САЛАГУ́Б (Алесь Феафілавіч) (18.10.1906, в. Зарудзічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.5.1934),
бел. паэт, літаратуразнавец, публіцыст. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1927), БДУ (1931). У Зах. Беларусі далучыўся да дзейнасці Бел. сялянска-работніцкай грамады. Быў вязнем (1924, 1927) віленскіх астрогаў. У 1928 нелегальна перайшоў польска-сав. мяжу, жыў у Мінску. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1924 у газ. «Жыццё беларуса», «Наша праўда», час. «Маланка» ( падпісваўся часта Лявон Чачотка), у газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя рэвалюцыі» і інш. У Мінску выдаў зб. вершаў «Лукішкі» (1929). Асн. тэмы яго творчасці — барацьба за сац. і нац. вызваленні, гал. герой — вязень-рэвалюцыянер У літ.-знаўчых («Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі», 1931; «Мастацкая літаратура «Грамады», 1933) і публіцыст. працах (некат. з В.Таўлаем) спрабаваў вызначыць кірункі развіцця л-ры Зах. Беларусі, дапускаў сацыялаг. ацэнкі. Збіраў фальклор, нар. лексіку, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Яго «Лукішскі дзённік» часткова апубл. ў 1961.
Тв.:
У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.
Літ.:
Калесніку. Алесь Салагуб // Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;