ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙10​2 + 7∙10​1 + 3∙10​0 = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНО́ЦІ ((Menotti) Джан Карла) (н. 7.7.1911, Кадэльяна, каля г. Варэсе, Італія),

амерыканскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1923—27), у Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі (1928—33), у 1941—45 выкладаў у ім. З 1928 у ЗША. У 1958 заснаваў у г. Спалета (Італія) «Фестываль двух светаў» (італьян. і амер. музыкі; з 1977 дубліруецца ў г. Чарлстан, штат Паўд. Караліна, ЗША). З 1974 жыве ў Шатландыі. Яго оперы (больш за 20; многія ставіў як рэжысёр на ўласныя лібрэта) вылучаюцца яскравай тэатральнасцю, меладычным багаццем: «Медыум» (паст. 1946; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1989), «Тэлефон» (1947), «Консул» (1950), «Амал і начныя госці» (тэлеопера, 1951), «Святая з Блекерстрыт» (1954; усе Нью-Йорк), «Марыя Галавіна» (паст. 1958), «Апошні дзікун» (паст. 1963), «Лабірынт» (тэлеопера; 1963), «Самы важны чалавек» (паст. 1971), «Таму-таму» (паст. 1973), «Герой» (паст. 1976), «Вар’ятка» (паст. 1979), «Гоя» (паст. 1986). Аўтар балетаў «Себасцьян» (паст. 1944), «Падарожжа ў лабірынт» (паст. 1947), «Аднарог, Гаргона і Мантыкора» (паст. 1956); сімфоніі «Зацішша» (1976), сімф. паэмы «Апакаліпсіс» (1951), канцэртаў для фп. (1945), скрыпкі (1952) з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп. і інш.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смо́калкі ‘зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (КЭС). Няясна. Магчыма, ад *смокаць < смактаць, таму што дзеці некалі смакталі салодкія кветкі гэтай расліны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

здаро́ўе, ‑я, н.

Стан арганізма, пры якім нармальна дзейнічаюць усе яго органы. Берагчы здароўе. Адбіцца на здароўі. Па стану здароўя. Курыць — здароўю шкодзіць. □ Гарцаваць на кані не дазвалялі [дзеду Астапу] ўжо гады і здароўе. Лынькоў. // Пра самаадчуванне, стан каго‑н. Смалістыя бары, верасовыя паляны і лясныя кветкі папаўняць новы горад водарам жыцця і сілы, прынясуць здароўе і радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Грахоўскі.

•••

Добрага здароўя — а) пажаданне пры развітанні; б) прывітанне пры сустрэчы. — Добрага здароўя, добрай раніцы, — першымі адказалі Ахрэму жанкі. Кавалёў.

За ваша здароўе — пажаданне таму, за каго паднімаюць тост.

На (добрае) здароўе — адказ-пажаданне гаспадара таму, хто дзякуе за частаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм.

1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.

2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлен, ‑у, м.

Уст.

1. Тленне, гніенне, распад, разбурэнне. Падлога струхлела, аб’ехалі сцены, Мышам больш няма чаго грызці, І вее адтуль гнілатою і тленам. Ставер.

2. Тое, што разбурылася ці разбураецца. Вайна ахапіла свет, руйнавала дзяржавы і гарады, зялёныя краі ператварала ў зону пустыні і тлену. Карпаў. // Прах. Я не таму спыніўся ля парога, што тут, як кажуць, храм самога бога. І не таму, што нечы знатны тлен замураваны ў тоўшчы гэтых сцен. А. Вольскі. // перан. Тое, што недаўгавечна, не мае сапраўднай каштоўнасці. Дрэва без лісцяў хоць і ўсыхае, але ўсё ж астаецца дрэвам. Лісці ж без дрэва — тлен, нішто... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учара́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які адбыўся, утварыўся, зроблены і г. д. учора. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга. «Маладосць». Пасля ўчарашняга дажджу сонца паднялося вясёлае, іскрыстае, лес нібы памаладзеў, і вярнулася галасістая, зычная вясна. Новікаў. // Які быў нядаўна, у недалёкім мінулым. Учарашні баявы таварыш — начальнік штаба атрада — стаў мужам Марусі. Брыль.

2. у знач. наз. учара́шняе, ‑яга, н. Тое, што было ўчора, у недалёкім мінулым. Ці таму, што ўдалося часткова адпомсціць Бубновіч за ўчарашняе, ці таму, што з ім ішла Аня, Косця адчуў сябе вальней. Карпюк.

•••

Учарашні дзень гл. дзень.

Шукаць учарашняга дня гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нейтралітэ́т

(ням. Neutralität, ад лац. neutralis = які не належыць ні таму, ні другому)

1) неўмяшанне ў вайну паміж іншымі дзяржавамі, а ў мірны час адмаўленне ад удзелу ў ваенных блоках;

2) неўмяшанне ў якую-н. барацьбу, сварку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАПЛО́ІД (ад грэч. haploos адзіночны + eidos від),

арганізм (клетка, ядро) з адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом. Абазначаецца лац. літарай n. Утвараецца пры ўдзеле храмасомнага набору адной бацькоўскай гаметы, таму мае толькі па адной храмасоме кожнага тыпу. У многіх мікраарганізмаў і ніжэйшых раслін гаплоід у норме прадстаўляе адну са стадый жыццёвага цыкла (гаплафаза, гаметафіт), а ў некат. відаў членістаногіх гаплоідамі з’яўляюцца самцы. У большасці жывёл (і чалавека) гаплоідныя толькі палавыя клеткі. Для гаплоіда характэрна стэрыльнасць пры палавым размнажэнні.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЕ́ВІЧЫ,

старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.​Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)