АРЫНО́КА (Orinoco),

рака на Пн Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн. км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля ​1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.

Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн. т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НЬ,

з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.

Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач. жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад лац. integratio аднаўленне, папаўненне),

адзін з бакоў працэсу развіцця, калі асобныя часткі ці элементы аб’ядноўваюцца пад дзеяннем пэўнага фактара ў адно цэлае. Працэсы І. могуць адбывацца ва ўжо існуючых сістэмах або весці да стварэння новых сістэм на падставе некаторай колькасці сістэмастваральных элементаў. І. — універсальная з’ява. Яна назіраецца ў прыродных, касм. і сац. працэсах. Тыповыя яе прыклады: сінтэз атамаў у тэрмаядзерных рэакцыях, сінтэз малекул пры стварэнні хім. рэчываў, аб’яднанне ў адзіны комплекс розных відаў вытв-сці (гл. Інтэграцыя эканамічная), аб’яднаўчыя сувязі паміж суб’ектамі грамадства — асобамі, сац. групамі, дзяржавамі, грамадскімі арг-цыямі і інш. (гл. Інтэграцыя сацыяльная). У выніку І. павялічваецца аб’ём і інтэнсіўнасць сувязей паміж элементамі ўнутры сістэмы, што прыводзіць да паяўлення новых узроўняў кіравання сістэмай. Што датычыць частак новай сістэмы, то ў залежнасці ад характару сістэмы іх пач. самастойнасць або змяняецца пэўнай ступенню аўтаноміі, або цалкам знікае на карысць цэлага. У залежнасці ад складу ўдзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прынцыпаў, мэт і спосабаў іх рэалізацыі адрозніваюць пэўныя ўзроўні, формы і віды І. У апошняй чвэрці 20 ст. хуткімі тэмпамі развіваецца міждзярж. І. ў галіне эканомікі і фінансаў, асабліва ў Зах. Еўропе, а таксама ў сферах палітыкі, абароны і інш. Аб’ектыўнай асновай І. выступае інтэрнацыяналізацыя эканам. і інш. сувязей.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САРЫК ((Masaryk) Томаш Гарыг) (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),

чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш. паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп. аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — ад чэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш. нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.

І.​В.​Шаблоўская.

Т.Г.Масарык.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.

Літ.:

Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;

Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аб’е́кт

(лац. obiectum = прадмет)

1) усё тое, што складае частку знешняга, матэрыяльнага свету;

2) факт, прадмет, з’ява, якія трэба вывучыць, разгледзець (напр. а. назірання);

3) прадпрыемства, будоўля, асобны ўчастак чаго-н. як месца чалавечай дзейнасці (напр. а, будаўнінтва, ваенны а.);

4) лінгв. дапаўненне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фено́мен

(гр. phainomenon = тое, што з’яўляецца)

1) выключная, рэдкая, незвычайная з’ява; выключны ў якіх-н. адносінах чалавек;

2) у ідэалістычнай філасофіі тое, што дадзена ў пачуццях і не дасягаецца розумам;

3) філасофскае паняцце, якое абазначае з’яву, дадзеную нам у вопыце, пачуццёвым пазнанні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прая́ва, ‑ы, ж.

1. Незвычайнае здарэнне. «Што за праява?» — падумаў Сяргей і пачуў, як па яго спіне захадзілі мурашкі. Колас. І яшчэ адбылася з Хілімонам адна праява — больш ніхто яго не бачыў у старой пашарпанай ватоўцы. Сабаленка. Нейкі час Хацяноўскі быў сам не свой — заблытала яго гэтая жахлівая і ганебная праява, растрывожыла душу. Кулакоўскі.

2. З’ява, праяўленне. І ўсё ж у вачах стаялі праявы роднай вёскі, малюнкі перажытага. Марціновіч. Гісторыя слова грунтуецца на гістарычных падзеях, на розных праявах жыцця грамадства. Юрэвіч. Вялікі, магутны навакольны свет, поўны прыгажосці і сілы, праяў і падзей. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вячо́рашні ’які быў учора вечарам’ (Байк. і Некр., Гарэц., Яруш.), вечорошній ’тс’ (Нас.). Рус. вечорошни(ы)й ’тс’ (Даль). Ад *вечорась ’учора, учора вечарам’; параўн. рус. вечорась ’тс’ (вяц., валаг., наўг. і г. д., СРНГ). Параўн. славен. večę̑rkah ’вечарам’ і večę̑rkašnji ’пасляабедзенны’ (Плет.). З іншай семантыкай фармальна тоесныя ўкр. зах. вече́рішній ’вячэрні’, серб.-харв. вечѐрашњи, славен. večę́rašnji, макед. вечерашен ’тс’, якія пацвярджаюць старажытнасць утварэння. Да формы вечорась параўн. рус. дыял. вчерась; гл. Фасмер, 1, 366 (там і заўвагі адносна склону). Параўн. яшчэ ст.-рус. дьньсь, рус. утрось, летось і г. д., якія, паводле Сразнеўскага, 1, 772, уяўляюць сабой формы він. скл. + указальны займеннік; з’ява яшчэ праславянская.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мроі, адз. л. мроя ’тое, што створана фантазіяй; мары, летуценні’ (ТСБМ), мройлівы ’жудасны’ (смарг., Сцяшк. Сл.), мроіцца ’сніцца’, ’здавацца’, мроіць ’марыць’, ’бачыць у прывідах’ (ТСБМ, Сцяшк.; Пасожжа, Крывіч, 5, 1923), мройна ’летуценна’ (Нар. Гом.). Укр. мрі́яти, мрі́ти ’здавацца’, ’марыць’, мрий ’змрочны’, мриво ’хмурнае надвор’е’, рус. мреять ’мільгацець’. Роднасныя да прасл. mьrěti (mьrějǫ) > паміра́ць, мара́ 1 (гл.). З’ява ‑oi̯‑ — дзеянне другаснага аблаўта oi паралельна з ě < ē (паводле рэгулярнага чаргавання ě/oi, напр., pěti — pojǫ, rějati — rojь) (Сольмсэн, Зб. Ягічу, 579; Міклашыч, 190; Фасмер, 2, 668; Варбот, Слав. и балк. языкозн. М., 1981, 52 і наст.). Сюды ж мра́іво, мрай (гл. Жучковіч, Местн. геогр. терм. в топоним. M., 1966, 22).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)