ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.​П.​Румянцава (арх. Дж.​Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.

А.​М.​Кулагін.

Гомельскага духоўнага вучылішча будынак.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЛЕНКА (Соф’я Уладзіміраўна) (н. 17.7.1924, г. Варонеж, Расія),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі, мікалогіі і аховы раслін. Д-р біял. н. (1975), праф. (1991). Скончыла Варонежскі ун-т (1947). У 1960—96 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хвароб інтрадукаваных раслін, рэгуляцыі фітапаталагічнай сітуацыі ў штучных фітацэнозах, біятэхналагічных праблемах.

Тв.:

Указатель возбудителей болезней цветочно-декоративных растений. Вып. 7. Л., 1980 (разам з Г.​А.​Дзьякавай);

Устойчивость древесных интродуцентов к биотическим факторам. Мн., 1988 (разам з А.​І.​Блінцовым, Н.​А.​Панько);

Болезни и вредители клюквы крупноплодной. Мн., 1996 (разам з С.​У.​Бугам).

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДА́ БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ Ў ГРО́ДНЕ,

бел. маладзёжная арг-цыя ў Гродне. Існавала ў маі 1919—21. Ініцыятары стварэння — Т.​Грыб, П.​Мядзёлка, У.​Курбскі (старшыня), Л.​Дзекуць-Малей і інш. Працавалі секцыі: самаадукацыйная, літ., драм., хар., спарт. і інш. Філіялы грамады дзейнічалі ў вёсках Верцялішкі (кіраўнік В.​Сянцэвіч) і Крынкі (А.​Парук). Арганізоўваліся лекцыі па беларусазнаўстве, вечарыны, тэатр. спектаклі. У 1920 пры спарт. секцыі існавалі скаўцкая дружына і 2 футбольныя каманды. Грамада супрацоўнічала з Гродзенскай цэнтральнай беларускай вучыцельскай радай, цэнтр. Бел. школьнай радай, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і інш.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНАВІ́ТАЯ ПАЛА́ТА,

помнік архітэктуры Расіі канца 15 ст.; адзін з стараж. будынкаў Масквы. Уваходзіць у комплекс Крамля Маскоўскага. Пабудавана ў 1487—91 італьян. арх. М.​Фразінам і П.​А.​Салары. Назва з-за аздаблення гранёным рустам усх. фасада палаты. Выкарыстоўваецца як парадная зала для ўрачыстых прыёмаў. Пл. каля 500 м². Перакрыта крыжовымі скляпеннямі, што апіраюцца на цэнтр. слуп. У 1882 сцены палаты размалявалі палехскія іканапісцы, якія паўтарылі своеасаблівую кампазіцыю стараж. размалёўкі. Разны залочаны партал 15 ст. выкананы ў формах рэнесансавай архітэктуры.

Літ.:

Насибова А. Грановитая палата Московского Кремля: [Альбом]. Л., 1978.

Гранавітая палата. Фрагмент фасада.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я г. ў Гродне, перабудаваны ў 19 ст. Належаў графу М.​Валіцкаму, у 1842 куплены праваслаўнай кансісторыяй (адсюль другая назва — архірэйскі дом). Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены 2-павярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першы паверх цокальны, 2-і і 3-і аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр гал. фасада падкрэслены рызалітам.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі палац адміністратара.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НБЕРГ (Анатоль Саламонавіч) (н. 14.2.1934, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1989). Чл. Нью-Йоркскай АН (1996). Скончыў БПІ (1956) і ленінградскі Паўн.-Зах. завочны політэхн. ін-т (1961). З 1963 у Цэнтр. НДІ арганізацыі і тэхнал. кіравання, з 1992 у Акадэміі кіравання. Навук. працы па тэорыі складаных камп’ютэрных сістэм кіравання і праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, мадэлі і метады аўтаматызаванага кіравання буйнымі прамысл. аб’ектамі. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Основы построения систем проектирования АСУП. М., 1983;

Элементы компьютерных информационных технологий. Мн., 1996 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́БНЕЎ (Андрэй Феакціставіч) (30.11.1912, пас. Пакацілаўка Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 20.10.1973),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1941), удасканалення афіцэрскага саставу (1947), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1, 2, 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў баях на ПдУ ад в. Задруцце Рагачоўскага р-на, за вызваленне Баранавіч, Слоніма, Ваўкавыска. Да 1968 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫЧ (Соф’я Якаўлеўна) (н. 29.12.1919, Мінск),

бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.​Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДЗЕ́НКА (Леанід Рыгоравіч) (н. 9.5.1941, Мінск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Выкладае ў Бел. ліцэі мастацтва (з 1969). Аўтар станковых твораў «Сяброўкі» (1970), «Пяшчотнасць» (1972), «Купава» (1974), «Маці і сын» (1978), «Юнак з вавёркай» (1979), «Рэчанька» (1983), «Бульбачка», «Два торсы» (абедзве 1984) і інш. Манум. работы: у Мінску — фантан «Лета» (1974) на праспекце Машэрава, «Сымон-музыка» (1982) для муз. ліцэя пры кансерваторыі, «Чалавек ідзе» (1986) у парку па вул. Арлоўскай; у Нясвіжы — «Дама ў чорным» (1993); «Любава» (1978) у цэнтр. парку г. Кішынёў і інш. Творчасць адметная лірычным вырашэннем тэмы, тонкім адчуваннем матэрыялу.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)