АРЧЫ́Л II (1647 — 27.2.1713),
цар Імерэтыі і Кахетыі, пісьменнік і гісторык. Пасля працяглай і беспаспяховай барацьбы супраць Персіі і Турцыі і з феад. міжусобіцамі ў 1699 пакінуў сваю краіну і перабраўся ў Расію, дзе заснаваў груз. калонію (у с. Усіхсвяцкім, пад Масквою). Стваральнік першай груз. друкарні. Аўтар паэт. зб. «Арчыліяні», гіст. паэмы «Спрэчка Тэймураза з Руставелі».
т. 1, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫ́ЛА Сцёпка, бел. пісьменнік пач. 20 ст. У 1915 у газ. «Наша ніва» апублікаваў апавяданні «Пятрусь» і «Стражнік» (апошняе выд. асобна, Вільня, 1915), у якіх паказаў характэрныя з’явы бел. вясковага побыту. Апавяданні напісаны жывой нар. моваю, персанажы выразна акрэслены (браты Амільян і Міхалка з-за маёмасных адносін становяцца ворагамі).
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.
т. 3, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРА́Н (Пятрос) (1.6.1852, г. Стамбул, Турцыя — 2.2.1872),
армянскі пісьменнік. Жыў у Турцыі. Аўтар гіст. трагедый «Чорныя землі» (1868), «Арташэс Міратворац» (1869), «Звяржэнне дынастыі Аршакідаў» (1870), «Захоп Ані, сталіцы Арменіі» (1871) і інш., сац. драмы з тагачаснага жыцця «Тэатр, або Адвержаныя» (1871), лірычных вершаў, цесна звязаных з нац.-вызв. барацьбой арм. народа, прасякнутых нац.-патрыят., грамадз. і філас. матывамі.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЗІЁМАЎ (Уладзімір Ільіч) (8.1.1924, мяст. Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 25.11.1983),
бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у прэсе, на Бел. радыё. У 1959—64 уласны карэспандэнт «Литературной газеты». Друкаваўся з 1943. Аўтар рамана пра жыццё рабочых-тэкстыльшчыкаў «Над Нёманам» (1955, новая рэд. 1957), дакумент. аповесці пра будаўнікоў Бярозаўскай ДРЭС «Белазерскі дзённік» (1963), нарысаў.
т. 6, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Анатоль Васілевіч) (15.11.1914, с. Зямлянск Сямілуцкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 18.8.1996),
рускі пісьменнік, празаік. Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1937). Як ваен. ўрач удзельнічаў у баях каля воз. Хасан (1938). У 1946—63 у БВА. Друкаваўся з 1933. Найб. значныя творы — раман «На Далёкім Усходзе» (1954) і аповесць «Пад намі цэль» (1976), прысвечаны жыццю воінаў-далёкаўсходнікаў.
т. 7, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 10.5. 1938, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Працаваў слесарам, інжынерам, з 1982 рэдактар у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1975. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Заводскія світанні» (1978), «Белы чыгун» (1981), «Цёплы камень» (1985), «Асобая зона» (1992) тэмы заводскага жыцця, апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства.
т. 7, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦО́ЕЎ (Арсен Барысавіч) (15.1.1872, с. Гізель Прыгараднага р-на, Паўн. Асеція —4.2.1944),
асецінскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў нац. маст. прозы. Скончыў Ардонскае духоўнае вучылішча. Друкаваўся з 1895. Раннія апавяданні скіраваны супраць сац. і нац прыгнёту. У аповесці «Джанаспі» (1940) адлюстраваў падзеі калектывізацыі ў асецінскай вёсцы. Аўтар сатыр. апавяданняў, п’есы «Пасха «Гіго» (1940).
Тв.:
Рус. пер. — Саломи: Рассказы. М., 1971.
т. 8, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́МАН (Пётр Аляксандравіч) (н. 11.7.1949, в. Маласельцы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, акцёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Працуе ў Бел. т-ры імя Я. Коласа ў Віцебску. Друкуецца з 1970. У зб-ках паэзіі «Зерне імгненняў» (1983), «Стары млын» (1988), кнізе аповесцей «Астравы» (1989) — прыгажосць роднай зямлі, трывогі і клопаты сучасніка.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЖВІДАС ((Mažvydas) Марцінас) (каля 1510—21.5.1563),
літоўскі пісьменнік; пачынальнік літ. пісьменнасці. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1548). Склаў і выдаў першую літ. кнігу «Простыя словы катэхізіса» (1547), якая акрамя катэхізіса ўключала буквар, некалькі песнапенняў рэліг. характару, вершаваную прадмову М. пра становішча тагачаснага літ. сялянства. Складальнік кн. «Песні хрысціянскія» (ч. 1—2, 1566—70) і інш. выданняў рэліг. зместу.
т. 9, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СНЕР ((Messner) Рэйнхальд) (н. 17.9.1944, г. Бальцана, Італія),
італьянскі спартсмен (альпінізм), падарожнік, пісьменнік. Першы з альпіністаў у 1970—86 зрабіў узыходжанні на ўсе 14 горных вяршынь вышэй за 8000 м у Гімалаях, у т. л. без кіслародных прыбораў (напр., на Джамалунгму). У 1989—90 пешшу перасек Антарктыду (2740 км). Аўтар больш за 20 кніг і альбомаў.
т. 10, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)