змей, змея, м.
1. Разм. Вялікая змяя; тое, што і змяя.
2. Казачнае крылатае страшыдла з тулавам змяі; дракон, цмок. Трохгаловы змей. □ Паехалі яны [браты] ў свет з лютымі змеямі-цмокамі ваяваць. Якімовіч.
3. Дзіцячая цацка, якая складаецца з лёгкага каркаса, абцягнутага паперай ці матэрыяй, і запускаецца на нітцы ў паветра. Сасакі любіла разам з Кіёсі запускаць змея, і аднойчы іх змей падняўся вышэй за ўсіх, што пускалі тады дзеці. Арабей.
4. Пра злога, каварнага чалавека. Ляснічы — змей, ну, аж шалее, Жыўцом грызе сваю ахвяру. Колас.
•••
Аэралагічны змей — лёгкі прывязны планер, які скарыстоўваецца для падымання самапішучых аэралагічных прыбораў у высокія слаі атмасферы.
Зялёны змей — гарэлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.
2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалява́нне, ‑я, н.
1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.
2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.
3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прыканды́чыць ’цягаць за валасы’ (Нас.); параўн. таксама прыкундо́сіць ’пабіць’ (Нас., Рамз.). Да зафіксаванага там жа канды́чыць з той самай семантыкай. Апошняе з’яўляецца фанематычным карэлятам (які, магчыма, разумеўся як “антыэкспрэсіўная” форма) да незафіксаванага *кунды́чыць/*кундо́чыць, чаргаваннем у фіналі асновы звязаным з кундо́сіць ’цягаць за валасы’ (гл.) < *ку́нды < ку́дла/‑ы ’валасы’ (гл.) < прасл. *kǫdьla/‑o (ЭССЯ, 12, 53–54). Безумоўна, не самым абгрунтаваным месцам з’яўляецца тут сувязь рэканструяванага *ку́нды з ку́длы, таму ЕСУМ (3, 142) прапануе іншую, даволі арыгінальную і несупярэчлівую ў семантычным плане версію — бачыць ва ўкр. кундо́сити, бел. кундо́сіць “зваротнае запазычанне” з якой-небудзь балтыйскай мовы, што можа быць зведзена да балт. *kundas ’кудзеля; валасы’ (параўн. літ. kuõdas ’чуб’) як адлюстравання прасл. *kǫda (‑у) ’кудзеля’, параўн. ко̀нди, ко̀нда ’кудзеля, ачоскі льну, канапель’. Пачатковае значэнне дзеяслова было, такім чынам, ’трапаць, церці (лён, кудзелю)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕ́ПРАЎШЧЫНА, вепраўшчызна, павепраўшчызна,
грашовы падатак у ВКЛ, які ў 16—18 ст. спаганяўся з сялян за права карыстання ляснымі ўгоддзямі землеўласніка. Памер вызначаўся непасрэдна зямельным уласнікам.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́Т,
адзін з відаў маёмаснага найму, калі спецыялізаваныя арг-цыі даюць грамадзянам у часовае карыстанне за адпаведную плату прадметы хатняга ўжытку, спарт. інвентар і інш. маёмасць.
т. 12, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1933 у Заходняй Беларусі,
узброенае выступленне сялян Кобрынскага пав. 3—4 жн. супраць сац. і нац. прыгнёту. Паводле рашэння Брэсцкага акр. к-та КПЗБ на 4 жн. быў прызначаны паход сялян Кобрынскага пав. ў маёнтак паноў Малачэўскіх з патрабаваннем выдаць плату за палявыя работы. З жн. па дарозе да месца збору (в. Булькова) сяляне разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў у в. Вял. Радванічы, забралі зброю; больш за 100 узбр. сялян некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жн. паліцыя з падмацаваннем з Брэста разагнала сялян, павет быў абвешчаны на асадным становішчы, пачаліся аблавы, вобыскі, арышты. Арганізатары выступлення былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. На абарону арыштаваных выступілі працоўныя Зах. Беларусі, таму смяротны прыгавор 8 чал. быў заменены пажыццёвай катаргай, астатнія прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення. У в. Навасёлкі Кобрынскага р-на ў памяць пра выступленне сялян пастаўлены помнік.
Літ.:
Курковіч М. За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне? Вільня, 1933;
Ласковіч В.П. Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі // У суровыя гады падполля. Мн., 1958.
т. 8, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ахца́к ’?’ параўн. у Чорнага: «Не ўспеў яшчэ ад астрога ачухацца за першую жонку, як ужо другую бярэ. От ахцак!» (КТС). Улічваючы геаграфію слова, магчыма, запазычанне з мовы беларускіх татар, параўн. цюрк. axcax і пад. формы са значэннем адмоўнай характарыстыкі чалавека, або вытворнае ад хацець, параўн. chcutlivy ’ахвочы’ (Арх. Федар.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Азо́рнік ’нахабны, шалапут’ (Нас.), азарнок (Сержп.), азарны (Касп., Нас.) да а‑зор‑нік, гл. рус. озорник, озорной. Першапачаткова ’той, хто сочыць за кім-небудзь, падглядвае’. Параўн. рус. озор у тым жа значэнні. Няправільна Ільінскі (PF, 11, 199) адносіць да кораня ‑ор‑ з наступнай дэкампазіцыяй прэфіксаў. Параўн. Фасмер, 3, 126.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Задры́па ’неахайны чалавек’ (ТСБМ). Рус. дыял. задры́па, задри́па, задрёпа; укр. задрі́па, задри́панець. Усх.-слав. бязафіксны наз. ад дзеяслова задрыпаць ’запэцкаць’, утворанага з прэфіксам за‑ ад дрыпаць ’пэцкаць’, што мае шэраг іншаслав. паралелей, якія вядуць да рэканструкцыі семантыкі dripati ’раздзіраць’ (SR, 4, 236); гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 115.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)