1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш.дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.
2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЕ́ЎСКІЯ, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія,
польскія ваен. і дзярж. дзеячы герба «Слепаўрон». Паходзяць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы 16 ст. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім пав., на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).
Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:
Аляксандр (каля 1575—1639), сын Яна. Рэгент дзярж. канцылярыі пры канцлеры ВКЛ Л.Сапегу (1596), рэферэндарый ВКЛ (з 1610), вял. пісар ВКЛ (з 1615), ваявода смаленскі (з 1625), староста маркаўскі, пунскі, купіскі, веліжскі. У 1599 і 1600 пасол у Маскве. У 1606 пасол да Лжэдзмітрыя I, схоплены ў час падзення апошняга ў Маскве, вызвалены ў 1608. Разам з Сапегам быў натхняльнікам інтэрвенцыі ў Маскву, удзельнік аблогі Смаленска ў 1610. У 1611—13 зноў у Маскве з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1617—18 удзельнічаў у 2-м паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву, у 1621—22 у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Заснаваў езуіцкія калегіумы ў Смаленску і Віцебску.
Крыштоф (?—1643), старэйшы сын Аляксандра. Пераемнік бацькі на пасадах вял. пісара ВКЛ (1625), старосты веліжскага (1627), ваяводы смаленскага (1639). У 1639—40 узначальваў пасольства ў Парыж.
Вінцэнт Аляксандр (каля 1620—62), малодшы сын Аляксандра. Стольнік ВКЛ (1646), крайчы (1648), ген. артылерыі (1651), падскарбі земскі і пісар (1652), гетман польны (1654). Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій. У час нар.-вызв. вайны 1648—51 удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў на Пд Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вёў ваен. дзеянні супраць рус. войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655. У 1656 перамог войска шведаў і Б.Радзівіла ў бітве пад Просткамі. У 1657—58 вёў кампаніі супраць шведскіх і рус. войск, трапіў у рус. палон, вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.
Багуслаў (1660?—1744), сын Вінцэнта Аляксандра. З 1722 біскуп-суфраган беларускі, з 1724 біскуп смаленскі.
бел. балетмайстар. Нар.арт. Беларусі (1979), нар.арг.СССР (1985). Акад.Міжнар.слав. акадэміі (1996), Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у С.-Пецярбургу (1997). Праф.Бел. акадэміі музыкі (1995). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча імя А.Ваганавай (1967), балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай кансерваторыі (1972). Стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА (1982). З 1973 гал. балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1996 дырэктар — маст. кіраўнік Нац.акад.т-ра балета Беларусі, дзе стварыў усе свае асн. пастаноўкі: «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986, 1997), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1989), «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Ставіў балеты таксама ў Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. Стваральнік харэаграфіі для тэлефільма «Фантазія» («Веснавыя воды», паводле І.Тургенева) з удзелам М.Плісецкай (1975, Цэнтр. тэлебачанне, рэж. А.Эфрас) і інш. У творчасці імкнецца да ўвасаблення значных тэм сучаснасці. У харэаграфічнай мове шырока выкарыстоўвае прыёмы сучаснай пластыкі. Яго дзейнасць спрыяла міжнар. прызнанню бел. балетнага т-ра. Пад кіраўніцтвам Е. бел. балет з поспехам гастраліраваў амаль у 30 краінах свету. Яго творчасці прысвечаны тэлефільмы «Стварэнне» (1979) і «Валянцінаў дзень» (1993, рэж. абодвух В.Шавялевіч). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1993, Масква, спец. прыз), прэміі «Чалавек года» ў галіне муз. мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996), вышэйшай узнагароды Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» (Парыж, 1996). Чл. Савета Еўропы па культуры (1990), старшыня і чл. журы міжнар. конкурсаў балета ў Маскве, Варне (Балгарыя), Нагоі (Японія), Кіеве, Віцебску.
Літ.:
Народный артаст СССР Валентин Елизарьев. Мн., 1987;
Чурко Ю.М. Искусство, созвучное времени // Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997.
Т.М.Мушынская.
В.М.Елізар’еў.Сцэна з балета «Спартак» у пастаноўцы В.Елізар’ева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЛІТАРАТУ́РЫімя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т л-ры і мастацтва. У 1935 рэарганізаваны ў Ін-т мовы, л-ры і мастацтва, з 1952 Ін-т л-ры і мастацтва, з 1957 сучасная назва. Аддзелы (1998): сучаснай бел. л-ры; гісторыі бел. л-ры 1-й пал. 20 ст.; гісторыі стараж. і новай л-ры; тэорыі л-ры; узаемасувязей л-р; выданняў і тэксталогіі. Аспірантура (з 1931), дактарантура (з 1989). Асн. кірункі навук. даследаванняў: гіст. шляхі і заканамернасці развіцця бел. л-ры, праблемы вяртання ў сучаснасць духоўнай спадчыны бел. народа.
Ін-т выдаў зб. «Беларуская літаратура. Даследаванні і публікацыі» (вып. 1—5, 1958—63), працы «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (абедзве на рус. мове, 1977; Дзярж. прэмія імя Я.Коласа 1980), серыю кніг, прысвечаных адлюстраванню ў л-ры героікі Вял.Айч. вайны, прац па скарыназнаўстве (Дзярж. прэмія імя Я.Коласа 1994), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95), біябібліягр. слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), падрыхтаваў і выдаў падручнікі па бел. л-ры для сярэдняй школы, дапаможнікі для студэнтаў ВНУ, навукова-каменціраваныя зборы твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, З.Бядулі, М.Лынькова, І.Мележа, П.Пестрака, К.Чорнага, манаграфічныя даследаванні В.В.Барысенкі, Ю.С. Пшыркова, Н.С.Перкіна, А.М.Адамовіча, В.А.Каваленкі, М.М.Арочкі, А.В.Мальдзіса, І.Я.Навуменкі, П.К.Дзюбайлы і інш.
Каардынуе даследчую работу ў рэспубліцы па літ.-знаўстве. Пры ін-це савет па абароне доктарскіх дысертацый. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі І.І.Замоцін, М.Ц.Лынькоў, В.В.Барысенка, чл.-кар. А.М.Адамовіч, акад.АПНСССР В.У.Івашын; працуюць акадэмікі Нац.АН Беларусі І.Я.Навуменка, В.А.Каваленка, чл.-кар. М.І.Мушынскі, У.В.Гніламёдаў (дырэктар з 1997).
Літ.:
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк. Мн., 1989;
Працы Інстытута літаратуры АНБССР: Бібліягр. давед (1931—1980). Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭЛЕКТРО́НІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1973 на базе Лабараторыі электронікі АН Беларусі (існавала з 1961). У ін-це (1998) 10 лабараторый, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фіз. асновы оптаэлектронікі і аптычныя метады апрацоўкі інфармацыі; фіз. асновы мікраэлектронікі, у межах якіх распрацоўкі накіраваны на стварэнне элементнай базы для звышхуткадзейных і высокапрадукцыйных сістэм атрымання, захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі; оптаэлектронных элементаў і прылад для аптычнай (у т. л. лазерна-галаграфічных сістэм) апрацоўкі інфармацыі, валаконна-аптычных ліній сувязі, вымяральнай тэхнікі і фотааўтаматыкі; оптыка-электронных, магн.-эл. і інш. пераўтваральнікаў для сістэм кантролю і вымярэння; вакуумных мікраэлектронных прылад для экстрэмальных умоў эксплуатацыі, прылад мікрамеханікі і мікрасенсорыкі; матэрыялаў для мікраэлектронікі і нанатэхналогій. Вынікі навук. даследаванняў: распрацаваны новыя матэрыялы для мікраэлектронікі; метады і сродкі прасторавай і прасторава-часавай мадуляцыі светлавых патокаў, якія забяспечваюць эфектыўнае пераўтварэнне двух- і аднамерных аптычных сігналаў; распрацаваны і створаны фотапрыёмнікі і фотапрыёмныя структуры для валаконна-аптычных ліній сувязі, сістэм аўтафакусіроўкі, рэгістрацыі звышслабых свячэнняў; высокаадчувальныя фотарэзістары і на іх аснове створаны оптаэлектронныя пераўтваральнікі для нанавальтметраў і мультыметраў; створаны спецыялізаваныя высокакагерэнтныя цвердацелыя лазеры для патрэб аптычнай лакацыі, галаграфіі і неразбуральнага кантролю вібратрываласных характарыстык вырабаў машынабудавання метадамі галаграфічнай інтэрфераметрыі, алюма-аксідная тэхналогія стварэння вакуумнай мікраэлектронікі, мікрамеханікі і нанаэлектронікі, вакуумныя інтэгральныя схемы для экстрэмальных умоў эксплуатацыі пры высокіх узроўнях т-р і радыяцыі; выпрацаваны прынцыпы пабудовы высокаадчувальных вымяральнікаў кампанентаў вектара індукцыі магн. поля Зямлі; створана апаратура арыентацыі галаўных частак метэаракет, вымярэння траекторый ствалоў свідравін у працэсе бурэння, спектрафотаметрычная апаратура, якая ўстанаўліваецца на ШСЗ для даследаванняў азонасферы Зямлі, шэраг высокапрадукцыйных сістэм аўтаматызаванага высокадакладнага вымярэння і кантролю памераў вырабаў электроннай тэхнікі, валаконнай оптыкі, а таксама субмікронных часцінак у тэхнал. асяроддзях; устаноўлены заканамернасці структурных і фазавых пераўтварэнняў у тонкіх паўправадніковых і метал. плёнках, сістэмах метал-паўправаднік пры імпульсным лазерным уздзеянні. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР (1985), Дзярж. прэміямі Беларусі (1982, 1996), ЛКСМБ (1974). У Ін-це працаваў чл.-кар.АНСССР В.М.Аўдзееў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі У.А.Піліповіч і чл.-кар. А.А.Кавалёў.
літоўскі паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Літвы (1974). Герой Сац. Працы (1974). Засл. дз. культуры Арменіі (1976). Чл.-кар.Ням.АМ у Берліне (1970). Вучыўся ў Каўнаскім і Віленскім ун-тах (1939—40). Друкаваўся з 1935. Першыя зб-кі паэзіі «Лірыка» (1943), «Вецер з радзімы» (1946) напісаны ў стылі даваен. неарамантычнай паэзіі. У зб-ках «Уваскрэслая зямля» (1951), «Паэма братэрства» (1954, Дзярж. прэмія Літвы 1957), «Чужыя камяні» (1957), «Ля падножжа зорак» (1959), «Сонца ў бурштыне» (1961), лірычным цыкле «Чалавек» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Мая ліра» (1979, Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш. — лірыка-філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, сувязі чалавека-творцы з Сусветам, прыродай і цывілізацыяй 20 ст., веліч яго здзяйсненняў, значэнне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных чалавекам, пейзажныя матывы, асабістыя перажыванні. У кнігах, што спалучаюць лірычную прозу і вершы, у публіцыстычных і аўтабіягр. эсэ «Аўтапартрэт. Авіяэскізы» (1962), «Лірычныя эцюды» (1964), «Хлеб і слова» (1965), «Тут Літва» (1968), «Барока Антакальніса» (1971), «Манадрама» (1976), «Маналогі» (1981), «Муза і фарэль» (1984), «Захад» (1992), «Міфы» (1996) і інш. выявілася пантэістычнае светаўспрыманне, гуманіст. пачатак, лірызм і філасафічнасць. Пісаў для дзяцей. Асобныя творы М. пакладзены на музыку, па матывах лірычнага цыкла «Чалавек» створаны аднайм. балет (В.Салманаў, паст. 1966). Неаднаразова наведваў Беларусь. Пераклаў на літ. мову шэраг твораў Я.Купалы. На бел. мову творы М. пераклалі Р.Барадулін, П.Бітэль, П.Броўка, А.Вялюгін, С.Гаўрусёў, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, С.Законнікаў, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, М.Калачынскі, К.Камейша, В.Коўтун, П.Макаль, П.Марцінкевіч, У.Паўлаў, А.Разанаў, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў, М.Танк, Н.Тулупава, М.Хведаровіч, К.Цвірка. Міжнар. прэмія Дж.Нэру (Індыя, 1969). Міжнар. прэмія Н.Вапцарава (Балгарыя, 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕ́КТ (ад лац. projektus кінуты наперад) у архітэктуры і будаўніцтве, сістэма ўзаемазвязаных дакументаў, якія служаць асновай для буд-ва, рамонту, рэканструкцыі ці рэстаўрацыі аб’ектаў. Складаецца з абгрунтоўваючай і зацвярджаемай (абавязковая для выканання ўсімі фіз. і юрыд. асобамі) частак. Склад графічных, тэкставых і таблічных матэрыялаў П. (чарцяжы, схемы, разлікі, тлумачальныя запіскі, арх. макеты) вызначаецца спец. нарматыўнымі дакументамі. Для гарадоў і інш.нас. месцаў распрацоўваюцца П.: планіроўкі прыгарадных зон, генпланаў, дэталёвай планіроўкі асобных ч. горада, жылых, вытв., рэкрэацыйных і інш.функцыян. зон, асобных гар. вузлоў, вуліц і інш.Праектаванне ажыццяўляецца звычайна ў 2 стадыі: арх. П. (забяспечвае ўяўленне пра матэрыяльны вобраз аб’екта, яго размяшчэнне, фіз. параметры і маст.-тэхн. якасці, змяшчае тэхн.-эканам. паказчыкі); буд. П. (выконваецца на аснове зацверджанага арх. П., праведзеных інж. работ, навук.-тэхн. даследаванняў; забяспечвае непасрэдную рэалізацыю інвестыцый для буд-ва аб’ектаў). Нескладаныя П. распрацоўваюць у адну стадыю (рабочы П., які ўключае і зацверджаную арх. частку). Пры распрацоўцы дакументацыі на больш складаны і адказны аб’ект папярэдне распрацоўваюць эскізны П., тэхн.-эканам. абгрунтаванне, праводзяць конкурсы. Адрозніваюць П. тыпавы (для масавага буд-ва аднолькавых аб’ектаў) і індывід. (для буд-ва унікальных аб’ектаў).
Праектныя работы вядомы ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння. У 18 ст. ў Зах. Еўропе распрацоўваліся т.зв. П.-фантазіі. Часам нерэалізаваныя П. значна ўплывалі на развіццё архітэктуры (напр., П. горада на 3 млн. жыхароў, арх. Ле Карбюзье, Францыя, 1922).
На Беларусі пачатак праектнай дзейнасці адносіцца да канца 16 ст. (г. Нясвіж). З 2-й пал. 18 ст. пачалі выкарыстоўвацца тыпавыя (узорныя) П. пры буд-ве жылых і грамадскіх будынкаў (Гродна, Магілёў, Полацк, в. Варняны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). Сучасныя П. распрацоўваюцца ў праектных арг-цыях: ін-тах «Беларускі праектны інстытут», «Белдзіпрадар», «Белдзіпралес», «Белдзіпрабудматэрыялы», «Мінскграмадзянпраект», «Мінскінжпраект», «Мінскграда» (з 1997) і інш., у персанальных творчых майстэрнях архітэктараў, якія маюць адпаведную ліцэнзію. Абавязкова праводзіцца дзярж. экспертыза П., яго зацвярджэнне ў адпаведных органах дзярж. кіравання, а ў асобных выпадках — грамадскае абмеркаванне П. на любой стадыі яго выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКЛАДНЫ́Х ФІЗІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́Тімя А.Н.Сеўчанкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Засн. ў 1971 у Мінску на базе н.-д. лабараторый БДУ. Арганізатар і першы дырэктар — акад.АН Беларусі А.Н.Сеўчанка. У ін-це 4 аддзелы (27 лабараторый).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка нізкатэмпературнай плазмы, уздзеянне іанізавальнага выпрамянення на матэрыялы і прылады электроннай тэхнікі, распаўсюджванне ультрагуку ў неаднародных асяроддзях, спектраскапія і люмінесцэнцыя кандэнсаваных сістэм, распрацоўка і стварэнне спектральнай апаратуры, лагічных элементаў і сістэм, электронна-выліч. прылад. У галіне оптыкі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі здзейснены мэтанакіраваны сінтэз неарган. і арган. злучэнняў (вадкакрышт. матэрыялы для прылад адлюстравання інфармацыі і кіравання, актыўныя і пасіўныя лазерныя асяроддзі, аптычныя асяроддзі для запісу інфармацыі, негатыўныя і пазітыўныя фотарэзістары, матэрыялы колеракадзіравання і колераперадачы інфармацыі, пажаравыбуховабяспечныя цеплаізаляцыйныя матэрыялы, лекавыя прэпараты радыёпратэктарнага дзеяння, індыкатары для аналізу біял. вадкасцей чалавека, фарбавальнікі для онкатэрапіі і інш.); створаны метады і прылады экспрэс-дыягностыкі газавых патокаў, пылавых і дымавых выкідаў і інш. У галіне фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў распрацаваны тэорыя і метады іонна-прамянёвага легіравання і выкарыстанне іх у тэхналогіі вырабаў электроннай тэхнікі, сістэма скразнога камп’ютэрнага мадэліравання тэхналогій мікра- і нанаэлектронікі, метады атрымання звышцвёрдых і зносастойкіх матэрыялаў; даследаваны працэсы дэфектаўтварэння ў крышталях крэмнію, арсеніду галію і фасфіду індыю; прапанаваны і рэалізаваны спосабы кіравання пучкамі рэнтгенаўскіх і гама-квантаў. У галіне радыёфізікі і інфарматыкі створаны радыёгалаграфічныя сродкі для бескантактнага вымярэння вільготнасці, масы, шчыльнасці і інш. характарыстык дыэл. матэрыялаў; метады і прылады для выяўлення ачагоў узгарання лясных пажараў, ультрагукавыя расхадамеры вадкасці і газу, тэлеметрычны комплекс сейсмаразведкі, вымяральны комплекс аператыўнага маніторынгу дозных размеркаванняў пучкоў рэнтгенаўскага і электроннага выпрамяненняў; уведзена ў дзеянне першая нац. азонаметрычная станцыя, распрацаваны люмінесцэнтныя бескантактныя тэрмадатчыкі крыягенных т-р.Навук. і канструктарскія распрацоўкі ін-та знайшлі практычнае выкарыстанне ў прам-сці, нар. гаспадарцы, медыцыне і інш.Навук. дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 6 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працаваў акад.АН Беларусі Л.В.Валадзько, працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Ф.Чарняўскі, чл.-кар. Ф.Ф.Камароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ (Сымон Аляксандравіч) (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед.ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл.Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел.пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел.нац.к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл.КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш.зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел.дзярж.сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл.ЦВКБССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУСБССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;
Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ ((Sikorski) Уладзіслаў) (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн.ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.
Літ.:
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;
Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.