ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,

з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЗЯРЫ́Т,

у бел. мастацтве стараж. назва гравюры на медзі; тое, што афорт. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Раннія М. на бел. тэмы заказваліся за мяжою (карта Полацкай зямлі, план Полацка, Рым, 1579; карта Вял. кн. Літоўскага, Амстэрдам, 1613). Адным з першых да М. звярнуўся Т.Макоўскі («Панегірык братоў Скарульскіх», Нясвіж, 1604, і інш.). М. стваралі браты А.Тарасевіч (ілюстрацыі да «Разарыума...», Аўгсбург, 1672) і Л.Тарасевіч («Партрэт Г.​Зямлі», 1690-я г.), І.​Шчырскі, М.​Сімкевіч, а таксама замежныя гравёры, якія працавалі на Беларусі: К.​Гётке, А. ван Вестэрфельд, П.​Эгельхарт. У тэхніцы М. выконваліся панегірычныя гравюры, ілюстрацыі. У бел. кірылічнай кнізе да М. звярталіся С.Собаль (тытул «Актоіха», Кіеў, 1628), М.Вашчанка (ілюстрацыі да «Акафістаў і канонаў», Магілёў, 1693). У тэхніцы М. выконвалі таксама гар. краявіды Полацка, Магілёва, Гродна, Нясвіжа, нар. лубкі, экслібрысы. Іл. гл. таксама да арт. Афорт.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Медзярыт. Л.Тарасевіч. Партрэт Г.​Зямлі. 1690-я г.

т. 10, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫЧЫ (Medici),

славуты род, які правіў у г. Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСЛО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Шэліга» ў ВКЛ. Валодалі землямі ў Слонімскім пав., з сярэдзіны 17 ст. мелі маёнтак Пескі. Найб. вядомыя:

Войцех (ахрышчаны 21.6.1762, Пескі — 3.3.1833), сын Францішка. Дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92, у 1797—1816 маршалак Слонімскага пав., правадз. стацкі саветнік (1810), з 1831 старшыня Віленскага т-ва дабрачыннасці. Вызначыўся як актыўны прадпрымальнік, будаваў дарогі, млыны, бровары, прадпрыемствы па вырабе паперы, жалеза, сукна, шкіпінару, смалы і інш. Адам Тытус (ахрышчаны 25.12.1803, Пескі — 5.3.1854), сын Войцеха. Удзельнік паўстання 1830—31. Францішак Ксаверы (ахрышчаны 22.9.1806, Пескі — 9.1.1874), сын Войцеха. У 1830-х г. маршалак Слонімскага пав. Узначальваў Варшаўскае т-ва дабрачыннасці. У 1869 ад рымскага папы атрымаў графскі тытул. Вандалін (1814—84), сын Войцеха. Уладальнік Косава, дзе пабудаваў палац. Калекцыянер, аматар мастацтваў. Уладзіслаў (8.10.1871—10.4.1964), сын Францішка. З 1918 чл. К-та абароны крэсаў у Варшаве. Садзейнічаў адкрыццю ў 1924 у Альбярціне езуіцкай Усх. місіі па распаўсюджанні уніяцтва, выданні рэліг. л-ры на бел. мове.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мансеньёр

(фр. Monseigneur = мой пан)

тытул, які ў сярэдневяковай Францыі ўжывалі пры звароце да герцагаў і іншых прадстаўнікоў вышэйшай знаці, а пазней як зварот да прадстаўнікоў вышэйшага каталіцкага духавенства.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

казыра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хадзіць з казырнай карты.

2. перан.; чым. Выстаўляць што‑н. як сваю перавагу; выхваляцца чым‑н. [Лабановіч] прыгадаў аднаго слуцкага рамізніка, які меў княжацкі тытул і ў крытычных выпадках казыраў ім. Колас. — А ты, хлопча, не дужа казырай сваімі ведамі, бо ведаеш усё гэта з газет. Скрыпка.

казыра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вітаць па-вайсковаму, прыкладваючы руку да казырка. Дзяўчына-яфрэйтар.. паказвала дарогу кожнай машыне і, спрытна перахапіўшы сцяжкі ў левую руку, казырала. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мірза́

(перс. mīrzā, ад âmir-zādä = сын эміра, князя)

1) тытул члена правячай дынастыі, а таксама буйных феадалаў у некаторых народаў Усходу;

2) сакратар, пісар, перапісчык у некаторых народаў Усходу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.

Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.

Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).

Літ.:

Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Александровіч», прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 19 ст. займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Герцагстве Варшаўскім, Рас. імперыі. Мелі буйныя зямельныя ўладанні ў Лідскім, Гарадзенскім і інш. пав. Найб. вядомыя Александровічы:

Альберт, канюшы вял. князя ВКЛ у 1530-я г. Рыгор, кашталян віленскі і вял. гетман літоўскі ў 16 ст. Стафан Яўстафій (? — 1700), маршалак гарадзенскі з 1684, кашталян новагародскі з 1698. Міхал, харужы з 1701, маршалак лідскі з 1704. Францішак Антоні, сын Лукаша, харужы (1759), падкаморы (1769), маршалак (1783), кашталян (1793) лідскі. Дамінік, сын Лукаша, маршалак трыбунала літоўскага з 1770, канюшы вял. князя ВКЛ у 1772—91.

Антоні Феліцыян, абат, сакратар Няспыннай Рады ў 1778—80, вял. пісар каронны. Тамаш Валяр’ян (? — 29.9.1794), сын Марціна, кашталян (з 1779), ваявода (з 1789) падляшскі, маршалак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Няспыннай Рады ў 1780—84. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Станіслаў (1781 — 13.8.1826), сын Тамаша, сенатар-кашталян у Каралеўстве Польскім у 1824—26. У 1800 атрымаў ад аўстр. імператара Франца II тытул графа.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

султа́н

(тур. sultan, ад ар. sultān = панаванне)

1) спадчынны тытул манарха ў некаторых мусульманскіх краінах;

2) упрыгожанне з пер’яў пер’я ці конскіх валасоў на галаўным уборы ў ваенных;

3) суквецце ў некаторых раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)