пава́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Важны, поўны годнасці, самавітасці. Сама [Гайная] трымала лейцы і сядзела гордая, паважная, як на троне. Шамякін. Каржакаватыя, паважныя дубы як бы застылі ў спрадвечным спакоі. Навуменка. // Разм. Вельмі важны; уплывовы. У кабінеце Пятра Іванавіча, дырэктара даволі паважнай установы, сядзеў галоўны бухгалтар Васіль Сазонавіч. Арабей.

2. Спакойны, няспешны, павольны. Паважныя рухі. □ Голас .. [Мікіты] стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. Колас. Грузкай паважнай хадою прайшоў Няслаўскі разы два па пакоі. Мурашка.

3. Старэчы (пра ўзрост). Але нішто не кранала лорда. Мо таму быў прычынай больш чым паважны ўзрост. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́жылак, ‑лка, м.

1. Вузкая палоска чаго‑н., вузкі прамежкавы слой (у камені, дрэве і пад.). Мармуровыя прожылкі. □ Па чырванаватаму прожылку прыгнутай травінкі мурашка цягне ў дзесяць разоў большае за сябе яйцо. Кулакоўскі.

2. Жылка, якая свіціцца праз скуру. — Ну, што ж, — стары фатограф падаў сухенькую з сінімі прожылкамі руку. — Вельмі рады з вамі сустрэцца. Мехаў.

3. Адгалінаванне ніткападобнага патаўшчэння на лістах і кветках раслін. На алешніку лісце ўжо вялікае, але ліпкае, з чырванаватымі прожылкамі. Кулакоўскі.

4. Спец. Вузкая трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, адгалінаванне жылы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.

1. Кароткі, звычайна чатырохрадковы, фальклорны вершаваны твор лірычнага, злабадзённага або жартоўнага зместу, які выконваецца на пэўны матыў; частушка. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі. Кулакоўскі.

2. Тое, што і прыпеў (у 1 знач.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. — Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка... А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыраўнава́ць ​1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што да каго-чаго.

Зрабіць роўным каму‑, чаму‑н.; прыпадобніць да каго‑, чаго‑н. Другі, шпаркі, як барабан, голас даводзіў, што плуга да плуга не прыраўнуеш. Чорны. Вядома, што нельга было прыраўнаваць .. [майстэрню] да старой бляхарні. Мурашка.

прыраўнава́ць ​2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.

Адчуць рэўнасць да каго‑н. Я табе цяпер проста скажу: тады на свяце я нават крыху прыраўнаваў да цябе. Броўка. — А я люблю людзей, якія могуць вось так захапляцца, — адказала Валянціна Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша. — О, я прыраўную, Валя. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. У выглядзе струменяў, які складаецца са струменяў. Струменісты ручай. □ [Іванка] прывыкаў да ўсяго гэтага, асцярожна ладкуючыся ля жалязкі з вуголлем, якое яшчэ недзе тлела, мусіць, бо інакш адкуль бы ішоў гэты радкаваты струменісты дух. М. Стральцоў. Адкуль толькі ўзяўся, падзьмуў вільготны, струменісты вецер. Ракітны.

2. Паэт. Які цячэ струменямі, які струменіцца. Дарэмна сонца дзіцянё гукала Праз скошаныя шызыя лугі, — Не ўгледзела яго, не прычакала з-за гаманкой струменістай смугі. Гаўрусёў. // перан. Хвалісты. Струменістая тонкая тканіна мяккай .. сукенкі збягала плынна долу, як ззяннем налівала пругкія маладыя ногі. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хе́ўра, ‑ы, ж.

Пагард. Група людзей, якія аб’ядналіся для разбою, злачынства; банда. На Ўкраіне пан Патоцкі, Пан з Канёва родам, З сваёй хеўрай гаспадарыць Над бедным народам. Купала. [Шкунда:] Золатапагоннікі, кадэты І хеўра іншае брыды Расстроіць хочуць нам рады. Колас. // Разм. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, агульнымі прыметамі і пад. Калі хлопцы наймалі музыку іграць вечарынку, то Мікалая Халусту ніколі не бралі ў хеўру. Чарнышэвіч. — Хадзем, брыгадзір, у хеўры весялей, — гукаюць.. [мужчыны] Храпавіцкага. Мурашка.

•••

Адна хеўра; з адной хеўры — пра людзей адных поглядаў, адных паводзін (звычайна не вартых увагі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Вестка, паведамленне. [Кандрат:] — А ад Барташэвіча чутак няма? — [Домна:] — ..Чаму няма? Напісаў, што скора прыйдзе. Лобан. Чуткі з вайны трохі-трохі даходзілі да горада, надта далёка была яна адгэтуль. Мурашка. І вось гэтай вясною маланкай абляцела ўсе вёскі чутка: да Першага мая шахцёры абяцаюць даць калійную соль. Кулакоўскі. // звычайна мн. (чу́ткі, ‑так). Звесткі (звычайна няпэўныя, недакладныя); пагалоска. Справы ў яго доўга не ладзіліся, і да Зыбіна даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Мележ. Хадзілі чуткі, што ніякі.. [Мінін] не слесар, а жандар коннай петраградскай паліцыі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пумпару́шка-рабу́шка ’божая кароўка’ (З жыцця), пумпа‑ ру́шка‑рыбу́шка ’тс’ (воран., ЛА, 1), параўн. мурашка‑пумпашка ’тс’ (там жа), прошка‑рябошка ’тс’ (віц., ЛА, 1). Спалучэнне рыфмаваных слоў, нярэдкае для назваў божай кароўкі, параўн. петрык‑ведрык, петарка‑федарка і пад.; адна з частак, несумненна, ад рабы ’стракаты, плямісты’; другая ўзыходзіць да асновы пумп‑, прысутнай у назвах невялікіх круглых прадметаў і істот, паралельнай да пуп‑ з экспрэсіўнай назалізацыяй, параўн., напрыклад, пу́пел ’карапуз’ (гл.) і балг. пу́мпал ’тоўстая кароткая калодачка’ (лічыцца гукапераймальным, гл. БЕР, 5, 852; хутчэй “формавыяўляльным”). Аднак геаграфія назваў з назалізацыяй схіляе бачыць у аснове літ. pumpas ’маленькі гуз’, pampariitė ’кругленькі, пузаты’, p u mpuras ’пупышка’ (параўн. Астрэйка, БЛ, 46, 59), што не выключае і іншых версій: параўн., напрыклад, в.-луж. ритрас ’тоўсты жывот’, pumpak ’пукаты гаршчок’, ’тлусты жывот’, pumpaty ’пузаты, тоўсты, разбухшы’, што, паводле Шустар–Шэўца (2, 1190), выводзяцца з гукавыяўляльнага (“Lautgebärde”) комплекса pump-, паралельнага да в.-луж. pup ’пуп, выпукласць, гуз’; гэта сведчыць пра міжмоўны паралелізм у раз-віцці некаторых “формавыяўляльных” асноў, падобна да гукапераймальных слоў, параўн. пу́мпара ’буркун’ (гл.). Неналізаваны варыянт укр. папару́шка, папару́за ’божая кароўка’. Тапароў (Мифы, 1, 181–182) звязвае з балг. пеперу́да ’персанаж з балканскага абраду выклікання дажджу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял. Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс. чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.​С.​Акаловіч, М.​Л.​Мурашка, Р.​Ф.​Махноў), Стадыённым пасёлку (А.​Я.​Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.​А.​Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.​А.​Казлоўскі), на вузле сувязі (А.​Г.​Канаплёў, пазней Л.​Дз.​Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.​А.​Купалаў), чыг. вузле (Ф.​К.​Мехаў, А.​А.​Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.​І.​Хрыпач), таракамбінаце (В.​Дз.​Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.​А.​Стулаў) і ЛКСМБ (В.​І.​Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс. чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр. сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.​А.​Бекішава, Г.​К.​Грабяньковай, М.​Я.​Нагібава, А.​І.​Ліпці, Т.​А.​Ламаносенка і інш. За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют. — ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.

Літ.:

Пахомов Н.И., Дорофеенко Н. И., Дорофеенко Н.В. Витебское подполье. 2 изд. Мн., 1974.

Н.​І.​Дарафеенка.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)