МІСІСІ́ПІ (Mississippi, на мове мясц. індзейцаў — вял. рака),
рака ў ЗША, адна з самых вял. на зямным шары. Даўж. 3766 км (ад вытоку р. Місуры 5970 км), пл. басейна 3230 тыс.км². Пачынаецца з невял. возера на ПнЗ штата Мінесота, перасякае ЗША з Пн на Пд па Цэнтр. раўнінах і Прымексіканскай нізіне, упадае ў Мексіканскі заліў. У вярхоўі рака працякае праз сістэму невял. азёр, даліна вузкая, месцамі М. ўтварае парогі і вадаспады. Ніжэй вусця р. Дэ-Мойн шыр. даліны да 10—15 км, перад упадзеннем р. Місуры — да 20 км. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі рэк Місуры і Агайо) даліна ракі шырокая, рэчышча ад 600 м да 3—4 км, месцамі разгаліноўваецца на рукавы. У ніжнім цячэнні даліна паступова расшыраецца ад 25 км да 70—100 км, рэчышча замацавана ад паводак сістэмай штучных дамбаў. Каля г. Батан-Руж пачынаецца дэльта (пл. каля 33,5 тыс.км²), дзе вылучаюцца 6 гал. рукавоў. Буйныя прытокі: Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер (справа), Вісконсін, Ілінойс, Агайо (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні М. снегавое і дажджавое, у сярэднім і ніжнім пераважна дажджавое. Вясенне-летняе разводдзе і бурныя дажджавыя паводкі, якія перыядычна выклікаюць навадненні (адно з найб. у ліп. 1993). Сярэдні гадавы расход вады ад 1800 м³/с у вярхоўі да 19 тыс.м³/с (макс. 50—80 тыс.м³/с) у вусцевай ч. ракі. Цвёрды сцёк каля 360 млн.т за год. У верхнім цячэнні М. замярзае на 3—4 месяцы. Водзяцца акуні, фарэлі (у вярхоўі), сазаны, самы, рыбы буфала (у сярэднім і ніжнім цячэнні). М. мае вял.трансп. значэнне: злучана рэкамі і суднаходнымі каналамі з Вял. азёрамі і глыбакаводным шляхам па р.Св. Лаўрэнція з Атлантычным ак. Рачное суднаходства ад вусця да г. Мінеапаліс (на 3 тыс.км), марское — да г. Батан-Руж. Даўж. суднаходных шляхоў бас. М. больш за 25 тыс.км. Па М. перавозіцца штогод каля 360 млн.т грузаў (каля 60% рачных перавозак ЗША). Гідратэхн. рэсурсы — 27,5 ГВт. У бас. М. некалькі ГЭС (найб. каля г. Кіякак). Буйныя гарады і парты: Мінеапаліс з Сент-Полам, Сент-Луіс, Мемфіс, Батан-Руж, Новы Арлеан.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,
блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб.буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДАсвіней.
Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.
Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЛО́ПЫ,
групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ЎЗЕНЬ,
адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр.ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
контрнаступленне ням. армій у раёне Ардэнаў (Бельгія) 16.12.1944—28.1.1945 з мэтай разграміць амер.-англ. войскі і дасягнуць пералому ў 2-й сусв. вайне на карысць Германіі. 16 снеж.ням. 6-я танк. армія СС і 5-я танк. армія, аб’яднаныя ў групу армій «Б» (фельдмаршал В.Модэль) пачалі наступленне ў раёне «Зігфрыда лініі». 4 амер. дывізіі, якія абараняліся на фронце працягласцю ў 115 км, панеслі вял. страты і адступілі. Да канца снеж.ням. войскі пашырылі прарыў да 90 км і прасунуліся да 100 км углыб. Саюзнае камандаванне перакінула да месца прарыву буйныя сілы войскаў і авіяцыі. У выніку паспяховага контрудару 3-й амер. арміі наступленне герм. войскаў было прыпынена, аднак становішча саюзнікаў заставалася напружаным. 12 студз. па іх просьбе сав. войскі пачалі (на 8 дзён раней запланаванага тэрміну) Вісла-Одэрскую аперацыю 1945. Ням. камандаванне вымушана было адмовіцца ад наступлення на захадзе і перакінуць 7 дывізій на сав.-герм. фронт. Да канца студз. саюзнікі аднавілі становішча на Зах. фронце. Іх страты ў гэтай аперацыі склалі каля 77 тыс.чал., страты ням. войскаў — каля 93 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arcansas),
штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс.км², нас. 2424 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра (у г. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Александровіч», прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 19 ст. займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Герцагстве Варшаўскім, Рас. імперыі. Мелі буйныя зямельныя ўладанні ў Лідскім, Гарадзенскім і інш.пав.Найб. вядомыя Александровічы:
Альберт, канюшы вял. князя ВКЛ у 1530-я г. Рыгор, кашталян віленскі і вял. гетман літоўскі ў 16 ст.Стафан Яўстафій (? — 1700), маршалак гарадзенскі з 1684, кашталян новагародскі з 1698. Міхал, харужы з 1701, маршалак лідскі з 1704. Францішак Антоні, сын Лукаша, харужы (1759), падкаморы (1769), маршалак (1783), кашталян (1793) лідскі. Дамінік, сын Лукаша, маршалак трыбунала літоўскага з 1770, канюшы вял. князя ВКЛ у 1772—91.
Антоні Феліцыян, абат, сакратар Няспыннай Рады ў 1778—80, вял. пісар каронны. Тамаш Валяр’ян (? — 29.9.1794), сын Марціна, кашталян (з 1779), ваявода (з 1789) падляшскі, маршалак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Няспыннай Рады ў 1780—84. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Станіслаў (1781 — 13.8.1826), сын Тамаша, сенатар-кашталян у Каралеўстве Польскім у 1824—26. У 1800 атрымаў ад аўстр. імператара Франца II тытул графа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́Н (Amiens),
горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс.ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч.прам-сць.
У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныяваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл.Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).