арыгіна́л

(лац. originalis = першапачатковы)

1) твор ці дакумент у сваёй сапраўднай, першапачатковай форме (у адрозненне ад перакладу або копіі);

2) рукапіс, з якога робіцца друкарскі набор;

3) перан. дзівак, чалавек своеасаблівых паводзін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прасторавае і генетычнае (БРС, Гарэц., Шат.). Агульнаславянскае і праславянскае. Варыянт odадрозненне ад варыянта ot) ва ўсіх славянскіх мовах, апрача балгарскай, рускай, лужыцкіх (на ўсходзе граніца паміж імі праходзіць па беларускай тэрыторыі). Параўн. укр. від (< od), рус. от, чэш. od, польск. od, в.-луж. wot, н.-луж. wót, балг. от, серб.-харв. od, славен. od. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. at‑, лат. at, гоц. id, ірл. aith, ст.-інд. áti, ст.-грэч. ἔτι, Траўтман, 16; Ільінскі, РФВ, 57, 507; Развадоўскі, Wybór, 2, 87. Варыянт od — славянская інавацыя ў адрозненне ад варыянта ot, які захаваўся на перыферыі славянскага свету (гл. Андарсен, WS, 14, 3, 316–317) і мае адпаведнасці ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Пераход ot > od‑ тлумачыцца або аналогіяй (да nad‑, pod‑) (Бадуэн дэ Куртэнэ, Опыт, 110), або змяшэннем розных па паходжанню ot‑ і odъ (Махэк, Зб. Траўнічку, 183), або камбінаторна-фанетычнымі зменамі (Курашкевіч, SFPS, 4, 22). Найбольш верагодным з’яўляецца апошняе тлумачэнне. Але яно таксама недастатковае, каб зразумець, чаму гэты працэс рэалізаваўся не ва ўсіх славянскіх дыялектах. Спроба Андарсена, там жа, 319, што тлумачыць гэта законам Барталі, здаецца пераканаўчай (гл. Мартынаў, SlW, 63).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.

Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТАКРА́ТЫЯ (грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),

1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі да нашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.

2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖДЖАВІКО́ВЫЯ (Lycoperdales),

парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. Каля 270 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 20 відаў з родаў галавач, дажджавік, зорачнік, міцэнаструм, лангерманія, порхаўка. Глебавыя сапратрофы. Растуць на лугах, пашах, у лясах. Некат. ядомыя ў маладым узросце. У Д. пладовыя целы ўнутры жоўтыя і бурыя ў адрозненне ад неядомых псеўдадажджавікоў, у якіх з узростам яны робяцца чорнымі або фіялетавымі.

Пладовыя целы наземныя, сядзячыя або з ножкай, шара-, груша-, зоркападобныя і інш. Перыдый (абалонка) 1—4-слаёвы, пераважна мяккі з 1 ці некалькімі адтулінамі ў стадыі спеласці, з узростам разрываецца. Глеба (мякаць) мяккая, з камер і пласцін трамы, потым парашкападобная, з капіліцыем (ніткі для разрыхлення спор). Споры шарападобныя, сеткаватыя або шыпаватыя, цёмныя.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́НІКА ВЕНЕЦЫЯ́НА (Domenico Veneziano; да 1410, г. Венецыя, Італія — 15.5.1461),

італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, напэўна, у Венецыі, з 1439 працаваў у Фларэнцыі (першым увёў тэхніку алейнага жывапісу). Пераадолеўшы традыцыі познагатычнага жывапісу, у сваіх сталых творах («Алтар св. Лучыі», каля 1445—48), паказаў сябе майстрам перспектывы і пластычнай перадачы аб’ёму. У адрозненне ад тагачасных мастакоў фларэнційскай школы жывапісу, аддаваў перавагу каларыстычным задачам, выкарыстоўваў колеравую гаму для перадачы эмацыянальных адценняў — серабрысты тон у яго карцінах стварае адчуванне святла і прасторы («Дабравешчанне»). Урачыстасць арнаментацыі і выразнасць контурных ліній удала спалучаліся ў кампазіцыйнай форме профільнага паяснога партрэта («Партрэт маладой жанчыны», каля 1450). Сярод яго вучняў П’ера дэла Франчэска.

Даменіка Венецыяна. Алтар св. Лучыі. Каля 1445—48.

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац inter паміж + сексуальнасць),

наяўнасць у раздзельнаполых арганізмаў прыкмет абодвух полаў. Гэтыя прыкметы развіты няпоўна, маюць прамежкавы характар і ў адрозненне ад гінандрамарфізму праяўляюцца сумесна на адных і тых жа ч. цела асобін. Эмбрыянальнае развіццё такога інтэрсексу пачынаецца нармальна, але з пэўнага моманту працягваецца па тыпе інш. полу. Можа ўзнікнуць як вынік генет. заган развіцця (зіготная І.) або пры парушэнні работы залоз унутр. сакрэцыі (гарманальная І.). Розныя формы І., ці т.зв. псеўдагермафрадытызму, якія зрэдку выяўляюцца ў чалавека, могуць выклікацца парушэннем нармальнай колькасці палавых храмасом. Гарманальная І. узнікае ў зыходна разнаполых жывёл пры зменах у эндакрыннай сістэме. Яе можна выклікаць кастрацыяй жывёлы і перасадкай ёй палавой залозы інш. полу. Гл. таксама Гермафрадытызм.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),

1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш. Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.

2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧНЫ СКАЗ,

сказ з рознымі аб’ектыўна-мадальнымі значэннямі, які служыць для выражэння эмацыянальна-ацэначных адносін да рэчаіснасці. Канструктыўныя элементы К.с.: выклічнікі, эмацыянальныя часціцы і клічная інтанацыя, якая заўсёды мае эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку — узрушанасць, урачыстасць і да т.п. Па характары вымаўлення клічнымі могуць быць апавядальныя сказы, пытальныя сказы і пабуджальныя сказы. У адрозненне ад няклічных сказаў К.с. вымаўляецца больш высокім напружаным тонам. Характэрна прэпазіцыя выказніка ці інш. члена сказа, які нясе інфарм. нагрузку. У канцы К.с. ставіцца клічнік. Шырока выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі, у публіцыстыцы, мове маст. л-ры («Мой родны кут, як ты мне мілы!...»); не ўласцівы навук. і афіцыйна-дзелавому стылям мовы.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.​А.​Антанюк.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАПЁРКА (Scardinius erythrophthalmus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных водах Еўропы, М. і Сярэдняй Азіі. На Беларусі жыве ў рэках, азёрах, трымаецца прыбярэжнай зоны, багатай воднай расліннасцю. Зімуе ў ямах. Нар. назвы: чырванапёрка, краснавочка, чарноха, чэрмнуха і інш.

Даўж. да 36 см, маса да 1,5 кг. Цела высокае, серабрыстае, у буйных асобін залацістае. Спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная. Вочы аранжавыя, у верхняй ч. з ярка-чырв. плямай. Парныя і анальныя плаўнікі ярка-чырвоныя (адсюль назва). Спінны плаўнік пачынаецца па-за брушнымі плаўнікамі, а не над імі (у адрозненне ад плоткі). Рот косы. Корміцца воднымі раслінамі, беспазваночнымі, ікрой малюскаў, моладзь — зоапланктонам. Нераст парцыённы. Аб’ект аматарскага лову.

Краснапёрка.

т. 8, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)