рэабілітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. каго-што. Аднавіць (аднаўляць) чысціню чыйго‑н. імя, рэпутацыі, абвяргаючы ілжывыя абвінавачванні, чуткі. [Дырэктар:] — Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Бажко. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя? Шамякін.

2. каго. Аднавіць (аднаўляць) у ранейшых правах асобу, беспадстаўна прыцягнутую да судовай адказнасці, прызнаўшы яе невінаватай. [Ірма:] — Толькі праз дзевяць год даведаліся, што бацька [жывы], што адбываў заключэнне за нейкія там грахі ў вайну. У пяцідзесятым яго рэабілітавалі, але да сям’і ён ужо не вярнуўся. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скачком спусціцца з чаго‑н.; скочыць уніз. Перапалоханы Мінуць саскочыў з каня і кінуўся да Міхалюка. Чорны. На паваротцы да эстакады, дзе машына сцішыла ход,.. [Каваль] лоўка саскочыў на дарогу і пайшоў наўпрост, праз рэйкі. Савіцкі. // Разм. Хутка ўстаць, ускочыць. [Марына Паўлаўна] саскочыла з канапы і стала мітусіцца па хаце, збіраючы астатнія рэчы. Зарэцкі. Валя спалохана, саскочыла з услона. Шамякін.

2. Не ўтрымаўшыся на чым‑н., скінуцца, зваліцца. Дзверы саскочылі з завесы. □ Лае саскочыў, — абыякава пазіраючы на сваю руку, адказаў рабочы. Арабей. Перакладзіна ад дрыжання саскочыла, і я цераз яе нырнуў уніз. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сашні́к, ‑а, м.

1. Рабочая частка сахі, культыватара, сеялкі — востры жалезны нарог, які падразае пласт зямлі знізу. Ён [Вяль] для сахі зрабіў стальныя сашнікі, Каб у палях глыбейшымі былі барозны, І меч стальны для мужнае рукі, Каб бараніць свой край, Як час надыдзе грозны. Зарыцкі.

2. Рабочы орган сеялкі, які праводзіць у глебе баразёнку, высявае насенне і засыпае яго зямлёй. Да цямна будуць бегаць за трактарам дзве сеялкі, кладучы ў зямлю радкамі праз віхлястыя сашнікі зерне за зернем. Ермаловіч.

3. Металічная пласціна ў лафета гарматы, якая не дазваляе гармаце адкочвацца пасля выстралу.

4. Вертыкальная перагародка, якая падзяляе нос на дзве часткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Да прыстані па рацэ ідзе пасажырскі параход. Ён густа дыміць, папераджальна гудзе і грыміць лопасцямі вінта ў вадзе. Галавач. Святла нідзе не было, толькі ў адзінокім доме дыміла газніца з меднай гільзы, а людзей была поўная хата, як зачыніць. Няхай. // Прапускаць дым праз шчыліны (пра печ, комін і пад.). Печ дыміць. □ Гудзе, падвывае вецер. Буржуйка спалохана ўсхліпвае, дыміць. Асіпенка.

2. чым і без дап. Курыць, пускаючы многа дыму. Сцяпан сядзеў за сталом і дыміў папяросай. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заго́н 1, ‑а, м.

1. Паласа, участак ворнай зямлі, поля. На полі ветла, самавіта У рад стаялі копкі жыта, Так аздабляючы загоны. Колас. З левага боку .. кусцілася жыта, а па правую руку ляжалі старанна забаранаваныя вагоны. Алешка.

2. Агароджанае пад адкрытым небам месца для жывёлы. Егеры выпусцілі з загонаў гадавальніка адзін зубрыны статак. Краўчанка.

заго́н 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. заганяць ​1 — загнаць (у 1 знач.).

2. ‑а. Ланцуг загоншчыкаў на паляванні. Воўк зразумеў, што загоншчыкі, якія крычалі наперадзе, значна больш бяспечныя, чым стрэлы ззаду, і прарваўся праз загон. «Беларусь».

•••

У загоне — у закінутым стане, пад уціскам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыту́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Стукнуць, ударыць нагой аб падлогу, зямлю. Мірон Якімавіч прытупнуў пару разоў, абтрасаючы валёнкі. Хадкевіч. Духавы аркестр урэзаў «Кракавяка», і Тхорык з імпэтам узмахнуў вольна рукою, прытупнуў ботамі. Кулакоўскі. // Станцаваць. Здаецца, паехаў бы дадому ды так прытупнуў на чыім-небудзь вяселлі, каб аж падэшвы ў ботах паадставалі. Дайліда. // Тупнуць нагой, выказваючы свой гнеў, абурэнне. — Няпраўда. Н-няпраўда! — аж прытупнула нагой дзяўчынка. Савіцкі. Дырэктар быў не такі. Ён і накрычыць, калі трэба, і нагой прытупне. Але варта таму ж Апанасу ці каму-небудзь іншаму папасціся яму на вочы праз некалькі хвілін, як ён на ўсё забываў. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыту́хнуць 1, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

1. Зменшыцца, збавіць сваю сілу (пра агонь, святло і пад.); часткова, на некаторы час патухнуць. Кірыла кінуў у касцёр ламачча .. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў. Шамякін. На ўсходзе пасвятлела, зоркі на небе прытухлі. Гаўрылкін.

2. перан. Зменшыцца, страціць сваю вастрыню. Пачуцці прытухлі. □ Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала. Іменна праз Собіча да гэтага часу яшчэ не прытухла як след .. сварка [Марыны і Ермаліцкага]. Скрыган.

3. Спец. Аслабнуць, часткова або на некаторы час спыніцца. Радыёхвалі прытухлі.

прыту́хнуць 2, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.

Трохі сапсавацца, стухнуць (пра харчы, корм і пад.). Мяса прытухла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго-што.

1. Выклікаць раздражненне, дзейнічаючы якім‑н. раздражняльнікам. Раздражніць слізістую абалонку.

2. Давесці да стану нервовага ўзбуджэння; раззлаваць. [Дзед:] — Нечым не дагадзіў, сам не ведаю, як раздражніў.. [пчол]. Рылько. У двары [Мішка] прычапіўся да свайго трохгадовага сына, раздражніў яго, і той загарлапаніў на ўвесь падворак. Ракітны.

3. Разм. Выклікаць, распаліць (якое‑н. жаданне). Раздражніць апетыт. □ — Кубкам забеленага пойла, што яны ўвальюць табе ў страўнік праз гумавую кішку, не заспакояць, а нанава раздражняць прагу да ежы. Машара. // Заахвоціць, схіліць да чаго‑н. Сваёю зухаватасцю [мужчыны] раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Гартны.

4. Разм. Абвастрыць, растрывожыць. Раздражніць хваробу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́стань 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.

2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.

ро́стань 2, ‑і, ж.

Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.

•••

На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўна,

1. Прысл. да роўны (у 1–6 знач.).

2. у знач. вык. Пра адсутнасць няроўнасцей, упадзін, узгоркаў. Роўна, як на стале. Зімой у полі роўна і бела.

3. прысл. На адной лініі (вышыні, глыбіні і пад.); на адным узроўні. Калёсы былі загружаны роўна з поручнямі ўсялякай салдацкай амуніцыяй. Ставер. З фермы на поле, нагружаныя роўна з коньмі белымі мяхамі, паехалі дзве падводы. Пташнікаў.

4. у знач. часціцы. Дакладна, якраз. Перапынак. Роўна поўдзень. Паўгадзіны адпачні. А. Александровіч. Роўна праз дзве гадзіны сем хвілін лектар згарнуў паперы і ўзяўся за акуляры, не падымаючы вачэй на аўдыторыю. Кавалёў.

•••

Усё роўна гл. усё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)