агульная назва асобнай групы плямён індаеўрапейскай сям’і, якія ў 2-м тыс. да н.э. засялялі паўн.-ўсх. частку Балканскага п-ва і ПнЗ М.Азіі (бесы, геты, дакі, меды, одрысы і інш.). Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй (пераважна конегадоўляй), апрацоўкай металаў, вытворчасцю керамікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. ўсталявалі сувязі з грэч. калоніямі (Абдэра, Візантый і інш.) і з Баспорам. У канцы 6 ст. да н.э. падпарадкаваны Дарыем I Вялікім. Пасля разгрому персаў сталі незалежнымі. Напярэдадні Пелапанескай вайныцар одрысаў Сіталк аб’яднаў большасць фракійскіх плямён. У 342 да н.э.паўд.-фракійскія плямёны заваяваны македонскім царом Філіпам II. З 323 да н.э. пад уладай аднаго з дыядохаў Лісімаха, пасля смерці якога (281 да н.э.) дамагліся незалежнасці. З канца 3 ст. да н.э. ўзбярэжжа Фракіі знаходзілася пад уладай Пталамеяў, потым Македоніі, з-пад уплыву якой Ф. выйшлі ў 168 да н.э. У пач. 1 ст. да н.э. ўвайшлі ў саюз з Мітрыдатам VI Еўпатарам, а пасля яго смерці трапілі пад уплыў рымлян. У 2-й пал. 1 ст. да н.э. ўзніклі буйныя аб’яднанні паўн.-фракійскіх плямён гетаў і дакаў. З 1 ст.н.э.тэр. Ф. у складзе Рым. імперыі, у часы праўлення дынастый Юліяў—Клаўдзіяў ператворана ў рым. правінцыю Фракія. У эпоху Вялікага перасялення народаў Ф. змяшаліся з інш. плямёнамі і сталі састаўной часткай пры фарміраванні сучасных народаў (балгар, румынаў і інш.) і пакінулі след у слав. і раманскіх мовах.
Літ.:
Данов Х.М. Древна Тракия. София. 1968: Древние фракийцы в Северном Причерноморье. М., 1969;
Златковская Т.Д. Возникновение государства у фракийцев VII—V вв. до н.э.М., 1971;
Никулицэ И.Т. Северные фракийцы в VI—I вв. до н.э. Кишинев, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВАРЦ Яўген Львовіч (21.10.1896, г. Казань, Татарстан — 15.1.1958),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1914—16). Друкаваўся з 1923. У п’есах «Голы кароль» (нап. 1934, апубл. і паст. 1960), «Чырвоная шапачка» (паст. 1937), «Снежная каралева» (паст. 1939) і інш. на сюжэты нар. казак, казак Х.К.Андэрсена створаны ўласныя жывыя і арыгінальныя характары. П’есы «Цень» (паст. 1940), «Дракон» (паст. 1962) пра механізм панавання і падпарадкавання ў таталітарным грамадстве. П’еса-прытча «Звычайны цуд» (паст. 1956; кінафільм 1965, тэлефільм 1978) пра сілу дабра і веры чалавека. Аўтар аповесцей для дзяцей «Прыгоды Шуры і Марусі», «Чужая дзяўчынка» (абедзве 1937), «Першакласніца» (1949), вершаў, апавяданняў для дзяцей, дзённікаў, успамінаў, сцэнарыяў фільмаў «Папялушка» (1947), «Дон Кіхот» (1957). Яго творам уласцівы едкая іронія, эксцэнтрычны жарт, філас. сатыра і элементы лірызму. П’есы Ш. ставілі т-ры Беларусі: «Чырвоная шапачка» — Дзярж.т-р лялек (1940, 1986), Бел.рэсп.т-р юнага гледача (1963, 1967), Магілёўскі абл.драм.т-р (1972); «Снежная каралева» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1950), Дзярж.рус.драм.т-р (1966), Бел.т-р імя Я.Коласа (1977), Бел.т-р імя Я.Купалы (1978); «Два клёны» — Брэсцкі абл.драм.т-р (1960), т-р імя Я.Коласа (1963), Бел.т-р юнага гледача (1968), Магілёўскі абл.драм.т-р (1978); «Беласнежка і сем гномаў», «Цар-вадакрут» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1963, 1965); «Хрусталёвы чаравічак» — рус.драм.т-р (1977); «Голы кароль» — Гродзенскі абл.драм.т-р (1979), Бел.т-р юнага гледача (1996); «Папялушка» — Бел.т-р «Лялька» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
выраб літых загатовак або дэталей (фасонных адлівак) спосабам запаўнення расплаўленым металам (сплавам) ліцейных форм; адна з асн. галін металургіі і машынабудавання. Уключае: прыгатаванне фармовачных сумесей і стрыжнёвых сумесей, выраб ліцейных мадэлей, форм і стрыжняў, плаўку металу і заліўку яго ў формы, выдаленне зацвярдзелых адлівак, іх ачыстку і абрубку. Рознымі спосабамі ліцця вырабляецца большасць прадукцыі машынабудавання з сталі, чыгуну і каляровых сплаваў.
Ліцейныя стрыжні і формы робяць на стрыжнёвых і фармовачных машынах, на паточных або аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш. Зборка ліцейных форм (устаноўка стрыжняў, літніковай сістэмы, злучэнне верхніх і ніжніх апок) робіцца ўзгоднена з плаўленнем металу ў вагранках, полымных печах, дугавых і індукцыйных электрапечах і інш. Пасля заліўкі і зацвярдзення металу адліўкі (а таксама стрыжні з поласцей адлівак) выбіваюць, вызваляюць ад літніковай сістэмы, ачышчаюць ад прыгарэлых фармовачных сумесей і перадаюць на фарбаванне або тэрмічную апрацоўку (для паляпшэння мех. уласцівасцей). Для ачысткі адлівак выкарыстоўваюцца шротакідальныя, шротаструменныя, пескагідраўлічныя, электрахім. і электрагідраўлічныя ўстаноўкі, спец. прэсы і інш. Л. в. аснашчаецца ліцейнымі аўтаматамі, канвеерамі, аўтам. лініямі, электроннымі прыладамі і сістэмамі кіравання.
Вытв-сць літых вырабаў вядома з глыбокай старажытнасці. Прадметы рэліг. культу, хатняга ўжытку, зброю пачалі выплаўляць (пераважна з бронзы) у 4—3-м тыс. да н. э. ў краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі, на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н. э. ў Еўропе (гл.Бронзавы век). У 13—14 ст. адлітымі вырабамі славіліся Візантыя, Венецыя, Генуя, Фларэнцыя. У 12—13 ст. складаныя адліўкі выраблялі кіеўскія ліцейшчыкі. У рус. дзяржаве ў 14—15 ст. адлівалі бронзавыя і чыгунныя гарматы, ядры і званы, у 1479 у Маскве пабудаваны першы ліцейны з-д. Майстар-ліцейшчык А.Чохаў адліў шэраг буйных гармат, у т. л. «Цар-пушку» (у 1586, каля 40 т). У 1735 адліты «Цар-звон» (больш за 200 т). У 1873 зроблена адна з самых вял. адлівак у свеце — шабот (ніжняя ч.) паравога молата (650 т). Адліваліся помнікі, скульптурныя групы і інш. У распрацоўку тэарэт. асноў Л. в. ўклад зрабілі вучоныя П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, М.С.Курнакоў, А.В.І.Вейнік, П.П.Берг, А.М.Ляс і інш.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачалася ў 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. З 14 ст. адлівалі бронзавыя гарматы, алавяныя і бронзавыя ядры. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — Баранская кульня (майстэрня па выплаўцы куль і ядраў). Ў 16—18 ст. невял. людвісарні — «дзелалейні» існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Быхаве, Магілёве, Друі, Віцебску, Полацку і інш. гарадах, якія адлівалі гарматы для сваёй абароны. Захаваліся імёны некаторых ліцейшчыкаў-людвісараў: запрошаны ням. майстар Г.Мольтцфельд, мясц. майстры Сцяпан і Пятро ў Нясвіжы (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусаў у Быхаве (2-я пал. 16 ст.), быхаўскія майстры Юрка і Мікалай, якія рабілі разавыя адліўкі ў Магілёве (сярэдзіна 17 ст.). У 18 ст.артыл. гарматы адлівалі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. У 1768 А.Тызенгаўзам пабудавана Маларыцкая металургічная мануфактура. Пазней дзейнічалі Вішнеўскі і Барысаўшчынскі металургічныя, Старынкаўскі чыгуналіцейны з-ды (гл. адпаведныя арт.), Налібоцкі металургічны камбінат, Досаўская медзеплавільная мануфактура. У 1990-я г. працуюць: Беларускі (у Жлобіне) і Магілёўскі металургічныя з-ды (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», высокаразвітая Л.в. на трактарным, аўтамабільным, маторным, падшыпнікавым, станкабудаўнічых, с.-г. машынабудавання і інш. з-дах. Над удасканаленнем тэхналогіі Л.в. і распрацоўкай ліцейнага абсталявання працуюць ліцейнай вытворчасці Беларускі навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут, Фізіка-тэхн.ін-т, Ін-т тэхналогіі металаў (г. Магілёў) Нац.АН Беларусі, кафедры Л.в. Бел.політэхн. акадэміі і Гомельскага тэхн. ун-та і інш.
Д.М.Кукуй, У.М.Сацута.
Да арт.Ліцейная вытворчасць. А — чарвячная машына для ліцця пад ціскам палімерных матэрыялаў: 1 — ліцейная форма; 2 — выраб; 3 — цыліндр з расплаўленым матэрыялам і абагравальнікамі; 4 — прывод чарвяка. Б — атрыманне адліўкі цэнтрабежным ліццём на машыне з вертыкальнай воссю: 1, 2 — ніжняя і верхняя паўформы; 3 — літніковая сістэма; 4 — стрыжань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],
форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.
Літ.:
Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;
Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;
Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́МЕЛЬ Ян (1780, г. Елгава, Латвія — 30.8.1840),
бел. жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі ун-т (1809) і выкладаў у ім (1809—20). У 1820—22 па лжывым абвінавачванні ў крымінальным злачынстве сасланы ў Сібір. З 1822 жыў у Мінску. Творчасць Д. сфарміравалася пад уплывам класіцызму. Майстар гіст. жанру: «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» (абедзве 1820-я г.), «Хрышчэнне славян», «Чарнецкі пераплывае Піліцу», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т.Касцюшкі з цямніцы» (1830-я г.), «Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.», «Разбітыя войскі Напалеона на плошчы ратушы ў Вільні» і інш. Імкнуўся дакладна аднавіць рэальную карціну падзей. У 1820 выканаў эскізы і малюнкі на тэмы вайны 1812, у 1821—22 — шматлікія (некалькі альбомаў) малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры, партрэты («Група татар», «Партрэт Томаса дэ Берваля» і інш. з «Дзённіка падарожжа ў Сібір»), пейзажы («Захад сонца ў Табольску»), размалёўкі Евангелісцкага касцёла ў Табольску і касцёла бернардзінцаў у Томску. Аўтар жывапісных твораў на рэліг. сюжэты (сярэдзіна 1820-х — 1830-я г.): «Святая дзева з дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну», «Маленне аб чашы», «Спакушэнне Хрыста», «Агар у пустыні». Напісаў партрэты кн. Д.Радзівіла, графаў І.Храптовіча і К.Тышкевіча, рэктара Віленскага ун-та Ш.Малеўскага, ксяндза Ф.Галанскага, «М.Равіч з сынам», «А.Горват з жонкай», «Валатковіч з жонкай», дзярж. дзеячаў М.Спяранскага, С.Строганава, Е.Кабылінскага і інш. Партрэтам уласціва тонкая псіхал. характарыстыка, некаторыя (аўтапартрэт, партрэт праф. Я.Рустэма) маюць рысы рамантызму. Аўтар пейзажаў Мінска і яго ваколіц («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в.Мн., 1974.
Я.Дамель. Аўтапартрэт.Я.Дамель. Партрэт І.Л.Храптовіча (копія карціны мастака І.Грасі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГЕНДА́РНЫЯ КА́ЗКІ,
пераходны жанр ад рэліг.легенды да казкі, у якіх фантастыка звязана з вобразамі Бога, Хрыста, святых, анёлаў, чарцей і падпарадкавана пераважна асэнсаванню сац.быт. адносін ці супярэчнасцей; від казачнага эпасу. Частка ўзыходзіць да некананічных твораў хрысціянскай л-ры на тэмы Старога і Новага запаветаў, напр., казкі «Цар Саламон (салдат, каваль) ратуецца з пекла», «Чорт у Ноевым каўчэгу» і інш. У бел. рэпертуары каля 500 сюжэтаў Л.к., ва ўкраінскім — 196, у рускім — 56. Найб. папулярныя бел. сюжэты «Хто з’еў просвірку» (11 бел., 22 укр., 10 рус.апубл. тэкстаў), «Несцерка, або залатое стрэмечка» (12 бел. і рус., 9 укр.апубл. тэкстаў), «Праведнік у царкве» (12 бел., 10 укр., 5 рус.апубл. тэкстаў) і інш. Грані паміж Л.к. і казкамі інш. жанраў часта ледзь улоўныя. Бел. Л.к. цесна звязаны з чарадзейнымі казкамі і бытавымі. Большасць з іх накіравана супраць рэліг. міфаў і догмаў. Бог у іх падаецца як несправядлівы і жорсткі, святыя — амбітныя, зайздросныя, ілжывыя, помслівыя; ім проціпастаўляюцца справядлівыя людзі.
Нярэдка ў адпаведнасці з нар. светапоглядам святыя гаспадарлівыя, праніклівыя, дзейнічаюць на карысць працаўніка-селяніна. Так, у казцы са зб. У.Дабравольскага «Суддзя праведны» герой выкрывае несправядлівасць Бога і святых, якія абараняюць багатых. Сумненні героя ў праведнасці Бога і бескарыслівасці святых пераходзяць у іронію над царк. вучэннем і пратэст супраць грамадскай несправядлівасці. Напр., у казцы «П’яніца» просты п’яніца высмейвае ашуканства святых Пятра, Паўла, Іаана-евангеліста і г.д. У сатырычных Л.к. высмейваюцца біблейскія міфы аб стварэнні Богам зямлі, чалавека, жывёл, нярэдка ў іх сатырычна абмаляваны і святары. Л.к. адлюстравалі супярэчнасці ў светапоглядзе сялян, у іх разуменні Бога і святых, свяшчэннага пісання.
Публ.:
Чарадаейныя казкі. Ч. 2. Мн., 1978;
Легенды і паданні. Мн., 1983.
Літ.:
Малорусские народные предания и рассказы: Свод М.Драгоманова. Киев, 1876;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;
Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979. С. 185—217.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННІКАЎ Канстанцін Мікалаевіч (30.5.1896, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 12.7.1965),
бел. рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1949). Праф. (1960). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1916. З 1918 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі. Адзін з заснавальнікаў БДТ (1920). З 1926 акцёр і рэжысёр БДТ-2. У 1929 паставіў першы самастойны спектакль «Маёмасць» паводле аповесці Г.Караваевай «Двор». У 1931—37 маст. кіраўнік БДТ-3, у 1937—61 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (у 1948—52 гал.рэж.). З 1947 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це.
Яго спектаклям уласцівы грамадз. пазіцыя, вострае адчуванне сучаснасці, тонкае разуменне бел.нар. побыту і гумару, рамант. афарбоўка, паэтычнасць, выразнасць сцэнічнага малюнка. Зрабіў значны ўплыў на станаўленне бел. драматургаў К.Крапівы, А.Макаёнка, К.Губарэвіча, Э.Самуйлёнка, А.Маўзона і інш. Сярод роляў: Аляксей («Рысь» паводле аповесці Э.Ажэшкі «У зімовы вечар»), Васька Попел («На дне» М.Горкага), Максімілян («Цар Максімілян», нар. драма), Аберон («Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), князь Капуста («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча) і інш. Сярод пастановак; «Мой сябар» М.Пагодзіна (1932), «Сяржант Дроб» і «Пагібель воўка» Самуйлёнка (1935, 1939), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1937), «Партызаны» (1938, з Л.Рахленкам), «Пяюць жаваранкі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Людзі і д’яблы» (1958) К.Крапівы, «Хлопец з нашага горада» (1941) К.Сіманава, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Цытадэль славы» і «На крутым павароце» Губарэвіча (1949, 1956), «Выбачайце, калі ласка!» Макаёнка (1954), «Смерць ваяводы» Ю.Славацкага (1959), «Любоў, Надзея, Вера» П.Васілеўскага (1961) і інш. Сярод вучняў Г.Аўсяннікаў, Л.Давідовіч, Г.Дубаў, М.Захарэвіч і інш.
Літ.:
Кандрашына К.М. Канстанцін Саннікаў. Мн., 1981;
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.
У.І.Няфёд.
К.М.Саннікаў.К.Саннікаў у ролі князя Капусты (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІ Ігар Фёдаравіч (17.6.1882, г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. — 6.4.1971),
расійскі кампазітар, дырыжор, адзін з буйнейшых кампазітараў 20 ст. Сын Ф.І.Стравінскага. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1900—05). Вучань М.Рымскага-Корсакава. З 1914 за мяжой (Швейцарыя, Францыя, з 1939 ЗША). Для С. характэрны яскравы талент, нац. творчае мысленне, наватарства ў сістэмнай арганізацыі муз. матэрыялу. У сваёй творчай эвалюцыі пераходзіў ад захаплення рус. тэматыкай і муз. фальклорам, стварэння музыкі на аснове стылізацыі розных муз. з’яў мінулага да неакласіцызму. Аддаўшы даніну амаль усім плыням сучаснага муз. мастацтва, розным маст. сістэмам, стварыў уласны стыль, які выяўляецца ў формаўтварэнні, тэматызме, метрарытміцы, інструментоўцы і інш. Сярод твораў: оперы «Салавей» (паст. 1914), «Маўра» (паст. 1922), «Прыгоды гулякі» (паст. 1951), опера-араторыя «Цар Эдып» (паст. 1927; 2-я рэд. 1948); балеты і харэагр. сцэны, у т. л. «Жар-птушка» (паст. 1910), «Пятрушка» (паст. 1911), «Вясна свяшчэнная» (паст. 1913), «Гісторыя салдата» (паст. 1918), «Пульчынела» (паст. 1920), «Байка пра Лісу, Пеўня, Ката ды Барана» (паст. 1922), «Вяселейка» (паст. 1923), «Апалон Мусагет» і «Пацалунак феі» (абодва паст. 1928), «Гульня ў карты» (паст. 1937), «Арфей» (паст. 1948), «Агон» (паст. 1957); Сімфонія псалмоў для хору і арк. (1930), 3 сімфоніі (1907, 1940, 1945); творы для камернага арк., асобных інструментаў з арк., камерна-інстр., для голасу з суправаджэннем і інш. На сцэне Нац.акад.т-ра балета Беларусі паст. балеты «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997), «Жарптушка» (1998), «Пацалунак феі» (1999).
Літ. тв.: Рус.пер. — Хроника моей жизни. Л., 1963; Диалоги. Воспоминания. Размышления. Комментарии. Л., 1971; Статьи и материалы. М., 1973; И.Стравинский — публицист и собеседник. М., 1988.
Літ.:
Смирнов В. Творческое формирование И.Ф.Стравинского. Л., 1970;
Асафьев Б.В. Книга о Стравинском. Л., 1977;
Стравинская К.Ю. О И.Ф.Стравинском и его близких. Л., 1978;
Друскин М. Игорь Стравинский: Личность, творчество, взгляды. 3 изд. Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ГАНАВЫ,
расійскія купцы і прамыслоўцы, буйныя землеўладальнікі, дзярж. дзеячы і мецэнаты 16 — пач. 20 ст. З паморскіх сялян. У 1515 Анікей Фёдаравіч С. (1497—1570) засн. на р. Вычэгда саляны промысел. У 1558 царІван IV падараваў яму і яго нашчадкам землі па рэках Кама і Чусавая. Пазней С. захапілі і асвоілі новыя тэр. на Урале і ў Сібіры, дзе будавалі гарады і крэпасці, развівалі земляробства, солеварэнне і інш. промыслы. Унукі Анікея Максім Якаўлевіч (?—1620-я г.) і Мікіта Рыгоравіч (?—1620) спрыялі паходу ў Сібір у 1581—82 Ермака (гл.Ярмак), у 1610 атрымалі званне «імянітых людзей». У 1680-я г. ўсе ўладанні С. аб’яднаў Рыгор Дзмітрыевіч С. (1656—1715), які значна дапамог дзяржаве ў час Паўночнай вайны 1700—21, за што яго сыны Аляксандр, Мікалай і Сяргей атрымалі ад Пятра I тытул баронаў (1722) і ўвайшлі ў склад рас. арыстакратыі. Сярод іх нашчадкаў найб. вядомыя: Аляксандр Сяргеевіч С. (1733—1811), граф «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1761), рас. граф (1798), прэзідэнт Акадэміі мастацтваў, чл.Дзярж. савета; яго сын граф Павел Аляксандравіч С. (1772—1817), таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў (1802—07); Сяргей Рыгоравіч С. (1794—1882), граф (1817), папячыцель (кіраўнік) Маскоўскай навуч. акругі (1835—47), маскоўскі ген.-губернатар (1859—60), старшыня Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1837—74), заснавальнік Строганаўскага маст. вучылішча (1825, цяпер Маскоўскі маст.-прамысл.ін-т); Рыгор Аляксандравіч С. (1770—1857), граф (1826), рас. пасланнік у Швецыі (1812—16) і Турцыі (1816—21); Аляксандр Рыгоравіч С. (1795—1891), граф, чарнігаўскі, палтаўскі і харкаўскі ген.-губернатар (1836—38), міністр унутр. спраў (1839—41). Многія са С. цікавіліся мастацтвам, л-рай, гісторыяй, археалогіяй, былі ўладальнікамі багатых бібліятэк і маст. калекцый. З іх прозвішчам звязана назва Строганаўскай школы 16 — пач. 17 ст.