ТАЙВА́НЬ.

Фармоза, востраў у Ціхім ак., каля ўсх. берагоў мацерыковага Кітая, ад якога аддзелены Тайваньскім пралівам. Выцягнуты з Пн на Пд на 394 км, шыр. да 140 км, пл. каля 36 тыс. км². Уздоўж усх. берага Тайваньскія горы (выш. да 3997 м), на Пн — група патухлых вулканаў, на З — прыбярэжная раўніна. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, гаручы газ, нафта, золата. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў студз. 15—20 °C, у ліп. 25—30 °C. Ападкаў на раўнінах 1500—2500 мм за год у гарах месцамі больш за 5000 мм. У жн. і верасні частыя тайфуны. Больш за 50% тэр. займаюць горныя лясы (больш за 3000 відаў, у т. л. больш за 1500 эндэмічных). У ніжняй ч. схілаў — вільготныя вечназялёныя лясы з панданусаў, пальмаў, бамбукаў, ліян; вышэй — шыракалістыя лістападныя і мяшаныя лясы з камфарнага лаўру, кіпарысу, елкі, піхты, дрэвападобных папарацяў, псеўдатсугі і інш. Вышэй 3300 м хмызнякі з рададэндрану і горныя лугі. Раўніны і нізіны асвоены. Пра насельніцтва і гаспадарку гл. ў арт. Тайвань (правінцыя Кітая).

т. 15, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)