяшчальнасці — малыя (да 100 месцаў), сярэднія (100—500 месцаў) і вялікія (больш за 500 месцаў); залежна ад узроўню камфорту — «люкс», вышэйшы (А, Б), 1-, 2-, 3- і 4-разрадныя, на захадзе — па колькасці «зорак» — 3-, 4-, 5-зоркавыя гасцініцы; паводле рэжыму эксплуатацыі (круглагадовыя, сезонныя); па месцы знаходжання (горад, пасёлак, курорт і г.д.). У складзе гасцініцы вылучаюць памяшканні: жылыя (нумары), прыёму, сервісу, грамадскага харчавання (кавярня, рэстаран), адм., гаспадарчыя. Пры высокакамфартабельных гасцініцах ёсць памяшканні культ.-масавыя (канцэртныя, выставачныя, канферэнц-залы, б-кі), спарт. аздараўленчыя (басейны, сауны, кегельбаны). Гасцініца ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. У Еўропе ролю гасцініцы выконвалі харчэўні, аўстэрыі, заезныя дамы, корчмы; у краінах Пярэдняга Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя — караван-сараі (9—14 ст.). На Беларусі паходзяць ад гасцінага двара.
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважалі невялікія гасцініцы (5—20 месцаў, сярод іх вылучаліся памерамі «Парыж» у Магілёве, «Еўропа» ў Мінску). У 1930—40-я г. ўзведзены гасцініцы «Свіслач», Бел.ваен. акругі (1941, арх. Г.Якушка) у Мінску, «Дняпро» ў Магілёве і інш. Развіццё культ.-гасп. сувязей, турызму абумовіла буд-ва буйных гасцініц: «Мінск» (арх. Г.Баданаў, Г.Сысоеў, у сааўт.), «Планета», «Кастрычніцкая», «Беларусь» у Мінску, «Гродна» ў Гродне, «Сож» (арх. В.Бурлака) у Гомелі, «Маладзечна» (арх. Крывашэеў) у Маладзечне і інш.Будынкі гасцініц у меншых гарадах (Баранавічы, Ліда, Масты) і сельскай мясцовасці (в. Верцялішкі Гродзенскай вобл.) уваходзяць у склад грамадскіх цэнтраў. Сучасныя гасцініцы вызначаюцца буйнымі пластычнымі арх. формамі, высокім узроўнем вонкавай і ўнутр. аддзелкі. У маст. вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў значнасць набывае сінтэз архітэктуры, скульптуры, жывапісу. У 1997 на Беларусі 251 гасцініца на 25 904 месцы (акрамя гасцініц для турыстаў і экскурсій).
В.І.Анікін.
Гасцініца «Еўропа» ў Мінску. Пач. 20 ст.Гасцініца «Гродна» ў Гродне. 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІН (Dublin; ірл.Бале-Аха-Кліях),
горад, сталіца Ірландыі. Размешчаны на У краіны, у вусці р. Ліфі, якая ўпадае ў зал. Дублін Ірландскага м. 915,5 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт. Каналамі Роял і Гранд злучаны з унутр. раёнамі. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае, прылада- і трактарабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, с.-г.), металаапр., харчасмакавая (піваварная, мясакансервавая, беконная, мукамольная, тытунёвая, вытв-сць віскі), тэкст. (шарсцяная і льняная), швейная, джутавая, буд. матэрыялаў. Дублінскі ун-т, Нац.ун-т, АН і Акадэмія мастацтваў. Тэатры. Штогадовы міжнар. Дублінскі тэатр. фестываль (з 1948).
Паходзіць ад стараж. назвы ўчастка р. Ліфі (Dubhlin — чорная затока). Упершыню ўпамінаецца пад 291. У 9 ст. заваяваны нарманамі, якіх паступова асімілявалі ірландцы. У 1170 захоплены англ. феадаламі, з канца 12 ст. цэнтр заваяванай імі калоніі. Гар. права з 1171. У 1613—1800 месца знаходжання ірл. парламента. З 17 ст. Д. — адзін з цэнтраў ірл.вызв. руху. У Д. адбылося Ірландскае паўстанне 1916. У 1919 тут засядаў Ірл. парламент, які абвясціў незалежнасць Ірландыі. Паводле англа-ірл. дагавора 1921 з Д. выведзены англ. гарнізон, горад стаў сталіцай Ірландскай вольнай дзяржавы, з 1949 — Ірландскай рэспублікі.
Са стараж. забудовы захаваліся замак (зараз Палац юстыцыі; 13 ст.), гатычныя царква Крайст-чэрч (1038—1225) і сабор Сент-Патрык (1190, перабудаваны пасля 1362). З 1757 перапланаваны цэнтр, дзе склаліся парадныя ансамблі ў стылі класіцызму. Парламент (1745—48), Трыніты-каледж (зараз ун-т; фасад — 1759), Чарлімант-хаўс (зараз Галерэя сучаснага мастацтва; 1763—70, арх. У.Чэймберс), ратуша (б. біржа; 1769, арх. Т.Кулі), Ірл. банк (1729—1805); будынкі «Чатырох судоў» (1786—1800), царква Сент-Джордж (1794—1802). У 1913 складзены план рэканструкцыі Д. (арх. П.Аберкрамбі); пабудаваны аэравакзал (1937—41), аўтавакзал (1951—53), шэраг жылых і прамысл. комплексаў. Музеі: Нац. музей, Нац. галерэя, Муніцыпальная галерэя сучаснага мастацтва, Грамадзянскі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,
горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б.Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.
Літ.:
Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.
Т.Л.Чарняўская.
Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.Драздовіча. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́,
горад, сталіца Йемена; на З краіны ў міжгорнай даліне на выш. 2400 м. Больш за 1 млн.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, у т. л. да порта Хадэйда на Чырвоным моры. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., мэблевая, тытунёвая, кансервавая, цэм., абутковая. Буйны цэнтр саматужнай вытв-сці залатых, сярэбраных, медных вырабаў, тканін і інш.Ун-т. Горад моцна пацярпеў ад землетрасення 1982.
Вядома з 1 ст. Ролю паліт. цэнтра пачала адыгрываць у 6 ст. У сярэднія вякі праз С. праходзілі гандл. шляхі з Эфіопіі і Індыі ў Міжземнамор’е. З сярэдзіны 7 ст. С. — рэзідэнцыя намеснікаў араб. халіфаў, з сярэдзіны 9 ст. сталіца самаст. дзяржавы Яфурыдаў. У 11—15 ст. у складзе розных дзярж. утварэнняў Паўд. Аравіі. У 1546—1628 пад уладай туркаў. З сярэдзіны 17 ст. рэзідэнцыя зейдзіцкіх імамаў Йемена. У 1871 зноў занята туркамі. У 1911 горад захапіў імам Ях’я, які ў 1918 зрабіў С. сталіцай Йеменскага каралеўства. У 1962—90 сталіца Йеменскай Арабскай рэспублікі, з 1990 — Йемена.
Стараж. горад складаецца з 2 частак, якія ў плане ўтвараюць васьмёрку. Ён абнесены сцяной выш. 9 м з паўкруглымі вежамі і шматлікімі брамамі. На стыку 2 гар. тэрыторый — 7-павярховы палацавы комплекс (б. палац імама). У найб.стараж. частцы — Старым горадзе знаходзяцца цытадэль, караван-сарай, медрэсэ, рынкі, сярэдневяковыя лазні, мячэці аль-Джама аль-Кебір, ці Вял. мячэць (7—12 ст.), Бакіліджэ (17 ст.) і інш. Разнастайнасцю вылучаецца жылая забудова: 3—7-павярховыя вежападобныя дамы з каменю і цэглы, пастаўленыя блізка адзін да аднаго. Іх фасады з пабеленымі вапнай фрызамі аздоблены разнымі аркадамі, ажурнымі драўлянымі панэлямі, аконныя праёмы з каляровымі вітражамі. У зах. частцы С. (Садовы горад), пабудаванай у 17—20 ст., пераважаюць асабнякі з садамі, абнесеныя сценамі. Сучасныя будынкі спалучаюць традыц. элементы з новымі тэхналогіямі і буд. матэрыяламі: Цэнтр. банк, Рэсп. палац, Акадэмія паліцыі, Клуб афіцэраў, атэль «Таж Саба», офіс авіякампаніі Эль-Йеманія і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Халед Сайф Мухамед Табет (архітэктура).
Сана. Старая частка горада.Сана. Аздабленне фасада жылога дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВІ́ЛЬЯ (Sevilla),
горад на Пд Іспаніі. Адм. ц.аўт.вобл. Андалусія і прав. Севілья. Каля 700 тыс.ж. (2001). Порт на р. Гвадалквівір, даступны для марскіх суднаў (аванпорты на Атлантычным ак. — Таблада і Муэльес-дэ-лас-Дэлісіяс). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл. і прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., судна- і авіябудаванне, вытв-сцьс.-г. машын), харчасмакавая (вінаробчая, тытунёвая, мукамольная і інш.), тэкст., хім. і нафтахімічная. Ун-т (з 1502). Турызм.
У старажытнасці С. (Гіспаліс) — цэнтр іберыйскага племя турдэтанаў. Пасля заваявання рымлянамі (3 ст.) сталіца рым. правінцыі Бетыка. У 411 заваявана вандаламі, у 441 — вестготамі. У 712—1248 падпарадкавана арабамі, з 1026 цэнтр аднайм. эмірата. У 1248 адваявана ў арабаў каралём Кастыліі Фердынандам III. У 14—15 ст. З С. накіроўваліся ваен. экспедыцыі супраць Гранадскага эмірата. У 15 ст. буйны цэнтр суднабудавання, гандлю, мараплаўства. З гавані С. (Палас) адправілася 1-я экспедыцыя Х.Калумба. Найб. росквіт С. прыпадае на 16—17 ст., калі яна мела манаполію каланіяльнага гандлю і па тавараабароце пераўзыходзіла ўсе еўрап.гандл. цэнтры. У 18 ст. пасля адмены гандл. манаполіі страціла б. значэнне. У 1810—12 і 1820—23 акупіравана франц. войскамі. У грамадз. вайну 1936—39 цэнтр франкістаў.
У старой частцы С. — лабірынт вузкіх звілістых вуліц, на З і ПдУ ад яго — рэгулярная забудова. Захаваліся сцены і бастыёны маўрытанскага замка Алькасар (канец 12 ст., прыбудовы 14—16 ст.), сабор (1402—1506, позняя готыка; купал 1519; у інтэр’еры багаты збор твораў ісп. мастацтва 16—18 ст.), гатычныя касцёлы 13—14 ст., саборная званіца «Ла Хіральда» (1184—16 ст., выш. 97,52 м), вежа «Торэ дэль Ора» (1220), будынкі «Каса дэ Пілатас» (15 ст. — 1553, спалучэнне стыляў мудэхар і палымянай готыкі) і «Каса Лонха» (біржа; 1583—98), касцёлы 17—18 ст. у стылі чурыгерэска. Музеі: правінцыяльны археал., Дом-музей Б.Э.Мурыльё. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬ,
горад у Гродзенскім р-не на р. Скідзелька. За 30 км ад Гродна. Чыг. станцыя на лініі Гродна—Масты; вузел аўтадарог на Гродна, Ліду, Масты, Азёры, Астрыну. 11,3 тыс.ж. (2001).
Вядомы з пач. 16 ст. як велікакняжацкі двор з воласцю ў Гродзенскім пав.ВКЛ. З 1588 С. — каралеўскі двор Гродзенскага староства Трокскага ваяв., адм.-гасп. цэнтр воласці. Паводле прывілея 1644 караля Уладзіслава IV у С. праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень. З 1783 мястэчка Гродзенскай эканоміі, цэнтр ключа. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. У 1885 — цэнтр воласці Гродзенскага пав., 1531 ж., гарбарная прамысловасць, бровар, нар. вучылішча (з 1860), 2 царквы, 4 крамы, аптэка, таргі. У 1897—2790 ж., 482 будынкі, бальніца. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 — гар. пасёлак. цэнтр Скідзельскага раёна і сельсавета (з 12.10.1940) Беластоцкай, з 20.9.1944 — Гродзенскай абл. 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў С. лагер смерці і загубілі там 2330 чал. На тэр раёна дзейнічалі Скідзельская раённая антыфашысцкая арганізацыя і Скідзельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. 14.7.1944 С. вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 25.12.1962 у Гродзенскім р-не. У 1967 у межы С. ўключаны нас. пункт Саўгас Скідзельскі і пас. Цукровы Завод. У 1973—8,6 тыс.ж. З 30.1.1974 горад.
Працуюць прадпрыемствы: адкрытыя акц. т-вы «Скідзельскі цукровы камбінат» і «Гроднахлебапрадукт», Скідзельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, племптушкарэпрадуктар «Юбілейны», камбінат быт. абслугоўвання і інш.; цэнтр саўгаса «Скідзельскі». У горадзе 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, З б-кі, 2 дамы культуры, музей бел. паэта Міхася Васілька. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы камсамольцаў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму, помнік камсамольцам-падпольшчыкам. Помнікі архітэктуры: царква Міхаіла Архангела (1851), касцёл Успення Маці Божай (1870-я г.), Скідзельскі парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ, Львів,
горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сцьмуз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л.Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах.навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.
Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн.Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл.Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр.Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.
Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.Штэхер, М.Гром, А.Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.Капінас, А.Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.Мерэцін, С.К.Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм.т-ра імя М.Занькавецкай (1836—42, арх. Л.Піхаль, І.Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкіполітэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.А.Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.Матэйкі), акад.т-ра оперы і балета імя І.Франко (1897—1900 арх. З.Гаргалеўскі, скульпт. А.Л.Попель, П.Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.І.Парашчук), І.Франко (1964, скульпт. В.Н.Барысенка і інш., арх. А.М.Шуляр), Я.Галану (1972, скульпт. А.П.Пылеў, арх. В.І.Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.Франко.
Літ.:
Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;
Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.
Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя).
Плошча А.Міцкевіча ў Львове.Сабор святога Юра ў Львове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМСТЭРДА́М (Amsterdam),
горад, сталіца Нідэрландаў. 713,4 тыс.ж. (разам з прыгарадамі больш за 1 млн.; 1993). Знаходзіцца ў правінцыі Паўн. Галандыя, на нізкім беразе зал. Эйселмер каля вусця р. Амстэл. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада, з Паўночным м. звязаны праз Нордзе-канал, інш. каналамі — з Рэйнам і астатнімі ўнутр. воднымі шляхамі. Адзін з найбуйнейшых у Еўропе порт (грузаабарот больш за 20 млн.т марскіх і больш за 16 млн.т унутраных перавозак штогод), буйны вузел чыгунак (5 ліній) і аўтадарог, у прыгарадзе міжнар. аэрапорт Схіпхал. Гал.гандл. цэнтр Еўропы, адзін з буйнейшых у свеце аптовых рынкаў па продажы тытуню, кавы, какавы, цытрусавых, рысу, каўчуку, прыпраў, драўніны, нафты, збожжа і вугалю. Буйны цэнтр машынабудавання (судна- і авіябудаванне, электратэхн., электроннае, хім. і інш.), нафтаперапр., хім., дрэваапр., швейнай, харч. прам-сці. Традыцыйная ювелірная вытв-сць (апрацоўка алмазаў), паліграфія. У Амстэрдаме праўленні вядучых камерц. банкаў, фондавая біржа. Метрапалітэн, 2 ун-ты (засн. ў 1877 і 1880). Акадэмія навук і мастацтваў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1275 як рыбацкая вёска на беразе р. Амстэл. З 1300 горад. Вызваленне Нідэрландаў з-пад улады Іспаніі спрыяла эканам. ўздыму Амстэрдаму, ён стаў цэнтрам марскога гандлю і крэдыту сусв. значэння. У 16 ст. ў Амстэрдаме створана біржа, у 1609 засн. разменны банк, узніклі Ост-Індская (1602) і Вест-Індская (1621) гандл. кампаніі. У 1795—1806 сталіца Батаўскай рэспублікі, пасля — Нідэрландскага каралеўства. У 1940—45 акупіраваны ням. фашыстамі. Гіст. ядро горада — раён плаціны цераз р. Амстэл (цяпер плошча Дам з каралеўскім палацам; б. ратуша 1648—65, арх. Я. ван Кампен). Своеасаблівасць планіроўкі старых частак Амстэрдама — сістэма паўкальцавых і радыяльных каналаў, пракапаных у 1610—62 (каля 50 каналаў, 784 масты). Па набярэжных — жылыя дамы з вузкімі фасадамі, будынкі гільдый, кампаній, дабрачынных устаноў 16—18 ст. Захаваліся гар. вароты і вежы 15—17 ст., цэрквы ў стылях готыкі і класіцызму. У 19—20 ст. пабудаваны Дзярж. музей (1885, арх. П.І.Х.Кёйперс), біржа (1903, арх. Х.П.Берлаге), вял. новыя раёны (арх. Берлаге, М. дэ Клерк, К. ван Эстэрэн, П.Л.Крамер і інш.). З 1930-х г. забудоўваецца сучаснымі, у т. л. вышыннымі, будынкамі (арх. В.М.Дзюдак і інш.). Музеі: гарадскі, Музей Каралеўскага ін-та тропікаў. Дом Рэмбранта.
Ф.С.Фешчанка.
Амстэрдам. Плошча Дам.Цэнтральная частка Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́Д, Беаград (Beorgad),
сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн.ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сцьс.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.
У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.
На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар.б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).
У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́НА (La Habana),
горад, сталіца Кубы. Размешчана на ПнЗ вострава на беразе Мексіканскага заліва. Адм. ц. правінцыі Гавана. Мае статус самаст. правінцыі — Горад Гавана (Ciudad de la Gabana). 2176 тыс.ж. (1993). Буйны трансп. вузел. Гал. порт Кубы (больш як 3/5 імпарту і каля ¼ экспарту краіны), рыбалоўны порт. Міжнар. аэрапорт Хасэ Марці. Гал.эканам. (каля 1/2 усёй прамысл. прадукцыі краіны), навук. і культ.цэнтр. Металургічны камбінат, нафтаперапр.з-д, прадпрыемствы маш.-буд., суднарамонтнай, цэм., хім., фармацэўтычнай, тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, мэблевай, шкларобнай, папяровай, харч. (перапрацоўка мяса, малака, мукамольная), тытунёвай, піваварнай, спіртагарэлачнай прам-сці.
Засн.ісп. заваёўнікам Д.Веласкесам каля 1515 на паўд. беразе в-ва Куба, у 1519 перанесена на паўн.-зах. бераг. У 16—17 ст. неаднойчы спустошана англ., франц. і галандскімі піратамі. З канца 16 ст.адм. ц. Кубы. У 1762—63 акупіравана Англіяй, да 1898 належала Іспаніі, у ісп.-амер. вайну 1898 акупіравана ЗША (да 1902). З 1902 сталіца Рэспублікі Куба. У 1959 пасля перамогі рэвалюцыі ў Гаване створаны нац.-рэв. ўрад Кубы.
Старая Гавана захавала маляўнічае аблічча калан. перыяду: крэпасці Эль Мора (1589—1630), Сан-Карлас дэ ла Каванья, Сан-Сальвадор дэ ла Пунта, Ла Рэаль Фуэрса, Пласа дэ Армас з муніцыпалітэтам і Домам пошты, Кафедральны сабор (усе 18 ст.), шматлікія цэрквы і будынкі ў стылі барока. У 19 ст. ўзніклі раёны багатых асабнякоў, у 20 ст. — арыстакратычныя раёны Мар’янао і Мірамар. Сярод арх. помнікаў: Нац. капітолій (1925—29, арх. Р.Атэра), Мін-ваўнутр. спраў (1951—54, арх. А.Капабланка), Мед. цэнтр (1956—58, арх. А.Кінтана), гасцініцы «Гавана Лібрэ» і «Гавана Рыўера» (1958—59). Пасля рэвалюцыі 1959 пабудаваны Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтваў, Нац. цэнтр навуковых даследаванняў і інш. Сярод манументаў — помнікі Х.Марці (1943), Э.Хемінгуэю (1962) і інш. Старая Гавана ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Ун-т (з 1728). АН (з 1962). Б-кі (буйнейшая Нац. імя Хасэ Марці). Музеі, у т. л.Нац. музей (еўрап. і кубінскае мастацтва), Антрапал. музей Л.Мантане (культура народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі), Музей Рэвалюцыі, Дом-музей Э.Хемінгуэя і інш. Тэатры.
Літ.:
Филиповская Н.М. Гавана. Л., 1980.
Да арт.Гавана. Кафедральны сабор. 1748—77.Гавана. Капітолій (цяпер Акадэмія народнай гаспадаркі).Гавана. Помнік Антоніо Масео. 1916.