род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашырана ў Еўропе. На Беларусі К. сармацкае (M. sarmatica). Нар. назвы: бальсан, лясная табака. Усходняя мяжа пашырэння праходзіць па Беларусі. Трапляецца на ПдЗ і З: у Маларыцкім, Камянецкім, Ваўкавыскім, Лельчыцкім і Мазырскім р-нах, Белавежскай пушчы. Расце групамі і асобнымі экз. ў мяшаных і шыракалістых лясах, вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным апушаным духмяным сцяблом выш. 20—80 см. Лісце супраціўнае, чаранковае, з шырокай яйцападобнай пласцінай. Кветкі буйныя, двухгубыя, бела-ружовыя або бэзаватыя з моцным мядовым пахам, у пазухах верхняга лісця. Плод — арэшак. Цвіце ў маі—чэрвені. Лек. (гіпатэнзіўны, мачагонны, вяжучы, ранагаючы сродак), меданосная і дэкар. расліна.