АНАМІ́Я

(ад франц. anomie адсутнасць закону),

стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЭФЕКТЫ́ЎНАСЦЬ выпрамяненняў,

паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РКА,

1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).

2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.

М.Ф.Раманюк.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Балонкі ’перапонкі на нагах вадаплаўных птушак’ (Інстр. II). Гэта слова адносіцца да прасл. bólna, bolnь, якое мела шмат значэнняў: ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána, славен. blána і г. д.). Слав. слова лічыцца ідэнтычным па паходжанню з прасл. bolna і г. д. ’паляна, луг’ (гл. бало́на2) і з’яўляецца роднасным з літ. bálnas ’белы’, грэч. φολίς луска’. Бернекер, 69; Фасмер, 1, 189; Траўтман, 25; Слаўскі, 1, 37. Параўн. блонка. Гл. яшчэ абалонка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гумно́ ’гумно’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Шатал.). Гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні. Слова, вядомае ва ўсіх слав. мовах. Параўн. рус. гумно, укр. гумно, польск. gumno, чэш. humno, балг. гумно, серб.-харв. гумно, ст.-слав. гоумьно. Прасл. *gumьno. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Пагодзіна: *gumьno з’яўляецца старым складаным словам: *gu‑ (звязана этымалагічна з *govędo) і *mьn‑ (апошняе, напр., у дзеяслове *męti ’мяць’). Першапачатковае значэнне ’месца, дзе жывёла топча хлеб’. Гл. Фасмер, 1, 474; Бернекер, 1, 362; Трубачоў, Эт. сл., 7, 173–175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́лата ’долата’ (БРС). Рус. долото́, укр. долото́, чэш. dláto, польск. dłuto, балг. длато́. Зыходным для гэтых форм з’яўляецца прасл. *dolbto (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 60), якое лічыцца больш старым, чым *delbto (балг. длето́, серб.-харв. дле́то, чэш. dletko; гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 205). Параўн. ст.-прус. dalptan ’прабойнік’. Утварэнне з суфіксам *‑to ад асновы *dolb‑, якая мае іменны вакалізм ‑o‑. Формы тыпу *delb‑ лічацца другаснымі. У аснове ляжыць *delb‑: *dьlb‑: *dolb‑ ’дзяўбці’. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 526; Траўтман, 54; Бернекер, 1, 183.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катава́сія ’катавасія, беспарадак, шум, гоман і да т. п.’ (ТСБМ, БРС). Рус. катава́сия, укр. катава́сія, балг. катавасия, серб.-харв. катавасіја. Спачатку гэта слова мела значэнне ’царкоўны спеў, што выконваўся абодвума клірасамі, якія сходзіліся на сярэдзіне царквы’. Потым, пераносна, яго пачалі ўжываць для абазначэння шуму, гоману і да т. п. Звычайна лічыцца запазычаннем са с.-грэч. καταβάσιον ’hymnus ecclesiasticus’. Так у Фасмера, 1, 209; Праабражэнскага, 1, 301 і інш. Шанскі (2, К, 89) удакладняе, што для слова катавасія з яго семантыкай трэба ўлічваць і грэч. форму καταβασία ’сашэсце’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́тэдра ’кафедральная царква; прапаведніцкі амбон, кафедра’ (Нас.). У ст.-бел. мове адзначаецца на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Лічыцца, што непасрэднай крыніцай бел. слова з’яўляецца польск. katedra. Апошняе ўзята з лац. cathedra; першакрыніцай, бясспрэчна, трэба разглядаць грэч. καθέδρα ’сядзенне, крэсла’, яно вядома ў многіх еўрапейскіх мовах (параўн. у слав.: чэш., славац. katedra, укр. дыял. кате́дра, балг. кате́дра, серб.-харв. ка̀тедра і інш.). Таксама запазычана ў некаторых зах.-еўрап. мовах (напр., ням. Katheder). Гл. яшчэ ка́федра. Слаўскі, 2, 102; Кюнэ, Poln., 63; Клюге, 357.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кло́мля ’рыбацкая снасць, лавушка з адкрытым заходам’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. I, Сл. паўн.-зах., Крыв., Сцяшк., Нар. лекс., Сцяц.). Укр. кімля, климля, кломля, рус. (зах.) кломля ’тс’, серб.-харв. кло̏ња ’пастка для птушак’, славен. klȏnja ’тс’, польск. kłomia, kłonia ’тс’, славац. kloňa ’кошык для квахтухі’. Пералічаныя паралелі можна аб’яднаць у адзін архетып klomьnja, які лічыцца роднасным з гоц. hlamma ’пастка’ (Махэк₁, 206). Бернекер (1, 522) звязвае гэту групу слоў з прасл. kloniti, што неверагодна як з фанетычнага боку (дублет польск. kłomia/kłonia), так і з семантычнага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клы́паць ’марудна ісці, накульгваючы, перавальваючыся з нагі на нагу’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом., ТС, Др.-Падб., Нік. Посл., Сцяшк., Бір., Юрч., КЭС, лаг.). Лічыцца балтызмам. Рус. клыпаць ’тс’. Параўн. літ. klỹpti ’кульгаць’ (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 54 з літаратурай). Але, як адзначыў Трубачоў (Эт. сл., 10, 81–82), наяўнасць серб.-харв. кли̏пати(се) ’цяжка ісці, калываючыся ад стомы’, якое можна разглядаць як адпаведнік бел. клыпаць, укр. клипати, пярэчыць версіі аб балтыйскім паходжанні апошніх слоў і робіць верагоднай гіпотэзу аб прасл. klypati, якое адпавядае літ. klū́poti ’стаяць на каленях’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)