узброеная барацьба старажытных прусаў у 1260—73 пад кіраўніцтвам князя племя натангаў Геркуса Мантаса супраць Тэўтонскага ордэна. Першае паўстанне 1243, нягледзячы на падтрымку яго Міндоўгам і войскамі ВКЛ, было безвыніковым. Штуршком для новага выступлення прусаў стала паражэнне ў 1260 крыжакоў у бітве каля воз. Дурбе (цяпер Латвія). 22.1.1261 войска Мантаса нанесла паражэнне крыжакам каля Пакарбена, аднак двухгадовая аблога замка Кёнігсберг (засн. у 1255) поспеху не мела. Апошняй буйной перамогай Мантаса была бітва пад Любавай (1263). Дапамога крыжакам з ням. зямель, гал. чынам з Брандэнбурга, змяніла суадносіны сіл. У 1273 войска Мантаса было разбіта, а ён сам узяты ў палон і павешаны. У 1275 узята апошняе ўмацаванне прусаў Каменівіке (у раёне сучаснага г. Чарняхоўск у Калінінградскай вобл. Расіі). Прусы масава сыходзілі ў Жамойць, Літву, слав.землі, у т. л. сяліліся каля Гродна, Слоніма (у 1283 ад’ехаў са сваімі воінамі апошні князь Скурда). Лаўрэнцьеўскі летапіс 1276 і інш. тагачасныя крыніцы адзначаюць мужнасць прусаў у дружынах князёў ВКЛ, у т. л. ў Гродне, Слоніме і інш. гарадах. М.п. і наступная барацьба прусаў адыгралі важную ролю ў супраціўленні крыжовым паходам супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў вярхоўях р. Прыпяць і нізоўях яе прытокаў Ясельда, Піна, Стыр, Гарынь. Цэнтр — г.Пінск. Вылучылася з Тураўскага княства паміж 1167 і 1174. 1-ы пінскі князь — Яраслаў Юр’евіч, сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. У 12—13 ст. знаходзілася пад уплывам Уладзіміра-Валынскага княства і Кіеўскага княства. У 13 ст. праз землі П.к. адбываліся напады літоўцаў на Валынь. Пасля ўтварэння ВКЛ Міндоўгам і яго забойства ў 1263 у Пінск уцёк яго сын Войшалк. У пач. 14 ст. П.к. ўвайшло ў ВКЛ. Паводле завяшчання вял.кн. Гедзіміна княства атрымаў яго сын Нарымонт. П.к. заставалася за яго нашчадкамі да 1-й пал. 15 ст. Пасля смерці кн. Юрыя Сямёнавіча з роду Нарымонтавічаў П.к. ўвайшло ў склад велікакняжацкіх уладанняў Жыгімонта Кейстутавіча. У 1471 П.к. аддадзена Марыі Гаштольд, удаве кіеўскага кн. Сямёна Алелькавіча, потым мужу яе дачкі кн. Ф.І.Яраславічу, які ў пач. 16 ст. завяшчаў П.к. вял.кн.ВКЛ Жыгімонту I Старому, той у 1519 перадаў яго сваёй жонцы Боне. Як дзярж. ўладанне П.к. пачало называцца Пінскім староствам, паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшло ў склад Пінскага павета.
Літ.:
Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;
Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТО́РЫЯ (Pretoria),
горад, сталіца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і адм. ц. правінцыі. Знаходзіцца на ПнУ краіны, на выш. каля 1700 м. 1080,2 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., фін. і культ. цэнтр, росту якога спрыяла блізкасць горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Гал. цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтазборка, вытв-сцьэл. абсталявання, веласіпедаў; тэкст., хім., цэм., тытунёвая, гарбарна-абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Паблізу — здабыча алмазаў, жал. руды, каменнага вугалю. Цэнтр ядз. даследаванняў. 2 ун-ты, Ін-тПаўд. Афрыкі, Паўд.-Афр. акадэмія навук і мастацтваў. Музеі: Трансвааля, гісторыі нац. культуры, маст. галерэя і інш. Абсерваторыя. У наваколлі — мемарыял першым трансваальскім пасяленцам-бурам.
Засн. ў 1855 як умацаванае паселішча перасяленцаў-бураў, якія каланізавалі землі на Пн ад р. Вааль. Названа ў гонар кіраўніка бураў Х.В.Я.Прэторыуса. З 1860 сталіца бурскай рэспублікі Трансвааль. У 1897 вакол П. пабудаваны форты, каб абараніць горад ад англічан, якія наваднілі Вітватэрсранд. дзе з 1883 пачалася здабыча золата. Развіццё П. паскорана буд-вам чыгункі да Кейптаўна, Дурбана (1893) і Ларэнсу-Маркіша (1895, цяпер Мапуту, Мазамбік). Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902, калі буры прызналі заваяванне Вялікабрытаніяй рэспублік Трансвааль і Аранжавая, П. захавала функцыі адм. цэнтра. З 1910 сталіца Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі). Індустр. развіццё пачалося пасля будаўніцтва ў 1934 у П. першага ў Афрыцы металург. камбіната. П. — рэзідэнцыя цэнтр.дзярж. органаў, парламент збіраецца ў Кейптаўне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГО́Н (Aragón),
аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі, на мяжы з Францыяй. Пл. 47,7 тыс.км², нас. 1,2 млн.чал. (1991). Адм. ц. — г. Сарагоса. Буйныя гарады Уэска і Тэруэль. Уключае правінцыі Сарагоса, Тэруэль і Уэска. Займае Арагонскую раўніну ў бас.р. Эбра. Акаймавана Пірэнейскімі (пік Анета, 3404 м), Іберыйскімі, Кантабрыйскімі і Каталонскімі гарамі. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Сярэднія т-ры студз. 4—8 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў 350 мм за год. Эканоміка агр.-прамысловая. Земляробства пераважна арашальнае ў даліне р. Эбра. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, шафран, садавіну, агародніну, вінаград, міндаль, масліны, на паліўных землях — рыс, тытунь, траву альфа. Гадуюць авечак, козаў. Здабыча бурага вугалю, жал. руды. На горных рэках некалькі ГЭС, працуюць ЦЭС на бурым вугалі. Прамысловасць: чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (трансп. і с.-г. машыны), металаапр., электратэхн., хім., цэментная, шкляная, папяровая, тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Чыг. і аўтамаб. транспарт, нафта- і газаправоды, у Сарагосе міжнар. аэрапорт.
У 9 ст. ў ходзе Рэканкістызасн. графства Арагон. На пач. 11 ст.тэр. Арагоны далучана да каралеўства Навара, у 1035 самастойнае каралеўства, якое на аснове асабістай уніі аб’ядналася ў 1137 з Барселонскім графствам. У 1164 графы Барселоны сталі каралямі і ўключылі ў Арагон усе землі Каталоніі. У 13—15 ст. Арагон адваяваў у маўраў Балеарскія а-вы, Валенсію, Сіцылію, Сардзінію, Неапалітанскае каралеўства. У 1479 каралеўства Арагон з Кастыліяй аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву — Іспанію. У 1978 Арагон атрымаў аўтаномію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
маёмасць, якая належыць дзяржаве на праве ўласнасці; адна з формаў уласнасці. У Рэспубліцы Беларусь да Дз.у. адносяцца т.зв.рэсп. ўласнасць і ўласнасць адм.-тэр. утварэнняў — камунальная ўласнасць. Выключна Дз.ў. складаюць нетры, воды, лясы. Ва ўласнасці дзяржавы знаходзяцца земліс.-г. прызначэння, маёмасць рэсп. органаў улады і кіравання, культ. і гіст. каштоўнасці, сродкі рэсп. бюджэту, дзярж. банкі, страхавыя, рэзервовыя і інш. фонды; могуць знаходзіцца таксама прадпрыемствы і нар.-гасп. комплексы, навуч. ўстановы, аб’екты сац.-культ. сферы, н.-д. і праектныя ін-ты і арг-цыі, інш. маёмасць, якая забяспечвае суверэнітэт, гасп. самастойнасць рэспублікі, яе эканам. і сац. развіццё. Законам могуць быць вызначаны і інш. аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы. Распараджэнне маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці рэспублікі, ажыццяўляе ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь.
Ва ўласнасці адм.-тэр. утварэнняў могуць знаходзіцца маёмасць органаў улады і кіравання адм.-тэр. ўтварэння, сродкі мясц. бюджэту, жыл. фонд і жыл.-камунальная гаспадарка мясц. Савета дэпутатаў, а таксама прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, гандлю, быт. абслугоўвання, транспарт, прамысл., буд. і інш. прадпрыемствы і комплексы, установы нар. адукацыі, культуры, аховы здароўя і інш. маёмасць, неабходная для эканам. і сац. развіцця адпаведнай тэрыторыі. Распараджэнне і кіраванне дзярж. маёмасцю, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, ажыццяўляюць ад імя насельніцтва адм.-тэр. утварэнняў адпаведныя Саветы дэпутатаў ва ўстаноўленым законам парадку.
Адносіны Дз.у. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулююцца Канстытуцыяй і Законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990, інш. прававымі актамі.
чэшскі пісьменнік, журналіст. Скончыў гандл. акадэмію (1902). Шмат вандраваў па свеце, абышоў пешкі землі Аўстра-Венгрыі, краіны Паўд.-Усх. Еўропы. У 1904—08 прыхільнік анархісцка-радыкалісцкага руху. У 1915 мабілізаваны ў аўстр. армію, неўзабаве здаўся ў рус. палон. Працаваў у газ.чэш. легіянераў «Čechoslovan» («Чэхаславан», Кіеў). У 1918 уступіў у Чырв. Армію. У канцы 1920 вярнуўся ў Прагу. Друкаваўся з 1900 (падарожныя нататкі, гумарыст. апавяданні, фельетоны). Вяршыня творчасці — раман «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» [1921—23, незавершаны; бел.пер. (ч. 1—4, 1931—32) М.Зарэцкага, К.Крапівы, М.Лужаніна, К.Вашыны (Л.Калюгі)], у якім з дапамогай прыёму «ad absurdum» выкрыў бязглуздзіцу ўсіх інстытутаў манархіі, бюракратызм дзяржапарата, прадажнасць чыноўніцтва, бездапаможнасць састарэлага імператара і ўсёй сістэмы ўлады. Гратэск, зніжэнне высокага, гумарыстычная самаіронія, прыёмы смехавай культуры і знакамітай «пражскай іроніі» ўплецены ў багатую палітру твора. Працяг рамана Гашака напісаны фельетаністам К.Ванакам. На бел. мову яго пераклалі Т.Кляшторны, З.Астапенка, К.Чорны (ч. 5—6, 1931—32), асобныя апавяданні — Л.Баршчэўскі, Л.Каўрус, В.Крайко, А.Мажэйка, П.Марціновіч і інш.
Тв.:
Бел.Пер. — Цвёрдая скура. Мн., 1931;
Госць у хату: Апавяданні. Мн., 1984;
Прыгоды бравага салдата Швейка ў сусветнай вайне: [Урывак з рамана) // Крыніца. 1995. № 6;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1983—85.
Літ.:
Шубин Г. Я.Гашек. М., 1982;
Шабловская И.В. Автор. История. Роман («Похождения бравого солдата Швейка» Я.Гашека) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1984. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНКА́СТЭРЫ (Lancaster),
арыстакратычны род і каралеўская дынастыя ў Англіі ў 14—15 ст., адгалінаванне Плантагенетаў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Джон Гонт (1340—99), пачынальнік роду, сын Эдуарда IV, герцаг Ланкастэрскі (з 1362), фактычны кіраўнік дзяржавы ў 1360—70-я г. Яго палітыка выклікала Уота Тайлера паўстанне 1381. Падтрымліваў антыпапскі рух Дж.Уікліфа.
Генрых IV [1399—1413], сын Дж.Гонта. За ўдзел у апазіцыі супраць караля Рычарда II (1387) пазбаўлены ўсіх багаццяў, вандраваў. На баку Тэўтонскага ордэна ўдзельнічаў у паходах на земліВКЛ, у т. л. на Вільню (вер. 1390). У выніку мяцяжу знаці Паўн. Англіі супраць Рычарда II абвешчаны каралём. Намагаўся ліквідаваць феад. апазіцыю.
Генрых V [1413—22], сын Генрыха IV, палкаводзец і дыпламат. У барацьбе за франц. трон аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453. У бітве пры Азенкуры (1415) разграміў франц. войска і да 1420 захапіў паўн. Францыю, у т. л. Парыж. Паводле дагавора ў Труа (21.5.1420) прызнаны нашчадкам франц. прастола. Памёр у час аблогі г. Мо.
Джон (1389—1435), сын Генрыха IV, герцаг Бэдфард, рэгент Францыі пры малалетнім Генрыху VI.
Хемфры (1391—1447), сын Генрыха IV, герцаг Глостэрскі, рэгент Англіі пры малалетнім Генрыху VI.
Генрых VI (1421—1471), кароль [1422—61, 1470—71]. Псіхічнахворы. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны 1455—85 скінуты Йоркамі і забіты ў Таўэры.
Эдуард (1453—1471), сын Генрыха VI, прынц Уэльскі, апошні прадстаўнік асн. лініі Л. Загінуў у бітве пры Цьюксберы. Дамаганні Л. на трон былі адноўлены іх далёкімі родзічамі Цюдарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬВІЯ (грэч. Olbia),
антычны горад-дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і, паблізу вусцяў Дняпра і Паўд. Буга. Рэшткі О. знаходзяцца каля с. Паруціна Ачакаўскага р-на Мікалаеўскай вобл. (Украіна). Засн. ў пач. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета (другая назва О. — Барысфен). Сфарміравалася як дэмакр. поліс; росквіт прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Гораду належалі землі на абодвух берагах Бугскага лімана са шматлікімі паселішчамі. У цэнтры верх. ч. горада знаходзіліся агора (гандл. плошча) і тэменас (храмы і алтары), у ніжняй — порт і рамесніцкія кварталы. Горад быў абнесены абарончай сцяной. Развіваліся рамёствы, гандаль (пшаніцай і рабамі), рыбалоўства. О. мела сувязі са скіфамі. У 331 да н.э. жыхары О. (разам са скіфамі) адбілі нападзенне Запірыёна (палкаводца Аляксандра Македонскага). У 3 ст. да н.э. плаціла даніну скіфскаму цару Сайтафарну, у 2 ст. да н.э. падпарадкавана скіфскім царом Скілурам. У канцы 2 ст. да н.э. пасля разгрому скіфаў войскам Мітрыдата VI Еўпатара О. ў складзе яго дзяржавы. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. зруйнавана племем гетаў. У 2 ст.н.э. ў О. стаяў рым. гарнізон. У пач. 3 ст.н.э. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Ніжняя Мёзія. Жыццё ў О., верагодна, прыпынілася ў 4 ст.Археал. раскопкі вядуцца з 1901.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКТ РЫБЕНТРО́ПА—МО́ЛАТАВА 1939,
пашыраная назва сав.-герм. дагавора аб ненападзе, падпісанага 23 жн. ў Маскве міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам і наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым тэрмінам на 10 гадоў. Абедзве краіны абавязваліся: не нападаць адна на адну як аднаасобна, так і супольна з інш. краінамі; не дапамагаць трэцяй сіле, якая можа напасці на адну з краін — удзельніц пакта; раіцца адна з адной па пытаннях, якія тычацца іх агульных інтарэсаў; не далучацца да ваен. аб’яднанняў, якія б пагражалі аднаму з бакоў; вырашаць супярэчнасці паміж сабой з дапамогай перагавораў і арбітражу. Да пакта дадаваўся сакрэтны пратакол (ад 23 жн.), паводле якога тэр. тагачаснай Польскай Рэспублікі на У ад рэк Нараў, Вісла і Сан (пераважна ўкр. і бел.землі), а таксама Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя траплялі ў сав. сферу ўплыву; уздымалася пытанне пра аддзяленне Бесарабіі ад Румыніі. П.Р.—М. палепшыў ваен.-дыпламат. становішча Германіі напярэдадні развязвання ёю 2-й сусв. вайны, даў СССР час для ўмацавання абараназдольнасці, але падарваў яго міжнар. аўтарытэт. Ліга Нацый выключыла СССР са сваіх членаў (снеж. 1939) за вайну супраць Фінляндыі. Пакт спыніў дзеянне пасля нападу Германіі на СССР 22.6.1941. Наяўнасць сакрэтнага пратакола да П.Р.—М. кіраўніцтва СССР да 1989 адмаўляла. Гл. таксама Савецка-германскія пагадненні.
Літ.:
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии, 1939—1941. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЫ́НЯ,
занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл.Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч.тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт.Пустынныя зоны.