папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да змены фізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.
Літ.:
Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАСТЭ́ГІЯ (ад гальвана... + грэч. stegō укрываю),
спосаб нанясення на метал. вырабы метал. пакрыццяў электралітычным асаджэннем. Робіцца для аховы вырабаў ад карозіі, павышэння іх цвёрдасці і зносаўстойлівасці, у дэкар. і інш. мэтах.
Перад нанясеннем пакрыцця паверхню вырабу абястлушчваюць, пратраўліваюць, шліфуюць і паліруюць. Працэс гальванастэгіі адбываецца ў гальванічнай ванне, дае анодам служаць металы, што раствораны ў электраліце, а катодам — вырабы. Пры працяканні пастаяннага эл. току метал з электраліту асаджаецца на паверхні вырабу. Наносяцца медзь (мядненне), цынк (цынкаванне), кадмій (кадміраванне), высакародныя металы, сплавы і інш. Пакрыцці адрозніваюцца моцным счапленнем з металам асновы, малой порыстасцю і дробнакрышталічнай структурай. Якасць гальванічных пакрыццяў і скорасць працэсу гальванастэгіі абумоўлены шчыльнасцю эл. току, саставам і т-рай электраліту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́БЧАНКА (Тамара Яўгенаўна) (н. 22.7.1942, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1971). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Даследуе творчасць бел. акцёраў (Т.Бандарчык, Г.Маркінай, В.Галіны і інш.), аўтар манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), сааўтар кніг «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Гісторыя тэатразнаўства народаў СССР, 1917—1941» (1985), «Тэатр і жыццё: Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70—80-х гг.» (1989) і інш.
Тв.:
Мастацтвазнаўства (у сааўт.) // Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Часцінка Бацькаўшчыны на чужыне // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2;
Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Culture de la Biélorussie. Paris, 1979 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАКАЛІ́Т (ад гастра... + энтэракаліт),
вострае або хранічнае запаленне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека. Бывае вынікам харчовых таксікаінфекцый, дзеяння інш.інфекц. і алергічных фактараў, атручэнняў (лек., цяжкімі металамі, моцнымі кіслотамі і шчолачамі, алкагольных), функцыян. недастатковасці органаў стрававання, парушэння абмену рэчываў. Спрыяюць узнікненню гастраэнтэракаліту ахілія, авітамінозы, анемія. У жывёл асн. прычына першаснага гастраэнтэракаліту — ужыванне недабраякасных кармоў, іх забруджанасць раздражняльнымі хім. рэчывамі і расліннымі ядамі. Сімптомы гастраэнтэракаліту залежаць ад пераважнай лакалізацыі запаленчага працэсу ў страўніку (гастрыт), тонкім (энтэрыт) або тоўстым (каліт) кішэчніку: могуць уключаць адрыжкі, пякотку, болі пад лыжачкай і ў жываце, ірвоту з паносам, уздуцці жывата і інш. У цяжкіх выпадках вострага гастраэнтэракаліту адзначаюцца стамляльнасць, павышэнне тэмпературы, сардэчна-сасудзістыя расстройствы, магчымы пераход хваробы ў хранічную форму з рэцыдывамі і абвастрэннямі. Лячэнне: ліквідацыя першапрычын, медыкаментознае, дыетатэрапія, пры неабходнасці — прамыванні страўніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦКО́ (Галіна Рыгораўна) (н. 15.7.1930, г. Гомель),
бел. вучоны ў галіне эндакрыналогіі і геранталогіі. Д-рбіял.н. (1984), праф. (1991). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1954). З 1954 у Ін-це фізіялогіі Нац.АН Беларусі, з 1958 у Сектары геранталогіі АН Беларусі, з 1987 у Ін-це радыебіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні агульных заканамернасцей уздзеяння працэсу старэння і радыяцыі на функцыю эндакрыннай сістэмы і гарманальную рэгуляцыю метабалізму, павелічэнні прыстасавальных магчымасцей арганізма ва ўмовах працяглага ўздзеяння малых доз іанізавальнага выпрамянення.
Тв.:
Старение и инсулин. Мн., 1975;
Жировая ткань при старении. Мн., 1985 (разам з А.С.Жукавай, Л.Д.Чайкай);
Гормоны и старение: Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991 (разам з Я.Ф.Канаплёй, А.А.Мілюціным);
Прыродная радыеактыўнасць. Мн., 1994 (разам з Я.Ф.Канаплёй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. generalis агульны, галоўны),
1) абагульненне, лагічны пераход ад частковага да агульнага, падпарадкаванне асобных з’яў агульнаму прынцыпу.
2) У фізіялогіі — распаўсюджванне ўзбудлівасці па цэнтральнай нервовай сістэме чалавека і жывёл. Узнікае пад уздзеяннем імпульсаў, якія прыходзяць з перыферыі ў выніку дзеяння моцнага раздражняльніка (напр., харчовага, болевага і інш.). Генералізацыя ўзбудлівасці па кары вял. паўшар’яў мозга адбываецца на першых этапах утварэння ўмоўнага рэфлексу. Адрозніваюць генералізацыю аферэнтную і эферэнтную. Пры аферэнтнай многія стымулы выклікаюць аднолькавую рэакцыю. Пры эферэнтнай аднолькавы стымул выклікае розныя рухі; яна выразна праяўляецца пры загашэнні аднаго з рухаў і пры выпрацоўцы новага руху. Па меры ўтварэння ўмоўнага рэфлексу стадыя генералізацыі змяняецца стадыяй спецыялізацыі.
3) У паталогіі — ператварэнне абмежаванага спачатку інфекц. або пухліннага працэсу ў пашыраны з узнікненнем метастатычных ачагоў у інш. органах. Адбываецца па крывяносных і лімфатычных шляхах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ,
сіла, якая дзейнічае ў плоскасці, датычнай да паверхні падзелу 2 фаз (напр., вадкасці і яе насычанай пары) і імкнецца скараціць паверхню да мінімуму пры зададзеных аб’ёмах фаз; важнейшая тэрмадынамічная характарыстыка такіх паверхняў. Залежыць ад прыроды датычных фаз і т-ры.
Абумоўлена нескампенсаванасцю сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў паверхневым (міжфазным) слоі. Стан паверхні на мяжы 2 фаз характарызуецца каэфіцыентам П.н. σ, які роўны адносінам П.н. да даўжыні контуру, што абмяжоўвае паверхню, і лікава роўны рабоце абарачальнага працэсу ўтварэння адзінкі плошчы паверхні падзелу фаз (або цел). Адзінка σ у СІ — ньютан на метр. Напр., пры 20 °C для вады σ = 0,0728 Н/м, для ртуці σ = 0,484 Н/м. Пры павелічэнні т-ры П.н. змяншаецца і поўнасцю знікае пры крытычнай т-ры (гл.Крытычны стан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, душэўныя хваробы,
расстройствы псіхічнай дзейнасці галаўнога мозга чалавека, пры якіх парушаюцца адлюстраванне навакольнага асяроддзя і самасвядомасць. Падзяляюцца на псіхозы і пагранічныя расстройствы. Пры псіхозах — неадэкватнае адлюстраванне рэчаіснасці з адпаведнай дэзарганізацыяй мэтанакіраваных паводзін, фарміраванне асаблівых псіхапаталаг. утварэнняў (галюцынацый, маній і інш.). Асн. віды псіхозаў: белая гарачка, маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія, эпілепсія, дэменцыя (набытая прыдуркаватасць, якая выклікаецца пашкоджаннем галаўнога мозга, часцей як вынік прагрэсіруючага атрафічнага працэсу ў мозгу або атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга). Пры пагранічных расстройствах (напр., неўрозы) адзначаюцца якасныя адхіленні ад нармальнага псіхічнага развіцця пры адэкватнасці паводзін і ўспрымання. П.х. могуць развівацца бесперапынна і прыступападобна, з паглыбленнем дэфекту асобы або без яго. Вывучае П.х. псіхіятрыя.