Жэ́рдка, жэрдзь ’ачышчаны ад галля ствол або галіна дрэва’. Рус. жердь, жердка ’тс’, укр. же́рдка ’гарызантальная галінка’, польск. żerdź, żerdka ’жэрдка’, в.-луж. žerdź ’жэрдка; штанга’, н.-луж. žerdka, žerź ’тс’, чэш. žerď, žerďka, славац. žrď, žŕdka, славен. žr̂d, žr̂dka, серб.-харв. дыял. жр̏т, балг. дыял. жерд, жърд, жъ́рда ’жэрдка’. Ст.-слав. жръдь ’кій, кап’ё’, ст.-рус. жердь (XI ст. у копіі XV ст.). Прасл. *žьrdь звязана чаргаваннем галоснага з *gordъ (гл. горад, азярод); параўн. ст.-в.-ням. gerta ’прут’. Фасмер, 2, 47; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 285–286; Аткупшчыкоў, Из истории, 121; Геаргіеў, Introduction to the History of the I. E. Languages, 1981, 44–45; БЕР, 1, 557; Скок, 602–604; Голуб-Копечны, 444; Покарны, 1, 444. І.‑е. корань *gherdh‑ ’ахватваць, гарадзіць’. Іначай Махэк₂, 726: *žьrd звязана з града, рус. гряда, грядка, што менш верагодна, паколькі не тлумачыць адсутнасці насавога. Гл. яшчэ жэрасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным ‑д‑ толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раз’ю́шыцца ’ўзлавацца’ (Інстр. 3), розʼю́шыцца ’разарыцца’ (ТС), разʼюшывацца ’гарачыцца’ (Нас.), укр. дыял. розʼю́шити ’раззлаваць, раз’ярыць, усхваляваць каго-небудзь’, розʼю́шитися ’раззлавацца, раз’ярыцца, расхвалявацца’, а таксама ’разбіць да крыві (нос, твар)’, польск. rozjuszyć ’давесці да шаленства, раззлаваць’, а таксама ’раскрывавіць’, харв. razjusȉt se ’раззлавацца, разгневацца’, ’узмацніцца (пра вецер)’. Узыходзяць да прасл. *jucha (< *i̯ous‑ā) (ЭССЯ, 8, 193), гл. юха, юшка. Мяркуецца, што зыходным было значэнне ’від стравы (поліўкі, супа), прыгатаванай з мяса (або з мяснога адвару) і звярынай крыві’. З гэтага кулінарнага значэння на пэўнай частцы славянскай тэрыторыі развілося другаснае значэнне ’звярыная кроў’. Вытворныя дзеясловы спачатку, верагодна, мелі значэнне ’крывавіць, сцякаць крывёю, залівацца крывёю’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *jušiti (), гл. юшыць. Са значэння ’крывавіць’ развілося другаснае, пераноснае значэнне ’адчуваць непакой, раздражняцца/раздражняць, злавацца/злаваць’, заснаванае на назіранні за эмацыянальна ўзрушаным чалавекам, які раптам чырванее ад прыліву крыві, вызваннага эмоцыямі, параўн. бел. наліва́цца крывёю ’моцна злавацца’ (Борысь, Czak. stud., 16–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́йка1 ’вузкі стальны брус на чыгунцы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Байк. і Некр.), ’вузкая тонкая дошчачка’ (ТСБМ, Бяльк., Шушк.), ’жалезная шына (у плузе) да якой прымацоўваецца лямеш і паліца’ (Бяльк.). Ад рэя1.

Рэ́йка2 ’сэрца, лёгкія, печань у жывёлы’ (Бяльк., Нас., Дабр.). Паводле Фасмера (3, 463) — няяснае. Пятлёва суадносіць гэту лексему з *rějati (), для якой на базе рус. дыял. ре́ять ’часта дыхаць, запыхацца’, ре́яться ’задыхацца’ выводзяць яе семантычнае адгалінаванне ’дыхаць’. Такім чынам, рэ́йка можа азначаць ’тое, чым дыхаюць; орган дыхання’ або, што больш верагодна ’тое, што мае малую вагу і таму усплывае у вадзе (супе)’ (Пятлёва, Этимология–1975, 42–44). Параўн. у Фасмера, які рус. лёгкое суадносіць з лёгкий, таму што, калі вантробы жывёл кладуць у ваду, лёгкія застаюцца на паверхні. Таксама ён прыводзіць адпаведнікі з іншых моў: англ. lights ’лёгкія некаторых жывёл’ > light ’лёгкі’, парт. leves ’лёгкія’ > leve ’лёгкі’ (Фасмер, 3, 474).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сныха́ ‘жывая бойкая дзяўчына’ (Бяльк.). Зыходзячы з дыялектнай фанетыкі, гэта рэдкі выпадак фіксацыі на беларускай моўнай тэрыторыі прасл. *snъxa ‘нявестка, жонка сына’, параўн. укр. дыял. сно́ха, рус. сноха́, стараж.-рус. снъха, польск. дыял. sneszka, старое snecha, чэш. snacha, серб.-харв. сна̀ха ‘братава або сынава жонка’, славен. snaha, sneha, балг. снъха́, макед. снаа, ст.-слав. снъха; роднаснае ст.-інд. snusā́, грэч. νυός, лац. nurus, ст.-ісл. snor, ст.-англ. snoru, ст.-в.-ням. snur, ням. Schnur, што ўзыходзяць да і.-е. *snusós ‘радавая сувязь’, адкуль форма ж. р. *snusa < sneu̯‑ ‘звязваць, злучаць’, гл. аснова, снаваць. Менш верагодна вывядзенне *snusā́ з і.-е. *sūnu‑sū‑ ‘сынава жонка’. Гл. Трубачоў, История терм., 131 і наст.; Глухак, 568; Шаўр, Etymologie, 60–62 (аддае перавагу другой версіі); Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337–338. Семантыка беларускага слова пярэчыць пазнейшаму запазычанню з рускай мовы і, не выключана, узнаўляе першаснае значэнне снаваць ‘хутка рухацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Абало́нка1, параўн. укр. болона ’тонкая плеўка’, польск. błona, чэш. blona, славац. blana ’тс’, якія, магчыма, генетычна суадносяцца з лац. follis ’пузыр’, folliculus ’плеўка’ < і.-е. *bholnis (гл. Покарны, 120), хаця лінгвагеаграфія гэтых слоў супярэчыць непасрэднаму супастаўленню з лацінскімі формамі. Яшчэ менш верагодна з фармальнага і семантычнага боку супастаўленне са ст.-грэч. φόλίς ’луска паўзуноў’ (гл. Фасмер, 1, 189). Цікавая здагадка аб генетычнай суаднесенасці з прасл. *pelna, *pelena (рус. пелена і інш. славянскія паралелі) (гл. Махэк₂, 55 і 458). Пры бездакорнасці семантычнага боку даводзіцца ў гэтым выпадку дапусціць змяшэнне p/b. Лінгвагеаграфія, магчыма, сведчыць у карысць такога збліжэння. Мяркуемыя прасл. bolna і pelna знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (bolna — захад і цэнтр, pelna — усход і поўдзень). Гл. Мартынаў, SlW, 62–63. Параўн. абалонь.

Абало́нка2 ’шыба ў акне’ (Шат., Касп., Сцяшк., Янк. I, Маш.), оболонечка ’фортачка’ (Булг., Доўн.-Зап.), ст.-бел. оболонкі ’плеўкі жывёл, якія ўжываліся як шыбы ў вокнах’ з 1494 г. (Нас. гіст., 249), польск. błona, чэш. blána, славац. blana ’тс’. Гл. абалонка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ава́д ’авадзень’ (Бір. дыс., Нас., Янк. II), авадзень (БРС, Шат., Бір. дыс., Арх. Бяльк., Касп.), авадзье (Бір. дыс.), говыдьде (Клім.). Агульна- і праславянская назва авадня: ovadъ або obvadъ. Параўн. укр. овад (рус. овод да овад як гіперкарэкцыя), чэш. ovad, польск. owad, балг. авад, бел. абадзён (Сцяц.), серб.-харв. о̏бад паралельна з о̏вад, славен. obàd. Ёсць формы без пачатковага ‑а: вадзень (гл.). Бліжэйшыя паралелі: літ. úodas ’камар, мошка’, лат. uóds ’тс’, Міклашыч, 218; Зубаты, Studie, 1, 2, 111. Найбольш верагодна, звязана з і.-е. *ōd‑, *ēd‑ ’есці’. Пад гэтым значэннем можна аб’яднаць авад і вадзень. Параўн. літ. ė́sti ’есці (аб жывёлах)’ і ’паліць, пячы’. Трэба таксама ўлічыць палескае заедь у значэнні ’авадні’, дзе ўнутраная форма захавана зусім не двухсэнсоўна. Гл. Шульцэ, KZ, 43, 41. З гэтай версіяй мяжуе версія Трубачова, Происх., 71, згодна з якой ovadъ < *ov‑odos ’той, хто есць аўцу’. Супраць Махэк₂, 432, які суадносіць ovadъ з лац. tabānus (зыходная славянская форма obadьnь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́г, вастро́г. Рус. остро́г ’частакол, умацаваны гарадок, турма’, укр. остріг ’пляцень з крышай’, турма’, польск. ostróg ’частакол, умацаванае месца, замак, ’турма ў царскай Расіі’ (гэта значэнне, відаць, з усходнеславянскіх моў), чэш., славац. ostroh ’адгор’е, мыс’ (параўн. рус. отрог, рус. дыял. острог ’мыс’), славен. ostròg ’умацаванае месца’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. острогъ ’частакол, умацаванае месца’. Міклашыч (293), Гараеў (243), Мікала (IF, 6, 350), Зубаты (Studie, 1, 2, 171) адносілі да кораня слова сцерагчы, што фанетычна недакладна; Махэк₂ (420) выводзіць з ostožiti (гл. астожжа) з пазнейшай кантамінацыяй з востры. Мейе (Études, 354). Праабражэнскі (1, 666–667), Фасмер (3, 166) (дзе гл. іншую літаратуру) звязваюць з *ostr‑. Суфікс ‑g‑ яшчэ ў вярыга і інш. Па Фасмеру першапачатковае значэнне ’вострае’, адкуль, можна вывесці і ’мыс’, і гару’, і інш. Аднак больш верагодна дапушчэнне Праабражэнскага пра тое, што першапачаткова размова ішла пра плот з вострымі коллямі. Гл. астрога. Тады чэш., славац. і рус. паралелі не трэба атаясамліваць з гэтым словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)