АПУ́ЛІЯ
(Puglia),
вобласць на ПдУ Італіі. Пл. 19,4 тыс. км², нас. 4,1 млн. чал. (1990). Уключае правінцыі: Бары, Брындызі, Лечэ, Таранта, Фоджа. Адм. ц. — г. Бары. Буйныя гарады: Брындызі, Таранта, Фоджа. Адгор’і Апенін на З (1151 м, г. Даўнія); масіў Гаргана (да 1056 м) і плато Ле-Мурджэ акаймаваны вузкай прыбярэжнай нізінай каля Адрыятычнага м., паўд. ч. п-ва Саленціна раўнінная. Клімат міжземнаморскі, ападкаў 400—500 мм за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць вінаград, масліны, садавіну, лён, тытунь, збожжа, бавоўнік, цукр. буракі, агародніну. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі — вінаробчая, мукамольная, тытунёвая прам-сць, выраб аліўкавага алею. Нафтаперапрацоўка, нафтахім., металургічная, с.-г. машынабудаванне, суднабудаванне, швейная, тэкст., гумавая прам-сць. Здабыча баксітаў, прыроднага газу, каменнай солі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
т. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)