бібліятэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.

1. Падабраны пэўным чынам збор кніг, які з’яўляецца прыватнай або грамадскай уласнасцю. Класная бібліятэка. □ Кніг з сабой [Валерый] захапіў мала, усе даўно перачытаў, а ў прарабавай бібліятэцы толькі тэхнічныя даведнікі і падручнікі. Б. Стральцоў. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак. Бядуля. // Назва серыі кніг, блізкіх па тыпу або прызначаных для пэўнай катэгорыі чытачоў. Бібліятэка настаўніка. Бібліятэка паэта.

2. Установа, якая збірае і захоўвае кнігі і іншыя друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачам. Гарадская бібліятэка. Публічная бібліятэка. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. □ І цяпер нікога з хлопцаў у пакоі не было: хто пайшоў у бібліятэку, хто ў кіно. Шахавец. // Будынак названай установы; пакой, у якім захоўваюцца кнігі.

•••

Бібліятэка-чытальня — бібліятэка з залай для чытання, якая абслугоўвае масавага чытача.

Бібліятэка-перасоўка — бібліятэка, якая перыядычна мяняе сваё месцазнаходжанне.

[Грэч. biblíon — кніга і thēkē — сховішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зато́е, злучн.

1. Злучае сказы і члены сказа пры замяшчальным супастаўленні; па значэнню адпавядае словам: «аднак», «але», «у той жа час». Жыта на «лужках» вымакла зусім, затое на гары і пад лесам сцяной ідзе. Лынькоў. У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. / Часта ў спалучэнні з «але», «ды». Не важна, хто каго перамог, але затое ўсім весела. Скрыган. І сілу [Марылька] мела, як у таго камара. .. Ды затое была .. такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Ужываецца для выражэння выніку; па значэнню адпавядае словам: «таму», «у выніку гэтага». Нібы па кнізе ён чытае Чужыя мыслі ў галаве. Затое ж ён так хіліць, горне К сабе паноў і панскіх слуг. Колас. Часам кавалак у рот не лез ад стомы. Затое ж запас вадзіўся. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забі́цца 1, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Ударыўшыся, разбіцца насмерць. Зваліўся з дрэва і забіўся.

2. Разм. Забрацца, схавацца куды‑н. [Унук] забіўся ў куток на печ і ціха плакаў там, каб не чулі. М. Стральцоў. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. Быкаў. // Заехаць, зайсці куды‑н. далёка. [Доктар] палічыў за лепшае забіцца ў гэты сапраўды глухі, далёкі ад чыгункі і добрых дарог гарадок. Васілевіч. Страх ахапіў .. [Патапчыка], і ён зноў кінуўся бегчы ў глыб лесу. Забіўся ў такі гушчарнік, што нельга было ісці. Чарнышэвіч.

3. Пранікнуць, папасці куды‑н. (пра ваду, пыл, снег і пад.). Асцё забілася за каўнер.

4. Засмеціцца, закупорыцца. Труба забілася пяском.

5. Паддацца забіванню, аказацца забітым, увагнаным у што‑н. Паля лёгка забілася.

забі́цца 2, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

Пачаць біцца (у 1, 3 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дакрануўшыся, дакранаючыся, выклікаць або ўзмацніць боль; раздражніць (рану, балючае месца). Развярэдзіць вольку. □ Выклаў .. [Слесарэнка] усе сілы, што былі, без астатку, развярэдзіў рану — і ад гэтага балелі не толькі рука, а і плячо, і ўвесь левы бок. Бураўкін.

2. перан. Растрывожыць, расхваляваць (душу, сэрца). Успаміны развярэдзілі мне памяць. Лойка. Я не хацеў ужо быць сур’ёзным, бо ведаў: развярэджу зноў і сабе і Марце душу, і мы зноў расстанемся нездаволеныя адно адным. Сачанка. // Узбудзіць, узмацніць (якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.). [Леанід Ахрэмавіч:] — Што пісьмо... Яно толькі крышку развярэдзіла думкі, што ўзнікалі і раней. Хадкевіч. Прайшла з цягам часу, развеялася тая горыч, здавалася, вось ужо і забыта ўсё, дык дзе там: развярэдзіў старое сённяшні дзень. М. Стральцоў. // Абудзіць да якой‑н. дзейнасці; разварушыць, падбіць на што‑н. [Агітатары з горада] развярэдзілі мужыкоў, раззлавалі іх, а пасля разам з імі рушылі ў маёнтак. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.

1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.

2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.

3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́паць, ‑пця; мн. шчопці, ‑яў; м.

Разм.

1. Тры пальцы рукі (вялікі, указальны, сярэдні), складзеныя канцамі разам. [Іванка] запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць што-кольвек знайсці на падман голаду. М. Стральцоў.

2. Колькасць якога‑н. сыпучага рэчыва, якую можна ўзяць складзенымі такім чынам пальцамі. А тыя, хто да ворага пайшоў За баланду, за шчопаць сахарын[у], Бясследна знікнуць — іх зямля адрыне! — Згніюць без могілак і без крыжоў! Гаўрусёў. Мікола дастаў з кішэні капшук з тытунём. Сыпнуў шчопаць у кавалак адарванай газеты, падаў Уллянінаму бацьку. Паўлаў. // Невялікая купка, пучок чаго‑н. (валасоў, поўсці, шчаціння). На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, ад каўняра да вачэй зарослы густой каштанавай атавай барады; другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, але свяжэйшы, паголены, са шчопцямі рыжых вусікаў пад носам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Стаць цішэйшым; прыглушыцца (пра голас, гукі, шум і пад.). Галасы на кухні пацішэлі, нібыта аддаліліся. Савіцкі. Калі Ніна гаварыла пра дачку, голас яе дзіўна пацішэў, задрыжаў. Мележ. // безас. Пра наступленне цішыні. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. М. Ткачоў. // перан.; безас. Стаць больш спакойным, страціць вастрыня) (пра жыццё, падзеі і пад.). Маці, калі ён адыходзіў, чамусьці заплакала. Выціраючы ражком хусткі вочы, сказала: — Заходзьце, Карл Эрнаставіч, як пацішэе на свеце. Асіпенка. У вёсцы пацішэла, і людзі перабраліся жыць у свае спустошаныя хаты. М. Ткачоў.

2. Стаць слабейшым, страціць сілу. Бура за гэты час не толькі не пацішэла, а яшчэ больш расхадзілася. Кірэенка. Вецер прыкметна пацішэў: у мутнаватым месячным святле кружыліся шэрыя сняжынкі. М. Стральцоў.

3. Стаць больш спакойным; уціхамірыцца. [Галена:] — Як цяпер стары Нахлябіч жыве? [Зося:] — Баіцца, каб не выселілі. Пацішэў, але хто яго ведае... Чорны. [Аканом] нават трохі пацішэў, пачаў менш лаяцца. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.

2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.

3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)