САЛАГУ́Б Алесь Феафілавіч (18.10.1906, в. Зарудзічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.5.1934),

бел. паэт, літаратуразнавец, публіцыст. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1927), БДУ (1931). У Зах. Беларусі далучыўся да дзейнасці Бел. сялянска-работніцкай грамады. Быў вязнем (1924, 1927) віленскіх астрогаў. У 1928 нелегальна перайшоў польска-сав. мяжу, жыў у Мінску. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1924 у газ. «Жыццё беларуса», «Наша праўда», час. «Маланка» ( падпісваўся часта Лявон Чачотка), у газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя рэвалюцыі» і інш. У Мінску выдаў зб. вершаў «Лукішкі» (1929). Асн. тэмы яго творчасці — барацьба за сац. і нац. вызваленні, гал. герой — вязень-рэвалюцыянер У літ.-знаўчых («Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі», 1931; «Мастацкая літаратура «Грамады», 1933) і публіцыст. працах (некат. з В.​Таўлаем) спрабаваў вызначыць кірункі развіцця л-ры Зах. Беларусі, дапускаў сацыялаг. ацэнкі. Збіраў фальклор, нар. лексіку, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Яго «Лукішскі дзённік» часткова апубл. ў 1961.

Тв.:

У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.

Літ.:

Калесніку. Алесь Салагуб // Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Л і с А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994.

А.​С.​Ліс.

А.Ф.Салагуб.

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выходзіла з 15(27). 11.1898 да 29.11(12.12). 1905 у Вільні на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася кансерватыўна-асв., у 1905 памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нац. і рэліг. прымірэння. Беларусь лічыла «рускім краем», не прызнавала існавання бел. нацыі. Пад уплывам рэв. руху крытыкавала непаслядоўнасць дэмакр. рэформ у Расіі. Друкавала навук.-папулярныя нарысы пра дасягненні навукі, артыкулы па краязнаўстве, этнаграфіі, геаграфіі, медыцыне, літ.-крытычныя агляды, рэцэнзіі, інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў краі. У перакладзе на рус. мову змяшчала творы польскіх, франц., ням. пісьменнікаў, нарысы пра творчасць М.​Гогаля, І.​Тургенева, Ф.​Дастаеўскага, М.​Някрасава і інш., адзначала папулярнасць і талент М.​Горкага, у ліберальна-бурж. адаптацыі падавала думкі В.​Бялінскага, А.​Герцэна, М.​Чарнышэўскага. Друкавала агляды віленскіх маст. выставак, падрыхтаваныя прапагандыстам сімвалізму Г.​Каспяровічам. Публікавала творы Д.​Бохана, у т. л. пераклад польскага верша Я.​Лучыны «На могілках», нарыс пра творчасць У.​Сыракомлі. Змясціла некралог «Ф.​К.​Багушэвіч» і арт. М.​Радзіна «Памяці Ф.​К.​Багушэвіча», характарызавала яго як адваката і гуманнага чалавека.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕГАВО́Е ПО́КРЫВА,

слой снегу на паверхні Зямлі, які ўтвараецца ад снегападаў. Бывае часовае (растае за некалькі гадзін або дзён) і ўстойлівае (ляжыць на працягу ўсёй зімы або з невял. перапынкамі). Характарызуецца вышынёй і шчыльнасцю (вымяраецца снегамерам). Моцна адбівае сонечную радыяцыю (гл. Альбеда), істотна ўплывае на водна-цеплавы рэжым глебы, садзейнічае затрыманню цяпла, ахоўвае расліны ад вымярзання. Аказвае ўздзеянне на клімат, рэльеф, гідралагічныя і глебаўтваральныя працэсы, жыццё расл. і жывёльнага свету. Макс. плошчы на Зямлі С.п. займае ў канцы зімы Паўн. паўшар’я (99 млн. км²), мінім. — у канцы зімы Паўд. паўшар’я (47 млн. км²). Каля 30% снегу, які ўтвараецца штогод, служыць крыніцай жыўлення ледавікоў. На Беларусі ўстойлівае С.п. трымаецца ў сярэднім 100—110 сут на ПнУ і 70—80 сут па ПдЗ, утвараецца звычайна на ПнУ у пач., а на ПдЗ у канцы снежня, разбураецца ў сак., канчаткова сыходзіць праз 9—20 сут. Найб. выш. С.п. ў канцы лютага — пач. сак. — ад 15—20 см на Пд да 20—45 см на Пн. Шчыльнасць С.п. ў першыя месяцы зімы на адкрытых участках 0,1—0,15 г/см³, у канцы яе да 0,3—0,4 г/см³ (у лесе меншая). Гл. таксама Снегавая лінія, Снегазатрыманне.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАДЖЭ́ННЕ Ў ЦА́РГРАД»,

помнік стараж.-рус. і бел. літаратуры 14 — пач. 15 ст. Напісана смаленскім дзякам Ігнаціем, які ў 1389 суправаджаў у вандроўцы ў Царград (Канстанцінопаль) рус. мітрапаліта Пімена і пасля абрання мітрапалітам Кіпрыяна быў пакінуты ў складзе дыпламат. місіі пры Канстанцінопальскай патрыярхіі. Помнік дайшоў у 2 рэдакцыях: кароткай (15 ст.) і летапіснай (16 ст.) і ў шэрагу іх варыянтаў. Складзены паводле загаду смаленскага епіскапа Міхаіла як працяг летапісу, які, магчыма, Ігнацій вёў з 1370 (пазней названы «Сказание летом въ кратце»). У «Хаджэнні» апісаны прылеглыя да горада мясціны. барацьба паміж Іаанам IV Калуянам і Мануілам II Палеалогам за візант. пасад у 1390, землетрасенне 1391, каранацыя Мануіла II у 1393. Твор вызначаецца высокімі маст. якасцямі і багатай інфармацыяй пра шлях на Усход, насельніцтва Прычарнамор’я, грамадска-паліт. жыццё Візантыі. У ім ёсць унікальныя звесткі пра помнікі архітэктуры і мастацтва, манастыры, хрысц. святыні і інш. Спалучае летапісны стыль і традыцыі паломніцкай л-ры; твор пераходны да свецкага апавядання пра падарожжы, ён адзін з першых узораў аўтабіягр. бел. прозы.

Да тэксту Ігнація ў летапіснай рэдакцыі памылкова далучана ананімнае «Апісанне Іерусаліма», выпадкова пераплеценае ў 16 ст. разам з «Хаджэннем».

С.​Л.​Гаранін, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДКЕ́ВІЧ Тарас Канстанцінавіч (7.3.1912, в. Шайцерава Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.8.1975),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1972). Вучыўся ў Полацкім пед. тэхнікуме (1927—29), Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). У 1936—41, 1945—1950 працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Чырвоная змена». «Звязда», «Літаратура і мастацтва», у 1953—72 — літ. кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1925. Першы зб. вершаў «Смялей, таварыш!» (1932). Аповесць «Вяснянка» (1948), раман «Даль палявая» (1957—58) пра жыццё бел. пасляваен. вёскі. Раман «Песня Дзвіны» (1972) пра людзей новабудоўляў на Зах. Дзвіне. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Братэрства» (1948), «Рэха ў гарах» (1951), «Сяброўства» (1952), апавяданняў і нарысаў «Мая Беларусь» (1961), «Нафтагігант на Дзвіне» (1963), «Сад у квецені» (1966). Пісаў для дзяцей: «За сінім лесам» (1951), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Жыла-была казка» (1967), «Дзвіна пайшла» (1968) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Мы раскажам пра Мінск» (1964). На бел. мову пераклаў кнігі М.​Горкага «У Амерыцы» (1952) і «Апавяданні» (1955), раман А.​Чайшвілі «Лело» (1953).

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

Ад палёў наддзвінскіх: [Аўтабіяграфія] // Пяцьдзесят чатыры дарогі. Мн., 1963.

Літ.:

Кухараў С. Зачараваны красою Наддзвіння... // Полымя, 1982. № 9.

І.​І.​Разанаў.

Т.К.Хадкевіч.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРГО́ (Turgot) Ан Рабер Жак (10.5.1727, Парыж — 20.3.1781),

французскі дзярж. дзеяч, філосаф, эканаміст. Скончыў тэалагічны ф-т Сарбоны, але адмовіўся ад духоўнай кар’еры. У 1761—74 інтэндант у Ліможы. У 1774—76 ген. кантралёр фінансаў (міністр фінансаў, гандлю і грамадскіх работ); ажыццявіў шэраг рэформ, якія лібералізавалі эканам. жыццё Францыі (выдаў дэкрэт пра свабодны гандаль хлебам, у 1766 скасаваў дарожныя павіннасці і цэхавую арганізацыю). У працы «Размова пра ўсеагульную гісторыю» (1750) распрацаваў філасофію гісторыі, у цэнтры якой аналіз прагрэсу ў розных галінах грамадскага жыцця і законаў, якія імі кіруюць. Гэтыя ідэі Ц. развіты ў працах М.​Ж.​Кандарсэ і К.​А.​Сен-Сімона. У эканам. тэорыі Ц. за аснову ўзяў канцэпцыю фізіякратаў чыстага с.-г. прадукту і фізіякратычны падзел на класы. Адмаўляў ідэю натуральнага парадку і стаяў на пазіцыях асабістага інтарэсу, з якога выводзіў пастулат свабоднай канкурэнцыі; прадказаў ідэю гарманізуючай дзейнасці рынку А.​Сміта. Зрабіў пэўны ўклад у развіццё тэорыі грошай. Асн. яго праца «Роздумы пра стварэнне і размеркаванне багаццяў» (1766). Аўтар артыкулаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро і Ж.​Л.​Д’Аламбера.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные философские произведения. М., 1937;

Избранные экономические произведения. М., 1961.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

засе́сці сов.

1. в разн. знач. засе́сть;

з. за пра́ўку ру́капісу — засе́сть за пра́вку ру́кописи;

батальён засе́ў у крэ́пасці — батальо́н засе́л в кре́пости;

ва ўстано́ве засе́лі бюракра́ты — в учрежде́нии засе́ли бюрокра́ты;

з. на ўсё жыццё ў ро́днай вёсцы — засе́сть на всю жизнь в родно́й дере́вне;

засе́ла ду́мка ў галаве́ — засе́ла мысль в голове́;

2. засе́сть, застря́ть; завя́знуть;

ку́ля засе́ла ў сцяне́ — пу́ля засе́ла (застря́ла) в стене́;

машы́на засе́ла ў гразі́ — маши́на завя́зла в грязи́;

3. см. заві́снуць;

◊ з. ў го́рле — застря́ть в го́рле

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тамі́ць, тамлю, томіш, томіць; незак.

1. каго-што. Мучыць, знясільваць (цяжкай, непасільнай працай). Хутарская кожнадзённая работа вельмі таміла .. [Зосю]. Чорны.

2. каго-што. Прычыняць фізічныя або маральныя пакуты. Стоцкі таміў інжынера спецыяльнымі пытаннямі, быццам усё жыццё меў справу з электрастанцыямі. Карпюк. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці, нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца. Колас. // Пакутліва турбаваць, гнясці (пра пачуцці, думкі і пад.). «За чэрствы кавалак хлеба, За шклянку халоднай вады — Хіба ж чалавеку трэба Гэтулькі зносіць бяды?» Праклятае гэта пытанне Таміла цябе [Рэдыку] не раз. Глебка. Ночы былі светлыя, такія ціхія, што калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Мележ.

3. што. Спец. Вытрымліваць у пэўных умовах для атрымання неабходных якасцей. Таміць цэлюлозу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАСТАРНА́К Барыс Леанідавіч (10.2.1890, Масква — 30.5.1960),

рускі пісьменнік. Сын Л.В.Пастарнака. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1912) у Т.Когена. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Друкаваўся з 1913. Першы зб. вершаў — «Блізня ў хмарах» (1914). Уваходзіў у літ. групу «ўмераных» футурыстаў «Цэнтрыфуга», у ЛЕФ (да 1927). У ’паэт. зб-ках «Паверх бар’ераў» (1917), «Сястра мая — жыццё» (1922), «Тэмы і варыяцыі» (1923), «Другое нараджэнне» (1932), «На ранніх цягніках» (1943), цыкле вершаў «Калі разгуляецца» (нагі. 1956—59) філас. роздум пра «вечныя» тэмы: жыццё і смерць, сэнс чалавечага існавання, вера і нявер’е, прырода, каханне, лёс паэта, мастацтва, культура. Паэзіі П. ўласцівы метафарычнасць, асацыятыўнасць, парушэнне звыклых сінтакс. сувязей, дынамічнасць, жывапіснасць, музычнасць. Раман «Доктар Жывага» (апубл. за мяжой 1957, у Расіі 1988; Нобелеўская прэмія 1958, ад якой П. пад пагрозай высылкі з СССР адмовіўся; дыплом уручаны яго сыну ў 1990; экранізаваны ў 1965, рэж. Д.​Лін) пра лёс рас. інтэлігенцыі ў пераломную эпоху. У цыкле «Вершы Юрыя Жывага», змешчаным у канцы рамана, асэнсаванне гісторыі чалавецтва ў святле хрысціянскага ідэалу. Аўтар паэм «Дзевяцьсот пяты год» (1925—26, цалкам апубл. 1927), рамана ў вершах «Спектарскі» (1931), кн. прозы «Паветраныя пуцявіны» (1933), аўтабіягр. кн. «Ахоўная грамата» (1931), п’есы «Сляпая прыгажуня» (апубл. 1969, незавершана), рэцэнзій на кнігі М.​Асеева, Г.​Ахматавай, У.​Маякоўскага, артыкулаў па праблемах перакладу і інш. Майстар паэт. перакладу (трагедыі У.​Шэкспіра, 2 часткі «Фауста» І.​В.​Гётэ, вершы Дж.​Байрана, П.​Верлена, Р.​М.​Рыльке, Р.​Тагора, Т.​Шаўчэнкі, груз. паэтаў і інш.). У 1936 выступіў на 3-м пленуме Саюза сав. пісьменнікаў у Мінску. Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, А.​Александровічам, высока ацэньваў іх творчасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.​Аколава, Р.​Барадулін, Ю.​Свірка, апавяданне «Паветраныя пуцявіны» М.​Стральцоў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1989—92;

Соч. Т. 1—2. Тула, 1993—94;

Доктор Живаго. Мн., 1990;

Лирика. Мн., 1999;

Бел. пер. — Гарэла свечка... = Свеча горела: Выбр. вершы. Мн., 1990.

Літ.:

Альфонсов В.Н. Поэзия Бориса Пастернака. Л., 1990;

Баевский В.С. Б.​Пастернак — лирик: Основы поэтич. системы. Смоленск, 1993;

Воспоминания о Борисе Пастернаке. М., 1993;

Лотман М.Ю. Мандельштам и Пастернак: (Попытка контрастивной поэтики). [Тарту, 1996];

Смирнов И.П. Роман тайн «Доктор Живаго». М., 1996;

Пастернак Е.Б. Борис Пастернак: Биогр. М., 1997.

А.​В.​Спрынчан.

Б.Л.Пастарнак.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНІ́ЦКІ Ігнат Цярэнцьевіч (22.8.1861, б. фальварак Палівачы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 22.9.1917),

бел. акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Стваральнік бел. нац. прафесійнага т-ра. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драм. студыі ў Вільні. Працаваў каморнікам на Беларусі. Добра ведаў жыццё народа, глыбока адчуваў і разумеў нар. творчасць. Вывучаў песні і танцы, збіраў узоры нар. адзення, арнаменту, размалёўкі. З 1905 сістэматычна наладжваў вечарынкі ў Палівачах і Празароках. У 1907 арганізаваў у Палівачах аматарскі т-р, удзельнікі якога выступалі перад мясц. жыхарамі. У 1910 т-р стаў прафесійным і атрымаў назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. З ім многа ездзіў па Беларусі і за яе межы. Выступаў у Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Кіраваў т-рам, падтрымліваў яго эканамічна за кошт даходаў са свайго маёнтка, ставіў п’есы, іграў у іх — Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі), Ігнась («Модны шляхцюк» К.​Каганца), Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага), чытаў прозу і вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску танцаваў. Першы на Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэт. магчымасці бел. нар. танца, узняўшы яго да ўзроўню высокага мастацтва. Яго дзейнасць падтрымалі прагрэс. дзеячы бел. культуры — Я.​Купала, Ядвігін Ш., Цётка, Ц.​Гартны, З.​Бядуля, Ч. і Л.​Родзевічы і інш. З-за ўціску царскіх улад, іх негатыўных адносін да адраджэння бел. культуры, матэрыяльных цяжкасцей у 1913 т-р спыніў дзейнасць. У маі 1914 Буйніцкі зрабіў спробу стварыць новы т-р, але перашкодзіла 1-я сусв. вайна. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У апошнія месяцы жыцця на вайск. службе ў рус. арміі ў раёне Маладзечна, дзе і памёр. У 1975 перапахаваны на цэнтр. плошчы в. Празарокі Глыбоцкага р-на, на магіле — помнік (скульпт. І.​Міско, арх. М.​Бурдзін). У Празароцкай сярэдняй шкале музей Буйніцкага.

Літ.:

Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.

І.Ц.Буйніцкі.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)