ДАНІЦЭ́ЦІ (Donizetti) Гаэтана (29.11.1797, г. Бергама, Італія — 8.4.1848),
італьянскі кампазітар. У 1815—17 вучыўся ў Балонскім муз. ліцэі. У 1839—40 і пазней працаваў у Парыжы, дзе пастаўлены многія з яго опер, у 1840-я г. таксама ў Аўстрыі (з 1842 аўстр. прыдворны кампазітар). У 1834—39 праф. кансерваторыі ў Неапалі (з 1837 дырэктар). Асн. частку творчай спадчыны Д., майстра стылю бельканта, складаюць усе жанравыя разнавіднасці італьян. оперы (опера-буфа, опера-камік, лірыка-драм. і рамант. оперы, сац.-псіхал. меладрамы і інш.), яны насычаны выразнымі, лёгка запамінальнымі мелодыямі, эфектнымі арыямі, вылучаюцца яркай тэатральнасцю. Сярод найб. папулярных опер «Любоўны напітак» (1832) і «Дон Паскуале» (1843), адзін з лепшых узораў оперы-буфа, адзначаны невычарпальным дасціпным гумарам, жыццярадаснасцю, мяккім лірызмам.
Сярод інш. твораў: оперы «Пётр Вялікі, цар рускі, або Лівонскі цясляр» (1819), «Дон Грэгорыо» (1824), «Ганна Балейн» (1830), «Лукрэцыя Борджа» (1833), «Лючыя ды Ламермур» (1835), «Паліеўкт» (1838), «Марыя ды Роган» (1843), араторыі, кантаты, 16 сімфоній, камерна-інстр., вак. творы.
Літ.:
Донати-Петтени Дж. Гаэтано Доницетти: Пер. с итал. Л., 1980.
Помнік Г.Данідэці ў касцёле Санта-Марыя ў Бергама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́РЫНЬШ (Zariņš) Маргерс (н. 24.5.1910, г.п. Яўнпіебалга, Латвія),
латышскі кампазітар, пісьменнік. Нар.арт.СССР (1970). У 1929—33 вучыўся ў Латв. кансерваторыі. У 1940—50 муз. кіраўнік Маст.т-ра імя Я.Райніса ў Рызе. У муз. творчасці пераважае тэатр. стыхія, парадыйна-сатыр. вобразнасць, з 1960-х г. — рысы неакласіцызму. Сярод муз. твораў: оперы «Да новага берага» (1955), «Зялёны млын» (1958), «Опера жабракоў» (1964), «Цуд св. Маўрыкія» (опера-балет, 1975), «Опера на плошчы» (1970); араторыі «Валміерскія героі» (1950), «Махагоні» (1965); канцэрты для аргана і камернага арк. Concerte innocente (1969), Concerto triptichon (1972); вак. творы, хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар літ.-маст. твораў, у т. л. сатырыка-фантаст. рамана «Фальшывы Фауст, або Перапрацаваная і дапоўненая кулінарная кніга» (1973), «Містэрыі і хэпенінгі» (1975), зб. апавяданняў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Латвіі 1958. На бел. мову асобныя літ. творы З. пераклаў А.Марціновіч.
Тв.:
Рус.пер. — Оптимистическая энциклопедия жизни. Л., 1986;
Календарь капельмейстера Коциня: Роман, повесть. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРАШО́ВА Клаўдзія Кузьмінічна (н. 13.12.1925, хутар Белы Ленінградскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. і расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1970). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1952). З 1952 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1960 — Пермскага т-ра оперы і балета. Валодае моцным голасам прыгожага мяккага тэмбру. Яе творчасць вызначаюць высокая вак. тэхніка, драм. тэмперамент, акцёрскае майстэрства. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзея («Надзея Дурава» А.Багатырова), Алеся, Ганка («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Любаша, Любава («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Княгіня, Вольга, Графіня («Чарадзейка», «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Шарлота («Вертэр» Ж.Маснэ); у Пермскім т-ры — Іаанна («Арлеанская дзева» Чайкоўскага), Варвара Васілеўна («Не толькі любоў» Р.Шчадрына), Каця («Вогненныя гады» А.Спадавекія).
Літ.:
Смольскі Б.С. Таленавітая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,
«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.Тусакоўскі, М.Ладыжанскі, М.Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай у 1862 Балакіравым і Г.Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к.» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус.рэв. дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.Глінкі, А.Даргамыжскага, яны развівалі нац.муз. стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф., фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус.муз. культуры.
Літ.:
Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАШЫ́НА ЧА́СУ»,
расійская рок-група. Створана ў 1979 у Маскве (працавала з 1968). Арганізатар і кіраўнік А.Макарэвіч. Напачатку адчуваўся ўплыў вак. квартэта «Бітлз», пераважалі песні на англ. мове, пазней характар музыкі і прыёмы аранжыроўкі мяняліся ад хард-рока і белага блюза да джаз- і арт-рока, стылістыкі «новай хвалі»; з сярэдзіны 1970-х г. у рэпертуары пераважна рускамоўныя песні. У першым складзе «М.ч.» выступалі: Макарэвіч (гітара, вакал), І.Мазаеў і П.Рубен (бас-гітара), А.Дваноў (рытм-гітара), Ю.Барзоў (ударныя); пазней — А.Зайцаў, М.Капітаноўскі, А.Куцікаў, Я.Маргуліс, П.Падгарадзецкі, В.Яфрэмаў і інш. Сярод грампласцінак з запісамі «М.ч.»: «Паляўнічыя на ўдачу», «Рэкі і масты», «У добры час», «Праз 10 гадоў», «У крузе святла», «Песні пад гітару» (сольны альбом Макарэвіча), «Машыне часу» 20 гадоў»; аўдыёкасеты — «Сонечны востраў», «Чужыя сярод чужых», «Рыбка ў бляшанцы» і інш. Музыка ў выкананні «М.ч.» выкарыстана ў кінафільмах «Душа», «Пачні з пачатку», «Скорасць», «Прарыў», «Без мундзіра», «Рок і фартуна» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛІК-ПАША́ЕЎ Аляксандр Шамілевіч (23.10.1905, Тбілісі — 18.6.1964),
грузінскі і расійскі дырыжор. Нар.арт.СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930, клас А.Гаўка). З 1923 у Тбіліскім оперным т-ры, з 1931 дырыжор, у 1953—62 гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве. Яго творчасці ўласцівы тонкае разуменне вак. спецыфікі, уменне па-майстэрску раскрываць муз. драматургію твораў розных эпох і стыляў. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Атэла» Дж.Вердзі (1932), «Абесалом і Этэры» З.Паліяшвілі (1939), «Чаравічкі» (1941) і «Пікавая дама» (1944) П.Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1946), «Руслан і Людміла» М.Глінкі (1948), «Аіда» (1951) і «Фальстаф» (1962) Вердзі, «Дзекабрысты» Ю.Шапорына (1953), «Фідэліо» Л.Бетховена (1954), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1959) і інш. Удзельнічаў у оперных пастаноўках шэрагу т-раў еўрап. краін. Выступаў і як сімф. дырыжор. Аўтар муз. твораў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.
Літ.:
А.Ш.Мелик-Пашаев: Воспоминания, статьи, материалы. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧЫ́НІ (Puccini) Джакама (22.12.1858, г. Лука, Італія —29.11.1924),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Муз. ін-це імя Дж.Пачыні ў г. Лука (з 1872), у Міланскай кансерваторыі (1880—83). Прыхільнік традыцый італьян. опернага мастацтва, найб. значны прадстаўнік верызму. Яго оперы вызначаюцца сцэнічнасцю, гнуткасцю і свабодай форм, узмоцненай роляй аркестра. У музыцы праўдзіва ўвасабляў карціны жыцця простых людзей, унутраны свет герояў. Апіраючыся на італьян.гар. песеннасць і традыцыі вак. стылю бельканта, стварыў яркі, эмацыянальны арыёзна-меладычны стыль. У шэрагу опер не пазбег меладраматызму і сентыментальнасці, характэрных верызму. Лепшыя оперы П. ўвайшлі ў сусв. оперны рэпертуар; сярод іх: «Вілісы» (паст. 1884), «Манон Леско» (паст. 1893), «Багема» (паст. 1896; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1968), «Тоска» (паст. 1900; у Дзярж. т-ры 1937, 1950, 1969), «Чыо-чыо-сан» (паст. 1904; у Дзярж. т-ры 1940, 1943, 1945, 1953), «Дзяўчына з Захаду» (паст. 1910); оперны трыпціх «Плашч», «Сястра Анджэліка», «Джані Скікі» (1918); «Турандот» (закончана Ф.Альфана, паст. 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУЗО́Р’Е»,
бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль пад кіраўніцтвам А.Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.Пучынскі (гітара), А.Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.Аліпава, А.Брынцаў, Н.Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.Растопчын (гітара), А.Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ГА (ад лац. fuga бег, уцёкі),
поліфанічны муз. твор, засн. на імітацыйным правядзенні ва ўсіх галасах адной, радзей дзвюх і болей тэм па пэўным танальна-гарманічным плане; найвышэйшая форма поліфаніі.
Адрозніваюцца колькасцю тэм (простыя — на адну тэму, двайныя — на 2, трайныя — на 3 і г.д.) і галасоў (найб. пашыраны 3- і 4-галосыя). Тэма Ф. выразная, вобразна акрэсленая. Раздзелы Ф.: экспазіцыя, дзе тэма праводзіцца па чарзе ўсімі галасамі ў гал. і дамінантавай танальнасцях, распрацоўка з больш свабодным танальным планам, рэпрыза — заключная частка з перавагай гал. танальнасці і больш сціплым паследаваннем імітацый (стрэта). Асн. раздзелы, а часам асобныя правядзенні тэмы злучаюцца інтэрмедыямі. Развівалася ў 17 ст. з канцоны, рычэркара, матэта, дасягнула кульмінацыі ў творчасці І.С.Баха і не страціла значэння да нашага часу. Часта Ф. папярэднічае прэлюдыя ці інш. ўступная п’еса імправізац. складу (фантазія, таката). Можа ўваходзіць у санатны, сюітны ці варыяцыйны цыкл, у буйную вак.-сімф. кампазіцыю (араторыя, меса і інш.). У бел. музыцы вядомы Ф. для фп. Дз.Камінскага.