Фармоза, востраў у Ціхім ак., каля ўсх. берагоў мацерыковага Кітая, ад якога аддзелены Тайваньскім пралівам. Выцягнуты з Пн на Пд на 394 км, шыр. да 140 км, пл. каля 36 тыс.км². Уздоўж усх. берага Тайваньскія горы (выш. да 3997 м), на Пн — група патухлых вулканаў, на З — прыбярэжная раўніна. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, гаручы газ, нафта, золата. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў студз. 15—20 °C, у ліп. 25—30 °C. Ападкаў на раўнінах 1500—2500 мм за год у гарах месцамі больш за 5000 мм. У жн. і верасні частыя тайфуны. Больш за 50% тэр. займаюць горныя лясы (больш за 3000 відаў, у т. л. больш за 1500 эндэмічных). У ніжняй ч. схілаў — вільготныя вечназялёныя лясы з панданусаў, пальмаў, бамбукаў, ліян; вышэй — шыракалістыя лістападныя і мяшаныя лясы з камфарнага лаўру, кіпарысу, елкі, піхты, дрэвападобных папарацяў, псеўдатсугі і інш. Вышэй 3300 м хмызнякі з рададэндрану і горныя лугі. Раўніны і нізіны асвоены. Пра насельніцтва і гаспадарку гл. ў арт.Тайвань (правінцыя Кітая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРХА́НАЎ (сапр.Масквін) Міхаіл Міхайлавіч
(19.9.1877, Масква — 18.8.1948),
расійскі акцёр, педагог, рэжысёр. Брат І.М.Масквіна. Нар.арт.СССР (1937). Д-р мастацтвазнаўства (1939). На сцэне з 1898 — акцёр правінцыяльных т-раў, у т. л. ў Мінску, Віцебску. З 1922 у Маскоўскім Маст.акад. т-ры. У 1942—48 маст. кіраўнік Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1939 праф.). Мастацтва Т. вызначалася багаццем камедыйна-сатыр. фарбаў, выразнасцю акцёрскіх прыёмаў пры тонкім пранікненні ў сутнасць вобраза. Сярод роляў: Градабоеў, Дзікой («Гарачае сэрца», «Навальніца» А.Астроўскага), Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Сямёнаў («У людзях» паводле М.Горкага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Фурначаў («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Лука («На дне» М.Горкага). Здымаўся ў кіно: «Навальніца», «Іудушка Галаўлёў», «Пётр I» і інш. З выпускнікоў яго курса ў ін-це тэатр. мастацтва створаны Брэсцкі абл.рус.драм.т-р (1940—41; падрыхтаваў з імі ў час вучобы спектаклі «Мяшчане» М.Горкага, «Любоў Яравая» К.Транёва і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТШЦІНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 15—11 ст. да н.э. насялялі тэр.ўсх. Польшчы, паўн. Украіны і паўд. Беларусі. Назва ад могільніка каля в. Тшцінец (Польшча). Насельніцтва жыло на паселішчах у зямлянках і наземных жытлах слупавой канструкцыі па берагах рэк і азёр. Асн. яго занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Вырабляла гаршкі, глыбокія міскі, кубкі, сіта- і вазападобныя пасудзіны, арнаментаваныя гарыз., дугападобнымі і касымі пракрэсленымі лініямі, ружанцавым, вусеневым і шнуравым арнаментам, а таксама бронз. кінжалы, бранзалеты, шпількі, падвескі. каменныя і крамянёвыя сякеры, наканечнікі стрэл, скрабкі і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на баку ў скурчаным становішчы ў курганных і грунтавых могільніках. Сляды Т.к. трапляюцца на стаянках Здзітаў, Камень, Хомск (Іванаўскі р-н), Востраў, Горнава, Грыўковічы, Сошна (Пінскі р-н), у бас. Нёмана. Каля в. Прылукі (Брэсцкі р-н) выяўлены тшцінецкі грунтавы могільнік з абрадам трупаспалення. У межах Бел. Палесся найб. канцэнтрацыя помнікаў у нізоўях Гарыні, на берагах Прыпяці, на Тураўшчыне.
М.М.Крывальцэвіч.
Да арт.Тшцінецкая культура. Гліняны посуд і прылады працы, выяўленыя пры даследаванні помнікаў гэтай культуры ў Прыпяцкім Палессі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
перыяд геал. гісторыі Зямлі, які вызначаецца сукупнасцю паслядоўнага развіцця буйных структур тэктанасферы і агульнагеал. падзей. Найб. праяўлены ў геасінкліналях, дзе цыкл пачынаецца з апусканняў зямной кары, намнажэння глыбакаводных асадкаў пры праяўленні падводнага вулканізму, прыводзіць да ўтварэння на іх месцы складкавых і складкава-глыбавых структур і заканчваецца гораўтварэннем (цыклы Шціле).
Т.ц. наз. таксама цыкл складкавасці, эпоха складкавасці або складкавасць. Вылучаюць яшчэ Т.ц. як этапы развіцця складкавых паясоў (цыклы Вілсана): кантынентальнага рыфтагенезу, раннюю, спелую, згасання, заключную і рэліктавую стадыі. На платформах на пач. цыкла кантынент. ўмовы змяняюцца трансгрэсіяй мора, потым рэгрэсіяй і ўстанаўленнем кантынент. рэжыму з утварэннем кор выветрывання. Вучэнне аб Т.ц. найб. распрацавана для позняга пратэразою і фанеразою (байкальская, каледонская, герцынская, кімерыйская, альпійская складкавасці або Т.ц., гл. адпаведныя арт.). Сярэдняя працягласць Т.ц. 150—200 млн.г. Іх аб’ядноўваюць у вял. мегацыклы (каля 550 млн.г.). У дакембрыі вылучаецца не менш за 4 мегацыклы, фанеразой ахоплівае 1 мегацыкл. Уяўленні пра Т.ц. выкарыстоўваюць пры складанні тэктанічных і металагенічных карт вял. тэрыторый (Еўропы, Еўразіі, Свету). Блізкія паняцці да Т.ц. — тэктона-магматычны цыкл, арагенічны цыкл, эпоха тэктанічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭСІ́Н (Tessin),
шведскія архітэктары, бацька і сын; вядучыя прадстаўнікі швед. класіцызму. Нікадэмус Т. Старэйшы (7.12.1615, г. Штральзунд, Германія — 24.5.1681). Па паходжанні фламандзец. З 1639 у Швецыі, з 1649 прыдворны архітэктар. Вучыўся ў арх. Ж. дэ ла Вале. Вандраваў па Францыі і Італіі. Пабудаваў замак Мельсакер у Сёдэрманландзе (каля 1660); палац Дротнінгхольм каля Стакгольма (з 1662), які капіраваў тып каралеўскага палаца ў Версалі; ратушу ў Гётэбаргу (1669); паводле яго праекта ўзведзены сабор у Кальмары (1660—80). Нікадэмус Т. Малодшы (23.5.1654, г. Нючэпінг, Швецыя — 10.4.1728), сын Нікадэмуса Т. Старэйшага. Вучыўся ў бацькі. У 1673—78 у Італіі, зазнаў уплыў Л.Берніні і Д.Фантаны. У творчасці спалучаў пышнасць барока з выкарыстаннем прыёмаў класіцызму 17 ст., у т. л. паладыянства. Будаваў палацы (каралеўскі ў Стакгольме, з 1697), загарадныя палацава-паркавыя комплексы (з 1681 дабудоўваў пачаты бацькам палац Дротнінгхольм). Сярод інш. работ: цэрквы ў Кунгсёрэ (1689) і Карлскруне (1697), гал. дом маёнтка Гюленшэрны ў Стэнінгу (1694—98). Аўтар праекта рэканструкцыі цэнтра Стакгольма (ажыццёўлены часткова).
Да арт.Тэсін. Нікадэмус Тэсін Малодшы. Галоўны дом маёнтка Гюленшэрны ў Стэнінгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У ДАПАМО́ГУ ПЕДАГО́ГУ»,
серыя навукова-метадычных часопісаў для настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Засн. ў 1995 у Мінску рэдакцыяй час. «Адукацыя і выхаванне», якая была і выдаўцом. З 2001 выходзіць у выд-ве «Адукацыя і выхаванне». У серыі 22 час., якія выдаюцца на бел. і рус. мовах, у час. «Замежныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь» друкуюцца арт. яшчэ і на англ., ням., франц., ісп. і інш. мовах. Часопісы «Біялогія: праблемы выкладання», «Геаграфія: праблемы выкладання», «Мастацкая адукацыя і культура», «Матэматыка: праблемы выкладання», «Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання», «Псіхалогія», «Тэхналагічная адукацыя», «Фізічная культура і здароўе», «Чалавек. Грамадства. Свет» і інш. выходзяць штоквартальна; «Беларуская мова і літаратура», «Гісторыя: праблемы выкладання», «Дэфекталогія», «Кіраванне ў адукацыі», «Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячыя сад, школа», «Праблемы выхавання», «Сацыяльна-педагагічная работа», «Фізіка: праблемы выкладання», «Хімія: праблемы выкладання» — 1 раз у 2 месяцы; «Здаровы лад жыцця», «Русский язык и литература», «Пазашкольнае выхаванне» — штомесяц. У час. друкуюцца матэрыялы па праблемах навучання, выхавання, укаранення новых пед. тэхналогій, а таксама нарматыўна-метадычныя і дыдактычныя матэрыялы ў сувязі з рэфармаваннем сістэмы адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГАРЫ́ЦКАЕ ПІСЬМО́,
квазіалфавітнае клінапіснае кансанантнае пісьмо, якое ўжывалася ў 15—14 ст. да н.э. для запісу тэкстаў на гліняных таблічках. Гэтыя таблічкі з’яўляюцца адзінай крыніцай вывучэння угарыцкай мовы — адной з семіцкіх моў, што была пашырана ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на тэр. Угарыцкага царства (гл.Угарыт). Вядомы таксама угарыцкія надпісы на хурыцкай і акадскай мовах. Мяркуюць, што У.п. развілося са складовага клінападобнага лінейнага пісьма (не захавалася). Існуе гіпотэза, што першапачаткова знакі У.п. абазначалі спалучэнні пэўнага зычнага з любым галосным, а пазней — толькі зычныя. Для аблягчэння чытання У.п. выкарыстоўвала словараздзяляльнікі (вертыкальныя кліны), а не пазней 14 ст. да н.э. ва У.п., як і ў інш. відах зах.-семіцкага пісьма, пачалі выкарыстоўваць matres lectionis (літаральна — мацеркі чытання) — адмысловыя знакі некат. зычных, якія ўжываліся для абазначэння галосных.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Шифман И.Ш. Возникновение знаний о языке у финикиян // История лингвистических учений: Древний мир. Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКІЁ-Э (літар. — вобразы паўсядзённага свету),
кірунак у яп. жывапісе і графіцы перыяду Эдо (1614—1868), прадстаўнікі якога адлюстроўвалі жыццё гар. насельніцтва. Творы мастакоў У. адлюстроўваюць быт. сюжэты з жыцця гараджан, тэатр. афішы, сцэны спектакляў т-ра Кабукі, партрэты акцёраў, пейзажы, сцэны легенд. Вядучыя жанры — «бідзін-га», або выявы прыгажунь (у жывапісе і графіцы), і «якуся-э», або выявы акцёраў (у графіцы). У жывапісе дакладнасць знешняй характарыстыкі персанажаў спалучалася з рысамі ўмоўнай дэкаратыўнасці — залатымі плоскаснымі фонамі, колеравай насычанасцю каларыту і г.д. У 1680—1760-я г. ксілаграфіям У.-э., якія выконваліся спачатку з падфарбоўкай ад рукі, а пасля з выкарыстаннем тэхнікі паліхромнага друку, уласціва ўвасабленне жаночай прыгажосці (Х.Маранобу і інш.). У сярэдзіне 1760—1800 пашырыліся выразныя магчымасці гравюры. У.-э. вобразы прыгажунь сталі больш вытанчаныя і адначасова дакладныя (С.Харунобу), у партрэтах К.Утамара набылі характар нац. ідэала жаночай прыгажосці. Вял. эмацыянальнасцю і вострай характарнасцю вылучаюцца вобразы акцёраў у творчасці Ц.Сяраку. У апошні перыяд (1800—68) У.-э. дасягнуў росквіту пейзажны жанр у творчасці К.Хакусай і А.Хірасіге.
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю пры Кіеўскім рус.драм. т-ры імя Л.Украінкі (1948). Працаваў у т-рах Расіі, Латвіі. Ў 1950—60 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1961 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова выкладаў у Бел.АМ (з 1969), Бел. ун-це культуры (з 1975). Яго творчая індывідуальнасць адметная сцэн. тэмпераментам, майстэрствам стварэння выразнага пластычнага малюнка, раскрыцця тонкіх душэўных зрухаў героя. Сярод роляў: у т-ры імя Я.Коласа — Лабановіч («Навальніца будзе» паводле Я.Купалы), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Рабцаў («Ворагі» М.Горкага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Збышак («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай) і інш.; у т-ры імя Я.Купалы — Дзед, Крандзялёў («Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Аскольд, Патанін («Выклік багам», «Начное дзяжурства» А.Дзялендзіка), Інквізітар («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Гарадулін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Неджмі («Дзівак» Назыма Хікмета), Саша Машкоў («Традыцыйны збор» В.Розава), Вангель («Жанчына з мора» Г.Ібсена) і інш.