узвы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.

Разм. Нечакана завыць, пачаць выць (пра жывёл). / Пра плач, крык чалавека. [Малады чалавек] адпіхнуў Косцю набок. — Я цябе зараз!.. — узвыў Шмыг, узняў угору кулак. Мыслівец. / Пра вецер, матор і пад. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў. Узвыў рухавік, і серабрысты знішчальнік камандзіра палка памчаўся на старт і з ходу пайшоў на ўзлёт. Алешка. // перан. Прыйсці ў стан адчаю, жаху. У павеце падпалена некалькі памешчыцкіх маёнткаў і асадніцкіх фальваркаў .. Памешчыкі .. узвылі. Дамагаліся ад стар[а]сты паслаць усе сілы, якія ёсць, на ратаванне маёнткаў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухо́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Пазбавіць жыцця, забіць; загубіць. [Шура:] Зараз [Коля Дзееў] будзе тут. Тол нёс... Ахова за ім гналася. Ён аднаго ўходаў. Кучар. Аж пабялеў [Гаркун] ад злосці і з пенай у роце закрычаў: — Я яе [Ніну] уходаю... У турму пасаджу!.. Гроднеў.

2. Змардаваць, знясіліць, змучыць. Для кожнага, хто яго бачыў упершыню, было відавочна, як уходала.. [Міклашэвіча] тая хвароба. Быкаў.

3. Патраціць, расходаваць. Уходаць усе грошы. □ Я ўспамінаю працавіты свой народ, Які ў пясок нямала сілы ўходаў. Лойка. // З’есці. Дзеці хутка ўходалі гаршчок кашы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц. т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.

П.​І.​Рогач.

Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя 1990 1995 1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс. т 6,2 1,4 1,7
тыс. км 18,2 1,9 2,7
Лісты з тэрмапластаў, тыс. т 13,8 10,5 1,0
Шклапластыкі і вырабы з іх, тыс. т 1,0 0,6 1,9
Шкловалакно неперарыўнае і вы­рабы з яго, тыс. т 20,6 11,3 13,7

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пу́сла ’унутраны паветраны пузыр у рыбы’: оконь мая пусла, у карпа пусла моцная (воран., Сцяшк.). Паводле Цыхуна (Лекс. балт., 52; гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 71), з літ. pūslė ’тс’ (< pūsti ’дуць’), што зусім верагодна па лінгвагеаграфічных прычынах; аднак параўн. балг. дыял. пу́ска ’мачавы пузыр у парасяці і мяса, якое складваюць у яго’ (< *пус(т)ка!, інакш гл. БЕР 5, 860), што дае падставы для рэканструкцыі дыялектызма *pustь‑lo (ад *pustь, гл. пусты), параўн. рус. дыял. пуслословье (< пустословье). Ст.-бел. пусилиско ’рэмень ад сядла’, пуслиско ’тс’ не звязаны з папярэднім словам і, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 121), запазычаны з польск. puślisko ’рэмень, што злучае стрэмя з сядлом’. Сучаснае польск. дыял. pusią ’тс’, ст.-польск. puślisko ’тс’. Калашнікаў (Этимология–1994–1996, 71) у сваю чаргу лічыць запазычаннямі з усходнеславянскіх моў, што выводзяцца з прасл. *pptslo (ад *potati ’путаць’); гэта дапускае і Банькоўскі (2, 966). Да сказанага можна дадаць, што выкарыстанне путаў у блізкай да названай функцыі назіраецца сярод вяскоўцаў і зараз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кудла́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгімі скалмачанымі валасамі; лахматы. Мельнік задумліва глядзіць на касцёр, ківае кудлатай галавой. Асіпенка. // Ускалмачаны, разлахмачаны (пра валасы). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі. Маўр. // перан. Разм. З доўгімі і густымі галінамі (пра дрэвы). Толькі гайданецца часам галіна і пасыпецца з кудлатае хвоі срэбны пух. Лынькоў. // перан. Разм. Які распаўзаецца ў розныя бакі клубамі (пра дым, хмары і пад.). Толькі вецер гнаў услед кудлатыя хмары і свістаў ля вушэй. Пестрак.

2. З доўгай густой поўсцю; касматы. Кудлаты сабака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знахо́дзіцца, ‑хо́джуся, ‑хо́дзішся, ‑хо́дзіцца; незак.

1. Незак. да знайсціся (у 1, 2 знач.).

2. Зал. да знаходзіць (у 1–3 знач.).

3. Змяшчацца, быць размешчаным. Цагельня знаходзіцца за гумном. Бядуля. Школа знаходзілася на другім канцы вёскі. Даніленка. // Быць у тым ці іншым стане. Знаходзіцца пад уражаннем. □ [Лагер] быў .. зыходны і апорны пункт атрада, які ўвесь час знаходзіўся ў руху. Брыль. // Быць у чыім‑н. распараджэнні, належаць каму‑н. Дзераш адкрывае вочы інжынеру на тое, што зараз, у новых умовах, калі ўлада знаходзіцца ў руках рабочых, чалавек працы стаў іншы. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пазнаць адзін аднаго па нюху (пра сабак).

2. перан. Разм. неадабр. Зблізіцца, уступіць у тайную змову для сумесных дзеянняў; дамовіцца. Малашкін знюхаўся з Кляновічам, і яны абодва хочуць падарваць аўтарытэт першага намесніка. Пестрак. — Бандыт і ёсць, калі знюхаўся з кулаччом, — смела сказаў стары. Бажко. // Уступіць у любоўную сувязь. Міхалка з горам на душы расказаў гісторыю сваёй дачкі, якая вучылася на зубнога доктара, але знюхалася з нейкім прайдзісветам, быццам пажаніліся, потым ён пакінуў яе з маленькім дзіцем, і хоць кукуй зараз бацька. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераспява́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Спець, папець усё, многае. «Прыходзьце ка мне ўсе, Каго я вучыў, каго я лячыў, Каго ратаваў з бяды, З кім я у час франтавы начаваў у хмурым слонімскім лесе, З кім я нямала пераспяваў Вясёлых і сумных песень». Панчанка. Вось яны зараз пасядуць на бярвенне, а потым дзяўчаты пераспяваюць многа песень, а хлопцы параскажуць столькі цікавага і смешнага. Сіпакоў.

2. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н., перамагчы ў спевах. Пераспяваць вядомага спевака.

пераспява́ць ​2, ‑ае.

Незак. да пераспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіня́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае адносіны да свінні, належыць свінні. Свінячы лыч. // Уласцівы свінні, свінням. [Злобіч:] — Трэба не нервы мець, а вяроўкі, каб трываць гэты свінячы піск. М. Ткачоў. // Прызначаны для свіней. Але япручкі пішчаць там [на другім паверсе] пачалі, непакоіцца, галадоўку аб’явілі і свінячых прысмакаў не захацелі есці. Колас.

2. перан. Лаянк. Паганы, свінскі, які не заслугоўвае павагі. Свінячая морда. □ [Цётка Даша:] — Я гэтага свінячага пана зараз так турну з двара, што ён дарогі ў свой маёнтак не знойдзе! Шашкоў. Загула грамада Ды загаманіла: — Ці ж дастойна суда свінячае рыла? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узадра́ць, уздзяру, уздзярэш, уздзярэ; уздзяром, уздзераце; зак., што.

1. Адарваць, аддзяліць рыўком угору што‑н. (добра прымацаванае і пад.). Узадраць маснічыну. Узадраць асфальт на дарозе. □ План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпаў. Колас. Нехта лязом рыдлёўкі ўзадраў дошкі, на зямлю паляцелі прамасленыя стружкі. Беразняк.

2. Разм. Узараць (цаліну, папар і пад.). Цяпер на ніве працуе не сухарэбрая каняка, не плуг з затупленым парогам калупае зямлю, а трактар, які даўно ўжо ўзадраў здзірванелыя межы. Сабаленка. [Міхайла Прымакі] — Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)