ВО́ДНАЯ ЭРО́ЗІЯ,
размыў або змыў цякучай вадой горных парод і глеб, гл. ў арт. Эрозія і Эрозія глебы.
т. 4, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дрэна́ж, -у́, м.
1. Асушэнне глебы пры дапамозе сістэмы траншэй ці труб, а таксама сістэма такіх траншэй, труб.
Д. балота.
2. Вывядзенне з раны гною, вадкасці з дапамогай спецыяльнай трубкі (спец.).
Д. раны.
3. мн. -ы́, -о́ў. Гумавая ці шкляная трубка з адтулінамі, якая ўводзіцца ў рану для адтоку гною, вадкасці (спец.).
Увесці д.
|| прым. дрэна́жны, -ая, -ае.
Дрэнажная канава.
Дрэнажная трубка.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
пласт, -а́, М -сце́, мн. -ы́, -о́ў, м.
1. Шчыльны, плоскі слой чаго-н.
Верхнія пласты глебы.
Пласты каштоўных выкапняў.
2. перан. Аднародная ў якіх-н. адносінах маса як частка чаго-н. (кніжн.).
Пласты насельніцтва.
Лексічны п.
◊
Ляжаць як пласт або пластом (разм.) — нерухома, не маючы сіл падняцца.
|| прым. пластавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).
Пластавая горная парода.
П. вугаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Папа́р ’поле, пакінутае на адно лета незасеяным з мэтай паляпшэння глебы пад пасеў азімых’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Шн.), папа́р, попа́р, пупа́р ’тс’ (Сл. ПЗБ). Прэфіксальны дэрыват ад пар (гл.), або, улічваючы палес. попа́рыты ’араць зямлю восенню для вясновага севу’ (Выг.), нулявы дэрыват ад гэтага дзеяслова. Сюды ж папа́рына ’расліннасць на папары’ (Янк. 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
аэрапо́ніка
(ад гр. aer = паветра + ponikos = працоўны, працавіты)
вырошчванне раслін без глебы ў вільготным паветры з дапамогай пажыўных раствораў (параўн. гідрапоніка).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
скарыфіка́цыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Перадпасяўная апрацоўка (парушэнне цэласці абалонкі) насення некаторых раслін, каб паскорыць прарастанне. Скарыфікацыя насення канюшыны.
2. Разразанне глебы для ўзмацнення прыгону паветра ў яе. Скарыфікацыя лугавой дзярніны.
3. Правядзенне насечак на скуры.
[Ад лац. scarificare — падрэзваць, рабіць насечкі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф. фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.
2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.
А.В.Кудзельскі.
т. 4, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Л.Г.Емяльянаў.
т. 4, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі пад аблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазвароты з травасеяннем, культ. лугаводства з перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебы з чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.
т. 14, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБААПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для апрацоўкі глебы. Найб. пашыраны: барана, валакуша, каток палявы, культыватар, лушчыльнік, пласкарэз-глыбокарыхліцель, плуг, рыхліцель, фрэза глебавая.
т. 5, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)