ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Лаўрэнцій

(сапр., верагодна, Куколь; 1550-я г., мяст. Тустынь, цяпер Івана-Франкоўскай вобл., паводле інш. звестак с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — каля 1634),

бел. педагог, царкоўны дзеяч, перакладчык. Брат С.Зізанія. Працаваў выкладчыкам у правасл. брацкіх школах Львова (да 1592), Брэста (1592—95), Вільні (1595—97), хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага (1597—1600), князёў А.Астрожскага (1600—03) і Я.Карэцкага (да 1618). У 1596 у Вільні ў брацкай друкарні выдаў азбуку «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», у якую ўключыў «Лексіс...» — тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараслав. мовы, набліжаў навучанне да жывой мовы народа, пашыраў кругагляд вучняў, а таксама «Грамматіку словенскую съвершенного искуства осми частій слова».

Граматыка і азбука З. зрабілі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсх. і паўд. славян. З 1619 настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэч. мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 прывёз у Маскву рукапіс кнігі «Катэхізіс», дзе на бел. мове выклаў звесткі аб прыродзе і даў сваё тлумачэнне царк. догматаў (яго погляды абвешчаны ерэтычнымі). У перапрацаваным выглядзе «Катэхізіс» выд. ў Маскве ў 1627, перавыд. ў Гродне 1783, 1787 і 1788. У 1627 вярнуўся на Украіну, у сваіх казаннях выкарыстоўваў звесткі са стараж. філасофіі і гісторыі.

Тв.:

Лексис Лаврентія Зизанія... Київ, 1964;

Грамматіка словенска. М., 1980 (факс. выд.).

Літ.:

Ботвинник М.Б. Лаврентий Зизаний. Мн., 1973.

М.Б.Батвіннік.

т. 7, с. 65

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)