ускудла́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускудлаціць, ускудлачыць.

2. у знач. прым. Узлахмачаны, растрапаны (пра валасы). Гарбач сядае і растапыранымі пальцамі прычэсвае ўскудлачаныя валасы. Мурашка. // З ускалмачанымі валасамі. А то было і так: бяжыць насустрач маладзіца — ускудлачаная, расчырванелая, хусцінка, з’ехаўшы з галавы, матляецца на спіне. Хадкевіч. Дзед Яўстрат, які звычайна ўсю зіму сядзеў на печы, высоўваў у такі момант сівую ўскудлачаную галаву і сіплым старэчым голасам, раіў бацьку: — Улі, Васіль, вісусу гэтаму, а то ж расце распуста, на лес гледзячы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Як добрым знаёмым, сардэчна ківаюць нам ускудлачанымі галовамі старыя хвоі. Сяргейчык. У небе віселі рэдкія ўскудлачаныя хмаркі. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мінулае, мінуўшчына, мінуласць, прошласць, прошлае, прайшоўшае, былое, быль, даўняе, даўнейшае, даўнасць, старое, старасветчына, старажытнасць, гісторыя, старыя часы; бывалішняе, даўніна, даўнейшчына, старына (разм.); пройдзенае, перажытае, перажытасць, далёкае, забыццё небыццё, нябыт, учарашняе (перан.) □ учарашні дзень

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Бур’я́н 1 ’бур’ян’ (БРС). Рус. бурья́н, укр. бурʼя́н. Падобныя формы ёсць і ў іншых славян: балг. бу́рен ’тс’, серб.-харв. бу́рјан ’Sambucus ebulus’, славац. burina, польск. burzan (< укр.; Слаўскі, 1, 51) і г. д. Этымалогія слова вельмі няпэўная (чэш. burina, buřeň з славац. burina; чэш. buřan з рус. бурьян; Махэк₂, 77); яно лічыцца няясным па паходжанню (Слаўскі, 1, 51; Махэк₂, 77). Старыя версіі (сувязь з пырей: Патабня, РФВ, 4, 189, праформа *prujanъ; сувязь з ням. Baldrian, лац. valeriana: Праабражэнскі, 1, 55; роднаснасць з былиѥ: Младэнаў, 50) не пераконваюць (Рудніцкі, 1, 269, лічыць, што тлумачэнне Патабні ўсё ж найбольш падыходзіць). Фасмер (1, 249–250) думае пра сувязь з рус. бури́ть ’раскідваць’ (бурьян, ’тое, што пышна разраслося’). БЕР, 1, 91: сувязь з *bujьnъ ’буйны’ (там і агляд слав. форм). Незразумела Шанскі, 1, Б, 236 (ад асновы бур‑|был‑: былинка). Параўн. і Прыцак, IJSLP, 8 (1964), 41–45. Гл. яшчэ Кніежа, 113; MESz, 1, 391–392 (венг. burján < слав.).

Бур’я́н 2 ’навальніца з вялікім ветрам; бура’ (Яшкін). Адбыць, кантамінаванае слова: буран, бура + буяць, буян?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пясту́н ’спешчаны, раздураны хлопчык’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы воўк (у мове паляўнічых)’ (Арх. Федар.; Варл.; віл., смарг., брасл., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы мядзведзь, што застаўся пры матцы’ (Арх. Федар., прыпіска Пяткевіча), ’мядзведзь, які даглядае дзяцей чужой мядзведзіхі’ (Шымк. Собр.), ’аднагадовы мядзведзь, што даглядае за малымі мядзведзянятамі’ (Мядзв.), пестун ’распешчанае дзіця’ (Касп., Бяльк.), укр. песту́н, пісту́н ’выхавальнік; песта’, рус. песту́н ’выхавальнік’, польск. piastun ’служка, што даглядае панскіх дзяцей; выхавальнік’, чэш. pěstoun ’выхавальнік, апякун; настаўнік; захоплены якой-небудзь справай чалавек’, в.-луж. pěston ’абаронца, апякун’, славен. pestȗn ’выхавальнік’, ст.-слав. пестоунъ ’тс’. Прасл. *pestunъ, вытворнае ад *pěstati або *pěstiti (гл. песціць), *pěstovati (гл. пеставаць), далей звязаных з *pěstъ ’таўкач, мяла’, што вобразна перадаюць падкідванне дзіцяці на руках (Варбат, Slavia, 63, 137–139, з літ-рай версій). Пра сувязь з пясць (“часто поднимать ребенка пястью, т. е. нянчить”) гл. Шымкевіч, Покажчик, 228. Гл. таксама Бязлай, 3, 29; Шустар-Шэўц, 2, 1059; ESJSt, 11, 639. Адносна спецыяльнага ўжывання ў мове паляўнічых: “Паводле народнага веравання — старыя ваўкі трымаюць пры сабе леташняе ваўчаня малых ваўчанят даглядаць, якога завуць пястун” (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КРА́СНАЯ ПЛО́ШЧА ў Маскве,

цэнтральная плошча горада. Размешчана каля Крамля Маскоўскага. Створана ў канцы 15 ст. Першапачаткова наз. Торгам, у 16 ст. — Троіцкай, пасля пажару 1571 — Пажарам, з 1662 — Красная (прыгожая). У фарміраванні яе арх. ансамбля вядучую ролю адыгрывае Крамлёўская сцяна са Спаскай (Фралоўскай), Сенацкай і Нікольскай вежамі Крамля, што вызначае падоўжную кампазіцыю плошчы, і Васіля Блажэннага храм, які замыкае яе з Пд. У 16—17 ст. уздоўж сцяны праходзіў абарончы роў (засыпаны пасля 1812) з мастамі, агароджанымі зубчастымі сценамі. У 1-й пал. 16 ст. на плошчы ўстаноўлены памост-трыбуна, т. зв. Лобнае месца (перабудавана ў 1786, арх. М.​Ф.​Казакоў), у канцы 17 ст. пастаўлены будынкі Манетнага двара, Земскага прыхода, Гал. аптэкі. У пач. 18 ст. К.п. — культ. цэнтр горада: каля Спаскіх варот ішоў кніжны гандаль (існаваў да канца 19 ст.) і адкрылася першая публічная б-ка, каля Нікольскіх варот — т-р («камедыйная хараміна»), У 1755 у будынку Гал. аптэкі адкрыўся Маск. ун-т, з 1785 — дзярж. ўстановы. У 1786 перабудаваны старыя гандл. рады (паводле праекта Дж.​Кварэнгі), узнік новы корпус насупраць Крамлёўскай сцяны (перабудаваны ў 1814—15 арх. В.​І.​Бавэ; не захаваўся). У 1818 пастаўлены помнік К.​Мініну і Дз.​Пажарскаму (скульпт. І.​П.​Мартас), які разам з купалам Сената (1776—87, арх. Казакоў) ствараў папярочную вось ансамбля. Пабудовы 2-й пал. 19 ст. ў псеўдарус. стылі: будынак Гіст. музея (1875—81, арх. У.​В.​Шэрвуд), Верхнія (цяпер дзярж. універмаг, 1889—93, арх. А.​Н.​Памяранцаў) і Сярэднія (1892, арх. Р.​І.​Клейн) гандл. рады. З К.п. звязаны некат. гіст. падзеі ў Маскве: «саляны бунт» (1648), «медны бунт» (1662), стралецкае паўстанне (1682) і інш. У сав. часы на плошчы пабудаваны маўзалей У.​І.​Леніна (1924—30, арх. А.​В.​Шчусеў), у 1930—31 створаны трыбуны (арх. І.​А.​Француз), пасаджаны елкі, плошча забрукавана. Каля Крамлёўскай сцяны магілы, у сцяне урны з прахам рас., сав. і замежных дзеячаў. У 1992—94 тут адноўлены Казанскі сабор (каля 1636, разабраны ў 1936). К.п. — месца правядзення ўрачыстасцей. Ад яе вядзецца адлік адлегласці па ўсіх дарогах, што ідуць ад Масквы. К.п. разам з Крамлём уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Красная плошча ў Маскве.

т. 8, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,

выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 9.12.1917 па 25.2.1918 у Мінску. Утвораны на 1-м пленарным пасяджэнні Аблвыкамзаха. Старшыні СНК: К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, М.І.Калмановіч. У студз. 1918 замест пасады старшыні СНК утворана калегія камісараў. СНК меў аддзелы (камісарыяты) на чале з камісарамі: ваен. (Мяснікоў), унутр. спраў (Ландар), харч. (Калмановіч, І.​Новікаў), фін. (І.​П.​Федзянёў, І.​І.​Рэйнгольд), нац. (С.​І.​Берсан), зямельны (Н.​М.​Дайнека, Саржынскі), працы (І.​Я.​Алібегаў, Панцялееў), гандлю і прам-сці (У.​М.​Фрэйман, Ф.​Г.​Шалаеў), нар. асветы (Л.​П.​Рэзаўскі, Шлес, Савацееў), юстыцыі (У.​С.​Селязнёў, Р.​В.​Пікель), апекі (В.​П.​Красноў, В.​Л.​Муха, В.​І.​Смірноў, Катлярэўскі), пошт і тэлеграфа (Несцярэнка), чыг. (Смірноў); кіраўнікі спраў — П.​Осіпаў, В.​Г.​Кнорын, Савацееў, Селязнёў. Ў студз.—лют. 1918 арганізаваны аддзелы нар. гаспадаркі (П.​Казлоў), па справах бежанцаў (М.​Віглянскі), аховы здароўя (Л.​Грамашэўскі); пры аддзеле па нац. справах створаны 2 пададдзелы па польскіх (С.​Л.​Гельтман) і яўр. (Фрыдлянд) справах. Ваен. аддзел рэарганізаваны ў Ваен. к-т на чале калегіі з 9 асоб (старшыня Мяснікоў); на яго ўскладзена задача стварэння Рабоча-Сял. Чырв. Арміі і дэмабілізацыя армій Зах. фронту. Юрысдыкцыя СНК пашыралася на Мінскую і неакупіраваную частку Віленскай губ. Дзейнічаў у кантакце з Мінскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, да 25.12.1917 паралельна з ім існаваў ранейшы орган улады — Ваен.-рэв. к-т Зах. фронту. СНК ажыццяўляў дэкрэты СНК РСФСР, ствараў органы сав. улады, скасоўваў старыя дзярж. ўстановы, наладжваў гасп. жыццё (выпуск тавараў нар. спажывання, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, дапамога беспрацоўным, адкрыццё пунктаў грамадскага харчавання і інш.). Узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, нацыяналізаваў шэраг прадпрыемстваў. Паводле яго загаду распушчаны Усебеларускі з’езд 1917, Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны шэраг бел. нац. дзеячаў, спынены выданні некат. газет. Для ўмацавання ўлады ў снеж. 1917—18 ствараліся рэв. трыбуналы і нар. суды. Дзейнасць СНК спынена 19.2.1918 у сувязі з наступленнем герм. войск. Пасля эвакуацыі ў Смаленск сваёй дзейнасці не аднаўляў. Паводле пастановы Аблвыкамзаха ад 25.2.1918 выканаўчая ўлада з названага органа не вылучалася.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.

1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.

2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смець, смею, смееш, смее; незак., з інф.

1. Мець смеласць для чаго‑н., адважвацца на што‑н. Стаіць ён [вязень] супраць кабінета. Падняць не смее галавы І чуе — кліча вартавы: — Да пана следчага з павета! Колас. Надыдзе час чароўны, як заранка, Якога ты не смееш нават сніць: Ад звону кос прабудзішся на ранку, І ў працы ціха панясуцца дні. Тарас. Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны.

2. Мець права на што‑н. На пярэдніх лаўках [у касцёле], бліжэй к ксяндзу, сядзелі паны. З простых людзей туды не смеў ніхто заходзіць. Чорны.

•••

Не смей(це)! — ужываецца як форма строгай забароны што‑н. рабіць. — Што вы робіце? — з гневам прамовіла .. [Ядвіся]. — Не смейце дакранацца да мяне!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снава́ць, сную, снуеш, снуе; снуём, снуяце; незак.

1. што. Рабіць аснову тканіны. Снаваць пражу. // без дап. Рухацца ўзад і ўперад, робячы аснову, ткучы палатно.

2. перан.; што. Складаць, ствараць. Так і хочацца заўсёды Песню вечную снаваць. Купала. [Віктар і Карызна], працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы. Зарэцкі.

3. Рухацца ў розных кірунках, туды і сюды. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. Студэнты, нібы мурашкі, снавалі сюды-туды. Васілевіч. Па блакітных дарогах роднай зямлі снавалі караваны суднаў. Данілевіч. // Пра думкі, успаміны і пад. У галаве снавалі думкі: а дзе ж падполле? Няхай.

4. перан.; што. Закладваць аснову, ствараць што‑н. А пад страхою ластаўкі Вёсачку гнёздаў снуюць. Камейша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.

1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.

2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.

3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.

•••

Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)