пусці́ць, пушчу́, пу́сціш, пу́сціць; пу́шчаны; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, даць каму-, чаму-н. волю, выпусціць.

П. птушку на волю.

2. каго-што. Дазволіць, даць магчымасць каму-, чаму-н. ісці ці ўвайсці куды-н.

П. у адпачынак. П. жывёлу на пашу. П. ў хату. П. начаваць.

3. што. Прывесці ў рух, у дзеянне, у рабочы стан.

П. гадзіннік. П. струмень вады. П. аўтаматычную лінію.

4. каго-што. Прымусіць, даць магчымасць каму-н. рухацца якім-н. чынам ці куды-н.

П. каня наўскач. П. плуг глыбей у зямлю.

5. каго-што. У спалучэнні з назоўнікамі ўжыв. ў знач. падвергнуць чаму-н. або выкарыстаць з якімі-н. мэтамі, накіраваць у якуюн. сферу дзейнасці.

П. у абыходак. П. участак пад авёс.

6. што. Распаўсюдзіць, разнесці (разм.).

П. погалоску. П. плётку.

7. што. Кінуць што-н. у каго-, што-н.

П. камень у акно. П. грошы на вецер (перан.; патраціць дарэмна, упустую).

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Даць з сябе парастак, карані.

П. атожылкі.

9. ( 1 і 2 ас. не ўжыв.). Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што-н. (разм.).

У мяшку пусціла шво.

10. асаб. і безас. Адтаяць (разм.).

Балота месцамі пусціла.

Замарозіла, а потым зноў пусціла.

Пусціць (з) агнём або (з) дымам што (разм.) — спаліць.

Пусціць з торбай каго (разм., уст.) — давесці да жабрацтва.

Пусціць на свет каго-што (разм.) — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць юшку каму (разм.) — ударыць, разбіць нос да крыві.

|| незак. пуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. пуск, -у, м. (да 3 знач.).

П. ракеты.

|| прым. пускавы́, -а́я, -о́е.

П. аб’ект.

Пускавая ўстаноўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

асе́сці, асяду́, ася́дзеш, ася́дзе; ася́дзь; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апусціцца, паглыбіцца ў зямлю, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся.

Сцены дома аселі.

Снег за ноч асеў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго-н. слоем.

Муць асела на дно.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перастаць лётаць, сесці на што-н. (пра пчол, птушак і пад.).

Рой пчол асеў.

4. Пасяліцца на пастаяннае жыхарства.

Сям’я асела ў вёсцы.

5. перан. Затрымацца, замацавацца.

Радкі верша аселі ў памяці.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць сілу, паслабець.

Голас неяк асеў, прагучаў ціха.

7. перан. Пасля ўзбуджэння аціхнуць, спыніць актыўную дзейнасць.

Чалавек змоўк, неяк асеў.

|| незак. асяда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. асяда́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

закі́нуць, -ну, -неш, -не; закі́нь; -нуты; зак.

1. каго-што. Кінуць куды-н. або далёка.

З. мяч у сетку.

З. вуду (таксама перан.: паспрабаваць папярэдне разведаць што-н. намёкам, пытаннямі; разм.).

2. што. Падняўшы, надаць чаму-н. іншае становішча.

З. нагу за нагу.

З. стрэльбу за плячо.

3. перан., каго-што. Даставіць куды-н.

З. прадукты на дачу.

З. дэсант у тыл ворага.

4. каго-што. Перастаць займацца кім-, чым-н., пакінуць каго-, што-н.

З. вучобу.

З. гаспадарку.

Закінуць слова або слоўца (разм.) — пахадайнічаць за каго-н., аказаць падтрымку.

Як за сябе закінуць (разм.) — хутка і многа з’есці, выпіць.

|| незак. закіда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і закі́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. за́кід, -у, М -кідзе, м. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гарызо́нт

(гр. horizon, -ntos = які абмяжоўвае)

1) лінія ўяўнага судакранання неба з зямной або воднай паверхняй;

знікнуць з гарызонтаперастаць з’яўляцца дзе-н.;

2) уся бачная навокал зямная паверхня; далягляд;

3) вялікі круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да вертыкальнай лініі ў месцы назірання;

4) перан. круг магчымасцей, перспектыва (напр. адкрыць новыя гарызонты ў навуцы);

5) перан. сума ведаў, кругагляд чалавека (чалавек з шырокім гарызонтам);

6) узровень вады ў рацэ, возеры, глебе;

7) пласт адкладанняў горных парод, які ўмоўна вылучаецца па якой-н. прымеце (колеры, складзе, наяўнасці руд і інш.);

8) сукупнасць горных вырабатак, размешчаных на адным узроўні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

stracić

зак.

1. страціць;

stracić zdrowie — страціць здароўе;

stracić czas — страціць час;

2. do kogoпрайграць каму;

3. na czym страціць (якасць; уласцівасць);

stracić na aktualności — страціць актуальнасць; перастаць быць актуальным;

stracić na fantazji — сціхнуць; прыціхнуць; уціхамірыцца;

stracić na humorze — засумаваць;

stracić na sile — аслабець;

nic nie stracić na urodzie — заставацца прыгожым (прыгожай);

4. kogoпакараць смерцю;

stracić przytomność (zmysły) — страціць прытомнасць; самлець;

stracić do czego serce — перастаць любіць што; страціць інтарэс да чаго

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Ня́хаць ’бегаць у пошуках спажывы’. Няясна; магчыма, звязана з Ахаць (яхыць) ’брахаць (пра сабаку, які праследуе здабычу)’, гл. Параўн. таксама нах‑нах! ’падзыўныя воклічы для сабакі’ (мсцісл., З нар. сл.), якое разглядаецца як фанетычнае перайманне голасу сабакі, што праследуе звера (Тура, Этнолингвистика текста. Семиотика малых форм фольклора, І. Тез. и предв. мат-лы к симп. М., 1988, 107); у такім выпадку змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар, параўн. ня‑ня ’тс’ (гл.), рус. нех‑нех ’словы, якімі падклікаюць сабак’.

Няха́ць, няхаіць ’адкладваць справу з-за гультайства ці нядбальства’ (Нас.), укр. нехати ’не рухаць’, нехаяти ’не дбаць; ігнараваць што-небудзь’, рус. нехати ’пакідаць, пушчаць’, польск. niechać ’дапускаць, дазваляць; не рухаць, пакідаць у спакоі, не звяртаць увагі’, чэш. nechati ’тс’, славац. nechať ’тс’, в.-луж. njechać, н.-луж. njechaś ’не цікавіцца, не мець жадання’, палаб. nechat ’пушчаць’, славен. nehatiперастаць, пусціць’, серб.-харв. не xäjam ’не звяртаць увагі, не клапаціцца’, балг. нехая ’не турбавацца, не клапаціцца’. Прасл. *nechajati/*nechatiy утворанае ад *chajati/*chatiy этымалагічна не зусім яснага, параўн. Бязлай, 1, 190; Шустар-Шэўц, 13, 1010; Фасмер, 3, 70; Махэк₂, 394. Параўн. хаяць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адысці́, адыду, адыдзеш, адыдзе; пр. адышоў, ‑шла, ‑шло; заг. адыдзі; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Ілька адышоў ад вогнішча на ўзгорак. Каваль. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Колас. // Разм. Пайсці, адправіцца куды‑н. Дзеці адышлі ў майстэрню і моўчкі селі за кравецкім сталом. Пестрак. // Адправіцца з месца стаянкі па свайму маршруту. Аўтобус ужо даўно адышоў, а.. [дзяўчына] усё ніяк не магла скрануцца з месца. Астрэйка. // Перайсці жыць у новае месца, пакінуўшы хату, родных; аддзяліцца. І рад бы быў стары Верамейчык, каб сын адышоў куды-небудзь з хаты.. Але, як відаць, нікуды не думае адыходзіць Юзік. Крапіва. // Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.). Ваенная хваля адышла на захад і ў горадзе паспакайнела. Чорны. Сонца даўно адышло за небасхіл. Галавач. // перан. Падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. Сын не далёка адышоў ад бацькі. // Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць. Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман. Брыль.

2. перан. Перастаць займацца якой‑н. справай, пакінуць ранейшы занятак. Адысці ад літаратуры. // Адхіліцца ад ранейшага напрамку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад. Адысці ад тэмы размовы. □ Мастацкая праўда дыктавала пісьменніку [Петрусю Броўку] задачу дзейнічаць не па шаблону, можна нават сказаць, павярнуць трошачкі стырно, адысці ад логікі завяршэння вобраза героя. Кучар. // Парваць сувязь з кім‑, чым‑н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго‑, чаго‑н. Ад людзей адбіўся Габрусь. Ад жыцця агульнага, таварыскага адышоў. Шынклер.

3. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н. Завесы адышлі. □ Нарэшце камень павярнуўся і адышоў ад сцяны. Арабей.

4. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне. Малая ўжо за гэты час адышла, адужала. Васілевіч. З якой дарогі ні вяртаўся б Ваўчок якія б клопаты яго ні турбавалі, ён ведаў, што дома адыдзе, адпачне, збярэцца з думкамі і сіламі. Хадкевіч. // Зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела). Рукі сагрэліся і адышлі. □ — Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, — калі.. патру.. рукамі. Кулакоўскі. // Супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад. Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці. Брыль. У вачах Каралёва былі зларадныя агеньчыкі, а Дрозд яшчэ не адышоў ад перапуду. Карпюк. // Дайсці да ранейшага стану; адтаць, адагрэцца, ажыць (пра глебу, расліны і пад.). Зямля адышла. □ Дрэвы ў дзедавым садку ў вайну абгарэлі, але за гэты час некаторыя з іх адышлі, дзед пасадзіў некалькі новых яблынь. Грамовіч.

5. Перайсці ва ўласнасць каго‑н. другога. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Сабаленка.

6. Закончыцца, мінуць. Абед адышоў. Жніво адышло. □ Будзем жыць мы без панскай апёкі. Адышла, адцвіла іх пара. І панам не вярнуцца. Колас. // Перастаць існаваць зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай. Тых часін, што адышлі ў туманы, засталіся сведкамі курганы. А. Вольскі. // Памерці. Я ўспомніў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам [Прышвіным] .. і думаў, што добра вось так: зрабіць усё што мог і адысці. Брыль.

7. Зак. да адыходзіць (у 2 знач.).

8. Разм. Перастаць дакучаць, турбаваць. [Міхал] ірвануў.. [Зосю] за руку: — Адыдзі! Чорны.

•••

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

1. Стаць спакойным, перастаць хвалявацца. Амаль што да самага рання я не мог супакоіцца пасля атакі. Барашка. Андрэй пачуў, што супакоіўся — радзей стала стукаць у грудзях, — і прыціснуў да пляча прыклад. Пташнікаў. І ты [мой родны] супакоішся, можа, заснеш на світанні, А заўтра ўспомніш, што хваляваўся дарма... Тарас. // Перастаць шумець, размаўляць, пачаць весці сябе ціха. Ноччу, калі заснуць таварышы і супакояцца за сцяной гаспадары, да .. [Ігнася] прыбягалі мары. Чарнышэвіч.

2. Стаць пакорным, уціхамірыцца. Невясёлае жыццё настала для хуліганаў, п’яніц, абібокаў. Прысмірэлі яны, супакоіліся. Дадзіёмаў.

3. Аслабіць праяўленне чаго‑н., стаць менш моцным; сціхнуць. Кашаль супакоіўся. □ Падвечар бамбёжка супакоілася, ніхто больш .. [хлопцаў] не трывожыў. Якімовіч. [Андрэй:] — Палова, пэўна, уцячэ дамоў, каб перачакаць, пакуль усё супакоіцца. Машара. // Аслабіцца або прыглушыцца (пра пачуцці). Залатыя сны ім [людзям] Няхай рояцца; Няхай жаль на душы супакоіцца. Купала.

4. Прыйсці ў стан спакою, нерухомасці; спыніць рух. Нарэшце, човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр. Гадзіны праз дзве возера крыху супакоілася. В. Вольскі.

5. Задаволіцца дасягнутым, зробленым. Хоць і сенат не прызнаў сялянскага права, але Аксён не хоча супакоіцца на гэтым. У яго ёсць яшчэ думка — падаць прашэнне цару. Колас.

6. Памерці. Пасіянарыя, бывай!.. Я мушу цвёрда смерць сустрэць. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... — І супакоіўся баец!.. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.

2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.

3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.

4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.

•••

Махнуць рукой на каго-штоперастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. працёк, ‑цякла, ‑цякло, зак.

1. Прайсці дзе‑н. сваім цячэннем (пра раку, ручай). Заўтра сотні ў пустыні Праменістых рэк працякуць. Панчанка.

2. Пранікнуць, прасачыцца (пра ваду, вадкасць). Вада працякла ў лодку. / у безас. ужыв. Тут пахла сырымі анучамі, венікамі. Сцены аблупленыя, на столі вялікі руды круг — працякло са страхі. Арабей.

3. Перастаць затрымліваць ваду ці іншую вадкасць. Чайнік працёк. Страха працякла.

4. Прайсці, мінуць (пра час, падзеі). Наша маленства працякло задоўга да Вялікай Айчыннай вайны. Грамовіч. Шмат гадоў працякло З таго слаўнага дня, Як на нашай зямлі Заяснела вясна. Журба.

•••

Многа вады працякло (ўцякло) — многа прайшло часу, змен.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)