КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),

плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.​Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.​Лежэ, А.​Глез, Х.​Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.

У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.​Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.​С.​Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.​Ларана, Р.​Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.​Ліпшыца).

У літаратуры Г.Апалінэр, М.​Жакоб, А.​Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл. Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.​Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.

Літ.:

Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;

Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Кубізм. Х.​Грыс. Сняданак. 1915.
Да арт. Кубізм. П.​Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.
Да арт. Кубізм. Ж.​Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЫЯ ЭСЭ́РЫ, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры (інтэрнацыяналісты),

партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.​Д.​Камкоў, М.​А.​Натансон, М.А.Спірыдонава і інш. Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс. чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.

Літ.:

Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;

Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

віхо́р ​1 і ві́хар, ві́хру, м.

1. Імклівая кругавая плынь ветру. Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Па галаве і па барадзе [Трахіма] нібы віхор прагуляўся. Крапіва. Як віхар, як куля, імчыцца каршун. Купала. // Узняты ветрам закручаны слуп пылу, снегу і пад. Раптам усхадзіўся вецер, узняў на дарозе віхор пылу. С. Александровіч.

2. перан.; чаго. Пра імклівае, бурнае праяўленне чаго‑н. Віхор падзей. □ З-за вялікіх вокан белага мураванага дома нечакана рвануўся віхор зыкаў скрыпкі і фартэпіяна. Чорны.

3. у знач. прысл. ві́храм. Хутка, імкліва. Імчацца віхрам. □ Машына віхрам уляцела па калгасны двор і спынілася, як укопаная. Шахавец.

віхо́р ​2, ‑хра́, м.

Узнятая ўверх пасма валасоў. — Мне падабаюцца твае валасы, асабліва вось гэты непаслухмяны віхор. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакулі́ць, ‑кулю, ‑куліш, ‑куліць; зак.

Разм.

1. каго-што. Перавярнуць уверх дном, нізам; паваліць набок, абярнуць. Перакуліць човен. Перакуліць воз. □ Конь ірвануў убок і перакуліў сані. Корзун. // што. Выліць, вываліць змесціва якой‑н. пасудзіны, перавярнуўшы, паваліўшы яе. Буйка замітусіўся па кузні, перакуліў вядро вады, і яна разлілася на ўтрамбаваную ботамі зямлю. Даніленка. // каго. Перавярнуць цераз галаву, нізам уверх, на процілеглы бок. Магутная плынь прагна падхапіла .. [Макоўчыка], панесла, упарта стараючыся перакуліць на спіну. Мележ. // каго-што. Нагвуўшы, перакінуць цераз каго, што‑н. Перакуліць цераз борт. □ Ігнась кінуўся на спіну, падхапіў за ногі Ключэню і перакуліў цераз сябе. Чарнышэвіч.

2. што. Выпіць да дна (чарку, шклянку і пад.). Позірк .. [Рамана] упаў на бутэльку з гарэлкай. Ён, нічога не думаючы, наліў шклянку і перакуліў яе ў рот. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усця́ж, прысл. і прыназ.

Абл.

1. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; скрозь. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна. Колас. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Паставіўшы ля варот вядро, .. [Алёша] паімчаўся ўсцяж па вуліцы далей. Краўчанка. Няхай гудзе, як першы гром вясною, Усцяж па ўсёй зямлі, па ўсіх марах Жывая слава пераможцам бою, Паборнікам і праўды і дабра. Астрэйка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «усцяж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Хуткая плынь ракі адразу панесла пантон з танкам усцяж берага. Мележ. Ніна неўзабаве выйшла на ўскрай лесу і недалёка ўбачыла вёску, што раскінулася ўсцяж дубровы. Шчарбатаў. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,

пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.​Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар. рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст. камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв. сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас. бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв. «Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст. паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв. «Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв. сацыяліст. сістэма. У 1980-я г. камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г. СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв. прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап. эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш. камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч. нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст. тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл. Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.

Літ.:

Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;

Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;

Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел. дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;

Коммунисты: право на власть. М., 1998.

А.​М.​Ягораў.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.​М.​Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.​Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.

Літ.:

Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вадзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да вады, утвораны з вады. Вадзяная пара. Вадзяны струмень. □ Вясна .. у некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні. Колас.

2. Які расце, жыве ў вадзе. Вадзяное зелле. Вадзяны павук. □ Вада ў канаве была чорная і па тым, як калышацца на яе паверхні лісце нейкіх вадзяных траў, Андрэй Міхайлавіч пазнаў, што канава мае ўласную плынь. Самуйлёнак.

3. Які прыводзіцца ў рух вадою. Вадзяное кола. Вадзяная турбіна. □ Неўзабаве бліснула пакручастая стужка рачулкі, а потым паказаўся і вадзяны млынок. С. Александровіч.

4. у знач. наз. вадзяны́, ‑ога, м. Уст. Тое, што і вадзянік. У багне, пад лазой, Вадзяны канае, З горкаю слязой Топіцца ў канаве. Пушча.

•••

Вадзяная блыха гл. блыха.

Вадзяное ацяпленне гл. ацяпленне (у 2 знач.).

Вадзяны гадзіннік гл. гадзіннік.

Вадзяныя знакі гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́тва ’бервяно, якое ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарн.). З польск. płatwa ’тс’, płatwicat płatewka, якое Банькоўскі (2, 620) выводзіць з płatać ’вырубаць у бэльцы зарубкі для бэлек’, а гэтае — беспадстаўна з ням. Platte (гл. яшчэ Варш. сл4).

Платва́ ’плотка, Rutilus rutilus’ (лудз., вільн., Сл. ПЗБ), пла‑ ту́шка ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ), укр. плітка, плотва, пліт, плынь, плотиця, плотавымі ’тс’, рус. плотва, шютвица ’карп, Cyprinus idus’, ’гусцяра’, ’краснапёрка’, ’дробны лётчык’; польск. płocica, ploć, płotka, ст.-польск. płota, płotka, палаб. plütvaico ’тс’, н.-луж. płośica, в.-луж. płocica, чэш. plot і ее, славац. plotica ’плотка’, славен. platka ’ялец, Leuciscus leuciscus’, ’лешч, Abramis brama’, серб.-харв. płotka, płocica ’ялец’, бати’, плотика ’лешч, Abramis brama’, макед. платица ’від рыбы’. Магчыма, з прасл. *ploty, *р/оіы > е (Фасмер, 3, 285). Назва рыб выводзіцца з лац. platessa ’камбала’ (Праабражэнскі, 2, 77) або супастаўляецца з літ. platus ’шырокі’, ст.-грэч. πλατύς ’плоскі, шырокі’ (Банькоўскі, 2, 624). Прасл. *plotvica (Махэк₂, 462) паходзіць з прыметніка на -і/‑аснову, які страціўся, і пасля гэтага ‑v‑ стаў непразрыстым і выпаў у некаторых мовах (слав. дыялектах). З *ploť, > ica паходзіць усх.-ням. Plötze = ням. Flunder ’тс’. Каламіец (Рыбы, 74) лічыць сувязь з плоскі другаснай, першапачатковая матывацыя ад плыць, што тлумачыць ужыванне слова для называння розных рыб; прасл. *рІыь/ріыь ідэнтычнае */;/ъ/ъ, гл. плыт.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́плаў 1 ’заліўны луг у пойме ракі’ (ТСБМ, Некр., Гарб., Нікан., Шат., Сл. ПЗБ; петрык., Мат. Гом.; ТС, Сл. Брэс.), поплыў ’тс’ (Бяльк.), ’незабалочаная сухадольная сенажаць’ (Янк. 2; лун., Сл. Брэс.), ’луг каля вёскі’ (Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ; драг., Сл. Брэс.), ’месца на рацэ, возеры, якое зарасло трысцём’ (Інстр. 1: слуц., КЭС), ’сенажаць на высокім месцы’ (лун., Шатал.), ’пясчанае месца каля ракі’ (Сл. ПЗБ), по́плава, по́плаво ’тс’ (Скарбы), поплава́ ’выган’ (в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ) по́плавына ’тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), ’смецце, нанесенае паводкай’ (Ян., ТС), укр. по́плав ’заліўны луг’, рус. бранск. по́плав ’заліўны луг, выган’, польск. popław ’заліўны луг’, ’сена з такіх лугоў’. Вытворнае ад прасл. *pluti/*plavati ў першасным значэнні ’ліць, цячы’, ’заліваць вадой’, параўн. славен. popláva ’паводка’, poplaviti ’заліць’; азначае як месца, якое заліла вада, так і месца, ад якога вада адступіла з агульным значэннем ’пасля паводкі’. Гл. плаваць.

По́плаў 2 ’расліна маннік, Glyceria R. Br.’, паплаво́к, мн. л. плаўкі́ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по-, гл. плаваць і плаў як агульная назва для расліннага покрыва на вадаёмах (Расл. св.).

По́плаў 3 ’сетка для падлёднай лоўлі рыбы’ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад плавіць ’сплаўляць па плыні ракі’, перанос семантыкі на прыстасаванне, што дзейнічае, выкарыстоўваючы ток вады, параўн. рус. плавная сеть ’самаплаўная сетка’, польск. popław ’плынь, ток вады’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)